1) счапленне паверхняў разнародных цвёрдых ці вадкіх целаў (фазаў) пры кантактаванні. Абумоўлена тымі ж прычынамі, што і адсорбцыя. Характарызуецца адгезійнай трываласцю — работай, неабходнай для раздзялення целаў у разліку на адзінку паверхні; цесна звязана з кагезіяй. Уплывае на мех. ўласцівасці кампазіцыйных матэрыялаў. Улічваецца пры нанясенні палімерных пакрыццяў, склейванні, спяканні, зварцы, луджэнні і інш., павялічвае трэнне.
2) У біялогіі адгезія клетак — здольнасць іх зліпацца паміж сабой і з рознымі субстратамі біял. і небіял. паходжання. Залежыць ад стану вонкавай паверхні плазматычнай мембраны і складу пазаклетачнага асяроддзя. Для ажыццяўлення адгезіі неабходна прысутнасць іонаў кальцыю і магнію. Паводле сучасных меркаванняў за міжклетачную адгезію адказныя глікапратэіды. Большасці клетак уласціва выбіральная адгезія. З яе парушэннем звязана здольнасць пухлінных клетак да метастазавання. На адгезіі заснавана агрэгацыя клетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЫ́ (Gary) Рамэн [другі псеўд.Ажар
(Ajar) Эміль; сапр.Касеў (Kassew) Раман; 8.5.1914, Вільня — 2.12.1980], французскі пісьменнік расійскага паходжання. У Францыі жыў з 1927. Атрымаў вышэйшую юрыд. адукацыю. З 1945 на дыпламат. службе. Аўтар раманаў «Еўрапейскае выхаванне» (1945),
«Карані неба» (1956, Ганкураўская прэмія 1956), трылогіі «Амерыканская камедыя» (1966—69), цыкла «Браты Акіян» (1965—68), «Паветраныя змеі» (1980), эсэ «Жыцё і смерць Эміля Ажара» (апубл. ў 1981). Пад імем Э.Ажара апублікаваў раманы «Галубок» (1974), «Жыццё наперадзе» (1975, Ганкураўская прэмія 1975, экранізаваны ў 1978), «Трывога цара Саламона» (1979). Насуперак правілам атрымаў Ганкураўскую прэмію двойчы як два розныя пісьменнікі (містыфікацыя раскрылася толькі пасля яго смерці). Перавагу аддаваў экзістэнцыяльнай праблематыцы. Творы Гары адметныя глыбокім псіхалагізмам, спалучэннем трагізму і тонкага гумару, канкрэтна-рэальнага і ўмоўнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРАЭНТЭРАЛО́ГІЯ (ад гастра... + энтэра... + ...логія),
раздзел медыцыны, які вывучае прычыны, механізмы і клінічныя формы захворванняў органаў стрававальнай сістэмы пераважна неінфекц. паходжання, распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі гэтых захворванняў. Найб. актыўна вывучаюцца хранічны гастрыт, язвавая хвароба страўніка і дванаццаціперснай кішкі, гепатыты, цырозы печані, халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба, панкрэатыт, каліты і інш. хваробы органаў стрававання.
