ДАРО́ЖНЫ (сапр. Серада) Сяргей Міхайлавіч

(25.2.1909, г. Слонім Гродзенскай вобл. — 19 7.1943),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1930). Працаваў на гуце ў Барысаве, у рэдакцыях газет і часопісаў. У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў на Д. Усходзе, будаваў Камсамольск-на-Амуры. Гам і загінуў. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1925. Аўтар зб. вершаў «Звон вясны» (1926, з І.​Плаўнікам), «Васільковы россып» (1929), «Пракосы на памяць» (1932) Узнёсла-рамантычна славіў сацыяліст. буд-ва, пісаў пра рэв. барацьбу працоўных Зах. Беларусі, паэтызаваў родную прыроду. Паэзія Д. вылучаецца спавядальнай шчырасцю, свежасцю метафарычнай вобразнай фактуры, мілагучнасцю радка. У некат. вершах адчуваецца ўплыў паэтыкі У.​Дубоўкі. Пераклаў на бел. мову раман Г.​Караваевай «Лесазавод», вершы Э.​Багрыцкага, С.​Кірсана ва, А.​Твардоўскага, І.​Уткіна, І.​Харыка інш., апавяданні У.​Караленкі, А.​Новікава-Прыбоя і інш.

Тв.:

Выбр. вершы. Мн., 1966.

Літ.:

Наднёманскія былі. Мн., 1968. С 39—41;

Шушкевіч С. Ён песню насіў на грудзях... // Шушкевіч С. Выбр. тв. Мн. 1978. Т. 2.

І.​У.​Саламевіч.

С.Дарожны.

т. 6, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЖА́Н Мікола (Мікалай Платонавіч; 9.10.1904, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 23.11.1983),

украінскі паэт, грамадскі дзеяч. Акад. АН Украіны (1951). Засл. дз. маст. Грузіі (1964), засл. дз. нав. Украіны (1966). Нар. паэт Узбекістана (1968). Герой Сац. Працы (1974). У 1943—48 нам. старшыні Савета Міністраў УССР. У 1958—83 гал. рэдактар Укр. Сав. Энцыклапедыі. Аўтар вершаў, паэм, перакладаў, літ.-крытычных і публіцыст. прац. Творы Бажана (зб-кі «Семнаццаты патруль», 1926; «Клятва», 1941; «Сталінградскі сшытак», 1943; «Англійскія ўражанні», 1949; «Італьянскія сустрэчы», 1961; «Чатыры апавяданні пра надзею», 1967; «Знакі», 1978, Ленінская прэмія 1982) вызначаюцца тэматычнай шырынёй, сац. і філас. праблематыкай. Перакладаў на ўкр. мову творы рус., груз., узб., ням., польск. і інш. пісьменнікаў; з бел. — вершы Я.​Купалы, А.​Куляшова, М.​Танка, П.​Панчанкі, А.​Зарыцкага, кн. вершаў П.​Броўкі. На бел. мову творы Бажана перакладалі Броўка, А.​Бялевіч, В.​Вітка, П.​Глебка, Зарыцкі, М.​Калачынскі, Куляшоў, Я.​Семяжон, М.​Танк.

М.Бажан.

т. 2, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСЁЛЫ Касьян (сапр. Аўдзей Вікенцій Іосіфавіч; 1886, паводле інш. звестак 1891, в. Губы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — канец 1916),

бел. пісьменнік. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1905), Віленскі настаўніцкі ін-т (1910). Працаваў у гар. вучылішчах Вільні і Вілейкі. Загінуў у час 1-й сусв. вайны. Друкавацца пачаў, калі быў студэнтам настаўніцкага ін-та. У час. «Крестьянин» змяшчаў вершы, апавяданні, допісы. У 1909 надрук. апавяданне «Пустэльнік у свеце», вытрыманае ў духу рэліг. павучання і сац.-бытавую драму «Не розумам сцяміў, а сэрцам», прасякнутую матывамі грамадскай справядлівасці, спагадай да бедных. П’еса была папулярная і часта ставілася самадз. т-рамі ў Зах. Беларусі.

Тв.:

Не розумам сцяміў, а сэрцам. Вільня, 1927;

Тое ж // Беларуская дакастрычніцкая драматургія. Мн., 1978.

