памяншэнне амплітуды ваганняў з цягам часу, абумоўленае стратамі энергіі вагальнай сістэмай. Ператварэнне энергіі вагальнай сістэмы ў цеплавую (унутраную) энергію адбываецца ў выніку прысутнасці трэння ў мех. сістэмах (напр., маятнік) і наяўнасці амічнага супраціўлення ў эл. сістэмах (напр., вагальны контур). З.в. можа адбывацца таксама за кошт страт энергіі, звязаных з выпрамяненнем гукавых і эл.-магн. хваль.
Найбольш вывучана З.в. у лінейных сістэмах, дзе памяншэнне энергіі прапарцыянальнае квадрату скорасці руху (мех. сістэма) або квадрату сілы току (эл. сістэма). У гэтым выпадку З.в. мае экспаненцыяльны характар: амплітуда ваганняў памяншаецца паводле залежнасці
, дзе A0 — першапачатковая амплітуда, γ — каэфіцыент затухання, t — час. З.в. парушае іх перыядычнасць, пры вялікіх каэфіцыентах затухання амплітуда хутка памяншаецца да нуля і ваганні спыняюцца (гл.Аперыядычны працэс). Пры малых затуханнях умоўна карыстаюцца паняццем перыяду як прамежку часу паміж двума паслядоўнымі максімумамі вагальнай фіз. велічыні (сілы эл. току, напружання або размаху ваганняў маятніка і інш.). Гл. таксама Дэкрэмент затухання.
А.І.Болсун.
Затуханне ваганняў. A0 — першапачатковая амплітуда ваганняў; T — перыяд ваганняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАЧЫ́НСТВЫ СУ́ПРАЦЬ АСО́БЫ,
у крымінальным праве злачынствы, якія пасягаюць на жыццё, здароўе, свабоду і годнасць асобы. Ахова асобы, яе правоў і інтарэсаў замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржава абараняе чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да З.с.а. адносяцца: розныя віды наўмыснага забойства, неасцярожнае забойства, давядзенне да самагубства, наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці, неасцярожнае цяжкае або менш цяжкае цялеснае пашкоджанне; ухіленне ад лячэння венерычнай хваробы і заражэнне венерычнай хваробай, хваробай СНІД, незаконны аборт, згвалтаванне і інш. злачынствы ў палавой сферы; злоснае ўхіленне ад платы аліментаў на ўтрыманне дзяцей і ад аказання дапамогі бацькам, злоўжыванне апякунскімі абавязкамі, выкраданне або падмен дзіцяці; незаконнае пазбаўленне волі, захоп заложнікаў, пакіданне ў небяспецы, неаказанне дапамогі хвораму, паклёп, абраза і інш. Закон прадугледжвае розныя віды пакарання ў залежнасці ад ступені грамадскай небяспекі злачынства. За З.с.а., якія адносяцца да асабліва цяжкіх, можа быць назначана пакаранне ў выглядзе максімальнага тэрміну пазбаўлення волі, а ў выключных выпадках — пакаранне смерцю. Адказнасць за З.с.а. настае з 16-гадовага ўзросту, аднак за некаторыя з іх, як забойства, згвалтаванне і інш., — з 14 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДРЫ́ЛЯ (франц. quadrille ад ісп. cuadrilla літар. група з чатырох чалавек),
танец, пашыраны ў многіх еўрап. народаў. Муз. памер як правіла 74. Цотная колькасць пар становіцца па вуглах квадрата або ў 2 рады адзін супраць аднаго. У К. некалькі частак — кален, кожная мае сваю назву (якую звычайна аб’яўляе адзін з танцораў), мелодыю, пэўны парадак рухаў. У канцы 17—19 ст. К. — папулярны салонны танец. На Беларусі пашырана з сярэдзіны 19 ст. Зазнала моцны ўплыў нац. традыцый і стала часткай нар. харэаграфіі. Захаваўшы асн. кампазіцыйныя моманты (размяшчэнне пар па квадраце або радамі, абмен і пераходы партнёраў, пэўная паслядоўнасць фігур), бел. К. па сваім харэаграфічным змесце, колькасці і назвах фігур арыгінальныя і самабытныя. У некат. рэгіёнах ператварыліся ў сюіты з раней вядомых традыц. і новых танцаў.
