самы верхні прыродны вышынны пояс гор і палярных абласцей, размешчаны вышэй снегавой лініі. Найб. вышыні ніжняй мяжы пояса ў пустынных гарах Цэнтр. Азіі і ў Андах (больш за 6500 м); у Антарктыдзе і Грэнландыі нярэдка апускаецца да ўзроўню мора. Для Н.п. характэрны ледавікі і снежнікі, ледавіковыя формы рэльефу (кары, трогі, свежыя марэны і інш.), скалы і восыпы, нівальны клімат. Вял. намнажэнні снегу пры шматгадовым захаванні паступова пераходзяць у фірн і глетчарны лёд. Інтэнсіўнасць раставання і выпарэння залежаць ад сонечнай радыяцыі і экспазіцыі схілу. На стромкіх схілах снег і лёд перыядычна сыходзяць уніз у выглядзе снежных лавін і ледавікоў. На паўд. схілах, дзе хутка ідзе раставанне снегу, агаляюцца горныя пароды і інтэнсіўна развіваюцца працэсы фізічнага (у асн. марознага) выветрывання. Ідзе разбурэнне парод з утварэннем грубых абломкаў, якія намнажаюцца ў больш нізкіх месцах. Раслінны і жывёльны свет Н.п. бедны. Сярод раслін пераважаюць лішайнікі, што пакрываюць паверхню скал і валуноў, разбураюць іх і ўтвараюць прымітыўныя глебы. У ніжнія гарызонты пояса могуць пранікаць нізкарослыя экземпляры раслін з інш. паясоў. З вышэйшых жывёл трапляюцца залётныя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛДЫНГТАН ((Aldington) Рычард) (8.7.1892, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 27.7.1962),
англійскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік л-ры т.зв. страчанага пакалення. Вучыўся ў Лонданскім ун-це. З 1939 жыў у эміграцыі (ЗША, Францыя). Літ. дзейнасць пачаў як паэт у рэчышчы імажызму (зб-кі «Імажысты», 1914; «Вобразы старыя і новыя», 1916, і інш.). Сусв. вядомасць прынёс першы раман «Смерць героя» (1929) пра злачыннасці вайны і лёс «страчанага пакалення». Раманы «Дачка палкоўніка» (1931), «Усе людзі — ворагі» (1933), «Жанчыны павінны працаваць» (1934), «Сапраўдны рай» (1937), «Сямёра супраць Рыўза» (1938), «Непрыняты госць» (1939) пра трагічныя наступствы 1-й сусв. вайны, лёс пасляваен. пакалення, становішча жанчыны ў тагачасным грамадстве, узаемаадносіны «бацькоў і дзяцей». Аўтар зб.апавяд. «Шляхі да славы» (1930), паэмы «Крыштальны свет» (1937), раманізаваных біяграфій Д.Г.Лорэнса, Р.Л.Стывенсана і інш. Яго творчасць адметная спалучэннем лірычна-спавядальнага з натуралістычным і сатырычна-гратэскавым. Перакладаў з франц. і італьян. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЎЭН ((Owen) Роберт) (14.5.1771, Ньютаўн, Вялікабрытанія — 17.11.1858),
англійскі утапічны сацыяліст. У 1791—1829 прадпрымальнік, кіраўнік буйных фабрык. Займаўся філантрапічнай дзейнасцю; пачынальнік фабрычнага заканадаўства. Асн. творы: «Лекцыі пра зусім новы стан грамадства» (1830), «Кніга пра новы маральны свет» (1836—44), «Рэвалюцыя ў свядомасці і дзейнасці чалавечага роду...» (1849). Будучае бяскласавае грамадства ўяўляў як федэрацыю самакіравальных абшчын, кожная з якіх аб’ядноўвала 300—2000 чалавек. У працоўных калоніях (камунах), арганізаваных на грамадскай уласнасці, насельніцтва падзялялася на 8 груп у залежнасці ад узросту. Адмаўляў сац. рэвалюцыі і гвалтоўны шлях пераўтварэння грамадства. Спадзяваўся на выхаванне і асветніцтва як гал. шлях пабудовы гуманнага грамадства. У адрозненне ад ідэйных папярэднікаў (Т.Мор і Т.Кампанела) зрабіў спробу практычнай рэалізацыі свайго сац. праекта. Арганізатар прац. камун у Англіі і ЗША (большасць з іх былі нежыццядзейнымі). Яго вучэнне і практычная дзейнасць значна паўплывала на сац.-грамадскую думку і сац. практыку Зах. Еўропы (напр., утапічны сацыялізм быў адным з тэарэт. вытокаў марксізму).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНАЯ СІТУА́ЦЫЯў філасофіі,
