адна з найбольш распаўсюджаных шкодных прывычак чалавека — удыханне дыму тлеючага тытуню; від бытавой наркаманіі. Тытунь завезены Х.Калумбам у Іспанію і Партугалію з Амерыкі ў канцы 15 ст.; выкарыстоўваўся як дэкар. расліна, пазней — для К. У 16 ст. распаўсюдзіўся ў Францыі (падараваны каралеве як лек.сродак паслом у Партугаліі Ж.Ніко — адсюль «нікацін»); у Расію завезены ў пач. 17 ст. К. праследавалася ўладамі ў Англіі, Італіі, Расіі і інш. краінах. Пётр I дазволіў продаж тытуню і наклаў пошліну на карысць дзяржавы. Да сярэдзіны 19 ст. К. стала бытавой заганай.
Цвёрдая ч. тытунёвага дыму складаецца з дзёгцю і інш. пухлінагенных рэчываў, газавая мае ў сабе аксіды вугляроду, нікацін, альдэгіды, эфіры, фенолы, сінільную к-ту і інш. Вуглевадароды ў тытунёвым дыме могуць правакаваць развіццё ракавых пухлін, радыеактыўны палоній-210 садзейнічае з’яўленню хранічных бранхітаў, злаякасных пухлін лёгкіх, мачавога пузыра, страўніка, нырак і інш. Таксічнасць тытунёвых вырабаў вызначаецца колькасцю нікаціну (0,7—2,5%). Паступовае атручэнне арганізма пры К. вядзе да заўчаснага развіцця захворванняў, скарачае працягласць жыцця у сярэднім на 5—7 гадоў, зніжае фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека; тытунёвы дым шкодны для навакольных; найб. небяспечнае К. для дзяцей і падлеткаў, пры цяжарнасці. Лячэнне: псіхатэрапія і псіхапрафілактыка, медыкаментознае.
англійскі мастак, пісьменнік, тэарэтык мастацтва, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1853—56). З 1856 працаваў у арх. майстэрні Дж.Э.Стрыта ў Лондане. У 1857—62 займаўся жывапісам. З 1860-х г. пад уплывам ідэй прэрафаэлітаў, Т.Карлейля і Дж.Рэскіна выступаў з рамант. крытыкай бурж. ладу, машыннай вытв-сці проціпастаўляў нар. рамёствы, традыцыі ручной працы і індывідуальную маст. творчасць, у якіх бачыў сродакэстэт. выхавання і пераўвасаблення грамадства. У 1861—62 заснаваў (з П.Маршалам і Ч.Фолкнерам) маст.прамысл. кампанію (саматужныя майстэрні дэкар. размалёўкі, мэблі, тканін, метал. вырабаў, вітражоў, шпалер, вышывак і інш.), у 1890—91 — Келмскоцкае выд-ва. Вырабы яго майстэрняў, афармленне інтэр’ераў і кніг вызначаліся рысамі дэкар. стылізацый у духу сярэдневяковага мастацтва. Творчасць М. папярэднічала ўзнікненню стылю мадэрн і заклала асновы мастацкага канструявання. Імкненне да сярэдневяковых матываў і рамант. стылізацыі вобразаў уласціва і для яго літ. творчасці: паэмы «Абарона Гінеўры» (1858), «Зямны рай» (ч. 1—3, 1868—70), аповесці «Сон пра Джона Бола» (1888). Аўтар. сац.-утапічнага рамана «Звесткі ніадкуль, або Эпоха шчасця» (1891).
Тв.:
Рус.пер. — Искусство и жизнь. М., 1973.
Літ.:
Мортон А.Л. Английская утопия: Пер. с англ.М., 1956;
Гольдзамт Э. Уильям Моррис и социальные истоки современной архитектуры: Пер. с пол. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРО́Н (франц. patron, ням. Patrone),
1) у металаапрацоўцы — прыстасаванне для замацавання загатовак або інструментаў на металарэзных станках. Бываюць мех., эл.-магн., гідраўлічныя, пнеўматычныя, гідрапластавыя; 2-, 3-, 4-кулачковыя, цангавыя.
2) У электра- і святлатэхніцы — прыстасаванне для мацавання крыніцы выпрамянення (напр., лямпы напальвання) і забеспячэння яе эл. сілкаваннем.