Існуе шмат мясц. варыянтаў К., у назвах якіх адлюстраваны асаблівасці структуры («Прамая», «Касая», «Крутавая», «З пятага»), колькасць удзельнікаў («Тонкая», «Тоўстая»), мясцовасць бытавання («Лядкаўская», «Ланская», «Турэйская», «Смаргонская», «Воранаўская», «Сянкевіцкая»), сувязь з інш. танцамі («Лянсей», «Урубель»). Паводле нар. К. створана шмат яркіх сцэн. пастановак. Пашырана па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРО́ЛЬ САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
спосаб самарэгуляцыі сац. сістэмы, які забяспечвае ўпарадкаванае ўзаемадзеянне яе кампанентаў (індывідаў, груп, супольнасцей) з дапамогай нарматыўнага рэгулявання адпаведнымі нормамі, правіламі, традыцыямі, звычаямі. Важнейшая яго функцыя — стабілізуючая. Для ажыццяўлення К.с. неабходна аўтарытэтная інтэрпрэтацыя нарматыўных абавязацельстваў спец. створанымі сац. ін-тамі культуры, права, кіравання і інш., якія ў неабходных выпадках павінны прыняць не толькі меры выхавання і заахвочвання, але і прымусу. Гэтыя ін-ты ўжываюць санкцыі: фармальныя, афіц. прадпісаныя грамадствам або арг-цыяй (павышэнне або зніжэнне службовага статусу, узнагарода, пакаранне); нефармальныя (ухваленне, абурэнне і інш.); пазітыўныя (грамадскае прызнанне заслуг, прэміраванне, прысваенне ганаровага звання), негатыўныя (вымова, штраф, асуджэнне, ізаляцыя і інш.). Асн. спосабы К.с.: заахвочванне за ўчынкі, якія адпавядаюць каштоўнасцям і нормам, што існуюць у грамадстве; прадухіленне непажаданых учынкаў; устрымліванне ад дзеянняў, якія парушаюць нормы і правілы паводзін; пакаранне за парушэнне прававых, маральных і інш. нормаў; выпраўленне асоб, якія парушылі сац. нормы, учынілі злачынства і г. д. У сістэме К.с. асаблівая роля належыць сац. ін-там [крымінальнае права, міліцыя (паліцыя), суды, пракуратура і інш.], а таксама грамадскай думцы, культ. традыцыям народа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЧАВА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,
трактары і аднакаўшовыя экскаватары са спец. абсталяваннем і прыстасаваннямі для выдалення пнёў, дрэў, камянёў і хмызняку. Выкарыстоўваюцца пры асваенні новых зямель, расчыстцы трас у меліярац. і дарожным буд-ве.
Выпускаюцца: карчавальнікі з пярэдняй і задняй навескай рабочага органа (рамы з рухомымі і нерухомымі ікламі ці зубамі) або з прычапным карчавальным ротарам; карчавальнікі-збіральнікі з навясным абсталяваннем на гусенічны трактар (рамай з адвалам і ікламі, механізмам падрэзкі каранёў) для карчавання, зграбання і пагрузкі ў трансп. сродкі пнёў, камянёў, хмызняку пры выкананні буд. і культуртэхнічных работ; карчавальныя бароны — навясныя рамы са здымнымі карчавальнымі зубамі для карчавання пнёў, хмызняку і драбналесся; карчавальныя агрэгаты ў складзе карчавальніка, карчавальнай бараны і кустовых грабель або асобнага агрэгата з вібрацыйным рабочым органам для карчавання хмызняку і драбналесся, асобных пнёў і дрэў і зграбання іх у валкі. Гл. таксама Каменяўборачныя машыны, Кустарэз.
І.І.Леановіч.
