ПАЛЕ́ТЫКА (Яўсей Піліпавіч) (? — 19.12.1820),

бел. і рускі артыст балета. У 1780—90-я г. прыгонны танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800, пасля смерці С.Г.Зорыча, у ліку 14 шклоўскіх танцоўшчыкаў пераведзены ў С.-Пецярбург і залічаны ў балетную трупу Дырэкцыі імператарскіх т-раў, дзе працаваў да 1817. Вядома, што ён выконваў ролю дэпутата ў балеце «Перамога Расіі, або Рускія ў Парыжы» (балетмайстар І.Вальберх).

т. 11, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЭВІЯТУ́РА (італьян. abbreviatura ад лац. abbrevio скарачаю),

1) у мове — назоўнік, утвораны шляхам спалучэння некалькіх слоў, якія ўваходзяць у новае часткамі. Абрэвіяцыя (утварэнне абрэвіятуры) як спосаб словаўтварэння пашырылася ў асн. еўрап. мовах на пач. 20 ст., у бел. мове — у 1920-я г. У сучаснай бел. мове паводле структуры вылучаюцца абрэвіятуры: ініцыяльныя (з пачатковых літар — ВНУ або гукаў — ААН), складовыя (з пачатковых частак слоў — сельмаг); змешанага (складова-ініцыяльнага) тыпу; утвораныя з часткі першага слова і канцавой — другога (мапед); з пачатковай часткі і цэлага слова (дзяржзаказ).

2) У музыцы — сімволіка муз. тэксту (спец. знакі, літары, лічбы), якая служыць для спрашчэння або скарачэння нотнага пісьма. Абрэвіятуры спрашчэння абазначаюць паўтарэнне раздзелаў формы твора, элементаў муз. мовы, выканальніцкіх адценняў, паўз, перанясенне гукаў на актаву і больш уверх ці ўніз. Абрэвіятуру скарачэння выкарыстоўваюць у назвах муз. інструментаў, для пазначэння дынамічных і выразных адценняў, выканальніцкіх прыёмаў, а таксама ў назвах муз. тэм і твораў.

Т.Г.Мдывані (музыка).

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДДЗЕ́Л КІРАЎНІ́ЦТВА ПРАВІ́НЦЫЯМІ ЛІТВЫ́ (Wydział zarządzający prowincjami Litwy),

орган кіравання паўстаннем 1863—64 у Літве і на Беларусі. Створаны ў сак. 1863 у Вільні замест скасаванага Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі. Узнік у выніку змовы памешчыцкай групоўкі «белых» з камісарам варшаўскага паўстанцкага ўрада ў Літве і на Беларусі Н.Дзюлёранам. У склад аддзела ўвайшлі «белыя»: Я.Гейштар (старшыня), А.Аскерка, Ф.Далеўскі, І.Лапацінскі, А.Яленскі. 27.2.1863 аддзел абвясціў несапраўднымі ўсе мандаты Часовага ўрада. «Белыя» імкнуліся звузіць сац. базу паўстання, паставіць на камандныя пасады сваіх аднадумцаў. Аддзел выдаваў загады і адозвы (у т. л. маніфест да бел. сялян ад 3.5.1863 на бел. мове), газеты. У канцы мая — пач. чэрв. 1863 Аскерка, Далеўскі і Яленскі арыштаваны, замест іх уведзены прадстаўнікі «чырвоных» К.Каліноўскі і У.Малахоўскі, намаганнямі якіх выдадзены дакументы радыкальнага характару, у т. л. «Прыказ... да народу зямлі літоўскай і беларускай» (11.6.1863), № 7 «Мужыцкай праўды» 26.6.1863 аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы перайменаваны ў Выканаўчы аддзел Літвы.

Г.В.Кісялёў.

т. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНІК (Барыс Ільіч) (н. 22.10.1935, с. Зачапілаўка Новасанжарскага р-на Палтаўскай вобл.),

украінскі паэт. Акад. АН Украіны (з 1990). Скончыў Кіеўскі ун-т (1958). Паэтызуе стваральную працу, прыгажосць прыроды, героіку сучаснасці і гіст. мінулага Украіны. Аўтар зб-каў паэзіі «Сталь загартоўваюць кавалі» (1962), «Кола» (1968), «На лініі цішыні» (1972), «Ісціна» (1976), «Мера» (1984), кн. літ.-крытычных артыкулаў «Планета паэзіі» (1983), публіцыст. кн. «Князь цемры: Два гады ў Крамлі» (1993) і інш. За зб. «Стаю на зямлі» (1973) Дзярж. прэмія СССР 1975, за зб-кі «Сівая ластаўка» (1979), «У люстры слова» (1981), «Дума аб горадзе» (1982). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1983, за публіцыст. творы і цыкл вершаў «Скаварада і свет» (1994) Міжнар. прэмія імя Г.Скаварады 1994. Перакладаў на ўкр. мову творы Г.Бураўкіна, Н.Гілевіча, А.Куляшова. Кнігу выбр. вершаў і паэм Алейніка на бел. мову пераклаў Бураўкін.