3) У ваеннай справе — від боепрыпасаў стралковай зброі і малакаліберных (да 75 мм) пушак (гармат), у якіх куля (снарад), парахавы зарад і сродак запальвання (капсуль, капсульная ўтулка) аб’яднаны з дапамогай гільзы. Па прызначэнні падзяляюцца на баявыя і дапаможныя (напр., халастыя, для выпрабавання зброі). У залежнасці ад віду зброі бываюць пісталетныя, рэвальверныя, вінтовачныя, артыл., для паляўнічых ружжаў і інш. Распрацаваны т.зв. бязгільзавы П.
Патроны электрычныя: а — разьбовы (1 і 2 — часткі, якія скручваюцца; 3 — спружынны ўкладыш з кантактамі; 4 — цокаль лямпы з цэнтральным кантактам); б — баянетныя з адным і двума рухомымі кантактамі.Шротавы патрон 12-га калібру: 1 — пластыкавы корпус гільзы; 2 — стальны шрот; 3 — кантэйнер; 4 — парахавы зарад; 5 — капсуль; 6 — пластыкавы пыж; 7 — латунная аснова гільзы.Да арт.Патрон: а — 9-мм ПМ (ПММ) для пісталета Макарава; б — 5,45-мм для аўтаматычнай зброі Калашнікава; в — 7,62-мм для штатнага боепрыпаса НАТО (1 — куля; 2 — гільза; 3 — парахавы зарад; 4 — капсуль-запальнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНАЯ СТА́НЦЫЯ, радыёлакатар, радар,
радыёэлектронная сістэма, што забяспечвае знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў (цэлей) і інш. характарыстык з дапамогай адбітых ад іх (выпрамяняемых імі) радыёхваль; сродакрадыёлакацыі. Асн. паказчыкі Р.с.: далёкасць дзеяння, дакладнасць вызначэння і вымярэння каардынат цэлей і параметраў іх руху; распазнавальная здольнасць па далёкасці, скорасці і інш. велічынях; перашкодаўстойлівасць; скрытнасць работы і інш.
Першыя Р.с. для выяўлення самалётаў з’явіліся ў Вялікабрытаніі (1936). У СССРвытв-сць Р.с. пачалася ў 1939. У склад Р.с. ўваходзяць: радыёперадатчык; антэна-фідэрная сістэма (гл.Антэна, Фідэр), радыёпрыёмнік; індыкатар, на экране якога фіксуюцца даныя аб аб’екце; кіравальнае прыстасаванне, што ўзгадняе ўзаемадзеянне асн. вузлоў. Атрыманыя даныя апрацоўваюцца на ЭВМ. Далёкасць дзеяння вызначаецца ўмовамі распаўсюджвання радыёхваль, магутнасцю радыёперадатчыка і адчувальнасцю радыёпрыёмніка. Адрозніваюць Р.с. наземныя (перасоўныя і стацыянарныя), карабельныя і бартавыя (на самалётах, ракетах і інш.). Выкарыстоўваюцца для кіравання рухам і пасадкай лятальных апаратаў, вызначэння каардынат аб’ектаў, курсу і скорасці перамяшчэння караблёў, самалётаў і інш., таксама для патрэб астраноміі, геадэзіі, метэаралогіі і інш.
Літ.:
Аверьянов В.Я. Разнесенные радиолокационные станции и системы. Мн., 1978;
Ширман Я.Д., Манжос В.Н. Теория и техника обработки радиолокационной информации на фоне помех. М., 1981.
В.І.Вараб’ёў.
Радыёлакацыйная станцыя: а — знешні выгляд; б — структурная схема: 1 — рэфлектар; 2 — выпрамяняльнік; 3 — механізм варочання і нахілу; 4 — паказальнік азімута; 5 — паказальнік вугла месца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЧКІ́ НА БАТУ́ЦЕ,
высокія падскокі на спарт. батуце з пераваротамі і вярчэннем; від спорту з элементамі акрабатыкі. Батут — плеценая сетка даўж. 3,6—4,3 м; шыр. 1,8—2,15 м, замацаваная на раме, выш. 0,95—1,05 м. Віды спаборніцтваў: індывід., па сінхронных скачках (2 спартсмены) і камандныя Кожны від складаецца з абавязковай і адвольнай праграм, якія ўключаюць па 10 элементаў.
