бел.нар. гульня. Удзельнікі (ад 6 да 15 чал.) выбіраюць «пастуха» і «ваўка». Апошні хаваецца, а «пастух» збірае гульцоў — «авечак» і заганяе іх у «статак», пасля садзіцца і робіць выгляд, што спіць. «Воўк» хавае «авечак», а сам застаецца. «Пастух», «прачнуўшыся», ідзе шукаць «авечак». Калі ён набліжаецца да месца, дзе яны схаваны, «авечкі» пачынаюць ці сіпець, ці стукаць, ці пішчаць, на што «воўк» павінен хутка адказаць, хто гэта робіць Калі ён з адказам затрымліваецца, то «авечкі» пачынаюць «бляяць». «Воўк» уцякае, а «авечкі» павінны злавіць яго і прывесці да «пастуха».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕ́Й,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі герой, сын Зеўса і Данаі. Паводле міфа, дзед П. цар Аргаса (на п-ве Пелапанес) Акрысій, якому прадказалі смерць ад рукі ўнука, загадаў зачыніць яго разам з маткай у скрыні і кінуць у мора. Выратаваныя рыбакамі, яны жылі на в-ве Серыфас, адкуль мясц. цар Палідэкт паслаў П. ў паход па галаву гаргоны Медузы. Здабыўшы яе пасля шматлікіх прыгод, П. на зваротным шляху выратаваў ад марской пачвары Андрамеду, якая стала яго жонкай. Паводле позніх міфаў, П. і Андрамеда былі ўзнесены на неба і ператварыліся ў сузор’і. П. прыпісвалі заснаванне г.Мікены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЕ КО́ЛА (Koło Polskie, у сэнсе «польскае асяроддзе, гурт»),
назва польскіх парламенцкіх фракцый у аўстр. рэйхсраце (1867—1918), герм. рэйхстагу (1871—1918) і рас.Дзярж. думе (1906—17). У П.к. Германіі і Расіі гал. ролю адыгрывалі нац.-дэмакраты (эндэкі), якія абапіраліся на сярэднія пласты грамадства, у Аўстрыі да выбараў 1907 — шляхецкія кансерватары, з 1907 — кансерватары і эндэкі. Члены П.к. стаялі на нац.-рэфармісцкіх пазіцыях. У Аўстрыі і Германіі яны выступалі супраць германізацыі польскіх зямель, у Расіі — супраць русіфікацыі і за аўтаномію Каралеўства Польскага (у Аўстрыі з 1867 існавала аўтаномія польскіх зямель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭСТЫ́Ж САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
параўнальная ацэнка грамадствам і яе членамі сац. значнасці розных аб’ектаў, з’яў, іх становішча ў грамадстве, уласцівасцей і характарыстык; адзін з гал. рэгулятараў сац. паводзін, пераваг, рашэнняў, якія прымаюцца. У аснове П.с. ляжыць пэўная сістэма каштоўнасцей, П.с. выяўляецца ў ацэнках, з дапамогай якіх людзі ранжыруюць аб’екты, а таксама ў дзеяннях, дзе яны паказваюць свае перавагі. Існуе складаная сістэма прэстыжных ацэнак фактараў і бакоў жыццядзейнасці грамадства. Як рэгулятар паводзін П.с. ўплывае на важныя сац. працэсы, напр., прафес. занятак, сац. перамяшчэнні, структуру спажывання і ўлічваецца ў галінах сац. кіравання, пры распрацоўцы сац. палітыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУРЫ́ЗМу мастацтве,
