РАСІ́Н ((Racine) Жан) (21.12.1639, г. Ла-Фертэ-Мілон, Францыя — 21.4.1699),
французскі паэт і драматург, прадстаўнік класіцызму. Чл.Франц. акадэміі (з 1673). Вучыўся ў янсенісцкіх школах і калежах (1649—59). З 1677 каралеўскі гістарыёграф. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (ода «Німфа Сены», 1660). Зблізіўся з Ж.Лафантэнам, Мальерам, Н.Буало. Раннія трагедыі «Фіваіда, або Браты-ворагі» (1664), «Аляксандр Вялікі» (паст 1665, выд. 1666) напісаны пад уплывам П.Карнеля. У вершаваных драмах «Андрамаха» (паст. 1667, выд. 1668), «Брытанік» (паст. 1669, выд. 1670), «Берэніка» (паст. 1670, выд. 1671), «Баязет» (1672), «Мітрыдат» (1673), «Іфігенія ў Аўлідзе» (паст. 1674, выд. 1675), «Федра» (1677) складаны і шматбаковы ўнутр. свет чалавека, праблемы маральнага выбару, барацьба герояў з самімі сабой у вострых калізіях супярэчнасці паміж пачуццём і абавязкам, розумам і страсцю. У позніх трагедыях на біблейскія сюжэты «Эсфір» (1689) і «Гафалія» (паст. 1690, выд. 1691) праблемы адносін жорсткага тырана і падуладнага яму народа, які належыць да інш. веравызнання і імкнецца адстаяць сваю веру. Аўтар камедыі «Суцягі» (паст. 1668, выд. 1669), зб. «Духоўныя песні» (1694), кн. «Кароткая гісторыя Пор-Раяля» (выд. 1742) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. М., 1984.
Літ.:
Обломиевский Д. Расин // Обломиевский Д. Французский классицизм. М., 1968;
Мориак Ф. Жизнь Жана Расина;
Нерваль Ж. де. Исповедь Никола: Пер. с фр.М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБА́ЦКІЯ ЛО́ДКІ,
малыя вёславыя судны, прызначаныя для лоўлі рыбы. Вядомы з неаліту многім народам свету. На Беларусі самы стараж. тып Р.л. — выдзеўбаны са ствала дубу, асіны або ліпы човен. Каб паменшыць хісткасць чаўноў, да бартоў некат. з іх прыбівалі драўляныя брусы; такія чаўны наз.камягамі. У 19 ст. рыбакі выкарыстоўвалі дашчаныя лодкі. Дошкі днішча і бартоў змацоўваліся паміж сабой какорамі зробленымі з натуральна выгнутых тонкіх ствалоў дрэў. На Гомельшчыне былі пашыраны вузкія лодкі, у якіх нос прыўзнімаўся над вадой. Шырэйшыя і карацейшыя Р.л. выраблялі на Магілёўшчыне. На З Беларусі дашчаныя лодкі мелі 2 насы («чайкі»), на Нёмане насы загіналі ўверх. На Палессі вял. невадныя лодкі, як і звычайныя, былі доўгія і вузкія, у Паазер’і — карацейшыя, з шырокім развалам. Для падцягвання невада ў некат. лодках рабілі спец. прыстасаванні — калаўроцікі. На Магілёўшчыне і ўсх. Гомельшчыне рыбакі-сетачнікі ўкладвалі свае снасці на сцябло (драўляны жолаб), канцы якога апіраліся на барты. Дняпроўскія рыбакі выкарыстоўвалі лодкі з пакорай — паўкруглай лубяной страхой у насавой частцы. Пад ім захоўвалі прадукты, сухое адзенне; тут рыбак хаваўся ад дажджу і адпачываў. На Шчары і Нёмане такія накрыўкі рабілі з дошак. Каб зберагчы рыбу жывой, у адным з адсекаў чоўна або лодкі пракручвалі ў бартах дзіркі для цыркуляцыі вады. Для перавозу жывой рыбы прызначаліся спец. лодкі — шкудкі. Сучасныя рыбакі-аматары побач з традыц. дашчанымі выкарыстоўваюць лодкі, зробленыя з метал. сплаваў і гумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІ ФО́РУМ,
