КЯ́РНЕР ((Kärner) Яан) (27.5.1891, Тартускі р-н, Эстонія — 3.4.1958),
эстонскі пісьменнік. Засл. пісьменнік Эстоніі (1946). Вучыўся ў нар. ун-це А.Л.Шаняўскага ў Маскве (1911—12). Друкаваўся з 1906. Першы зб. вершаў — «Цені зорак» (1913). У 1930-я г. выступаў як паэт-антыфашыст (кн. «Запальваючы словам», 1936). Аўтар кніг пейзажнай, інтымнай і грамадз. лірыкі «Песні часоў» (1921), «Месяц жніва» (1925), «З пройдзеных дарог» (1939), «Загад Радзімы» (1943), «Нянавісць, толькі нянавісць» (1944), вершаванага рамана «Біянка і Руф» (1923) і інш.Найб. значныя раманы: сац.-псіхал. «Жанчына з беднага свету» (1930), гіст. «Народ, які ўздымаецца» (кн. 1—2, 1936—37), аўтабіягр. «Гарады мільгаюць па начах» (ч. 1, 1939) і інш. Пісаў п’есы, літ.-крытычныя артыкулы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДСКАЯ ЛІ́ГА,
саюз гарадоў Ламбардыі ў 12—13 ст. для абароны ад экспансіі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Сфарміравана ў снежні 1167 (тэрмінам на 20 гадоў) з 16 гарадоў: Падуя, Мілан, Венецыя, Мантуя, П’ячэнца, Верона, Вічэнца, Бергама, Крэмона, Трэвіза, Ферара, Брэшыя, Лодзі, Парма, Мадэна, Балоння (пазней склад гарадоў мяняўся). Мела падтрымку рым. папы і сіцылійскага караля. У 1176 апалчэнне лігі разбіла каля г. Леньяна войска імператара Фрыдрыха I Барбаросы. Паводле Канстанцкага міру 1183 ламбардскія гарады захавалі самастойнасць. У 1198 ліга намінальна адноўлена (на 30 гадоў). Спроба Фрыдрыха П усталяваць у Паўн. Італіі сваю неабмежаваную ўладу падштурхнула шэраг гарадоў на чале з Міланам аднавіць (на 25 гадоў) лігу, супраціўленне якой вымусіла Фрыдрыха адмовіцца ад заваёўніцкіх планаў. З 2-й пал. 13 ст. ліга не аднаўлялася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НСКІ САЮ́З,
федэрацыя старажытнаіталійскіх гарадоў на тэр. сучаснай вобл.Лацыо, якая ўзнікла ў пач. 1-га тыс. да. н.э. і аб’ядноўвала (паводле ант. традыцыі) 30 абшчын. Напачатку Л.с. узначальваў г.Альба-Лонга, з 6 ст. да н.э. — Рым.Гарады мелі агульныя святы, саюзны сход вырашаў агульныя пытанні і спрэчкі паміж яго членамі. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. некаторыя лац. абшчыны часова вызваліліся ад рым. панавання. У 493 да н.э. Л.с. адноўлены (на чале з Рымам) на ўмовах узаемадапамогі ў войнах, удзеле камандавання пры падзеле здабычы. У час гальскага нашэсця (390 ці 387 да н.э.) Л.с. распаўся. У 358 да н.э. аднавіўся на больш выгадных для Рыма ўмовах. Скасаваны пасля 2-й Лацінскай вайны (340—338 да н.э., гл.Лацінскія войны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАРО́СІЯ,
гістарычная вобласць на Пн ад Чорнага і Азоўскага мораў; цяпер у складзе Малдовы, Украіны (Адэская, Мікалаеўская, Херсонская, Днепрапятроўская, Запарожская, часткова Данецкая і Луганская вобласці) і Расіі (ч. Растоўскай вобл.). Гэтыя землі ўключаны ў склад Рас. імперыі ў выніку войнаў з Турцыяй паводле дагавораў 1739, 1774, 1791, 1812. Малалюдныя стэпы Н., з якіх былі выдалены качэўнікі-нагайцы, засялялі ўкр. казакі, выхадцы з цэнтр. Расіі, каланісты з інш. краін — сербы, балгары, венгры, немцы і інш. У 1764 утворана Новарасійская, у 1802 — Екацярынаслаўская, у 1803 — Херсонская губерні. З сярэдзіны 19 ст. Н. была раёнам гандл. земляробства з развітымі капіталіст. адносінамі. Гал.гарады — Адэса, Екацярынаслаў (цяпер Днепрапятроўск), Мікалаеў, Херсон. У 1920-я г. назва «Н.» выйшла з афіц. ўжытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДЦАрайца, ратман,