Тв.:

Вибр. твори. Т. 1—2. Київ, 1985;

Бел. пер. — Заклінанне агню. Мн., 1979.

В.А.Чабаненка.

Б.І.Алейнік.

т. 1, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫКАРАЗІ́ЙНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,

пакрыцці для аховы паверхні металічных вырабаў ад карозіі. Найб. пашыраныя антыкаразійныя пакрыцці: з металаў (хрому, цынку, нікелю, высакародных металаў і інш.) і іх сплаваў; з хім. злучэнняў металаў (аксіды, карбіды, нітрыды, фтарыды і інш.); з палімерных (фторпластавыя, поліэтыленавыя, поліізабутыленавыя, полівінілхларыдныя) і лакафарбавых пакрыццяў, а таксама кансервацыйныя замазкі (напр., бітум). Эфектыўнасць антыкаразійных пакрыццяў вызначаецца хім. і фазавым саставам, дасканаласцю будовы, трываласцю счаплення пакрыцця з асновай матэрыялу.

Антыкаразійныя пакрыцці бываюць анодныя ці катодныя адносна матэрыялу, які ахоўваюць. Анодныя змяншаюць, прадухіляюць карозію, катодныя могуць павялічваць яе, але пры гэтым паляпшаюць фіз.-мех. якасці матэрыялаў. Антыкаразійныя пакрыцці наносяць фарбаваннем, гальванічным, плазмавым, вакуумным, іонна-плазмавым і электрафарэтычнымі метадамі, хім. асаджэннем з газавай фазы і раствораў, плакіраваннем. Выбар метаду залежыць ад патрэбнага спалучэння матэрыялаў пакрыцця і асновы, неабходнай таўшчыні пакрыцця, магчымасці і неабходнасці яго аднаўлення ў эксплуатацыі. На Беларусі стварэннем антыкаразійных пакрыццяў займаюцца Бел. навукова-вытв. аб’яднанне парашковай металургіі, Бел. політэхн. акадэмія, Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі.

А.У.Белы.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРЭ́ЙКА (Анатоль) (Акім Пятровіч; 24.7.1911, в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобласці — 23.8.1978),

бел. паэт. Скончыў курсы пры Мінскім пед. тэхнікуме (1930), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1932—34). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1928. Першы зб. «Слава жыццю» (1940). У 1942 і 1943 па заданні БШПР быў у варожым тыле. У 1943 у друкарні падп. слуцкай газ. «Народны мсцівец» надрукаваны яго зб. вершаў «Слуцкі пояс» (перавыд. 1964). Аўтар зб-каў вершаў «Крамлёўскія зоры» (1945), «Зямля мая» (1952), «Песня дружбы» (1956), «Сэрца насцеж» (1965), «Цвіціце, верасы» (1975), «Ураджай цяпла» (1978) і інш. Яго творам уласцівыя задушэўнасць, спавядальная адкрытасць, сувязь з фальклорам. На словы Астрэйкі напісаны песні «Ой бацька мой, Нёман», «Песня пра Заслонава», «Шоўкавыя травы» і інш. Аўтар твораў для дзяцей («Прыгоды дзеда Міхеда», 1956, дап. выд. 1959). Перакладаў на бел. мову вершы А.Пушкіна, У.Маякоўскага, А.Пракоф’ева, А.Твардоўскага, М.Рыльскага і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1970;

Творы. Т. 1—2. Мн., 1981.

І.У.Саламевіч.

А.Астрэйка.

т. 2, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ СПОРТ,

спаборніцтвы на гоначных, спарт. і серыйных аўтамабілях. Асн. віды: шашэйна-кальцавыя і лінейныя гонкі, гонкі на аўтадроме, стадыёне, кросы па перасечанай мясцовасці, ралі, заезды на ўстанаўленне рэкордаў, аўтамаб. мнагабор’е (звычайна ўключае эканам. кіраванне, скораснае манеўраванне і інш.). Асн. крытэрыі класіфікацыі аўтамабіляў для аўтамабільнага спорта — тып аўтамабіля і рабочы аб’ём рухавіка.

Першыя спаборніцтвы па аўтамабільным спорце праведзены ў 1894 у Францыі. З 1904 дзейнічае Міжнар. аўтамабільная Федэрацыя (ФІА). Чэмпіянаты свету з 1925, Еўропы з 1935. Найб. вядомыя і прэстыжныя спаборніцтвы па аўтамабільным спорце — чэмпіянат свету па шашэйна-кальцавых гонках для гоначных аўтамабіляў (т.зв. «Формула-1»). На Беларусі аўтамабільны спорт развіваецца з 1960. В.Анкуда — чэмпіён СССР па шашэйна-кальцавых гонках (1973, 1976). У розныя гады ў зборную каманду СССР уваходзілі бел. аўтагоншчыкі А.Альхімовіч, В.Лукашэвіч, В.Рускіх, А.Шымакоўскі. У 1994 упершыню бел. аўтагоншчыкі С.Пракаповіч і Шымакоўскі ўдзельнічалі ў спаборніцтвах на Кубак Еўропы і ў чэмпіянаце Еўропы. У 1962 адкрыта Мінскае спартыўна-гоначнае кальцо, дзе праводзяцца рэсп. і міжнар. спаборніцтвы па аўтамабільным спорце.