момант найглыбейшага ўзрушэння ў жыцці чалавека, калі ён асэнсоўвае сваю існасць, імкнецца да поўнай яе рэалізацыі і адчувае безумоўную свабоду выбару; катэгорыя экзістэнцыялізму. З’яўляецца аптымальным варыянтам для высвятлення сутнасці свабоды, якая ставіць індывіда на мяжу быцця і небыцця перад тварам смерці, пакуты, віны, клопату; пры гэтым чалавек здымае з сябе ўсе аб’ектыўныя абмежаванні свабоды (знешнія нормы, агульнапрызнаныя каштоўнасці, паліт. ўціск — усё, што складае яго асобны свет і дазваляе незалежны выбар). Дае асобе магчымасць пераадолець недасканаласць паўсядзённага існавання і выйсці за яго межы. Звязана з абвостраным самаадчуваннем асобы, якая знаходзіцца ў крызісных жыццёвых умовах і ўсведамляе сваю сутнасць, абапіраючыся толькі на свае сілы і магчымасці, і павінна рабіць адзіна правільны выбар. П.с. стымулюе актыўнасць асобы, як імкненне да рэфлексіі, аднак можа прывесці чалавека да неўрозаў, стрэсаў. Метад дасканалага высвятлення чалавечых перажыванняў — П. с. ў мастацтве. Як элемент экзістэнцыяльнага светаадчування П.с. з яе абвостранай дынамікай, непрадказальнай фабулай, праблемай выбару з’яўляецца атрыбутам эстэт. ўспрымання быцця. Феномен П.с. стаў сінтэзам філасофіі, тэалогіі, мастацтва, этыкі, псіхалогіі і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНЯКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Паўлавіч; н. 24.1.1951, в. Заброддзе Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт, празаік, перакладчык, мовазнавец. Скончыў БДУ (1977). Працаваў у Мінску на заводзе, настаўнічаў. З 1978 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1981 дырэктар Літ. музея М.Багдановіча, з 1984 у выд-ве «Юнацтва». З 2000 гал. рэдактар час. «Вожык». Друкуецца з 1966. Аўтар «Слоўніка эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы» (1988), зб. вершаў «Час надзеі» (1991). Піша для дзяцей (зб-кі «Побач з татам», 1988; «Ехаў поўны воз дзівос», 1994; «Шые вожык кажушок», 1996; «Дарынка-весялінка», 1999). Адчувае дзіцячую псіхалогію, расказвае пра дабрыню, шчырасць, працавітасць. Упершыню ў бел. л-ры распрацоўвае загадкі на міжмоўныя амонімы і антонімы (зб. «Дзіўныя «блізняты», 1987). На бел. мову пераклаў раманы В.Скота «Квенцін Дорвард», М. дэ Сервантэса «Дон Кіхот», С.Лагерлёф «Пярсцёнак Лёвеншольдаў», паасобныя творы С.Маршака, Я.Пермяка, Х.К.Андэрсена, казкі братоў Грым і інш. Многія верш П. пакладзены на музыку.
Тв.:
Тры чарадзеі: Вершы, скорагаворкі, загадкі. Мн., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ТНЕР (Ісак) (Айзік Хаімавіч; 17.11.1895, г. Саколаў-Падляскі, Польшча — 26.7.1961),
яўрэйскі пісьменнік. З 1918 у ЗША. Скончыў яўр. настаўніцкую семінарыю ў Нью-Йорку (1927). З 1932 у СССР. З 1933 у Мінску, працаваў у Бел. радыёкамітэце, у 1937—41 — у газ. «Октобэр» («Кастрычнік»). У 1949 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1918. Пісаў на яўр. і бел. мовах. Першая кн. «Пра што расказвае дзень» (1930, Нью-Йорк). Аўтар зб-каў вершаў «З Амерыкі» (1934), «Сонца на парозе» (1940), кнігі апавяд. «Самае дарагое» (1948), паэм і інш. Яго творам уласціва гуманіст. накіраванасць, імкненне перадаць унутр.свет чалавека. Пісаў для дзяцей, перакладаў з англ. і ням. моў. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі М.Аўрамчык, А.Вольскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕАНА́ЗМ (ад грэч. pleonasmos лішак),
спалучэнне тоесных або блізкіх паводле значэння слоў, з якіх адно ці некалькі лагічна лішнія. Напр., «свая аўтабіяграфія» (паняцце «свая» ўваходзіць у слова «аўтабіяграфія»), «свабодная вакансія» (слова «вакансія» абазначае «незамешчаная пасада, свабоднае месца ў штаце якой-н. установы»). Такія словазлучэнні не адпавядаюць літ. норме бел. мовы. Выкарыстанне П. апраўдана, калі спалучэнне аднолькавых ці блізкіх па сэнсе слоў служыць стылістычным сродкам і надае мове большую выразнасць ці пераканаўчасць («бачыць на свае ўласныя вочы»), а таксама калі ён выступае як стылістычная фігура, што надае мове маст. вобразнасць («Паляці, мая мысль, лёгкім сокалам і прагледзь гэты свет кругом-вокалам». Я.Купала). У фразеалагічных словазлучэннях П. не лічыцца стылістычнай памылкай. Падобны П. — частая з’ява ў нар.паэт. творчасці («ні роду, ні племені»). Да П. адносяцца і эпітэты, што не пашыраюць уяўлення пра пэўную з’яву, прадмет («чорная сажа»). Словазлучэнні, у якіх азначэнне ўдакладняе паняцце, не лічацца інфарматыўна лішнімі і не супярэчаць нормам сучаснага словаўжывання («практычны вопыт», «рэальная рэчаіснасць»). Крайнім выражэннем П. з’яўляецца таўталогія.
