ЛЯЎДА́НСКІ Аляксандр Мікалаевіч (10.9.1893, в. Юр’ева Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. —27.8.1937),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1934). Скончыў Смаленскае аддзяленне Маск. археал. ін-та (1922), вучыўся ў Смаленскім ун-це (1922—25). З 1927 у Інбелкульце, Ін-це гісторыі АНБССР, адначасова дацэнт БДУ. Арганізатар першых у БССРнавук.-археал. экспедыцый. Зрабіў класіфікацыю гарадзішчаў жал. веку, першы выказаў думку, што гарадзішчы штрыхаванай керамікі культуры ў Цэнтр. Беларусі належалі балцкім плямёнам. Даў першую і найб. поўную гіст. тапаграфію стараж. Полацка, вывучаў яго помнікі — Полацкі Сафійскі сабор, бельчыцкія храмы (гл.Бельчыцы). У 1937 па лжывым абвінавачанні арыштаваны і расстраляны ў Мінску. У 1958 рэабілітаваны.
Тв.:
Археалагічныя раскопкі ў м. Заслаўі Мінскай акругі // Зап.аддз.гуманіт. навук БАН. Мн., 1928. Кн. 5. Пр. кафедры археалогіі, т. 1;
Археалагічныя доследы ў Віцебскай акрузе // Там жа. Мн., 1930. Кн. 11. Пр.археал. камісіі, т. 2;
Археалагічныя доследы ў Полацкай акрузе // Там жа;
Археалагічныя доследы ў БССР пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі // Пр. секцыі археалогіі Ін-та гісторыі БАН. Мн., 1932. Т. 3.
Літ.:
Каробушкіна Т.М. Заснавальнік савецкай археалагічнай навукі ў Беларусі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1983. №6;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў Беларускай ССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЗІНА Іна Дзмітрыеўна (н. 31.10.1937, Мінск),
бел. этнамузыколаг, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (1998). Скончыла Бел. кансерваторыю (1961). З 1970 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, з 1992 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1995 праф.). Працы па гісторыі бел.прафес. музыкі. традыц.муз.-інстр. фальклоры, этнаарганалогіі і выканальніцтве, этнаарганафоніі, візуальнай антрапалогіі. Аўтар манаграфій «Беларускія народныя музычныя інструменты» (кн. 1—2, 1979—82), «Беларуская народная інструментальная музыка» (1989), «Жаніцьба Цярэшкі» (1993, з Л.Салавей, у серыі «Бел.нар. творчасць»), раздзела кн. «Беларуская этнамузыкалогія» (1997), артыкулаў у энцыклапедычных выданнях, у т. л. замежных (англ. «Новы слоўнік музыкі і музыкантаў Грова», т. 2, 1984), сцэнарыяў дакумент. і навук.-папулярных відэафільмаў (1992—99). Падрыхтавала інстр. частку грампласцінкі «Музычны фальклор Беларускага Палесся» (1982, Гран-пры ЮНЕСКА 1988). Збіральнік бел.нар.муз. інструментаў і арганізатар іх выставак. Чл. міжнародных арг-цый: нар. мастацтва, к-та музеяў муз. інструментаў і калекцый, т-ва этнамузыколагаў (ЗША) і інш.
Тв.:
Белорусский фортепианный концерт. Мн., 1977;
Белорусские народные наигрыши. М., 1986;
Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997. Белорусский фортепианный концерт. Мн., 1977;
Белорусские народные наигрыши. М., 1986;
Беларускія народныя музычныя інструменты. Мн., 1997.