Гастраэнтэралогія як навука сфарміравалася ў 1-й пал. 19 ст. з узнікненнем сістэматычных апісанняў хвароб органаў стрававання. Навук. асновы расійскай гастраэнтэралогіі заклалі С.П.Боткін, А.А.Астравумаў, Р.А.Захар’ін, І.П.Паўлаў, А.М.Угалёў, У.Х.Васіленка. На Беларусі развіццю гастраэнтэралогіі спрыялі працы І.І.Ганчарыка, І.Н.Бранаўца, М.Я.Фёдарава, Ю.Х.Марахоўскага і інш. Даследаванні ў галіне гастраэнтэралогіі праводзяцца ў Рэспубліканскім навук. цэнтры (Мінск). Створана рэсп. асацыяцыя гастраэнтэролагаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАІ́НАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га бел.-літоўскага летапіснага зводу 3-й, поўнай рэдакцыі. Збярогся ў гіст. зборніку канца 17 ст.рус.паходжання, які ў пач. 19 ст. належаў П.Еўраінаву. Летапіс пачынаецца з легендарнай гісторыі Літвы ад Палемона да Гедзіміна, падзеі 14 — 1-й пал. 15 ст. выкладзены паводле Беларуска-літоўскага летапісу 1446. У заключнай арыгінальнай частцы змешчаны пагадовыя запісы, прысвечаныя паліт. гісторыі ВКЛ з сярэдзіны 15 ст. да 1548 уключна. Зместам гэта частка блізкая да Пазнанскага спіса «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Характэрная асаблівасць Е.л. — наяўнасць у ім гіст.-літ. матэрыялаў (напр., аповесць пра паходы Альгерда на Маскву і інш.), якія ёсць толькі ў Хроніцы Быхаўца. Рукапіс зберагаецца ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве. Апублікаваны ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 35, 1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРАЦЮ́К ((Kondratiuk) Міхаіл) (н. 6.3.1934, в. Дубіны Беластоцкага ваяв., Польшча),
польскі мовазнавец. Д-рфілал.н. (1984), праф. (1992). Скончыў ф-ты рус. (1958) і бел. (1961) філалогіі Варшаўскага ун-та. З 1960 у Ін-це славяназнаўства Польскай АН (у 1985—92 заг. аддзела бел. мовы). З 1992 заг. кафедры бел. філалогіі Ін-та ўсх.-слав. філалогіі (Варшава). Даследуе фанетыку, лексіку, словаўтварэнне і анамастыку гаворак Беласточчыны («Вакалізм беларуска-ўкраінскіх гаворак Гайнаўскага павета», 1964; «Назвы жыхароў, утвораныя ад назваў вёсак і гарадоў у гаворках усходняй Беласточчыны», 1972; «Анамастычныя даследаванні ў беластоцкім рэгіёне», 1981; «Беларускія і літоўскія элементы ў сістэме польскай тапаніміі і мікратапаніміі апелятыўнага паходжання», 1983, і інш.). Сааўтар «Атласа ўсходнеславянскіх гаворак Беласточчыны» (т. 1—2, 1980—89). Віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі беларусістаў (з 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАК-ДО́ЎЭЛ ((Mac Dowell) Эдуард Александэр) (18.12.1860, Нью-Йорк — 23.1.1908),
амерыканскі кампазітар, піяніст, педагог; адзін з заснавальнікаў амер. кампазітарскай школы. Паводле паходжання шатландзец. У 1876—78 вучыўся ў кансерваторыях па класах фп. і кампазіцыі ў Парыжы і Франкфурцена-Майне. З 1888 вёў пед. і канцэртную дзейнасць у г. Бостан. У 1896—1904 праф. і кіраўнік першай у ЗША кафедры музыкі ў Калумбійскім ун-це (Нью-Йорк). Сярод твораў: 3 сімф. паэмы (1885, 1888, 1889), 2 сюіты (1891, 1895) і інш. для аркестра; канцэрты для фп. з арк. (1885, 1890); 4 санаты (1893, 1895, 1900, 1901), 6 ідылій паводле І.В.Гётэ (1887), «Марскія сцэны» (1898), 12 віртуозных эцюдаў (1894) і інш. для фп.; хары, цыклы песень, у т. л. на ўласныя словы, а таксама на словы Р.Бёрнса, Гётэ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧАГО́ННЫЯ СРО́ДКІ, дыурэтыкі (ад грэч. diureō выдзяляю мачу),
лекавыя сродкі, якія павялічваюць выдзяленне солей і вады з мачой і змяншаюць колькасць вадкасці ў арганізме. Уздзейнічаюць праз структурную і функцыян. адзінку нырак — нефрон. М.с. падзяляюць на салурэтыкі — выводзяць з арганізма іоны натрыю, калію і інш. (фурасемід, этакрынавая к-та, гіпатыязід, эўфілін і інш); калійзберагальныя — затрымліваюць выдзяленне іонаў калію (спіраналактон, трыямтэрэн і інш.); асматычныя сродкі, якія выклікаюць моцны водны дыурэз (маніт, мачавіна). Адрозніваюць М.с. моцнадзейныя (фурасемід, маніт, мачавіна і інш.), сярэдняй сілы (клапамід, індапамід і інш.), слабога дзеяння (спіраналактон, эўфілін і інш.), камбінаваныя (мадурэтык, практазін і інш.), расліннага паходжання (плады ядлоўцу, лісце талакнянкі, брусніц і інш.). Выкарыстоўваюць пры застойных з’явах у кровазвароце, абумоўленых сардэчна-сасудзістай недастатковасцю, нефрытах, гіпертанічнай хваробе, вострых атручэннях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВА-ПАСРЭ́ДНІЦА,
1) мова міжнацыянальных (міжэтнічных) і міждзяржаўных зносін (гл.Міжнародныя мовы).
