сукупнасць вод зямнога шара; перарывістая водная абалонка Зямлі, якая ўключае хімічна не звязаную вадкую, цвёрдую і газападобную ваду. Ахоплівае воды Сусв.ак., сушы, атмасферы, літасферы і біясферы. Паводле даных 1994 аб’ём вады ў гідрасферы 1386 млн.км³, з іх 1338 млн.км³ (96,5%) у акіянах і морах, 24,1 млн.км³ (1,7%) у ледавіках і снежніках, 23,4 млн.км³ (1,7%) у падземных водах, 0,21 млн.км³ (0,015%) у паверхневых водах сушы (азёры, рэкі, балоты, глебавыя воды), каля 0,013 млн.км³ у атмасферы і каля 0,001 млн.км³ у жывых арганізмах. Гідрасфера — крыніца водных і гідраэнергетычных рэсурсаў планеты. Прэсныя воды гідрасферы — асн. крыніца водазабеспячэння, арашэння і абваднення, складаюць 35 млн.км³ (2,5% яе аб’ёму). Воды гідрасферы знаходзяцца ў пастаянным узаемадзеянні з атмасферай, зямной карой і біясферай; узаемадзеянні і пераход адных відаў вады ў іншыя адбываюцца ў працэсе кругавароту вады. Мяркуецца, што ў гідрасферы зарадзілася жыццё на Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫ ТУНЭ́ЛЬ,
гарызантальны або нахілены падземны вадавод замкнёнага папярочнага сячэння з напорным ці безнапорным рухам вады, які пракладваецца без раскрыцця грунту. Паводле воднагасп. прызначэння адрозніваюць гідратэхнічныя тунэлі энергетычныя (падводзяць ваду да ГЭС або адводзяць яе), ірыгацыйныя, вадаскідныя (для скіду лішкаў вады з вадасховішчаў), будаўнічыя (для часовага пропуску вады пры буд-ве гідравузла), камунальныя (водаправодныя і каналізацыйныя; у Мінску іх каля 40 км), камбінаваныя.
Будуюцца горным спосабам (з плоскімі падэшвай і сценамі, скляпеністым перакрыццем) або праходкай механізаванымі і немеханізаванымі шчытамі (круглай формы, з абдзелкай са зборнага ці маналітнапрасаванага бетону). Для бяспечнага правядзення горнабуд. работ перад пастаяннай абдзелкай робяць мацаванне — метал. арачнае, анкернае, напырск-бетоннае, камбінаванае. Абдзелка бетонная або жалезабетонная, камбінаваная (з вонкавым маналітным бетонным кальцом, унутры — стальная ці таркрэт-абалонка з проціфільтрацыйнай пракладкай або без яе). Пад тунэлем часам робяць дрэнаж, на ўваходзе і выхадзе — агалоўкі (парталы) з смеццезатрымальнымі рашоткамі і затворамі, на выхадзе — вадабойны калодзеж і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРАВЫ́ СПОРТ,
від спорту, спаборніцтвы ў падыманні цяжару (гір). Конкурсы асілкаў маюць глыбокую гісторыю, асабліва ў краінах СНД, дзе найб. папулярны гіравы спорт. Аднак адзіныя правілы спаборніцтваў распрацаваны Міжнар. федэрацыяй гіравога спорту толькі ў 1994. Паводле іх спаборніцтвы праводзяцца ў 7 вагавых катэгорыях — ад 60 да больш як 90 кг. Пераможца вызначаецца па выніках двухбор’я (штуршок і рывок). Першае практыкаванне выконваецца абедзвюма рукамі адначасова, другое папераменна левай і правай з перахопам снарада. На кожнае практыкаванне адводзіцца 20 мін. Маса гіры 32 кг.