плынь у франц. жывапісе 1910—20-х г. Заснавальнікі і гал. прадстаўнікі — А.Азанфан і Ле Карбюзье. У сваім маніфесце «Пасля кубізму» (1918) яны адвяргалі дэкаратывісцкія тэндэнцыі кубізму 1910-х г. і прынятую ім адвольную дэфармацыю натуры, дэкларавалі стварэнне мастацтва дэкаратыўнага паводле сваёй мэты і крайне строгага па форме, ачышчанага ад дэталей і ўскладненняў. У творах, якія вызначаліся падкрэсленай плоскаснасцю, плаўнай рытмікай паўпразрыстых сілуэтаў і контурных абрысаў наўмысна аднатыпных прадметаў, пурысты імкнуліся да рацыяналістычна дакладнай перадачы ўстойлівых прадметных форм, выяўлення першасных элементаў, на ўспрыняцце якіх затрачваўся б мінімум энергіі. У эстэтыцы П. склаліся прынцыпы функцыяналізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА ЗА АТЛА́НТЫКУ 1939—45,
барацьба Вялікабрытаніі і ЗША супраць фаш. Германіі і Італіі за камунікацыі ў Атлантычным акіяне, Міжземным, Нарвежскім, Паўночным і інш. морах у час 2-й сусв. вайны. Германія разлічвала, што дзеянні яе падводных лодак, надводных караблёў і самалётаў перарвуць жыццёва важныя для Вялікабрытаніі камунікацыі ў Атлантыцы і прымусяць яе выйсці з вайны. Вялікабрытанія і ЗША імкнуліся абараніць свае водныя камунікацыі і дасягнуць перавагі на атлантычным тэатры ваен. дзеянняў. У вер. 1939 — чэрв. 1941 у баях удзельнічалі з абодвух бакоў нязначныя сілы. Аднак атакі нават малой колькасці ням. падлодак былі эфектыўныя, бо процілодачныя сістэмы саюзнікаў аказаліся недастаткова падрыхтаваныя. У ліп. 1941 — сак. 1943 асн. сілы ням. авіяцыі і надводных караблёў дзейнічалі супраць СССР. Цяжкія страты вермахта на сав.-герм. фронце паспрыялі саюзнікам, яны значна ўмацавалі свае сілы (у сак. 1943 мелі каля 3000 караблёў і 2700 самалётаў супраць 100—130 ням. падлодак) і нанеслі праціўніку значныя страты. Гэтыя абставіны, а таксама выхад з вайны Італіі ў вер. 1943, высадка саюзнікаў у Паўн. Францыі ў чэрв. 1944, колькасны і якасны рост сіл і сродкаў іх процілодачнай абароны рэзка зменшылі эфектыўнасць дзеянняў ням. падлодак у 1943—45. Агульныя страты саюзных і нейтральных дзяржаў у бітве за Атлантыку склалі 4245 транспартаў. Германія і Італія страцілі 705 караблёў і 81 падлодку. Яны не здолелі парушыць камунікацыі Вялікабрытаніі і ЗША у Атлантыцы і нанеслі адчувальныя страты іх ваен.-эканам. патэнцыялу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУДЖАХІ́ДЫ, муджахіддзіны,
маджахеды (араб. тыя, хто вядзе джыхад). У новы і найноўшы час назва членаў шэрагу рухаў і арг-цый у мусульм. краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. Найб. вядомыя іранскія і афганскія М. Іранскія М. — удзельнікі канстытуцыйнага руху ў час Іранскай рэвалюцыі 1905—11, у найноўшы час — чл. Арг-цыі свяшчэнных воінаў ісламу (муджахіддзінаў). Іх ідэалогія ўяўляла сабой сумесь ідэй шыізму і марксізму; барацьбу супраць класавага прыгнёту яны разглядалі як джыхад. З 1971 вялі партыз. барацьбу супраць рэжыму шаха Мухамеда Рэза Пехлеві, пасля перамогі Іранскай рэвалюцыі 1978—79 былі адной з гал.паліт. сіл Ірана. Насуперак Р.Хамейніяны адхілялі прэтэнзіі шыіцкага духавенства на ўладу, выступалі за паліт. плюралізм. У 1981—85 падвергліся рэпрэсіям, у выніку б.