Літ.:
Баяркін М. Помнік з’яве жывой і багатай // Мастацтва Беларусі. 1991. № 10;
Якіменка Т. Каб зберагчы..: // Мастацтва. 1998. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ПАЦКАЯ НАРА́ДА 1925 Адбылася ў канцы жн. 1925 у г. Сопат
(прыгарад Гданьска). Удзельнічалі прадстаўнікі Цэнтр. к-таў КП(б)Б, КПЗБ і КПП, Камінтэрна: У.М.Ігнатоўскі, А.С.Славінскі, А.Ф.Ульянаў, а таксама Б.А.Тарашкевіч, Р.К.Астроўскі, С.А.Рак-Міхайлоўскі, І.Шнаркевіч, М.М.Марцінчык, С.А.Мертэнс, Л.Н.Аранштам, П.Корчык (І.К.Лагіновіч, арганізатар нарады),
М.С.Арэхва. Гал. пытанне С.н. — стварэнне масавай бел.нац.-вызв. арг-цыі ў Зах. Беларусі — Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) і яе ўзаемаадносіны з агульнапольскім рэв. рухам, асабліва з польскай Незалежнай сялянскай партыяй. Удзельнікі нарады прыйшлі да высновы, што праграма БСРГ павінна змяшчаць патрабаванні рэв.-дэмакр. характару: рабоча-сял. ўрад, зямля для сялян без выкупу, самавызначэнне нацый; прапаноўвалася ўключыць у яе дэмакр. патрабаванні ў паліт. сферы, а таксама па рабочым, сял. і нац. пытаннях. На С.н. заслуханы даклады аб становішчы ў Сав. Саюзе, гасп. і нац.-культ. будаўніцтве ў БССР, становішчы ў Зах. Беларусі і задачах нац.-вызв. руху, разгледжана таксама пытанне аб ліквідацыі ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі. Была дасягнута дамоўленасць пра фінансаванне дзейнасці БСРГ, Т-вабел. школы і бел. гімназій, стварэнне для гэтых мэт Бел. кааператыўнага банка ў Вільні з аддзяленнямі ў Пінску і Глыбокім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУ́ТНЕЎ Іван Пятровіч (1827, г. Чакалін Тульскай вобл., Расія — 18.2.1912),
рускі і бел. жывапісец, графік, педагог. Вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы ў Маскве, Пецярбургскай АМ (1850—58; з 1868 акадэмік). У 1866—1912 арганізатар і загадчык Віленскай школы малявання. Шмат зрабіў для развіцця маст. адукацыі на Беларусі. Працаваў у жанрах гіст. і быт., партрэта, пейзажа. Многія яго работы прысвечаны побыту бел. і літ. сялян. Творы вызначаюцца рэалістычнасцю, крытычным падыходам да адлюстравання рэчаіснасці. Выканаў замалёўкі шэрагу будынкаў Полацка, Віцебска, Мсціслава і інш., Ільінскай царквы ў Віцебску (змешчана ў кн. П.Бацюшкава «Беларусь і Літва», 1890). Сярод жывапісных твораў: «Блаславенне сына ў апалчэнне» (1855), «Хрэсны ход на вадохрышча ў вёсцы» (1857, вял. залаты медаль), «Народная школа», «Партрэтная ў Антверпене» (1868), «Літоўская пагранічная карчма» (1889), «Віленскія пакутнікі Антоній і Іаан» (1880-я г.), «Сляпы кабзар», «На раку з бялізнай», «Рэвалюцыя 1905 года ў Вільні» і інш. Аўтар шэрагу партрэтаў (аўтапартрэт, партрэт М.Марцюшавай, 1901), абразоў, пейзажаў («Ручай», пач. 20 ст.), а таксама акварэлей, у якіх увасобіў гіст. помнікі і памятныя мясціны на Беларусі.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Кацер М.С. Изобразительное искусство Белоруссии до октябрьского периода: Очерки. Мн., 1969.
бел. балерына, мастацтвазнавец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Д-р мастацтвазнаўства (1972). Праф. (1974). Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1954), БДУ (1960). У 1954—61 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1963 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, выкладчык Бел. кансерваторыі, з 1972 заг. кафедры Мінскага пед. ін-та, з 1979 Бел. ін-та культуры (да 1995), адначасова з 1994 у Бел. акадэміі музыкі (з 1995 заг. кафедры). Сярод выкананых партый: Гамзаці («Баядэрка» Л.Мінкуса), Насця («Падстаўная нявеста» Г.Вагнера) і інш. Працы па гісторыі і тэорыі бел. харэаграфіі, нар. танца: «Беларускі балет» (1966), «Беларускі сцэнічны танец» (1969), «Беларускі народны танец» (1972), «Беларускі балетны тэатр» (1983), «Беларускі балет у асобах» (1988), «Беларускі харэаграфічны фальклор» (1990), «Лінія, што ідзе ў бясконцасць» (1999), сааўтар кніг «Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959» (1993), «Музычны тэатр Беларусі,1960—1990: Балет...» (1997). Аўтар лібрэта да балетаў «Мефіста» У.Кандрусевіча і «Кругаверць» А.Залётнева (адначасова адзін з пастаноўшчыкаў) і інш.Арганізатар і кіраўнік н.-д. лабараторыі танц. творчасці пры Мінскім ін-це культуры (1980—90). Аўтар сцэнарыяў, у т. л.дакумент. тэлефільмаў, вядучая тэлеперадач пра мастацтва танца. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУКА́ЙЛА Паўлюк (Павел Захаравіч; 1904, в. Лапенеўцы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.4.1939),
бел. пісьменнік. Праф. (1933). З 1926 вучыўся ў БДУ, скончыў Камуніст. акадэмію ў Маскве (1930). У пач. 1920-х г. удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, чл.КПЗБ. З 1924 у БССР. Быў сакратаром Расонскага райкома КП(б)Б, удзельнічаў у рабоце полацкай філіі «Маладняка». У 1925 у Слуцку, рэдактар акр. газеты, арганізатар філіі «Маладняка». З 1926 у Мінску, ініцыятар стварэння «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны», рэдактар час. «Росквіт». З 1928 у Маскве. У 1930—31 палітрэдактар у Галоўліце СССР, заг. кафедры метадалогіі мастацтва Ін-та кінематаграфіі. Да 1931 кіраўнік бел. секцыі Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У вер. 1930 арыштаваны, праз месяц вызвалены. З 1932 у Ленінградзе, віцэ-прэзідэнт Дзярж. акадэміі мастацтваў. З 1936 у Маскве. У 1938 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1959. Друкаваўся з 1925. Першая і адзіная кніга паэзіі — «Акрываўленая зямля» (1930), у якую ўвайшлі вершы, паэмы «Акорды дзён» і «Партызанка Люба». У крытычных артыкулах арыентаваўся на ідэйна-эстэт. платформу час. «Новый ЛЕФ», займаў ваяўнічую і непрымірымую бальшавіцкую пазіцыю, зыходзячы з якой крытыкаваў паэзію А.Вольнага, А.Дудара, У.Жылкі, Т.Кляшторнага, В.Маракова, Я.Пушчы, П.Труса і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНЯ́ЎСКІЯ (Wieniawscy),
польскія музыканты, браты. Нарадзіліся ў г. Люблін (Польшча).