ансамбль цэнтр. плошчы ў Рыме Старажытным. Склаўся ў 6—2 ст. да н.э. як паліт., гандл. і культ. цэнтр горада (цяпер у руінах). Размяшчаўся ў нізіне паміж узгоркамі Капітолій, Палацін і Квірынал. З боку Капітолія замкнёны порцікам 12 багоў (367 да н.э.) і Табуларыем (дзярж. архіў; 79 да н.э., рэшткі ўвайшлі ў Палацца дэі Сенаторы). Р ф. акаймаваны храмамі і базілікамі (адм.-судовымі будынкамі). У ансамбль уваходзілі: сенацкая курыя (з царскай эпохі, перабудавана каля 300 н.э.), «Дом вясталак» з храмам Весты (з 6 ст. да н.э., перабудаваны ў 1 ст.н.э.), храмы Сатурна (з 497 да н.э., перабудаваны ў 42 да н.э. і ў 3 н.э.), Кастара і Палукса (з 484 да н.э.), Канкордыі (з 367 да н.э., перабудаваны ў 10 н.э.), Юлія Цэзара (29 да н.э.), Веспасіяна (79—96 н.э.), Антаніна і Фаўсціны (141 н.э.), базілікі Эмілія (179 да н.э.), Юлія (54—44 да н.э.) і Максенцыя (Канстанціна; каля 315 н.э.), трыумфальныя аркі Ціта (81 н.э.) і Септымія Севера (203 н.э.). На плошчы ўзвышалася ростра (трыбуна для аратараў). На Р ф. ў розныя часы ўстанаўлівалі помнікі, калоны, скульптуры, порцікі, аркады. Кожнае збудаванне адметнае вытанчанымі прапорцыямі з уласнай эстэт. характарыстыкай. Праз тэр. форума праходзіла Свяшчэнная дарога (Вія Сакра), на якой адбываліся трыумфальныя шэсці. Р.ф. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́НАЧНАЯ ЭКАНО́МІКА,
сістэма арганізацыі эканам. дзейнасці, заснаваная на таварна-грашовых адносінах, разнастайнасці форм уласнасці, свабоднай канкурэнцыіпаміж вытворцамі і спажыўцамі. У межах Р.э. абмен рэсурсамі ці іх размеркаванне ажыццяўляецца пераважна на аснове рыначных цэн, якія фарміруюцца ў залежнасці ад попыту і прапаноў. Механізм Р.э. грунтуецца на сістэме рынкаў (таварных, рабочай сілы, капіталаў, каштоўных папер, жылля і інш.). Для Р.э. характэрна дэцэнтралізацыя кіравання: планаванне вытв-сці ажыццяўляецца суб’ектамі гаспадарання, а не органамі дзярж. кіравання. Гал. ўмова Р э. — свабода прадпрымальніцтва, вытворчага і спажывецкага выбару, заснаваных на эканам. інтарэсах. Вытворцы зацікаўлены ў максімалізацыі прыбытку, спажыўцы — у аптымізацыі сваёй выгады пры набыцці неабходных тавараў і паслуг. Сутыкненне гэтых інтарэсаў складае сутнасць рыначнай канкурэнцыі. Акрамя свабоднай Р.э., заснаванай на рыначнай канкурэнцыі без умяшання ў працэсы куплі-продажу органаў дзярж. кіравання і ўлады, існуе змешаная Р.э., пры якой дзейнасць прыватных суб’ектаў гаспадарання кіруецца рыначным механізмам, а органы дзярж. кіравання ўздзейнічаюць на эканам. працэсы эканам. і адм. метадамі рэгулявання. Эканоміка многіх дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь, спалучае рысы рыначнай і адм.-каманднай эканомікі. Гэта абумоўлена тым, што і рыначным, і камандна-адм. метадам кіравання ўласцівы пэўныя недахопы, уздзеянне якіх аслабляецца ва ўмовах змешанай эканомікі.
