МАДЭ́ЙРА (Madeira),
рака ў Балівіі і Бразіліі, найбуйнейшы правы прыток р. Амазонка. Даўж. 3230 км (з р. Мамарэ), пл. бас. 1391 тыс. км². Пачынаецца ў Андах ад зліцця рэк Бені і Мамарэ, у верхнім цячэнні агінае Бразільскае пласкагор’е, утварае парогі і вадаспады, ад г. Порту-Велью (Бразілія) цячэ пераважна па Амазонскай нізіне. Разводдзе ў кастр.—маі (сезон дажджоў і раставанне снегу ў Андах). Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 21 800 м³/с. Суднаходная (1060 км) ад вусця да г. Порту-Велью. На М. гарады Порту-Велью, Умайта, Манікарэ.
т. 9, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙН (Main),
рака ў Германіі, правы прыток р. Рэйн. Даўж. 524 км, пл. бас. 27,2 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў рэк Ротэр-М. і Вейсер-М., якія пачынаюцца адпаведна на схілах Франконскага Альба і ў гарах Фіхтэль. Цячэ па сярэднягор’ях і ўзгорыстых раўнінах паўд. ч. краіны. Найб. воднасць зімой і на пачатку вясны, летам — асобныя дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады ў вусці 170 м³/с. Суднаходная на 400 км ад вусця. Басейн М. злучаны Людвігс-каналам з сістэмай водных шляхоў Дуная. Даліна М. густа заселена. На М. — гарады Вюрцбург, Франкфуртна-Майне.
т. 9, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРХА́,
рака, левы прыток Вілюя, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 1181 км, пл. басейна 99 тыс. км². Пачынаецца ва ўсх. ч. Вілюйскага плато, цячэ па Сярэднесібірскім пласкагор’і і Цэнтральнаякуцкай раўніне. Асн. прытокі: Маркока (справа), Ханя (злева). Высокае веснавое разводдзе і летне-асеннія паводкі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 360 м³/с. Ледастаў ад канца вер. — пач. кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Зімой перамярзае ў вярхоўі на 7 месяцаў, у нізоўі — на 5 месяцаў. Суднаходная вясной на 984 км ад вусця.
т. 10, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЫ́Н,
рака ў Кіргізіі і Узбекістане, правая састаўляючая р. Сырдар’я. Даўж. 807 км, пл. басейна 59,1 тыс. км². Пачынаецца з ледавікоў Цэнтр. Цянь-Шаня (да ўпадзення р. Малы Н. наз. Вял. Н.), цячэ ў міжгорнай даліне, месцамі ў вузкіх цяснінах. Сярэдні расход вады каля г. Учкурган (Узбекістан) 429 м³/с. Разводдзе ў маі. Выкарыстоўваецца для арашэння, пераважна зямель Ферганскай даліны. Ад Н. (каля г. Учкурган) пачынаецца Вялікі Ферганскі канал. На Н. — Курпсайская, Тактагульская, Таш-Кумырская, Учкурганская ГЭС і вадасховішчы; гарады Нарын, Таш-Кумыр (Кіргізія). У вярхоўях — Нарынскі запаведнік.
т. 11, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЕЙК (Snake), Змяіная рака,
рака на ПнЗ ЗША, левы прыток р. Калумбія. Даўж. каля 1670 км, пл. бас. 282,3 тыс. км². Пачынаецца ў Скалістых гарах, у межах Йелаўстонскага нац. парку, цячэ па ўсх. ускраіне Калумбійскага плато, месцамі ў каньёнах. На С. — самы глыбокі каньён Паўн. Амерыкі — Хелс (2410 м). Утварае вадаспады (Шашоні, выш. 65 м, і інш.). Разводдзе ў крас.—чэрвені. Сярэдні расход вады 1390 м³/с. ГЭС і вадасховішчы. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная для невял. суднаў ад г. Льюістан. На С. — гарады Айдаха-Фолс і Туін-Фолс.
