ГРЫ́МЕЛЬСГАЎЗЕН
(Grimmelshausen) Ганс Якаб Крыстафель фон (каля 1621, г. Гельнгаўзен, Германія — 17.8.1676),
нямецкі пісьменнік. Перажыў жахі Трыццацігадовай вайны 1618—48, быў яе ўдзельнікам. З 1667 стараста ў г. Рэнхен, дзе напісаў усе свае творы. Самы вядомы з іх — сац.-філас., гратэскна-сатыр. раман «Сімпліцысімус» (1-е выд. 1669, найб. поўнае 1671). Яго гал. герой Сімпліцый («прастак») увайшоў у галерэю вечных вобразаў сусв. л-ры. Раман — своеасаблівая энцыклапедыя жыцця Германіі і ўсёй Еўропы ў гады Трыццацігадовай вайны, прасякнуты антываен. пафасам і трывожным роздумам пра лёс чалавечай цывілізацыі, ідэямі духоўнага стаіцызму. Працягам «сімпліцыяны» сталі раманы «Прастаку насуперак, або Дзіўнае апісанне жыцця махляркі і прайдзісветкі Кураж», «Шпрынгінсфельд» (абодва 1670), «Дзівоснае птушынае гняздо» (1672). У яго спадчыне раманы на гіст. і біблейскія сюжэты («Цнатлівы Іосіф», 1667), фантаст. («Першы абібок», 1670, і «Свет навыварат», 1673). На бел. мову раман «Сімпліцысімус» пераклаў В.Сёмуха.
Тв.:
Бел. пер. — Сімпліцысімус. Мн., 1997;
Рус. пер. — Симплициссимус. М., 1976.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)