рускі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Маскоўскі авіяцыйны ін-т (1960). У 1969—71 карэспандэнт «Литературной газеты». З 1991 гал. рэдактар газ. «Завтра» (да 1993 «День»). У аповесцях «Вясковыя» (1969), «Радуйся», «Іду ў шлях мой», «Палёт вечаровай гусі», «Трактат пра хлеб» (усе 1971) спалучэнне авангарда і архаікі. Заклік да беражлівага стаўлення да прыроды і чалавека ў раманах «Час поўдзень» (1977), «Месца дзеяння» (1979), «Вечны горад» (1981). Раманы «Дрэва ў цэнтры Кабула» (1982), «Малюнкі баталіста» (1986), «Сон пра Кабул» (2000), зб. навел «Трэці тост» (1991) пра ўдзел сав. войск у вайне ў Афганістане. Аўтар раманаў «І вось прыходзіць вецер», «Афрыканіст» (абодва 1984), «Анёл праляцеў» (1991), «Апошні салдат імперыі» (1993), «Чэчэнскі блюз» (1998), «Чырвона-карычневы» (1999), «Якія ідуць уначы» (2001), аповесцей «Адмірал» (1983), «Знак Дзевы» (1990), аповесці-рэпартажу «Расколаты свет» (1983), апавяданняў, артыкулаў і інш. Прозе П. ўласцівы філасафічнасць, дынамізм, экспрэсіўнасць, пафаснасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЧЫ́НІ ((Puccini) Джакама) (22.12.1858, г. Лука, Італія —29.11.1924),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Муз. ін-це імя Дж.Пачыні ў г. Лука (з 1872), у Міланскай кансерваторыі (1880—83). Прыхільнік традыцый італьян. опернага мастацтва, найб. значны прадстаўнік верызму. Яго оперы вызначаюцца сцэнічнасцю, гнуткасцю і свабодай форм, узмоцненай роляй аркестра. У музыцы праўдзіва ўвасабляў карціны жыцця простых людзей, унутраны свет герояў. Апіраючыся на італьян.гар. песеннасць і традыцыі вак. стылю бельканта, стварыў яркі, эмацыянальны арыёзна-меладычны стыль. У шэрагу опер не пазбег меладраматызму і сентыментальнасці, характэрных верызму. Лепшыя оперы П. ўвайшлі ў сусв. оперны рэпертуар; сярод іх: «Вілісы» (паст. 1884), «Манон Леско» (паст. 1893), «Багема» (паст. 1896; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1968), «Тоска» (паст. 1900; у Дзярж. т-ры 1937, 1950, 1969), «Чыо-чыо-сан» (паст. 1904; у Дзярж. т-ры 1940, 1943, 1945, 1953), «Дзяўчына з Захаду» (паст. 1910); оперны трыпціх «Плашч», «Сястра Анджэліка», «Джані Скікі» (1918); «Турандот» (закончана Ф.Альфана, паст. 1926).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫД ((Reed) Джон) (22.10.1887, г. Портленд, штат Арэгон, ЗША — 17.10.1920),
амерыканскі пісьменнік-публіцыст. Скончыў Гарвардскі ун-т (1910). З 1911 супрацоўнік сацыяліст.час. «Masses» («Масы»). У 1914 камандзіраваны ў Мексіку, дзе быў сведкам падзей Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17; свае ўражанні адлюстраваў у кн. «Паўстаўшая Мексіка» (1914), у якой спачувальна паставіўся да мекс. рэвалюцыянераў і асуджаў умяшанне ЗША у справы Мексікі. У 1-ю сусв. вайну карэспандэнт на франтах Еўропы (кн. «Вайна ва Усходняй Еўропе», 1916). Са жн. 1917 да лют. 1918 у рэв. Петраградзе, дзе стаў сведкам Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, падзеі якой прыхільна адлюстраваў у маст.-дакумент. кнізе «10 дзён, якія скаланулі свет» (1919). Пасля вяртання ў ЗША далучыўся да левага крыла Сацыяліст. партыі, у 1919 быў адным з заснавальнікаў Камуніст. рабочай партыі ЗША. З кастр. 1919 зноў у Расіі. Чл. Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала. Памёр у Маскве. Пахаваны на Краснай плошчы каля Крамлёўскай сцяны.
Тв.:
Рус.пер. — Избранное. Кн. 1—2. М., 1987.
Літ.:
Краснов И.М. Джон Рид: правда о Красной России. М., 1987.