Генрык (10.7.1835—12.4.1880), скрыпач, педагог, кампазітар; адзін з найбуйнейшых скрыпачоў-віртуозаў 19 ст., прадстаўнік рамант. школы. Скончыў Парыжскую кансерваторыю па класе скрыпкі (1846) і кампазіцыі (1848). У 1848—60-я г. канцэртаваў у Еўропе (напачатку з братам), набыў еўрап. вядомасць. У 1860—72 прыдворны саліст, кіраўнік і ўдзельнік квартэта Рускага муз.т-ва. У 1862—68 праф. Пецярбургскай, у 1874—76 Брусельскай кансерваторый. У 1872—74 разам з Рубінштэйнам гастраляваў у ЗША. Як кампазітар узбагаціў скрыпічны рэпертуар, асабліва ў галіне жанравай скрыпічнай п’есы і маст. эцюда. Сярод твораў: 2 канцэрты (1853, 1870), «Легенда» (1860), «Скерца-тарантэла» (1855), мазуркі, паланэзы для скрыпкі з аркестрам. Сярод яго вучняў К.Пушылаў, В.Салін, Э.Ізаі. Яго імя носіць міжнар.муз. конкурс (скрыпачоў — у Варшаве з 1935, адноўлены з 1952 у Познані, з 1957 таксама кампазітараў і лютністаў).
Юзаф (23.5.1837—11.11.1912), піяніст і кампазітар. У 1846—50 вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі. Удасканальваўся ў Ф.Ліста. З 1848 выступаў у дуэце з братам, потым з сольнымі канцэртамі ў краінах Еўропы. У 1866—67 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Кіраўнік Варшаўскага муз.т-ва (1875—78), арганізатарсімф. канцэртаў. З 1878 праф. Брусельскай кансерваторыі. Сярод муз. твораў пераважна фп. мініяцюры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТМАН Юрый Міхайлавіч (28.2.1922, С.-Пецярбург — 28.10.1993),
расійскі літаратуразнавец, культуролаг. Акад. Эстонскай, Нарвежскай, Шведскай АН, чл.-кар. Брытанскай акадэміі. Скончыў Ленінградскі ун-т (1950). З 1950 у Тартускім настаўніцкім ін-це, з 1954 у Тартускім ун-це (у 1960—77 заг. кафедры рус. л-ры). Узначальваў Тартускую семіятычную школу. Даследаваў гісторыю рус. л-ры 18 — сярэдзіны 19 ст., праблемы тэорыі л-ры і культуры ў кантэксце грамадскага жыцця і развіцця сац.-філас. думкі («Артыкулы па тыпалогіі культуры», вып. 1—2, 1970—73). Пры аналізе маст. твораў распрацоўваў структуральна-семіятычны падыход: «Стварэнне Карамзіна» (1987), «У школе паэтычнага слова: Пушкін, Лермантаў, Гогаль» (1988); вял. ўвагу аддаваў семантыцы знакавых структур: «Структура мастацкага тэксту» (1970), «Аналіз паэтычнага тэксту. Структура верша» (1972). Тэкст інтэрпрэтаваў як адзінства мадэлі аб’ектыўнай і суб’ектыўнай рэчаіснасці, у якасці знакавай сістэмы, якая з’яўляецца другаснай у адносінах да знакаў натуральных моў. Асн. навуковыя працы: «Лекцыі па структуральнай паэтыцы» (1964), «Семіётыка кіно і праблемы кінаэстэтыкі» (1973), «Культура і выбух» (1992), «Размовы пра рускую культуру» (выд. 1994) і інш.Арганізатар выдання серыі «Працы па знакавых сістэмах. (Семіётыка)» (з 1964; «Вучоныя запіскі Тартускага універсітэта»). Аўтар успамінаў «Не-мемуары» (1994), шэрагу тэлеперадач па актуальных праблемах культуры, маралі, выхавання.