Усе вышэйшыя дасягненні ў гіравым спорце на канец 1996 належаць спартсменам Расіі. Бел. федэрацыя гіравога спорту дзейнічае з 1988. Найб. поспехаў з бел. гіравікоў дасягнулі В.Лянглер (чэмпіён Еўропы 1994), В.Калмук — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (4 разы) і Еўропы (1994), а таксама В.Харанека, які неаднаразова ставіў рэкорды з гірамі для Кнігі рэкордаў Гінеса. У 1996 у Мінску праходзіў 4-ы чэмпіянат свету па гіравому спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць размяшчэнне глебаў, іх тыпы, падтыпы, віды, механічны састаў і глебаўтваральныя пароды. Выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытворчасці, гідрамеліярацыі, лесаводстве, буд-ве, пры кадастравых ацэнках зямель, азеляненні населеных пунктаў і інш. Падзяляюцца паводлетэр. прыналежнасці, зместу паказчыкаў (агульна-глебавыя, глебава-меліярац., глебава-эразійныя і інш.) і маштабаў. Прынцыпы картаграфавання закладзены В.В.Дакучаевым. Першая глебавая карта еўрапейскай ч. Расіі складзена ў маштабе 1 : 84 000 000 і выдадзена ў 1851 пад рэдакцыяй К.С.Весялоўскага. Глебавыя карты ствараюцца па матэрыялах наземных, аэракасм. і камбінаваных здымак мясцовасці. Хім. паказчыкі вызначаюцца лабараторнымі аналізамі. На Беларусі першая глебавая карта складзена ў маштабе 1 : 1 000 000 у 1929—30 пад рэд. Я.М.Афанасьева. У 1957—64 праведзена буйнамаштабнае картаграфаванне для калгасаў і дзяржгасаў са складаннем картаграм аграхім. уласцівасцей і інш. паказчыкаў рацыянальнага выкарыстання зямель. У 1965—69 складзены глебавыя карты для 117 адм. раёнаў, у 1970—74 для ўсіх абласцей. Гл. таксама Глебава-геаграфічнае раянаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНАСТЫЦЫ́ЗМ (ад грэч. gnōstikos пазнавальны),
агульная назва рэліг.-філас. вучэнняў, якія спалучаюць тэалогію ранняга хрысціянства, элементы стараж.-ўсх. рэлігій, ідэі філасофіі (неаплатанізм, неапіфагарэізм) і інш. Узнік у 1 ст. ва ўсх.ч. Рымскай імперыі, росквіт прыпадае на 2 ст.Найб. значныя прадстаўнікі — Васілід, Гераклеан, Карпакрат Александрыйскі, Валянцін. Вылучаюць хрысціянскі гнастыцызм (1—3 ст.), вядомы па творах раннехрысціянскіх ерасеографаў і па творах з г. Наг-Хамады; язычніцкі гнастыцызм той жа эпохі; мандэізм (2—3 ст., ад арамейскага манда-гносіс) — самаст. развіццё гнастацызму на семіцка-вавілонскай глебе (захаваўся да нашых дзён у Іраку). Чалавек паводле гнастыцызму — асн. цэнтр сусв. працэсу. Ён, хоць і з’яўляецца стварэннем цёмных сіл свету, па сваёй субстанцыі не належыць яму. Гэта яго боская субстанцыя часта прымае форму самаст. іпастасі «Першачалавека», або «Антропаса». Душа чалавека іншародная целу і па сваёй сутнасці належыць надкасм. сферы (Васілід). Разам з дуалізмам душы і цела ў гнастыцызме існуе і трыхатамічнае раздзяленне чалавека на «духоўнае», «душэўнае» і «цялеснае». З гнастыцызмам звязана ўзнікненне маніхейства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТФРЫД СТРА́СБУРСКІ (Gottfried von Strassburg; ?, г. Страсбур, Францыя — каля 1210),
нямецкі паэт. Прадстаўнік свецкай плыні ў ням. куртуазнай паэзіі. Яго няскончаны вершаваны раман «Трыстан і Ізольда» (дакладней «Трыстан», каля 1207—10) — творчая перапрацоўка аднайм. старафранц. рамана англа-нармандскага трувера Томаса Брытанскага (паміж 1155 і 1170). Блізкі па светаадчуванні да аўтараў гарадской л-ры, Готфрыд Страсбурскі ў многім з’яўляецца папярэднікам гуманістаў Адраджэння, бо апяваў веліч і найвялікшую каштоўнасць зямнога кахання, натуральнае права чалавека на свабоднае выяўленне душы. Яго стыль адметны жывапіснасцю, канкрэтнай пачуццёвасцю і алегарычнасцю, часам блізкі да шванкаў (кароткіх камічных апавяданняў). Раман Готфрыда Страсбурскага завершаны яго паслядоўнікамі — паэтамі Ульрыхам фон Цюргаймам (каля 1235) і Генрыхам фон Фрайбергам (каля 1300); паводле яго створана опера «Трыстан і Ізольда» (1859) Р.Вагнера.
Тв.:
Рус.пер. — Тристан и Изольда: [Урывак] // Хрестоматия по зарубежнай литературе: Лит. средних веков. М., 1953.
Літ.:
Пуришев Б.И. Готфрид Страсбургский // История немецкой литературы. М., 1962. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮ́ЙГЕНСА—ФРЭНЕ́ЛЯ ПРЫ́НЦЫП,
асноўны прынцып хвалевай оптыкі, які дае магчымасць вызначаць амплітуду (інтэнсіўнасць) хвалі ў кожным пункце, калі вядомыя яе амплітуда і фаза на якой-н. адвольнай паверхні. Першапачаткова сфармуляваны К.Гюйгенсам (1690), развіты з улікам інтэрферэнцыі А.Ж.Фрэнелем (1818), строгую матэм. фармулёўку Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу даў Г.Р.Кірхгоф (1882).
Паводле Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу кожны пункт хвалевай паверхні (фронту хвалі), якой у дадзены момант дасягнула светлавая хваля, з’яўляецца цэнтрам другасных (фіктыўных) кагерэнтных хваль, агінальная якіх у кожны наступны момант часу вызначае новую хвалевую паверхню. Інтэнсіўнасць святла ў пункце назірання вызначаецца вынікам інтэрферэнцыі другасных хваль. Пры гэтым амплітуда другасных хваль залежыць ад вугла паміж нармаллю да хвалевай паверхні ў цэнтры другаснай хвалі і напрамкам на пункт назірання. Гюйгенса—Фрэнеля прынцып выкарыстоўваецца пры рашэнні дыфракцыйных задач. Гл. таксама Дыфракцыя святла, Інтэрферэнцыя святла.