ч. іх арг-цый у Іране спыніла існаванне. Афганскія М. — агульная назва чл. арг-цый, якія з 1978 вялі барацьбу супраць улады Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА), з 1979 і сав. войск. У 1985 арг-цыі, якія аб’ядноўвалі пераважна мусульман-сунітаў, стварылі «сяміпартыйны саюз». Найб. значныя з іх Ісламская партыя Афганістана на чале з Г.Хекмаціярам і Ісламская супольнасць Афганістана на чале з Б.Рабані. Прадстаўнікі мусульман-шыітаў аб’ядналіся ў «васьміпартыйны саюз», на базе якога ў 1990 створана Партыя ісламскага адзінства Афганістана на чале з А.Мазары. Пасля падзення ў крас. 1992 рэжыму НДПА пачалася барацьба за ўладу паміж рознымі групоўкамі М., у якой найб. поспехаў дасягнуў рух «Талібан», які ў 1994—99 усталяваў кантроль над б.ч.тэр. Афганістана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРФІЛАСО́ФІЯ (ад лац. natura прырода + філасофія),
філасофія прыроды, абстрактнае тлумачэнне прыроды, якая разглядаецца ў яе цэласнасці. Узнікла ў антычнасці, ёй быў уласцівы наіўны непадмацаваны навук. даследаваннямі погляд на прыроду. Ранняя стараж.-грэч. Н. (мілецкая школа і інш.) была фактычна першай гіст. формай філасофіі ўвогуле. Геракліт, Эмпедокл, Анаксагор, Эпікур, Арыстоцель і інш. зрабілі спробу асэнсавання існага, субстанцыі, пытанняў касмалогіі і касмагоніі. Яны выказалі погляд на прыроду, як на тое, што бясконца развіваецца, ідэю аб арган. мэтазгоднасці, меркаванне аб атамах (гл.Атамістыка), ідэю прыродазнаўча-гіст. развіцця жывога з нежывога, распрацавалі вучэнне аб процілегласці, супярэчнасці і інш. У эпоху сярэднявечча ант. Н. была выцеснена крэацыянісцкімі ўяўленнямі хрысц., мусульм. і іудзейскай тэалогіі. У эпоху Адраджэння Н. пераадолела характэрныя для антычнасці антрапамарфізм і міфалагізм, стала больш грунтоўна апірацца на прыродазнаўча навук. веды (Дж.Бруна, Б.Тэлезіо, Т.Кампанела), але адчувала на сабе ўплыў сярэднявечча (гілазаізм, магія, кабала). У 17—18 ст., у эпоху прагрэсу механістычнага прыродазнаўства, калі перавагу мелі аналіт. метады і метафіз. спосаб разгляду прыроды, Н. страціла былое значэнне. Адраджаецца Н. ў 1-й пал. 19 ст., яе развіццё звязана з дзейнасцю І.Канта. Ф.Шэлінга і інш. прадстаўнікоў класічнай ням. філасофіі. У канцы 10 — пач. 20 ст. В.Оствальд, Г.Дрыш, Т.Ліпс і інш. імкнуліся з дапамогай Н. пераадолець крызіс найноўшага прыродазнаўства. Ідэі Н. характэрны і для 20 ст., яны праявіліся ў філасофіі рас. касмізму (А.Л.Чыжэўскі, У.І.Вярнадскі), тэорыі касмагенезу (П.Тэяр дэ Шардэн) і інш.філас. плынях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКАНТЫЯ́НСТВА,