Карчавальныя машыны: а — карчавальны агрэгат (1 — карчавальнік, 2 — трактар, 3 — гідрацыліндр кіравання карчавальнай бараной 4); б — карчавальнік-збіральнік (1 — карчавальнае прыстасаванне з клыкамі; 2, 3, 5, 6 — гідрацыліндры; 4 — трактар; 7 — механізм падрэзкі каранёў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ГАДЗІ́ННІК, атамны гадзіннік, малекулярны гадзіннік,
прылада для дакладнага вымярэння часу, якая мае кварцавы генератар, што кіруецца квантавым стандартам частаты. Ход К.г. рэгулюе частата выпрамянення атамаў або малекул пры іх квантавых пераходах з аднаго энергет. стану ў другі.
Гэтая частата настолькі стабільная (хібнасць 10−11—10−13), што дазваляе вымяраць час больш дакладна, чым з выкарыстаннем астр. метадаў (недакладнасць ходу каля 1 с за 100 гадоў). К.г. мае спец. электронныя прыстасаванні, якія фарміруюць сетку частот, забяспечваюць вярчэнне стрэлак або змену лічбаў на цыферблаце, выдачу сігналаў дакладнага часу. Выкарыстоўваюцца ў радыёнавігацыі для вымярэння адлегласцей ад лятальнага апарата да наземнай станцыі (параўнаннем фазы сігналу, прынятага з Зямлі, з фазай апорнага сігналу бартавога абсталявання), у службах дакладнага часу, неабходнага для геал., геафіз. і інш. работ, а таксама ў якасці эталона частаты пры фіз. даследаваннях. На аснове К.г. ў 1960-я г. створана сістэма адліку часу, незалежная ад астр. назіранняў (наз. атамным часам). Гл. таксама Секунда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́РКІэлементаў,
лічбавыя ацэнкі сярэдняй колькасці хім. элементаў у зямной кары, гідрасферы, атмасферы Зямлі ў цэлым, касм. целах абоінш.геахім. (космахім.) сістэмах. Выражаюцца ў масавых, атамных, аб’ёмных працэнтах, праміле (‰), мільённых частках (г/т), у працэнтах адносна аднаго элемента, найб. пашыранага (напр., крэмнію). Маюць значэнне для аховы прыроды, у стратыграфіі, пры пошуках і прамысл. ацэнцы радовішчаў карысных выкапняў, палеагеагр. рэканструкцыях, трасіраванні разломаў, вывучэнні геахіміі ландшафтаў і інш. У горных пародах рэгіёнаў абогеахім. правінцыі К. наз. мясцовымі. К. зямной кары ў працэнтах ад масы вызначаны сав. геолагам П.М.Чырвінскім і амер. геахімікам Ф.У.Кларкам (у гонар якога ў 1923 сав. вучоны А.Я.Ферсман прапанаваў тэрмін «К.»). Атамныя К. ўвёў Чырвінскі. К. біясферы вызначаны У.І.Вярнадскім. Вял. ўклад у вывучэнне К. зрабілі вучоныя нарв. Ю.Г.Л.Фогт і В.М.Гольдшміт, амер. Г.С.Вашынгтон і сав. Вярнадскі, Ферсман, А.П.Вінаградаў і інш. На Беларусі К займаліся Ін-т геахіміі і геафізікі АН Беларусі і ВА «Беларусьгеалогія». Праведзена геахім. раянаванне тэр. рэспублікі, вылучаны вобласці, перспектыўныя на каляровыя і рэдкія металы, россыпы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМ,