Да 1940-х г. выкарыстоўваліся як сродак трэніроўкі спартсменаў, пілотаў і парашутыстаў, уваходзілі ў цыркавыя праграмы. Спарт. спаборніцтвы праводзяцца з 1947 (ЗША). Міжнар. федэрацыя батута створана і праведзены 1-ы чэмпіянат свету ў 1964. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1970. Найб. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Швейцарыі.
Зборная каманда Беларусі — чэмпіён свету (1994). Мужчынская каманда — чэмпіён (1995) і сярэбраны прызёр (1996, 1998) чэмпіянатаў свету, чэмпіён Еўропы (1993). Жаночая каманда — сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1996), бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1993). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся: у мужчын — чэмпіёны і прызёры чэмпіянатаў свету Я.Бяляеў, М.Казак, Дз.Паляруш, У.Какорка (у сінхронных выступленнях з Казаком); у жанчын — сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету Т.Граеўская, Н.Карпянкова, Г.Лебедзева, Т.Чуміна (бронз. прызёр чэмпіянату свету, 1978) і Т.Мамай — чэмпіёнкі Еўропы ў індывід. (адпаведна 1974 і 1976) і сінхронных (1977) скачках, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГО́Н (франц. wagon ад англ. waggon павозка),
транспартны сродак для перавозкі пасажыраў або грузаў па рэйкавых пуцях. Бываюць несамаходныя (перамяшчаюцца лакаматывамі) і самаходныя (аўтаматрысы, маторавагонныя секцыі, вагоны метро, трамвая); шырокакалейныя (1525 мм) і вузкакалейныя (750, 900 і 1060 мм); двух-, чатырох-, шасці- і шматвосевыя. З вагонаў фарміруюцца чыг. саставы.
Асноўныя тыпы пасажырскіх вагонаў: агульнага прызначэння (для перавозкі пасажыраў, паштовыя, багажныя, вагоны-рэстараны) і спецыяльныя (санітарныя, лабараторныя, службовыя, клубы); далёкага накіравання, міжабласных зносін і прыгарадныя; купэйныя і некупэйныя. Асноўныя тыпы грузавых вагонаў: універсальныя (крытыя, паўвагоны, платформы, цыстэрны, вагоны ізатэрмічныя) і спец. прызначэння (для перавозкі жывёлы, бітуму, мукі, цэменту, шматвосевыя платформы-транспарцёры для перавозкі грувасткіх і цяжкавагавых грузаў, бункерныя паўвагоны, вагоны-майстэрні, пажарныя і інш.), магістральныя (агульнапуцявыя) і прамысл. транспарту (думпкары, ваганеткі, шлакавозы і інш.). Складаюцца звычайна з хадавой часткі (колавыя пары, буксы, рысорныя падвескі), рамы, кузава ці платформы, тармазных і ўдарна-цягавых прыстасаванняў. У краінах СНД найчасцей выкарыстоўваюцца чатырохвосевыя вагоны грузападымальнасцю 50—65 т. Вагоны ізатэрмічныя прызначаны для перавозкі скорапсавальных грузаў. Маюць цеплаізаляваныя кузавы і халадзільныя ўстаноўкі. Бываюць універсальныя для грузаў усіх відаў і спец. для транспарціроўкі жывой рыбы, віна і інш. З вагонаў ізатэрмічных фарміруюць цягнікі для маршрутных перавозак або секцыі па 5 і 12 вагонаў. Выкарыстоўваюць і адзіночныя (аўтаномныя) вагоны-рэфрыжэратары.