член адм. органа гар. самакіравання (рады, магістрата) на Беларусі ў 14—18 ст., выбраны або прызначаны ад багатых гараджан. У раду ўваходзілі 6—24 Р. Напр., у Полацку напачатку было 20 Р., з 1511—24, у Мінску — 12, у Навагрудку — 6. Са свайго складу Р. выбіралі бурмістраў, былі іх дарадчыкамі. Выбіраліся на год, у прыватнаўласніцкіх гарадах пажыццёва. У сваёй дзейнасці Р. кіраваліся нормамі магдэбургскага права, а таксама мясц. права, якія ўваходзілі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588; яны вызваляліся ад гар. падаткаў. Пасля прыняцця закона ад 17.4.1791 «Гарады нашы каралеўскія вольныя ў дзяржавах Рэчы Паспалітай» у гар. магістраты маглі выбірацца не толькі мяшчане, але і шляхта, якая мела нерухомую маёмасць у горадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКО́КУ,
востраў на Пд Японскага архіпелага, у Японіі. Пл. 17,8 тыс.км². Каля С. 300 дробных астравоў і скал (разам з імі пл. 18,8 тыс.км²). Абмываецца Ціхім ак., Унутраным Японскім м., шматлікімі пралівамі. Даўж. берагавой лініі каля 1800 км. Паўн.-зах. і паўд.-ўсх. берагі расчлянёны слаба, паўн.-ўсх. і паўд.-зах. моцна парэзаны бухтамі. Пераважаюць горы. На Пн ланцуг узгоркаў і нізкагор’яў, складзеных у асн. з гранітаў; на Пд і ў цэнтр.ч. горы выш. да 1981 м (г. Ісідзуты), пераважна са сланцаў. Радовішча меднай руды (Бесіяма). Клімат субтрапічны, мусонны, частыя тайфуны. Ападкаў да 3000 мм за год. Вечназялёныя шыракалістыя лясы. Вырошчваюць рыс, цукр. трыснёг, цытрусавыя; сады. Рыбалоўства. Буйн. гарады: Мацуяма, Такамацу, Такусіма, Коты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ГАРАДНАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя, якая з’яўляецца знешнім планіровачным поясам горада, знаходзіцца з ім у цеснай функцыян., эканам., экалагічнай і арх. узаемасувязі. Параметры П.з. і рэгламенты яе развіцця вызначаюцца пры распрацоўцы рэгіянальных і генеральных планаў гарадоў. Рацыянальнае выкарыстанне тэр. П.з. — неабходная ўмова ўстойлівага развіцця вял. гарадоў. Пры яе фарміраванні ўлічваюцца інтарэсы развіцця гар. гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання тэр. рэсурсаў. Арх. планіровачнае вырашэнне П.з. распрацоўваецца з улікам прыярытэтаў захавання зялёных насаджэнняў, водных прастораў і інш. тэрыторый, якія маюць прыродаахоўнае і сан.-гігіенічнае значэнне. У межах П.з. размяшчаюцца гарады-спадарожнікі і інш. паселішчы, катэджныя забудовы, асобныя прамысл. прадпрыемствы, аб’екты камунальнай гаспадаркі, элементы трансп. (аэрапорты, чыг. станцыі і інш.) і інш. (водазаборы, трубаправоды і інш.) інфраструктур, свабодныя эканамічныя зоны, лесапаркі, зоны адпачынку, курорты, заказнікі, помнікі прыроды і інш. Значныя плошчы адводзяцца пад зоны масавага адпачынку, дачныя пасёлкі, санаторыі, пансіянаты, спарт.-аздараўленчыя лагеры. На Беларусі ўсе буйныя гарады маюць П.з. Прыкладам комплекснага развіцця горада і яго П.з. з’яўляецца Мінск. У межах П.з. Мінска вылучаюцца паясы: унутраны — лесапаркавы (радыус 15—20 км) і знешні (радыус каля 50 км). Лясы вакол Мінска ў радыусе 50—80 км фарміруюць зялёную зону горада. Планіровачны каркас тэр. Мінска і яго П.