ПУ́ШКА-ГА́ЎБІЦА,
артылерыйская гармата, якая спалучае ўласцівасці гаўбіцы і пушкі. Прызначана для вядзення насцільнай і навясной стральбы. Мае большую, чым у гаўбіцы, далёкасць стральбы і меншую, чым у пушкі, даўжыню ствала, большыя вуглы ўзвышэння ствала і падзення снарадаў. Уваходзіць у склад вайсковай (палявой) артылерыі.
т. 13, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАСТРАПА́ДКА»,
бел. нар. танец. Муз. памер 2/4, тэмп жвавы. Назва ад растрапаць, трапаць. Выконваецца пад песню. Мае сольны імправіз. характар; кожны танцор імкнецца найлепш паказаць свае здольнасці. Зафіксаваны ў 1930-я г. ў беларусаў Лудзенскага пав. (цяпер Лудзенскі р-н, Латвія).
Л.К.Алексютовіч.
т. 13, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАХО́ДНАЕ ШАСІ́,
спецыяльнай канструкцыі трактар для с.-г. работ у агрэгаце з навясным абсталяваннем. Мае адкрытую адна- ці двухбрусаваю раму, дзе размяшчаецца навясное абсталяванне або транспартная платформа; рухавік і сілавая перадача размешчаны спераду ці ззаду (найб. пашырана). Кіраванне навясным абсталяваннем з дапамогай гідраўлічнай сістэмы.
т. 14, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯШЧЭ́ННАЕ ПІСА́ННЕ,
кнігі, якія змяшчаюць вызначальныя ідэі пэўнай рэлігіі і ўспрымаюцца вернікамі як дадзеныя шляхам божага адкрыцця. Кожная рэлігія мае ўласнае С.п.: напр., у хрысціянстве С.п. лічыцца Біблія (Стары і Новы запаветы), у іудаізме — Стары запавет, у будызме — Трыпітака, у ісламе — Каран, у індуізме — Веды.
т. 14, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́МВАЛ (ад грэч. symbolon знак, апазнавальная прыкмета),
універсальны вобраз, знак, які ўвасабляе пэўную ідэю. Ствараецца чалавекам у працэсе пазнання рэчаіснасці і развіцця культуры. Форма С. не мае непасрэднай сувязі з адлюстраваным ім зместам. У адрозненне ад інш. відаў знакаў С. мае пачуццёва-наглядную форму, а сувязь паміж формай і закладзеным у ёй сэнсам не з’яўляецца адвольнай. У маст. культуры С. з’яўляецца адным з гал. сродкаў выяўлення духоўных і эстэт. каштоўнасцей, аўтарскай мадэлі свету. На пэўных этапах развіцця мастацтва С. прэваліравалі ў маст. мове (напр., сярэдневяковае мастацтва, сімвалізм). У адрозненне ад алегорыі С. не мае рацыянальнай формулы, разлічанай на адназначную трактоўку. Сэнсавая струк» тура С. шматзначная і прадугледжвае актыўнае ўспрыняцце суб’ектам. Праблема С. разглядалася ўжо ў ант. філасофіі (Платон). У сярэдневяковай філасофіі навакольнае асяроддзе тлумачылася як С. сутнасці Бога (Псеўда-Дыянісій Арэапагіт). Эстэт. асэнсаванне С. прапанавана тэарэтыкамі ням. рамантызму, якія проціпастаўлялі С. алегорыі (Ф.Шэлінг, Ф.Крэйцэр) і бачылі ў ім аснову паэт. творчасці (Ф.Шлегель). Рацыяналістычную трактоўку С. прапанаваў Г.Гегель, які разглядаў С. пераважна ў якасці знака. Прыхільнікі псіхааналізу трактуюць С. як форму выяўлення псіхапаталагічнага сімптому асобы (З.Фрэйд) ці ўстойлівых форм калектыўнага бессвядомага — архетыпаў (К.Г.Юнг). Ням. філосаф Э.Касірэр пашырыў змест паняцця С. і разглядаў у якасці сімвалічных усе формы дзейнасці чалавека (мову, рэлігію, мастацтва і навуку).
В.М.Пешкаў.
т. 14, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМКА-ЖАЛЕ́ЗА (ARMCO — скарочаная назва амер. фірмы American Rolling Mill Corporation),
назва тэхнічна чыстага (каля 99,85%) жалеза. Мае высокую пластычнасць, магн. пранікальнасць, павышаную электраправоднасць і ўстойлівасць да карозіі. Выкарыстоўваецца ў электрамашынабудаванні і лабараторнай тэхніцы, а таксама як шыхта пры вытв-сці некаторых легіраваных сталяў і сплаваў.
т. 1, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАХТО́ННЫЯ АДКЛА́ДЫ,
горныя пароды, утвораныя з пераадкладзенага вадой, тэктанічнымі рухамі ці ледавіком зыходнага матэрыялу. Трапляюцца найчасцей у платформавым чахле. На Беларусі пашыраны алахтонныя бурыя вугалі (з прынесеных вадой рэшткаў раслін), пяскі алювіяльныя, ледавіковыя адорвені і інш. Вывучэнне алахтонных адкладаў мае значэнне ў палеагеаграфіі, палеанталогіі, геалогіі нафты.
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНТУРЫ́ЗМ (ад франц. aventure прыгода),
дзейнасць, заснаваная на рызыкоўных падазроных учынках з мэтай дасягнуць лёгкага поспеху, выгады; справа, распачатая без уліку рэальных умоў і магчымасцяў. Як правіла, мае на мэце задавальненне карыслівых інтарэсаў, але ў большасці выпадкаў канчаецца правалам. Найб. страты грамадству прыносяць палітычны, эканам., ваенны авантурызм.
т. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАШО́ВАЯ АДЗІ́НКА,
устаноўлены заканадаўствам дзяржавы грашовы знак, які з’яўляецца элементам нац. грашовай сістэмы і прызначаны для сувымярэння і выяўлення цэн усіх тавараў, паслуг і да т.п. на ўнутр. рынку. У кожнай краіне мае сваю назву і пераважна падзяляецца на 100 частак (напр., 1 рубель = 100 капейкам).
т. 5, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМА́Т (франц. diplomate),
службовая асоба ўстановы органаў знешніх зносін дзяржавы або дыпламатычнага прадстаўніцтва дзяржавы за мяжой. У адпаведнасці са сваім статусам прымае непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні функцый у галіне афіц. кантактаў з замежнымі дзяржавамі, мае дыпламатычны ранг або клас дыпламатычны і, як правіла, карыстаецца дыпламат. імунітэтам.
т. 6, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)