Літ.:
Фишер С., Дорнбуш Р, Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ.М., 1999;
Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;
Рыночное реформирование экономики Беларуси. Мн., 1996;
Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЛІДА́РНАСЦЬ»
(Solidarność),
прафсаюзнае аб’яднанне ў Польшчы, якое сваёй грамадска-паліт. актыўнасцю моцна паўплывала на сістэмную трансфармацыю дзярж. ладу Польшчы ў 1980—90-я г. Узнікла 17.9.1980 у г. Гданьск на хвалі забастовачнага руху як Незалежны самакіравальны прафес. саюз «С.» (старшыня Л.Валенса); афіц. зарэгістравана 10.11.1980. У канцы 1980 каля 10 млн.чл. Хутка палітызавалася, ператварылася ў масавы дэмакр. рух рабочых і інтэлігенцыі, скіраваны на процідзеянне камандна-адм. сістэме ў краіне (маральная падтрымка з боку польскай каталіцкай царквы, матэрыяльная — польскіх эмігранцкіх арг-цый, зах. прафсаюзаў і дабрачынных фондаў). У час ваен. становішча 1981—83 афіцыйна забаронена (8.10.1982), шэраг дзеячаў «С.» інтэрніраваны. Удзельнік «круглага стала» (люты — крас. 1989) паміж урадам і апазіцыяй. 17.4.1989 зноў легалізавана. Пасля перамогі на выбарах у сейм і сенат (4 і 18.6.1989), прызначэння Т.Мазавецкага прэм’ер-міністрам (24.8.1989) і выбрання Валенсы прэзідэнтам Польшчы (9.12.1990) стала кіруючай паліт. сілай краіны. У лют. 1991 старшынёй «С.» выбраны М.Кшаклеўскі (у 1995 перавыбраны). У 1996 каля 30 малых партый заснавалі Выбарчую акцыю «С.», што перамагла на парламенцкіх выбарах 21.9.1997, але на выбарах 25.9.2001 не здолела правесці ў сейм ніводнага дэпутата. Кіруючы орган — Усяпольская камісія. Уваходзіць у Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў.
Літ.:
Лойко Л.В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;
Часноўскі М.Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНО́РСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адна з абласцей Неарктыкі. Займае сярэднюю ч.Паўн. Амерыкі (ад Канады да Мексікі) і п-аў Каліфорнія (акрамя яго паўд. часткі). Размешчана паміжКанадскай біягеаграфічнай вобласцю і Неагеяй. Уключае 3 падвобласці: Каліфарнійскую, Скалістых гор, або Цэнтральную, і Усходнюю, або Атлантычную.
У флоры яе зах.ч. пераважае ксерафітны тып расліннасці, у цэнтр. і ўсх.ч. — хваёва-шыракалістыя і шыракалістыя лясы, на Пд расліннасць мае субтрапічны характар. З рэліктаў захаваліся гіганцкая секвоя, тсуга, псеўдатсуга, туя. Найб. пашыраны розныя віды хвоі, дуба, клёна, платана, вяза, арэха, ясеня і інш. Шмат ліян, эпіфітаў. Характэрны зараснікі калючых кустоў — чапараль. У пустынях вял. колькасць кактусаў і інш. сукулентаў. Горныя лясы пераважна з хвоі і дуба. У фауне трапляюцца палеарктычныя і неатрапічныя групы жывёл, але ядро складаюць «агульнасанорскія», сярод якіх шмат эндэмікаў: апладонтавыя (горны бабёр), крот-зорканос, землярыйка-крот, каліфарнійскі кондар, вілахвосты каршун, бегаючая зязюля, спячы ляляк, гумавая змяя, грымучыя змеі, амбістомы, хвастатая жаба і інш.Найб. тыповыя прадстаўнікі: бізон, віларог, лугавы сабачка, кенгуровы пацук, каёт, віргінскі алень, скунс, куніца-рыбалоў, апосум, лугавы цецярук, кайманава чарапаха, ядазуб, жаба-бык і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З КАМУНІ́СТАЎ,
першая міжнар.камуніст.арг-цыя, якая нелегальна існавала ў сярэдзіне 19 ст.; папярэднік Інтэрнацыянала 1-га. Засн. ў Лондане 2—9.6.1847 Ф.Энгельсам, В.Вольфам і інш. на кангрэсе «Саюза справядлівых», рэарганізаванага ў С.к. Стаў цэнтрам прапаганды марксізму, барацьбы К.Маркса і Энгельса супраць утапічнага сацыялізму і сектанцтва (выключаны прыхільнікі В.Вейтлінга). Паводле статута (прыняты на 2-м кангрэсе ў Лондане 29.11—8.12.1847) гал. мэта саюза — звяржэнне панавання буржуазіі, усталяванне ўлады пралетарыяту, заснаванне грамадства без класаў і прыватнай уласнасці. Дэвіз арг-цыі — прапанаваны Марксам заклік «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» (замест б. дэвіза «Саюза справядлівых» «Усе людзі — браты!»), праграма — «Маніфест Камуністычнай партыі», напісаны Марксам і Энгельсам у пач. 1848.