Тыпы грузавых вагонаў: 1 — суцэльнаметалічны з павялічаным праёмам дзвярэй; 2 — хопер-дазатар для перавозкі сыпкіх грузаў; 3 — з перакульным кузавам; 4 — ізатэрмічны (вагон-халадзільнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТЭ́ТЫКА-ДЭДУКТЫ́ЎНЫ МЕ́ТАД,
метад навуковага пазнання і разважанняў, заснаваны на вывядзенні (дэдукцыі) заключэнняў з гіпотэз і інш. пасылак, сапраўднае значэнне якіх невядома. Выкарыстанне гіпатэтыка-дэдуктыўнага метаду звязана з шэрагам інш. метадалагічных аперацый: супастаўленнем фактаў, пераглядам існуючых паняццяў, утварэннем новых паняццяў, узгадненнем гіпотэз з інш.тэарэт. палажэннямі і г.д. Падобнага роду разважанні ўпершыню пачалі выкарыстоўваць у ант. філасофіі. У навук. пазнанні гэты метад атрымаў развіццё ў 17—18 ст. Ён выкарыстаны ў механіцы, у даследаваннях Г.Галілея. Тэорыя механікі І.Ньютана — гіпатэтыка-дэдуктыўная сістэма, пасылкамі якой служаць асн. законы руху. Паводле тыпу пасылак гіпатэтыка-дэдуктыўны метад падзяляецца на: разважанні, пасылкамі якіх з’яўляюцца гіпотэзы і эмпірычныя абагульненні; гіпатэтыка-дэдуктыўныя вывады, засн. на пасылках, што супярэчаць дакладна ўстаноўленым фактам ці тэарэт. прынцыпам; разважанні, пасылкамі якіх служаць сцвярджэнні, што супярэчаць прынятым думкам і перакананням. З лагічнага пункту погляду гіпатэтыка-дэдуктыўная сістэма ўяўляе сабой іерархію гіпотэз, ступень абстрактнасці і агульнасці якіх павялічваецца з аддаленнем ад эмпірычнага базісу. Гіпатэтыка-дэдуктыўны метад дае магчымасць даследаваць структуру і ўзаемасувязь не толькі паміж гіпотэзамі рознага ўзроўню, але і характар іх пацвярджэння эмпірычнымі дадзенымі. Разнавіднасцю гіпатэтыка-дэдуктыўнага метаду можна лічыць матэм. гіпотэзу, якая выкарыстоўваецца як эўрыстычны сродак для адкрыцця заканамернасцей у прыродазнаўстве.
Літ.:
Меркулов И.П. Гипотетико-дедуктивная модель и развитие научного знания. М., 1980;
Подкорытов Г.А. О природе научного метода. Л., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОБС ((Hobbes) Томас) (5.4.1588, г. Малмсберы, Вялікабрытанія — 14.12.1579 14.12.1679),
англійскі філосаф-матэрыяліст. Скончыўшы Оксфардскі ун-т (1608), працаваў гувернёрам у арыстакратычнай сям’і У.Кавендыша (пазней герцага Дэваншырскага), з якой быў звязаны да канца жыцця. На фарміраванне светапогляду Гобса значна паўплывалі Ф.Бэкан, Г.Галілей, П.Гасендзі, Р.Дэкарт, з якімі ён быў асабіста знаёмы. Прырода ў вучэнні Гобса — сукупнасць аб’ектыўна існуючых фіз. цел, што розняцца велічынёй, фігурай, размяшчэннем у прасторы і рухам, які ўяўляецца як чыста мех. перамяшчэнне матэрыяльнага аб’екта і атаясамліваецца з усімі інш. формамі руху. Пачуццёвыя якасці ён разглядаў не як уласцівасці саміх рэчаў, а як формы іх успрымання. У сац. філасофіі зыходзіў з пастулата аб антыграмадскай, ці эгаістычнай, агрэсіўнай прыродзе чалавека. Таму ў грамадстве і дзяржаве Гобс бачыў перш за ўсё сродак пазнання прычын грамадз. войнаў і іх пераадолення, забеспячэння ўсеагульнага міру і бяспекі. Гобс абгрунтоўваў дагаворную тэорыю ўзнікнення дзяржавы з дадзярж. формаў існавання людзей, калі індывіды жылі раз’яднана ў стане пастаяннай «вайны ўсіх супраць усіх». У сваім этычным вучэнні развіваў ідэі пра супадзенне грамадз. абавязкаў і маральнага доўгу, прыродных законаў маралі і грамадз. дабрачыннасцей. Асн. працы: філас. трылогія «Асновы філасофіі» — «Пра грамадзяніна» (1642), «Пра цела» (1655), «Пра чалавека» (1658); «Левіяфан, або Матэрыя, форма і ўлада дзяржавы царкоўнай і грамадзянскай» (1651).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІ СТЫЛЬ,
