разнавіднасць электроннай музыкі. Заснавана на выкарыстанні камп’ютэраў, а таксама аснашчаных імі сінтэзатараў гуку. Камп’ютэры дазваляюць ствараць і ўзнаўляць больш за 100 электронных тэмбраў, імітаваць гучанне сімф. аркестра, джаза, рок-музыкі, пеўчага голасу і інш., пісаць музыку ў розных стылях і жанрах, для любога складу выканаўцаў, сінтэзаваць муз. і немуз. гукі. Напачатку К.м. стваралі кампазітар і праграміст, пазней і аматары, здольныя працаваць з ЭВМ. К.м. ўзнікла ў 1950—60-я г.Першыя ўзоры — «Іліякская сюіта» амер. кампазітара Л.Хілера і праграміста Л.Айзексана (1957). Сярод інш. прадстаўнікоў К.м. — кампазітары М.Бэбіт, П.Барба, К.Штокгаўзен, Я.Ксенакіс, П.Шэфер, П.Булез, С.Грунберг, Э.Арцем’еў, С.Губайдуліна, У.Мартынаў, Я.Мурзін, бел. — В.Раінчык, А.Літвіноўскі, Дз.Яўтуховіч.
Літ.:
Петелин Ю., Петелин Р. Персональный оркестр... в персональном компьютере. СПб., 1997;
Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в: Пер. с чеш. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ.
Дзейнічала з мая 1942 да ліп. 1944 на тэр. Камянецкага р-на ў Вял.Айч. вайну. Уваходзіла ў Брэсцкую абласную антыфашысцкую арганізацыю, была падначалена кіраўніцтву Брэсцкага абл. антыфаш. к-та. Налічвала каля 100 падпольшчыкаў. Створана на базе падп. патрыятычных груп, якія ў першыя месяцы вайны аказвалі дапамогу байцам і камандзірам Чырв. Арміі, што выходзілі з акружэння, забяспечвалі іх адзеннем, прадуктамі, выводзілі на ўсход, вялі паліт. прапаганду сярод насельніцтва. Арг-цыю ўзначаліў к-т у складзе М.А.Несцерука (1-ы сакратар), Ф.К.Гурмана (2-і сакратар), П.Л.Мурашкі (3-і сакратар), А.С.Гурынчука, П.Ф.Жука, К.А.Замулкі, М.Х.Несцерука, В.М.Хоміча, А.Я.Шырнюка. Складалася з 18 нізавых ячэек (груп). Праводзілі работу ў цесным узаемадзеянні з партыз. атрадамі. Пры падтрымцы насельніцтва падпольшчыкі спалілі больш за 10 маёнткаў. Збіралі сродкі ў Фонд абароны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛО́Ў (Мікалай Іванавіч) (29.4.1903, с. Вішнёвае Тамалінскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 9.2.1972),
савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1962). Двойчы Герой Сав. Саюза (крас., вер. 1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1928). У Сав. Арміі з 1919, удзельнік грамадз. вайны. У Вял.Айч. вайну нач. штабоў Прыморскай (з крас. 1942), 62-й і 8-й гвардз. армій, каманд. войскамі 21-й (з мая 1943) і 5-й (кастр. 1943 — ліст. 1945) армій; удзельнік абароны Адэсы, Севастопаля, Сталінградскай бітвы, Смаленскай, Беларускай (у чэрв. 1944 войскі 5-й арміі прарвалі абарону праціўніка ў раёне г.п. Багушэўск Віцебскай вобл., першыя фарсіравалі Бярэзіну) і Усх.-Прускай аперацый. У сав.-яп. вайну 1945 удзельнічаў у Харбінска-Гірынскай аперацыі. Пасля 1945 нам. камандуючага, каманд. войскамі Далёкаўсходняй, Уральскай, Ленінградскай і Маскоўскай ваен. акруг. З 1963 галоўнакамандуючы Ракетнымі войскамі стратэг. прызначэння, нам. міністра абароны СССР. Аўтар ваен. мемуараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЯ,
снарад прадаўгаватай формы з завостраным ці тупым канцом, які пры выстрале выкідваецца з канала ствала стралковай, паляўнічай і спартыўнай зброі. Адрозніваюць К. для наразной (ваен. і паляўнічай) і гладкаствольнай зброі.