Літ.:

Семяновіч А. Беларуская драматургія (Дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961. С. 115—120;

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 395—397;

Каханоўскі Г.А. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ТЛАЎ Алесь (Аляксандр Мікалаевіч; н. 3.6.1936, в. Туркі Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у друку, на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1980 у час. «Родная прырода». Друкуецца з 1956. Першая кн. апавяданняў «Росы на паплаве» (1974). У аповесцях «Белы месяц сакавік» (1977), «Сляды», «Начное неба ў ліпені» (абедзве 1981), «У вераснёвы вечар» (1987) даследуе духоўны свет чалавека, пытанні маралі і этыкі, праблемы адказнасці асобы перад сабой і грамадствам. Пра вясковых настаўнікаў аповесць «Брод» (1981), апавяданні «Поезд ішоў праз ноч», «Юрачка». Тэму пераемнасці пакаленняў, трагедыю Айч. вайны асэнсоўвае ў аповесці «Час даспелага жыта» (1981), апавяданнях «Вяртанне», «Жоўтае лісце», «Дана» і інш. Сутнасць змен у жыцці, горкія ўрокі мінулага спрабуе спасцігнуць у рамане «Парог» (1993), апавяданнях «Трое на прахадной», «Белыя людзі» і інш. Аўтар нарысаў, фельетонаў, твораў для дзяцей («Стрэл на белым лузе», 1985). Уздымае экалагічныя праблемы.

Тв.:

Белы месяц сакавік. Мн., 1977;

Сляды. Мн., 1981;

Вяртанне. Мн., 1987;

Парог. Мн., 1993.

І.​У.​Саламевіч.

т. 6, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДЗІ́ЦКІ (сапр. Гуцька) Уладзімір Ермалаевіч

(8.11.1911, в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — ?),

бел. паэт. Вучыўся ў Мінскім пед. тэхнікуме, Бел. вышэйшым пед. ін-це. Працаваў у газ. «Савецкая Беларусь», выд-ве АН БССР. У 1933 арыштаваны і прыгавораны да 3 гадоў лагераў. Вярнуўшыся, працаваў у газ. «Віцебскі пралетарый», у школах Віцебска, у вет. тэхнікуме ў Курасоўшчыне (цяпер у межах Мінска). У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з акупантамі, уваходзіў у склад Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), Беларускага культурнага згуртавання, працаваў у гар. управах Мінска і Барысава. У 1944 у Берліне, дзе працягваў працаваць у БЦР, скончыў курсы ням. прапагандыстаў у Добендорфе. У ліст. 1944 выйшаў з БЦР і прымкнуў да ўласаўцаў. У канцы вайны служыў у прапагандысцкім органе «Вінета» (Мін-ва прапаганды Германіі). У 1960-я г. жыў у Германіі, ЗША, Венесуэле. Па справе за 1933 рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1937. Пісаў вершы, паэмы, фельетоны, апавяданні і інш.

Тв.:

У кн.: Туга па Радзіме. Мн., 1992;

Напярэймы жаданням. Нью-Йорк, 1994.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́ГЕРС (Seghers) Ганна [сапр. Радвані

(Radványi) Неці; 19.11.1900, г. Майнц, Германія — 1.6.1983], нямецкая пісьменніца. Чл. Ням. АМ (з 1950). Вучылася ў Кёльнскім і Гайдэльбергскім (1920—24) ун-тах. У 1933—47 у эміграцыі (Францыя, Мексіка). Першыя буйныя творы — аповесць «Паўстанне рыбакоў» (1928) і раман «Спадарожнікі» (1932). Аўтар антыфаш. раманаў «Ацэненая галава» (1933),

«Шлях праз люты» (1935), «Выратаванне» (1937), «Сёмы крыж» (выд. на англ. мове 1942, на ням. мове 1946), «Транзіт» (1943, апубл. 1948). Асн. тэма рамана «Мёртвыя застаюцца маладымі» (1949) — лёс Германіі і ням. народа ад 1-й да 2-й сусв. войнаў; аповесць «Чалавек і яго імя» (1952) і раманы «Рашэнне» (1959), «Давер» (1968) прысвечаны праблемам пасляваен. Германіі. Аўтар зб. апавяд. «Дзіўныя сустрэчы» (1973). Нац. прэміі ГДР 1951, 1959, 1971. Асобныя апавяданні З. на бел. мову пераклалі М.​Навіцкі, С.​Дзяргай, А.​Зарыцкі.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—6. М., 1982—84.

Літ.:

Мотылева Т.Л. Анна Зегерс: Личность и творчество. М., 1984.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НАЎ Усевалад Вячаслававіч (24.2.1895, пас. Лябяжае Паўладарскай вобл., Казахстан — 15.8.1963),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1915, належаў да літ. групы «Серапіёнавы браты». Аповесці «Партызаны» (1921), «Браняпоезд 14-69» (аднайм. п’еса паст. МХАТ, 1927) і «Каляровыя вятры» (абедзве 1922) пра падзеі грамадз. вайны. Аўтар аўтабіягр. рамана «Прыгоды факіра» (1934—35; 2-я рэд. «Мы ідзём у Індыю», 1960), рамана «Пархоменка»(1939, фільм «Аляксандр Пархоменка», 1942), зб. апавяданняў «Хмель: Сібірскія апавяданні 1917—1962 гг.» (1963; бел. пер. А.​Кудраўца, 1975), сац.-філас., гратэскавых раманаў «Ужгінскі крэмль» (выд. 1981), «У» (выд. 1988). На бел. мову перакладзены аповесць «Браняпоезд 14-69» (пер. М.​Стагановіча, 1933), раман «Пархоменка» (пер. В.​Макоўскай, 1941), п’еса «Блакада» (пер. А.​Макаёнка, 1989). П’еса «Браняпоезд 14-69» паст. БДТ-1 (Нац. акад. т-р імя Я.​Купалы) у 1928 і Дзярж. рус. драм. т-рам у 1936, п’еса «Блакада» — т-рам імя Я.​Купалы ў 1967.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1973—78.