ідэалістычны філас. кірунак, які ўзнік у 2-й пал. 19 ст. ў Германіі. Сфарміраваўся ва ўмовах крызісу метадалаг. асноў прыродазнаўства і гіст. навукі, уяўляў сабой спробу яго пераадолення з дапамогай тэарэт. спадчыны І.Канта. Адным з першых філосафаў, які заявіў пра неабходнасць «вярнуцца да Канта» і «ачысціць» вучэнне Канта ад наслаенняў яго паслядоўнікаў, быў О.Лібман. Н. пашырылася ў Германіі, Аўстрыі, Францыі, Расіі і інш.Найб. вядомымі былі марбургская (Г.Коген, П.Натарп, Э.Касірэр і інш.) і бадэнская (В.Віндэльбанд, Г.Рыкерт і інш.) школы. Нягледзячы на часам прынцыповыя адрозненні ў тлумачэнні кантавай спадчыны, усе неакантыянцы зыходзіліся ў адным — крытычных адносінах да кантавай «рэчы ў сабе». У адрозненне ад самога Канта, які прызнаваў «рэч у сабе» як незалежную ад суб’екта, як рэальна існуючую, яны трактавалі яе, як чалавечы вопыт. Калі Кант спрабаваў строга акрэсліць межы пазнавальнай здольнасці суб’екта і ўрэшце перайшоў на пазіцыі агнастыцызму і суб’ектыўнага ідэалізму, то неакантыянцы ў большай ступені апелявалі да пастулатаў аб’ектыўнага ідэалізму (бога, логаса і г. д.). Яны адрывалі пазнанне ад прадмета пазнання. Прадмет, па іх меркаванні, не дадзены, а зададзены суб’екту. Такім чынам, пазнанне ёсць лагічная пабудова і яна здзяйсняецца па законах мыслення. Н. паўплывала на неагегельянства, экзістэнцыялізм і інш. кірункі.
Літ.:
Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997;
Хайдеггер М. Кант и проблема метафизики: Пер. с нем. М., 1997;
Гайденко П.П. Прорыв к трансцемдентмому: Новая онтология XX в. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРО́Н (ад грэч. neuron нерв, жыла),
нервовая клетка, нейрацыт, асноўная структурная і функцыян. адзінка нерв. сістэмы, якая валодае спецыфічнымі праяўленнямі ўзбуджальнасці. Здольны ўспрымаць сігналы, перапрацоўваць іх у нерв. імпульсы і праводзіць да нерв. канцоў, што маюць кантакт з інш. Н. або эфекторнымі органамі (мышцы, залозы). Утвараюцца ў эмбрыягенезе з нейрабласта на стадыі нерв. трубкі. Гал. структурная асаблівасць — наяўнасць адросткаў (аксонаў і дэндрытаў), якія адыходзяць ад цела клеткі. Успрымальная ч. Н. — разгалінаваныя дэндрыты. Сумацыя мясц. працэсаў узбуджэння і тармажэння выклікае нерв. імпульсы. Яны распаўсюджваюцца ад цела клеткі па аксоне да нерв. канцоў, што выслабаняюць медыятар, які прыводзіць да актывацыі мембран нерв. клетак, што ўспрымаюць імпульсы. Адрозніваюцца Н. формаю цела (пірамідныя, многавугольныя, круглыя, авальныя), памерам (5—150 мкм) і колькасцю адросткаў. Паводле функцый бываюць Н. чуллівыя (сенсорныя), якія ўспрымаюць сігналы з вонкавага ці ўнутр. асяроддзя, асацыятыўныя — звязваюць Н. паміж сабой і рухальныя, што перадаюць нерв. імпульсы ад Н. да выканаўчых органаў. Паслядоўнае сінаптычнае аб’яднанне чуллівых, асацыятыўных і рухальных Н. утварае рэфлекторную дугу. Паводле характару ўздзеяння Н. на клеткі, з якімі яны маюць кантакт пры дапамозе сінапсаў, адрозніваюць узбуджальныя і тармазныя Н., паводле тыпу выдзеленага медыятара — норадрэнэргічныя, пептыдэргічныя, халінэргічныя і інш. Нейрасакраторныя Н. выпрацоўваюць і выдзяляюць нейрагармоны. Для Н. характэрны высокі ўзровень абмену рэчываў, асабліва сінтэзу бялкоў і РНК. У філагенезе колькасць Н. павялічваецца і дасягае ў чалавека некалькіх мільярдаў. У большасці жывёл дыферэнцыраваныя Н. не дзеляцца.