Ваен. К. — галаўная частка баявога патрона. Бываюць звычайныя, трасіруючыя (пакідаюць у палёце бачны след), бранябойныя (для паражэння лёгка браніраваных цэлей), запальныя (для запальвання лёгкаўзгаральных рэчываў), бранябойна-запальныя і інш.; малакаліберныя (да 6,5 мм), нармальнага калібру (7,5—7,69 мм) і буйнакаліберныя (12,7—15 мм). Першыя К. былі сферычныя, з пераходам да наразной зброі сталі карыстацца прадаўгаватымі К. (ад вінтавой нарэзкі ў ствале атрымліваюць вярчэнне, што стабілізуе іх палёт).
В.І.Вараб’ёў.
Кулі для стралковай (а—е) і гладкаствольнай паляўнічай (д—е) зброі: а — звычайная, б — трасіруючая, в — запальная, г — бранябойная, д — Якана (Жакана), е — Брэнеке; 1 — абалонка, 2 — асяродак, 3 — свінцовая абалонка, 4 — стаканчык, 5—6 — трасіруючы і запальны саставы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАІ́МСКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў (кыпчакска-агузская група). Пашырана пераважна на Украіне (Крым і зах. вобласці), у Літве і Польшчы. Мае 3 дыялекты: крымскі, тракайскі, галіцка-луцкі. Крымскі дыялект у значнай ступені асіміляваны з крымска-тат. мовай. Склад галосных гукаў адрозніваецца па дыялектах; у тракайскім і крымскім дыялектах 8 галосных: «а», «ы», «о», «у», «э», «и», «ӧ», «ӱ» ; у галіцкім дыялекце 6 галосных («ӧ», «ӱ» замяняюць «э», «и», напр., кӧз//кэз — вока); шыпячыя «ш», «ч» замяняюцца на свісцячыя «с», «ц». У сінтаксісе моцны ўплыў слав. моў; у лексіцы шмат славянскіх, у т. л. ў тракайскім дыялекце — бел. запазычанняў. Першыя рукапісныя пераклады Бібліі (14 ст.). Адзіная літ. мова не сфарміравалася, паколькі большасць караімаў выкарыстоўвала стараж.-яўр. пісьмо, а пазней лац. і кірылічны алфавіты. Друкаваныя выданні з 19 ст.
Літ.:
Мусаев К.М. Краткий грамматический очерк караимского языка. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ УНІВЕРСІТЭ́ТЫ,
агульнадаступныя грамадскія культ.-асв.навуч. ўстановы; адна з форм самаадукацыі. Першым Н.у. у Расіі былі Маскоўскія Прачысценскія вячэрнія агульнаадук. курсы (з 1897). У 1909 большасць Н.у. закрыта, іх дзейнасць адноўлена пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Першыя Ну. на Беларусі створаны ў Бабруйску і Віцебску. Ва ун-тах вывучаліся сацыялогія, гісторыя культуры і эканам. навук, статыстыка, гісторыя Расіі і ўсеагульная гісторыя, рус. і сусв.л-ра, матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, аграномія і інш. З канца 1950-х г. ствараліся Н.у. для павышэння ўзроўню адукацыі працоўных. Іх разнавіднасцю былі Н.у. культуры, пед., мед., с.-г., прававыя, грамадска-паліт., прыродазнаўчыя, навукова-тэхн. і эканам. ведаў, фіз. культуры і інш. Мелі адзін або некалькі ф-таў, тэрмін навучання 1—4 гады. Існавалі яны на грамадскіх пачатках пры палацах і дамах культуры, клубах, б-ках, ВНУ, на прадпрыемствах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАНАРО́ДЖАНАЕ ДЗІЦЯ́,
дзіця з моманту нараджэння і да канца першага месяца жыцця. Бывае даношанае (цяжарнасць 38—41 тыдзень), неданошанае дзіця, пераношанае (цяжарнасць больш за 41 тыдзень). Пасля нараджэння Н.д. прыстасоўваецца да ўмоў навакольнага асяроддзя. Адбываецца ўдасканальванне органаў і сістэм арганізма, асабліва сардэчна-сасудзістай сістэмы, сістэмы імунітэту. Н.д. мае масу цела ў сярэднім 3000—4000 г, даўж. 50—52 см. Даўж. галавы Н.д. складае чвэрць цела, акружнасць чэрапа — 34—36 см (на 1—2 см больш за акружнасць грудной клеткі) Да 3-га дня адпадае кукса пупавіны. У першыя 3—4 дні ў Н.д. адбываецца «фізіялагічная» страта масы цела (да 10%), з 6—7-га дня маса пачынае прыбываць (за 1-ы тыдзень павялічваецца на 600—700 г). Пераношанае Н.д. мае прыкметы трафічных парушэнняў (напр., шчыльныя косці чэрапа з закрытымі швамі і малымі цемечкамі), больш схільнае да захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НАК.
