ХАРЭ́Я (ад грэч. choreia танец),
нервовая хвароба, якая характарызуецца паторгваннем мышцаў, самаадвольнымі, некаардынаванымі рухамі; від гіперкінезу. Прычыны: арган. пашкоджанне мозга пры рэўматызме (рэўматычная, ці малая Х.), спадчыннае захворванне (Х.Гентынгтана); бывае таксама Х. цяжарных.
Малая Х. развіваецца звычайна ў дзяцей і падлеткаў, акрамя гіперкінезу, характарызуецца зніжэннем мышачнага тонусу, плаксівасцю, хуткай зменай настрою і інш. Х. Гентынгтана часцей назіраецца ў сталым узросце, пашкоджвае падкоркавыя аддзелы і кару галаўнога мозга. Прыкметы: псіхічныя расстройствы (апатыя), галюцынацыі і інш. Вядзе да слабасці розуму. Х. цяжарных часцей бывае пры першай цяжарнасці (у першыя 3 мес). У 30% выпадкаў — рэцыдыў малой Х., перанесенай у дзяцінстве. Бывае таксама ў цяжарных жанчын, якія часта хварэлі ангінамі ці ў якіх былі атакі вострага сустаўнага рэўматызму. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 16, с. 558
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)