адзін з асноўных функцыянальных стыляў мовы, што ўтвараецца сістэмай моўных сродкаў маст. л-ры ў яе гал. родах — эпасе, лірыцы, драме. Выконвае не толькі агульную для інш. стыляў камунікатыўную функцыю, але і ўласцівую толькі яму эстэт. — функцыю эмацыянальна-вобразнага ўздзеяння на чытача. У М.с. назіраецца глыбокае ўзаемадзеянне ўсіх стылістычных рэсурсаў, дапускаецца ўключэнне элементаў і фрагментаў інш. функцыянальных стыляў. Для яго характэрна метафарычнасць, вобразнасць адзінак розных моўных узроўняў, экспрэсіўнасць, узнёсласць. У ім часта ўжываюцца розныя вобразна-выяўленчыя сродкі (эпітэты, параўнанні, увасабленні, гіпербалы, літоты, перыфразы) і стылістычныя фігуры (анафара, эпіфара, антытэза, інверсія і інш.), якія дапамагаюць ствараць яркія маст. вобразы, даваць больш дэталёвае апісанне з’яў і фактаў рэчаіснасці, моўную характарыстыку персанажаў. У М.с. выкарыстоўваюцца не толькі літаратурныя, а і пазалітаратурныя моўныя сродкі (прастамоўная лексіка, жаргон, дыялектызмы і інш.), якія ўжываюцца не ў іх першаснай функцыі, а ў эстэтычнай. Кожны моўны сродак у маст. творы матываваны змястоўна і стылістычна. Разнавіднасці М.с. — паэт. мова, мова маст. прозы і драматургіі. Вылучаюць індывід. стылі асобных пісьменнікаў, мова якіх характарызуецца асаблівасцямі экспрэсіўнага адбору слоў, фразеалогіі, сінтаксічных канструкцый і марфалагічных рысаў і з’яўляецца прыватным праяўленнем агульных заканамернасцей М.с.
Літ.:
Цікоцкі М.Я. Сугучнасць слоў жывых... Мн., 1981;
Стилистика русского языка. 2 изд. Л., 1989;
Каўрус А.А.Стылістыка беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГАЦЫ́ЙНЫ КО́МПЛЕКС,
сукупнасць бартавых навігацыйных прылад і апаратуры прыёму сігналаў ад навігацыйных сістэм, прызначаных для судна- і самалётаваджэння, эфектыўнага выкарыстання зброі ваен. лятальных апаратаў (ЛА) і караблёў. Аб’яднанне навігацыйных сістэм і прылад рознага прызначэння ў адзіны Н.к. робіцца з дапамогай ЭВМ, што павышае дакладнасць і надзейнасць іх работы, аўтаматызуе рашэнне навігацыйных задач. Н.к. — асн.тэхн.сродакнавігацыі паветранай і марской навігацыі.
Выкарыстоўваюцца з канца 1950-х г. у сувязі са з’яўленнем ракетна-ядз. зброі. У 1970-я г. атрымалі пашырэнне аўтаматызаваныя Н.к., у склад якіх уваходзяць: інерцыяльная навігацыйная апаратура, інфармацыйна-вымяральныя прылады, спец.ЭВМ з выліч. і праграмнымі прыстасаваннямі, сродкі карэкцыі работы апаратуры, органы кіравання, прыстасаванні індыкацыі, трансляцыі і кантролю. Інфармацыйна-вымяральныя прылады даюць значэнні курсу, скорасці, пройдзенай адлегласці, вугла зносу (адхілення), вышыні палёту (глыбіні), вуглы крэну і тангажу (бартавой і кілевай гайданкі) і інш.; выліч. прыстасаванне аўтаматычна вызначае каардынаты аб’екта, робіць іх карэкцыю, улічвае уплыў ветру і цячэння, вызначае параметры манеўра і даныя для выкарыстання зброі; праграмнае прыстасаванне захоўвае навігацыйную інфармацыю, напр., каардынаты наземных станцый радыёнавігацыйных сістэм. У якасці сродкаў карэкцыі Н.к. выкарыстоўваюцца радыёнавігацыйныя сістэмы, бартавыя радыёлакацыйныя станцыі, астр., астранавігацыйныя і гідраакустычныя сістэмы. Спалучэнне Н.к. з аўтапілотам (пуцявым аўтаматам, аўтарулявым) забяспечвае паўаўтам. або аўтам. кіраванне ЛА (караблём) па зададзеным шляху, выкананне манеўраў і інш. У ваен. авіяцыі для навігацыі і выкарыстання зброі выкарыстоўваюць прыцэльна-навігацыйныя сістэмы.