Існаваў у 1591—1877 і ў 1920—45 у г. Нясвіж. Засн.кн. М.К.Радзівілам Сіроткам з жонкай, якія далі бенедыкцінкам фальварак Гавязна з 4 вёскамі, тэрыторыю ў 11 моргаў для забудовы і 9 тыс. злотых. Першыя манашкі прыбылі з Хелмна (Польшча). Сярод манашак былі прадстаўніцы вядомых феад. родаў (Войнаў, Нарбутаў, Радзівілаў, Слушкаў, Тышкевічаў, Халецкіх і інш.). У кляштары пастаянна выхоўвалася каля 25 свецкіх паненак, якіх навучалі мовам, музыцы, маст. шыццю і інш. Корпус кляштара змураваны ў 1593—96, касцёл св. Эўфеміі (архітэктар Дж.М.Бернардоні) асвячоны ў 1595. Вежа над касцёлам пабудавана ў 1720-я г., уваходная званіца — у 1760-я г. У 1877 кляштар скасаваны, будынкі аддадзены пад Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У 1920—45 кляштар зноў дзейнічаў. Цяпер у комплексе Н.к.б. размешчаны Нясвіжскі педагагічны каледж.
А.А.Ярашэвіч.
Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак. З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРМО́Н (Валянцін Мікалаевіч) (н. 18.4.1948, г. Брандэнбург, Германія),
расійскі фізікахімік. Акад.Рас.АН (1997, чл.-кар. 1991). Беларус. Скончыў Маскоўскі фіз.-тэхн. ін-т (1972). З 1977 у Ін-це каталізу Сібірскага аддз.Рас.АН (з 1985 нам. дырэктара, з 1995 дырэктар), адначасова з 1978 у Новасібірскім ун-це (з 1989 праф.). Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, фота- і радыяцыйнай хіміі. Распрацаваў тэорыю спектраў электроннага парамагн. рэзанансу стабільных бірадыкалаў, навук. асновы фотакаталітычных метадаў пераўтварэння сонечнай энергіі ў хім., радыяцыйна-тэрмічнага каталізу (новы кірунак у радыяцыйным каталізе). Пад яго кіраўніцтвам створаны першыя ў Расіі сонечныя каталітычныя рэактары, каталізатары на аснове аксідаў урану, якія спалучаюць функцыі ядз. паліва і каталізатараў для акумуляцый хім. энергіі.
Тв.:
Стабильные бирадикалы. М., 1980 (разам з А.І.Какорыным, Г.М.Жыдаміравым);
Фотокаталитическое преобразование солнечной энергии. Ч. 2. Молекулярные системы для разложения воды. Новосибирск, 1985 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ НАРО́ДНІЦКІЯ ГУРТКІ́ дзейнічалі ў Мінску ў 2-й пал. 1870—80-х г. Складаліся пераважна з прадстаўнікоў разначыннай інтэлігенцыі, прыхільнікаў тэорыі сял. сацыялізму. Першыя гурткі арганізаваны ў пач. 1876 студэнтамі М.Шварцам, С.Гаховічам, М.Велерам. Яны вялі прапаганду сярод вучняў, інтэлігенцыі, рамесных рабочых, сялян, яўр. насельніцтва. Гурткі аб’ядноўвалі больш за 160 чал. У час расколу «Зямлі і волі» (1879) у Мінск двойчы прыязджаў у 1879—80 лідэр «Чорнага перадзелу» Г.В.Пляханаў; другі яго прыезд звязаны з арганізацыяй у Мінску С.Грынфестам і І.Ляўковым цэнтр.падп. друкарні партыі «Чорны перадзел». Мінскія гурткі мелі цесную сувязь з польскай сацыяліст. партыяй «Пралетарыят». У 1887—88 пасля працяглых дыскусій пад уздзеяннем брашуры Пляханава «Нашы рознагалоссі» нарадавольцы аб’ядналіся вакол А.В.Бонч-Асмалоўскага, А.Я.Багдановіча, Я.С.Хургіна. Большасць чорнаперадзельцаў перайшла ўслед за Пляханавым на с.-д. пазіцыі.