з. мае радыяльна-кальцавую структуру, сфарміраваную аўтамаб. і чыг. дарогамі, рэкамі і азялененымі прасторамі. Яго важнай планіровачнай і кампазіц. воссю з’яўляецца водна-зялёны дыяметр. Склад гар. функцый, вынесеных у П.з. Мінска, ахоплівае ўсе віды гасп. і сац. дзейнасці. У межах П.з. фарміруюцца спецыялізаваныя паселішчы, якія паводле свайго функцыян. прызначэння з’яўляюцца працягам Мінска (Мачулішчы, Гатава, Калодзішчы, Самахвалавічы, Навінкі і інш.). Да структурных элементаў П.з. адносяцца курорт Ждановічы, зоны адпачынку Мінскае мора, Астрашыцкі Гарадок, Пціч, Вясёлка і інш., заказнікі рэсп. значэння Падсады, Прылуцкі, Кайкаўскі, Пекалінскі і інш., свабодная эканам. зона «Мінск». Своеасаблівае арх.-планіровачнае вырашэнне маюць П.з. інш. гарадоў, напр., Гродна, Віцебска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́НЖАВАЯ (Oranje, Orange),
рака на Пд Афрыкі, у Лесота, ПАР і Намібіі. Даўж. 1860 км, пл.бас. 1020 тыс.км². Пачынаецца ў масіве Монт-а-Сурс (Драконавы горы) у Лесота пад назвай Сінку на выш. больш за 3000 м. Перасякае засушлівую вобласць. Высокі Велд, плато Кап, дзе цячэ ў цясніне. У верхнім і сярэднім цячэнні парогі і вадаспады (Аўграбіс і інш.). Апошнія 100 км цячэ па раўніне, упадае ў Атлантычны ак., утварае бар (пясчаны падводны вал). Гал. прытокі — Каледан і Вааль. Паўнаводная з ліст. да сакавіка. У межах Высокага Велда часам амаль перасыхае. Сярэдні расход вады 800 м³/с. Гадавы сцёк каля 15 км³ (моцна мяняецца па гадах). Выкарыстоўваецца на водазабеспячэнне і арашэнне (пабудаваны арашальныя сістэмы). ГЭС. На Аранжавай буйныя гарады: Алівал-Норт, Прыска, Апінгтон (ПАР).
на Пн Польшчы. Пл. 12,3 тыс.км², нас. 738,6 тыс.чал., гарадскога 58% (1987). Адм. цэнтр — г.Ольштын. Найб.гарады: Ольштын, Кентшын, Ілава, Шчытна, Аструда. Большую частку Альштынскага ваяводства займаюць Мазурскае і Ілаўскае паазер’і, на Пн — Старапруская нізіна. У сярэдняй і паўд.-зах. частках марэнныя ўзвышшы (да 312 м над узр. м.). Клімат умераны, марскі. Сярэдняя т-растудз. -3,5 °C, ліп. 17,5 °C, ападкаў 550 мм за год. Шматлікія рэкі бас. Віслы і Прэголі, найб. азёры — Язёрак, Нара, Ланскае і інш. Глебы дзярнова-падзолістыя. Вядучая галіна эканомікі — сельская гаспадарка. Вырошчваюць кармавыя культуры, жыта, ячмень, авёс, бульбу; гадуюць свіней і буйн. раг. жывёлу, пераважна малочнага кірунку. Прам-сць: маш.-буд., лёгкая, хім., дрэваапр., харчовая. Турызм (азёры, поле Грунвальдскай бітвы 1410).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАХМАПУ́ТРА, Брамапутра,
рака ў Кітаі, Індыі, Бангладэш. Даўж. 2900 км, пл. басейна 935 тыс.км². Пачынаецца на паўн. схілах Гімалаяў, цячэ на У па паўд.ч. Тыбецкага нагор’я (назвы Мацанг, Цангпо), прабіваецца па цясніне Дыханг праз Усх. Гімалаі (наз. Дыханг), потым цячэ на З і ПдЗ па Бенгальскай раўніне, паварочвае на Пд і ўпадае ў Бенгальскі заліў, дзе ўтварае з Гангам і Мегхнай агульную дэльту (больш за 80 тыс.км²). Найб. Значныя прытокі: злева — Нау, Чорта-Цангпо, Рага-Цангпо, Джычу, Джамда, Лухіт, Капілі, справа — Ньянгчу, Субансіры, Каменг, Манас, Ціста. Пад’ёмы ўзроўню дасягаюць 10—12 м. Сярэдні расход вады 12 тыс.м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходства ад цясніны Дыханг (1290 км), на Тыбецкім нагор’і — на асобных участках. На Брахмапутры гарады Шыгадзе (Кітай), Дыбругарх, Тэзпур, Дхубуры, Гувахаты (Індыя).