літаратурнамастацкі кірунак 19—20 ст., у якім праўдзівае гістарычна канкрэтнае адлюстраванне рэчаіснасці спалучаецца з крытыкай сац.-паліт. сістэмы або яе асобных праяў як антыгуманных, неспрыяльных для гарманічнага развіцця асобы і грамадства. Ад папярэдніх гіст. форм рэалізму (рэнесансавага, асветніцкага) адрозніваецца канкрэтнасцю маст. аналізу грамадскага быцця, раскрыццём яго сац. супярэчнасцей і канфліктаў. Мастацтва К.р. не абмяжоўваецца выяўленнем прыгожага і ўзнёслага, раскрывае сутыкненне носьбітаў ідэалаў дабра, справядлівасці і красы з агідным і нізкім, глыбока даследуе трагічнае і камічнае ў жыцці. Элементы К.р. характэрныя для ўсіх этапаў развіцця маст. культуры ад антычнасці да нашага часу, аднак ён сфарміраваўся як тэарэтычна абгрунтаваны асобны метад, кірунак і тып творчасці ў 19 ст. Называўся «натуральнай школай» або крытычным кірункам у л-ры і мастацтве. Тэрмін «К.р.» сфармуляваў М.Горкі (1934). Ступень выяўлення крытыка-рэаліст. плыні залежыць ад спецыфікі і структуры вобразнай сістэмы пэўнага віду і жанру мастацтва: найб. у л-ры (проза, публіцыстыка, літ. крытыка), выяўл. мастацтве (сюжэтна-тэматычная карціна, графіка); найменш у лірыцы, музыцы, балеце. Гл. таксама ў арт.Рэалізм (у л-ры і мастацтве).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭДЫ́ТНЫЯ СА́НКЦЫІ,
меры ўздзеяння, накіраваныя на частковае або поўнае спыненне (забарону) крэдытных узаемаадносін. Існуюць розныя віды К.с.: перавод на асаблівы рэжым крэдытавання, датэрміновае спагнанне выдадзеных пазык, спагнанне ў бясспрэчным парадку пратэрмінаваных плацяжоў, часовае спыненне крэдытавання. Ужываюцца часцей да дзяржавы (яго юрыд.абофіз. асоб) пры парушэнні ёй сваіх абавязацельстваў і норм міжнар. права, а часам і з мэтай парушэння яе эканам. развіцця і прымусу да выканання якіх-н. патрабаванняў, у т. л. і палітычных. Напр., Міжнар. валютны фонд уплывае на эканам. курс той ці інш. дзяржавы на аснове прадастаўлення крэдытаў (больш выгадных, чым камерцыйныя) у абмен на строга пэўны курс у правядзенні эканам. рэформаўтварэння. Паміж урадам і фондам падпісваецца дакумент («Пісьмо аб намерах»), у якім выразна выкладзены ўсе будучыя эканам. меры. Пад іх даюцца крэдыты, крэдытаванне вядзецца па частках і спыняецца, калі ўрад адхіліцца ад прынятага курсу рэформ. Такі падыход нельга лічыць дыскрымінацыйным, калі ён не ўшчамляе нац. інтарэсы краіны-пазычальніка і не мае на мэце паліт. інтарэсаў. Гл. таксама Крэдытная блакада, Крэдытная дыскрымінацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
штучныя лясныя насаджэнні. Ствараюцца пасевам, пасадкай дрэў і кустоў на плошчы, раней укрытай лесам, або пад полагам лесу (аднаўленне лесу), а таксама дзе лес адсутнічаў (лесаразвядзенне). Адрозніваюць Л.к. суцэльныя (на ўчастках, дзе лес прыродна не аднаўляецца або адсутнічае), частковыя і падполагавыя (дзе лес аднаўляецца нездавальняюча), папярэднія (пад полагам лесу, прызначанага для высечкі). Суцэльныя Л.к. бываюць чыстыя (з 1 пароды дрэў) і мяшаныя. У якасці гал. парод у зоне мяшаных лясоў культывуюць хвою, елку, дуб, таполю, лістоўніцу і інш., спадарожных — бярозу, ясень, граб, ліпу і інш. Л.к. пашыраюць плошчу высокапрадукц. насаджэнняў, ахоўваюць глебу ад эрозіі, паляпшаюць мікракліматычныя, сан.-гігіенічныя, гасп., рэкрэацыйныя і інш. якасці асяроддзя. Адзін з відаў Л.к. — ахоўныя лясныя насаджэнні: водаахоўныя лясы, зялёныя зоны, лясныя палосы. На Беларусі з 1950-х г. Л.к. створаны на пл. каля 1,6 млн.га, з іх хваёвых — 74% плошчы, яловых — каля 15%, дубовых — каля 8%.
Літ.:
Редько Г.И. Родин А.Р., Трещевский И.В. Лесные культуры. М., 1980;
Сироткин Ю.Д., Праходский А.Н. Лесные культуры. Мн., 1988.