Тв.:
Избр. статьи. Т. 1—3. Таллинн, 1992;
Пушкин: Биогр. писателя;
Статьи и заметки, 1960—1990;
«Евгений Онегин»: Комментарий. СПб., 1995.
Літ.:
Ю.М.Лотман и тартуско-московская семиотическая школа. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСЕ́ЕЎ Ігар Аляксандравіч (н. 21.1. 1906, Кіеў),
расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт.СССР (1953). Герой Сац. Працы (1976). Ганаровы чл. Акадэміі танца ў Парыжы (1955). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1924). У 1924—39 характарны танцоўшчык і балетмайстар Вял.т-ра ў Маскве. З 1937 арганізатар, кіраўнік і пастаноўшчык усіх праграм Ансамбля народнага танца Расіі. Сярод пастановак: «Палавецкія танцы» і «Свята працы» (1978), «На катку» (1980, экранізацыя ТБ 1982), «Ноч на Лысай гары» на муз. М.Мусаргскага (1984), «Таверна» (1986), «Па краінах свету» (1960—89), цыкл з 30 замежных танцаў (1960—91), «Грэчаская сюіта» на муз. М.Тэадаракіса (1991), «Яўрэйская сюіта» (1994) і інш. Аўтар харэаграфічнай рэдакцыі бел.нар. танца «Бульба»; паставіў танец «Юрачка» і вак.-харэаграфічную карцінку «Як той Зосі давялося» ў Дзярж.акад.нар. хоры Беларусі (1952). Стваральнік (1966) і першы маст. кіраўнік (да 1970) харэаграфічнага канцэртнага ансамбля «Малады балет». Аўтар артыкулаў па пытаннях танц. мастацтва. Яго творчасці прысвечаны дакумент. фільм «Вечны рух» («Perpetuum mobile», 1967), тэлефільм «Балет Ігара Майсеева» (1982). Ленінская прэмія 1967. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1947, 1952, 1985. Дзярж. прэмія Расіі 1995. Незалежная прэмія «Трыумф» 1997.
Літ. тв.: Я вспоминаю...: Гастроль длиною в жизнь. М., 1996.
Літ.:
Луцкая Е. Воплощение мечты // Муз. жизнь. 1986. №1;
Андроников И. Торжество танца // Андроников И. К музыке. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́КСВЕЛ (Maxwell) Джэймс Клерк (13.6.1831, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 5.11.1879),
англійскі фізік, стваральнік класічнай электрадынамікі, адзін з заснавальнікаў статыстычнай фізікі. Чл. Эдынбургскага (1855) і Лонданскага (1860) каралеўскіх т-ваў. Вучыўся ў Эдынбургскім (1847—50) і Кембрыджскім (1850—54) ун-тах. Праф. Абердзінскага (1856—60), Лонданскага (1860—65), Кембрыджскага (з 1871) ун-таў. Арганізатар і першы дырэктар (з 1871) Кавендышскай лабараторыі. Навук. працы па электрадынаміцы, малекулярнай фізіцы, оптыцы, механіцы і тэорыі пругкасці, гісторыі фізікі і інш. Устанавіў статыстычны закон размеркавання малекул ідэальнага газу па скарасцях (1859; гл.Максвела размеркаванне), развіў тэорыю пераносу ў дастасаванні да працэсаў дыфузіі, цеплаправоднасці і ўнутр. трэння, увёў паняцце часу рэлаксацыі. Выявіў статыстычны характар другога закону тэрмадынамікі (1867) і ўвёў тэрмін «статыстычная механіка» (1868). Развіваючы ідэі М.Фарадэя, стварыў тэорыю эл.-магн. поля (гл.Максвела ўраўненні), увёў паняцце току зрушэння, прадказаў існаванне эл.-магн. хваль, выказаў ідэю аб эл.-магн. прыродзе святла, што дало магчымасць выявіць сувязь паміж аптычнымі і эл. з’явамі. Тэарэтычна вызначыў ціск святла (1873), устанавіў сувязь паміж асн. тэрмадынамічнымі параметрамі (суадносіны М.), развіў ідэю каляровага зроку, даследаваў устойлівасць кольцаў Сатурна. Апублікаваў рукапісы Г.Кавендыша па электрычнасці (1879).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. соч. по теории электромагнитного поля. М., 1954;
Статьи и речи. М., 1968.
Літ.:
Кудрявцев П.С. Максвелл. М., 1976;
Максвелл и развитие физики XIX—XX вв.: [Сб. ст.]. М., 1985.