Будаваўся на прынцыпах выбарнасці кіраўнікоў у спалучэнні з цэнтралізмам. Пярвічныя арг-цыі (абшчыны) аб’ядноўваліся ў акругі на чале з акруговымі к-тамі. Вярх. орган — кангрэс, паміж кангрэсамі выканаўчую ўладу ажыццяўляў ЦК. Налічваў каля 400 чл., пераважна ням. рабочых-эмігрантаў. Апіраўся на легальныя рабочыя т-вы і асацыяцыі ў Бруселі, Лондане, Парыжы, Германіі і Швейцарыі. Кантактаваў з англ. чартыстамі (гл. Чартызм) і франц. бланкістамі (гл. ў арт. Бланкі Л.А.). Яго члены ўдзельнічалі ў агульнаеўрап. рэвалюцыі 1848—49. Распушчаны згодна з прапановай Маркса пасля інспіраванага прускімі ўладамі працэсу супраць камуністаў у г. Кёльн (Германія, 1852).
Літ.:
Союз коммунистов — предшественник I Интернационала. М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВО́БАДА ((Svoboda) Людвік) (25.11.1895, в. Грознецін, Чэхія — 20.9.1979),
чэхаславацкі дзяржаўны і ваен. дзеяч. Ген. арміі (1945). Тройчы Герой (1965, 1970, 1975), Герой Сав. Саюза (1965). Працаваў аграномам. З 1915 на ўсх. фронце аўстра-венг. арміі. На чале групы вайскоўцаў-чэхаў перайшоў лінію фронту і ў 1916 уступіў у чэхаславацкі легіён, які фарміраваўся ў Расіі. З 1920 на радзіме, афіцэр чэхаславацкай арміі. у 1931—34 выкладчык Ваен. акадэміі ў Граніцы (Маравія). Пасля акупацыі герм. войскамі Чэхаславакіі адзін з арганізатараў падп. антыфаш. ваен. арг-цыі. Летам 1939 выехаў у Польшчу, сфарміраваў чэхаславацкую вайсковую часць і з пач. 2-й сусв. вайны перайшоў з ёю ў СССР. У 1942 узначаліў 2-і Чэхаславацкі пяхотны батальён, у 1943—1-ю Чэхаславацкую асобную брыгаду (з 1944 армейскі корпус), якая ў складзе 1-га Укр. фронту ўдзельнічала ў Карпацка-Дукельскай аперацыі 1944, змагалася ў Славакіі і Маравіі, а пасля вызвалення Чэхаславакіі (1945) стала асновай стварэння ўзбр. сіл краіны. У 1945—50 С. — міністр нац. абароны, у 1950—51 нам. старшыні ўрада Чэхаславакіі. У 1955—59 нач.Ваен. акадэміі імя К.Готвальда. У перыяд «Пражскай вясны» 1968 прыхільнік дэмакр. рэформ. З сак. 1968 па май 1975 прэзідэнт ЧССР, вярх. галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі ЧССР. Чэхаславацкая прэмія міру (1968), Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» (1970).