С.​Ф.​Кузьміна.

У.В.Іванаў.

т. 7, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКО́Ў Юрый Паўлавіч (8.8.1927, Масква — 29.11.1982),

рускі пісьменнік. Скончыў муз. вучылішча імя Гнесіных (1951), Літ. ін-т імя М.​Горкага (1958). Друкаваўся з 1952. Выдаў зб-кі апавяданняў «Манька» (1958), «На паўстанку» (1959), «Па дарозе» (1961), «Блакітнае і зялёнае» (1963), «Пах хлеба» (1965), «Двое ў снежні» (1966), «Восень у дубовых лясах» (1969), «У сне ты горка плакаў» (1977), «Аленевы рогі» (1980) і інш. К. — паслядоўнік традыцый рус. класічнай прозы. Яго апавяданні вылучаюцца эмацыянальнасцю, стройнасцю, псіхал. насычаным пейзажам, спалучэннем лірыка-рамант. пачатку з жорсткім рэалізмам. Асн. тэмы твораў — вернасць доўгу і свайму прызначэнню, здзіўленне перад загадкай жыцця (кн. нарысаў пра памораў «Паўночны дзённік», 1961, навелы пра жывёл). Выступіў у абарону Салаўкоў. Аўтар кніг для дзяцей. На бел. мову паасобныя творы К. пераклаў А.​Жук.

Тв.:

Избранное. М., 1985;

Две ночи. М., 1986;

Бел. пер. — Арктур — гончы сабака. Мн., 1976.

Літ.:

Кузьмичев И.С. Юрий Казаков: Набросок портрета. Л., 1986.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУ́ЦКІ Андрэй Рыгоравіч (парт. псеўд. Лёкса, Хвастоў, літ. псеўд. Язэп Пралеска; 2.5.1897, г. Маладзечна Мінскай вобл. — 17.5.1934),

дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, літаратар. Скончыў Камуніст. ун-т Беларусі (1931). З 1916 у арміі, з 1919 у Чырв. Арміі. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. На 2-й канферэнцыі КПЗБ (1924) выбраны чл. ЦК. У пач. 1925 актыўна падтрымліваў сэцэсію. У сак. 1928 па даручэнні ЦК КПЗБ разам з С.А.Клінцэвічам удзельнічаў у ліквідацыі ў Вільні М.І.Гурына-Маразоўскага. Тройчы (1920, 1922, 1925) быў арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў турму. У час знаходжання ў БССР працаваў у Гістпарце пры ЦК КП(б)Б, заг. сектара друку ЦК КП(б)Б, в.а. рэдактара газ. «Савецкая Беларусь». У 1933 арыштаваны па справе «Беларускі нацыянальны цэнтр», у 1934 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.

Тв.:

Паноў трэба знішчаць гуртам: Апавяданні з жыцця Заходняй Беларусі. Мн., 1932.

М.​М.​Клімовіч, У.​М.​Міхнюк.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМКО́ВІЧ Міхась (Міхаіл Мікалаевіч; 20.11.1899, в. Сялітранка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 5.11.1954),

бел. пісьменнік, крытык. Экстэрнам здаў экзамен на годнасць нар. настаўніка. Працаваў у школе, быў на парт. і прафс. рабоце. З 1932 старшыня аргкамітэта, у 1934—39 старшыня праўлення СП Беларусі. З 1943 гал. рэдактар Дзярж. выд-ва БССР, у 1947—54 літ. кансультант СП Беларусі. Друкаваўся з 1926. Выступаў у розных літ. жанрах (вершы, апавяданні, публіцыст. і літ.-крытычныя артыкулы і інш.). Распрацоўваў жанр драм. паэмы («Кацярына Жарнасек», 1937, паст. 1938; «Адплата», 1945; трылогія «Георгій Скарына», апубл. 1946, 1947, 1955). Аўтар тэксту Дзярж. гімна БССР (1944), драм. абразка пра юнага Т.​Шаўчэнку «На віленскім шляху» (1939), лібрэта опер «Апошні вечар на хутары» (апубл. 1940), «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1947), «Песня аб шчасці» (1952), балета «Князь-возера» (паст. 1949), даследавання «Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру» (1955) і інш.

Тв.:

Зб. тв. T. 1—2. Мн., 1959;

Лясное возера. Мн., 1946;

Літаратурна-крытычныя артыкулы. Мн., 1962.

С.​С.​Лаўшук.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)