2) У больш вузкім значэнні — мова, праз якую адбылося запазычанне (гл.Запазычанні ў мове) асобных слоў або канструкцый іншамоўнага паходжання. У сучаснай бел. мове вылучаецца значная колькасць лексічных адзінак, у розны час запазычаных з інш. моў. Запазычанне большасці слоў адбывалася праз пасрэдніцтва ў першую чаргу польск. і рус. моў. Напр., праз рус. мову з замежных моў (асабліва з грэч. і лац.) у лексіку бел. мовы прыйшлі словы «аўдыторыя», «варыянт», «ідэя», «кампанент», «мелодыя», «орган», «параграф», «піраміда», «сейф», «трамвай», «утопія» і інш., праз польск. — лац. «колер», ням. «дах», венг. «палаш», італьян. «палац», франц. «пісталет» і інш. У сваю чаргу бел. мова была пасрэдніцай пры запазычанні ў рус. мову слоў з польск. і ням. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́СКУС (лац. muscus ад санскр. машонка, яйцо),
прадукт жывёльнага ці расліннага паходжання са своеасаблівым, т.зв. мускусным, пахам і здольнасцю паляпшаць і фіксаваць пах парфумерных кампазіцый.
ЖывёльныМ., які атрымліваюць пераважна з мускусных залоз самцоў кабаргі — зярністая цёмна-рудая маса, мае бялкі, тлушчы, халестэрын, розныя солі. Пах абумоўлены прысутнасцю макрацыклічнага кетону мускону. Мускусны пах маюць некаторыя эфірныя алеі, а таксама сінт. пахучыя рэчывы, якія не знойдзены ў прыродзе. Пахучая аснова расліннага М. — макрацыклічныя лактоны (макраліды); найб. важныя амбрэталід, які ёсць у эфірным алеі з насення гібіскусу, і тыбеталід, што уваходзіць у састаў эфірнага алею з каранёў аптэчнага дзягілю. Сярод сінт. М. найб. шырока выкарыстоўваюць т.зв.нітрамускусы — вытворныя бензолу, што маюць адну ці некалькі нітрагруп (напр., М. амбравы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАГА САФІ́ЙСКАГА САБО́РА БІБЛІЯТЭ́КА,
самая стараж.б-ка Беларусі. Існавала з сярэдзіны 11 ст. да 1579. У 12 ст. папаўненню яе фондаў садзейнічала асветніца Ефрасіння Полацкая. У б-цы зберагаліся рукапісныя кнігі пераважна рэліг. зместу, арыгінальныя помнікі стараж.-рус. л-ры, у т. л. творы мясц.паходжання (летапісы, «Жыціе Ефрасінні Полацкай» і інш.). У час Лівонскай вайны (1558—83) разрабавана. 10 рукапісаў на слав. мове з б-кі зберагаюцца ў Нац. б-цы ў Варшаве, у т. л. «Зборнік» 1500—01, спіс Пскоўскага 1-га летапісу 1548, «Евангелле вучыцельнае» сярэдзіны 16 ст. і інш.; адзін — у б-цы Львоўскага ун-та.
Літ.:
Слуховский М.И. Библиотечное дело в России до XVIII в. М., 1968;
Щапов Я.Н. О судьбе библиотеки Полоцкого Софийского собора // Вопр. истории. 1974. № 6.