т. 15, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРА́,
рака ў Свярдлоўскай і Цюменскай абл. Расіі, левы прыток р. Табол (бас. р. Об). Даўж. 1030 км, пл. бас. 80,4 тыс. км². Пачынаецца на Паўн. Урале, цячэ па Зах.-Сібірскай раўніне. Асн. прытокі: Салда, Тагіл, Ніца, Пышма (справа). Ледастаў з канца кастр.—ліст. да крас. — 1-й пал. мая. Разводдзе з крас. да ліпеня. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Цюмень 181 м³/с. У бас. Т. каля 1,5 тыс. азёр. Сплаўная. Суднаходная на 635 км ад вусця. 3 вадасховішчы. На Т. — гарады Верхняя Тура, Ніжняя Тура, Верхатур’е, Турынск, Цюмень.
т. 16, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭНЕСІ́ (Tennessee),
рака на У ЗША, левы прыток р. Агайо (бас. р. Місісіпі). Утвараецца ад сутокаў рэк Холстан і Фрэнч-Брод, якія сцякаюць з зах. схілаў Апалачаў. Даўж. 1050 км (ад вытоку р. Холстан 1470 км), пл. бас. 104 тыс. км². Разводдзе ў канцы зімы і вясной, нізкая межань летам. Сярэдні расход вады ў вусці 1800 м³/с. Сцёк Т. амаль поўнасцю зарэгуляваны сістэмай вадасховішчаў (найб. — Кентукі). Комплекс ГЭС, ЦЭС, АЭС. Суднаходная ад вытокаў дзякуючы абвадным каналам і шлюзам. На Т. — гарады Ноксвіл, Чатануга, Флорэнс.
т. 16, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАНГХА́, Сангкой (кіт. Юаньцзян), Чырвоная рака,
рака на Пд Кітая і Пн В’етнама. Даўж. 1183 км, пл. бас. 158 тыс. км². Пачынаецца на Юньнаньскім нагор’і, цячэ пераважна ў глыбокай даліне ў парожыстым рэчышчы. Ніжняе цячэнне па раўніне Бакбо, упадае ў заліў Бакбо (Танкінскі) Паўд.-Кітайскага мора. Сярэдні расход вады каля 3,8 тыс. м³/с. Рэжым мусонны, летнія паводкі. Для аховы ад навадненняў на вял. працягу агароджана дамбамі. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На Х. — гарады Лаакай, Ханой. у дэльце марскі порт Хайфон (В’етнам).
т. 16, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫНДУІ́Н, Чындвін,
рака на З М’янмы, правы, самы вял. прыток р. Іравадзі. Даўж. каля 1100 км, пл. бас. каля 114 тыс. км² (частка бас. на тэр. Індыі). Вытокі на зах. схілах гор Кумун. У верхнім і сярэднім цячэнні працякае па звілістай даліне, ніжэй — у межах шырокай міжгорнай катлавіны, дзе частка вады выкарыстоўваецца для арашэння. Рэжым мусонны з летнім разводдзем. Сярэдні расход вады больш за 4000 м³/с. Суднаходная да вусця асн. прытока — р. Ую (больш за 600 км), у засушлівы сезон — на 400 км. На Ч. — г. Маўн’юа.
т. 17, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ НІЛ, Бахр-эль-Аб’яд,
назва р. Ніл у Судане, ад месца ўпадзення левага прытока р. Эль-Газаль да вусця Блакітнага Ніла. Даўж. 957 км, пл. бас. 1059 тыс. км². Важны прыток р. Собат (у час паводкі прыносіць шмат завіслага матэрыялу, які надае вадзе белаватае адценне; адсюль назва). Ад вусця Собата да вусця Блакітнага Ніла цячэнне запаволенае. Сярэдні расход вады ў вярхоўі каля 450 м³/с, ніжэй упадзення Собата павялічваецца да 800 м³/с (макс. — да 1500 м³/с). За 40 км ад г. Хартум — плаціна Гебель-Аулія. Воды Белага Ніла выкарыстоўваюцца на арашэнне. Рыбалоўства. Суднаходства.
т. 3, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)