т. 2, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСАЛЫ́ГА (Міхаіл Самуілавіч) (н. 1.5.1942, г. Слуцк),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі. Аформіў альбом «Гравюры Францыска Скарыны» (1972), кнігі М.Танка «Хай будзе святло» і «Ключ жураўліны» (1972, усе з У.С.Басалыгам), «Ave Maria» (1980), Я.Купалы «Вершы і паэмы» (1982) і «Курган» (1987), «Дзень міру» (зборнік, 1986), «Веча славянскіх балад» Я.Сіпакова (2-е выд., 1988) і інш. Ілюстрацыі выкананы ў тэхніцы лінарыту, афорта, змешанай тэхніцы. У творах станковай графікі звяртаецца ў асноўным да гіст. тэмы. У серыю каляровых аўталітаграфій «Айчыну сваю баронячы» ўваходзяць: трыптых «Грунвальдская бітва», «Бітва з татарамі» (абодва 1989), трыптых «Бітва пад Оршай» (1992), «Давыд Гарадзенскі», «Леў Сапега» (абодва 1994); каляровыя літаграфіі «Рагнеда» (1990), «Мінскі замак» (1991); партрэты «Юрый Алелька», «Аляксандр Алелька» (абодва 1989), «Сафія Юр’еўна Алелька» (1995) і інш. Творы з дасканалым маст. веданнем гіст. побыту і касцюма на Беларусі адлюстроўваюць падзеі, якія адбываліся ў мінулыя стагоддзі.

Г.А.Фатыхава.

М.Басалыга. Рагнеда. 1990.

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПОЛІТЭХНІ́ЧНАЯ АКАДЭ́МІЯ.

Засн. ў 1920 у Мінску як палітэхнікум на базе політэхн. вучылішча, які ў 1922 рэарганізаваны ў Бел. дзярж. ін-т сельскай гаспадаркі. У 1933 мінскія энергетычны, будаўнічы, тарфяны, хіміка-тэхнал., харч. прам-сці і Горацкі водна-меліярацыйны ін-ты аб’яднаны ў Бел. політэхн. ін-т (БПІ), з крас. 1991 акадэмія. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: архітэктурны, аўтатрактарны, будаўнічы, дарожнага буд-ва, маш.-буд., механіка-тэхнал., прыборабудавання, робатаў і робататэхн. сістэм, энергет. буд-ва, энергетычны; падрыхтоўчае аддзяленне, пры ім сярэдняя спецыялізаваная школа. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1945, дактарантура з 1988. У складзе акадэміі міжгаліновы ін-т павышэння кваліфікацыі кадраў па новых кірунках навукі і тэхнікі, ф-т павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў сярэдніх спец. навуч. устаноў, ф-т павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў буд-ва, каля 50 н.-д. лабараторый, навук.-вытв.-навуч. падраздзяленні «Белтэхналогія» і «Белбудаўніцтва», з-д «Палітэхнік», навуч. вытв.-канструктарска-тэхнал. ін-т.

Будынак Беларускай політэхнічнай акадэміі.

т. 2, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА СЛУ́ЧЧЫНЫ, Рада Случчыны, Слуцкая беларуская рада,

выканаўчы і распарадчы орган улады ў Слуцку і Слуцкім пав. ў ліст. 1920 — студз. 21. Мела паўнамоцтвы часовага органа ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) да склікання бел. ўстаноўчага сейма і ўтварэння выбарнага органа, стала паліт. органам кіраўніцтва Слуцкім паўстаннем 1920. Выбрана 14.11.1920 на Першым бел. з’ездзе Случчыны ў складзе 17 членаў. У прэзідыум рады ўваходзілі У.Пракулевіч, П.Жаўрыд, В.Русак, Ю.Сасноўскі, Радзюк. Заявіла пратэст сав. і польск. ўрадам супраць перадачы Слуцкага пав. ўладам БССР, выдала дэкларацыю, якая заклікала сялян на барацьбу за «незалежную Беларусь у яе этнаграфічных граніцах». Сфарміравала 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войскаў БНР у складзе 2 палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Пасля паражэння паўстання рада 28.12.1920 разам з 1-й Слуцкай брыгадай перайшла на тэр. Зах. Беларусі, дзе брыгада была раззброена польск. войскамі і інтэрніравана. Рада Случчыны пераехала ў Баранавічы; 20.1.1921 на апошнім пасяджэнні частка членаў рады прызнала сваім кіраўніком С.Булак-Балаховіча, частка выехала ў Вільню, частка засталася ў Баранавічах.

А.П.Грыцкевіч.

т. 2, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)