Літ.:
Марьина В.В. Чехословацкий легион в СССР (1939—1941 гг.) // Вопр. истории. 1998. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРДЗЮКО́Ў (Анатоль Мікалаевіч) (н. 15.5.1944, пас. Герой Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. фізік-тэарэтык. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996), д-рфіз.-матэм.н. (1987), праф. (1988). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1965). З 1965 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1973 у Гомельскім ун-це (з 1979 заг. кафедры, у 1990—96 прарэктар). Навук. працы па электрадынаміцы і акустыцы гіратропных і хіральных асяроддзяў, тэорыі гравітацыі. Устараніў супярэчнасці, што існавалі ў тэорыях натуральнай гіратрапіі, правёў узгадненне электрадынамічных ўраўненняў з гранічнымі ўмовамі і законамі захавання, устанавіў узаемасувязь паміж рознымі спосабамі фенаменалагічнага апісання гіратрапіі. Пабудаваў самаўзгодненую тэорыю выпрамянення, распаўсюджвання, адбіцця, паглынання, рассеяння і нелінейнага ўзаемадзеяння хваль у хіральных асяроддзях. Разам з інш. выказаў ідэю гіратропнай (спінавай) палярызавальнасці элементарных часціц, даследаваў магчымасці выкарыстання прынцыпу калібровачнай інварыянтнасці ў скалярнай мадэлі гравітацыйнага поля.
Тв.:
К феноменологической теории естественной оптической активности (разам з Б.В.Бокуцем) // Журн. эксперимент. и теорет. физики. 1971. Т. 61, №5;
Основы теоретической кристаллооптики. Ч. 1—3. Гомель, 1977—78 (з ім жа);
К вопросу о поляризуемости и гирации элемент. частиц в полевой теории (разам з Л.Р.Марозам, М.В.Максіменкам) // Ковариантные методы в теоретической физике: Физика элемент. частиц и теория относительности. Мн., 1981;
Electromagnetics of bi-anisotropic materials: Theory and applications. Amsterdam, 2001 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМУХА, Тройца, зялёныя святкі,
старажытнае земляробчае свята ў беларусаў і інш. славянскіх народаў. Лакальная назва зелянец. Святкавалася на сёмы (русальны) тыдзень пасля Вялікадня. Вытокі С. ў родавым грамадстве; у аснове яе культ зеляніны, шлюбу і продкаў. Пераходнае паміж веснавым і летнім земляробчымі цыкламі («На зелянец вясны канец»). Перад святам прыбіралі і ўпрыгожвалі хату і двор «маем» (аерам, галінкамі і дрэўцамі бярозы, клёну, рабіны, дубу і інш.), прыбіралі магілы. У суботу напярэдадні свята спраўлялі дзяды. Як пазнейшую з’яву трэба разглядаць асвячэнне ў нядзелю (1-ы дзень свята) у царкве лугавых і палявых зёлак, якія потым захоўваліся (у некаторых мясцовасцях імі абкурвалі нябожчыкаў, клалі іх у труну). Залежна ад мясц. традыцый на другі ці іншы дзень рабілі т.зв. «піва», кірмашы ці фэсты (прымяркоўваліся і да інш. свят), на якія збіраліся сваякі, нават далёкія. У час свята ў некаторых мясцовасцях адбывалася кумаванне, завівалі бярозку, ладзілі гульні, карагоды, потым агульнае частаванне, вілі вянкі. З вянкамі, «маем» звязаны ўяўленні, якія раней мелі характар магічных дзеянняў. На С. спявалі сёмушныя (траецкія) песні, асн. матывы якіх — каханне і шлюб (у паўд.-зах. раёнах спявалі яшчэ куставыя песні). На С., перад пачаткам летніх палявых работ, на Беларусі спраўлялі шмат вяселляў. Свята Тройцы ўведзена ў культавую практыку правасл. царквы ў 14 ст. Сергіем Раданежскім. Хоць С. і злілася з гэтым святам, яна захавала многія рысы язычніцтва і земляробчага культу.