А.І.Болсун.
Да арт.Гюйгенса—Фрэнеля прынцып: S — крыніца святла, σ — хвалевая паверхня, M0, M1, M2, M1′, M2′ — цэнтры другасных хваль, φ — вугал паміж нармаллю да хвалевай паверхні і напрамкам на пункт назірання A.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАВЕ́ШЧАННЕ, Благавешчанне,
Звеставанне (дакладная назва — Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы; ад царк.-слав. «Благая весть» — «Добрая вестка»),
рэлігійнае хрысц. свята. Адно з дванадзесятых свят праваслаўя. Адзначаецца за 9 мес перад Калядамі (каталіцкай царквой 25 сак. па грыгарыянскім календары і праваслаўнай — 7 крас. па юліянскім). Прысвечана апісанай у Новым запавеце падзеі, калі архангел Гаўрыіл паведаміў Дзеве Марыі (Багародзіцы), што яна народзіць сына Божага — Ісуса Хрыста ад Духа Святога. Дабравешчанне ўвайшло ў хрысц. каляндар у 4 ст. На бел. землях з’явілася разам з іншымі хрысц. святамі ў 10 ст. Супадае з пачаткам веснавых работ, клопатам сялян пра лёс будучага ўраджаю, які, паводленар. вераванняў, залежаў ад прыхільнасці Багародзіцы. У нар. календары адзначаецца як пачатак вясны, дзень абуджэння зямлі. Да гэтага свята былі прымеркаваны стараж. веснавыя абрады (Гуканне вясны), з ім звязана шмат павер’яў і забарон (нельга было працаваць, па асаблівасцях надвор’я ў гэты дзень рабілі прагнозы на ўраджай і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБШЭ́ВІЧ ((Dobszewicz) Бенядзікт) (12.3.1722, каля г. Навагрудак, Гродзенская вобл. — 1799),
філосаф, тэолаг, прадстаўнік эклектычнай філасофіі Беларусі і Літвы. Скончыў Навагрудскі езуіцкі калегіум, Віленскую езуіцкую акадэмію. Выкладаў у іх і ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1773 дэкан тэалагічнага ф-та Віленскай акадэміі). Прызнаваў філас. і прыродазнаўчанавук. ідэі П.Гасендзі, Р.Дэкарта, І.Кеплера, І.Ньютана, геліяцэнтрычную сістэму М.Каперніка і яго паслядоўнікаў («Погляды новых філосафаў», 1760). Фундаментальнымі палажэннямі логікі лічыў прынцып дастатковай падставы і прынцып сумлення («Лекцыі па логіцы», 1761). Прызнаваў тры віды пазнання: гіст. (пазнанне фактаў, іх успрыняцце), філас. (раскрыццё прычыны і асновы прадмета) і матэм. (пазнанне колькасных адносін). Паводле Дабшэвіча, мэта навукі — дасягненне ісціны для карысці чалавека. Ісціну падзяляў на лагічную, метафіз. і маральную. У філас. поглядах прытрымліваўся картэзіянства пазнейшага часу, спалучаў тэалагічны светапогляд з новафілас. поглядамі, што не магло не прывесці да ўнутр. супярэчнасцей у яго сістэме, якія выразна выявіліся ў кн. «Тэзісы ва універсальную філасофію» (1763).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛО́ВІЧ (Ігнат Мікалаевіч) (10.8.1787, в. Грынявічы Бельскага пав. Падляшскага ваяводства, Польшча — 12.7.1843),
гісторык, правазнавец, адзін з першых даследчыкаў летапісных і заканадаўчых помнікаў Беларусі і Літвы. Праф. (1822). Скончыў Віленскі ун-т (1812), дзе ў 1814—24 выкладаў права. Пасля раскрыцця т-вафіламатаў звольнены з працы. У 1825—29 праф. Харкаўскага ун-та; у 1830—35 працаваў у Пецярбургу ў камісіі М.М.Спяранскага па падрыхтоўцы законаў для зах. губерняў. У 1835—42 выкладаў права ў Кіеўскім і Маскоўскім ун-тах. Займаўся зборам, вывучэннем і публікацыяй пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы. Упершыню апісаў усе рукапісныя і друкаваныя экз. Статутаў ВКЛ, падрыхтаваў першае навук. выданне Статута ВКЛ 1529 (выд. у 1841), апублікаваў бел.-літ. летапіс 1446 паводле Супрасльскага рукапісу. Апісаў, пераказаў змест і часткова апублікаваў каля 2500 розных пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы. Працы Д. сталі пачаткам навук. даследавання бел.-літ. летапісання.
В.А.Чамярыцкі.
І.М.Даніловіч. Партрэт работы Р.Жукоўскага. 1846.