НІ́ЦШЭ ((Nietzsche) Фрыдрых Вільгельм) (15.10.1844, Рокен, каля г. Лютцэн, Германія — 25.8.1900),
нямецкі філосаф, філолаг і паэт, адзін з заснавальнікаў філасофіі жыцця. Вучыўся ў Бонскім і Лейпцыгскім ун-тах. Праф. Базельскага ун-та (1869—79). Першыя яго творы прысвечаны праблемам класічнай філалогіі, першая значная праца па філасофіі «Нараджэнне трагедыі з духу музыкі» (1872) — пераважна аналізу антычнай культуры. У працяг пошукаў Ф.Шылера і прадстаўнікоў ням. рамантызму, развіў ідэі аб існаванні 2 тыпаў культуры: дыянісійскай — жыццесцвярджальнай, аргаістычнай і ў той жа час трагічнай, якая адпавядае хаатычнай накіраванасці самога жыцця (канцэпцыя «гераічнага песімізму»), і апалонаўскай — сузіральнай, аднабакова разумовай і аптымістычна радаснай. Ідэал мастацтва бачыў у гармоніі гэтых двух тыпаў (напр., у грэч. трагедыі, у Сафокла); папярэднікамі мастацтва будучыні лічыў Р.Вагнера, Ф.Шылера, Г.Гётэ. У якасці культ.-этычнага ідэалу новага тыпу чалавека вылучаў эстэтызаваны ім вобраз звышчалавека як магчымага і дасягальнага ў перспектыве рэальнай будучыні ідэалу ўсяго чалавецтва. Характэрнымі рысамі ідэальнага чалавека лічыў уменне ахвяраваць сабой, велікадушнасць і прагу дзейнай любові, сумленнасць, бясстрашнасць, цвёрдасць, гераізм і г.д. («Так казаў Заратустра», т. 1—3, 1883—84). У творах «Ecce Homo», «Антыхрысціянін» (абодва 1888) і інш. на першы план ён ставіў культ моцнай асобы, якая з крайняй жорсткасцю пераадольвае ўсе маральныя нормы грамадства. Паняццем звышчалавека Н. актыўна карысталіся нацысты, ствараючы ідэалогію пануючай расы (Herenrasse), і прыпісвалі арыйскай расе рысы звышчалавека, які ў адносінах да «чужых» свабодны ад маральных абмежаванняў і кіруецца ў сваіх дзеяннях інстынктамі. Сам Н. быў праціўнікам любых форм панавання масавай свядомасці і расізму. На яго думку, жыццё ёсць праяўленне, аб’ектывізацыя волі, але не абстрактнай сусв. волі (як у А.Шапенгаўэра), а канкрэтнай волі да ўлады; яе ён разглядаў як аснову «права моцнага», якім павінен кіравацца сапраўдны чалавек ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Н. сцвярджаў, што на працягу ўсёй гісторыі рабы спрабавалі навязаць сваю мараль пануючым арыстакратам, і пачатак гэтаму працэсу паклалі яўрэі ў Старым запавеце, а вышэйшае развіццё ён атрымаў у хрысціянстве, найперш у Нагорнай пропаведзі Ісуса Хрыста. Адсюль вынікае неабходнасць пераадолення вынікаў «паўстання рабоў» у маралі, вяртання чалавека да сапраўднага існавання, да самога сябе. Н. прадказваў распад еўрап. духоўнасці і дэвальвацыю яе каштоўнасцей, узнікненне «масавага грамадства» і таталітарызму, панаванне «будучага хама» з яго нівеліроўкай чалавека пад сцягам усеагульнай роўнасці людзей. Барацьба Н. за вызваленне людзей ад улады духоўных і сац. аўтарытэтаў, якая ўвайшла ў гісторыю культуры пад лозунгам «пераацэнкі былых да гэтага часу каштоўнасцей», зрабіла яго адным з найб. яркіх прадстаўнікоў еўрап.нігілізму («Па той бок дабра і зла: прэлюдыя да філасофіі будучыні», 1886, «Да генеалогіі маралі», 1887). Спадчына Н. паўплывала на развіццё філасофіі, эстэтыкі і л-ры канца 19—20 ст., стала своеасаблівым «ніцшэанскім» пластом еўрап. культуры. Многія яго ідэі ў разнастайнай інтэрпрэтацыі атрымалі развіццё ў філасофіі жыцця і філасофіі культуры, пазітывізме, прагматызме, фенаменалогіі, экзістэнцыялізме. У вострых дыскусіях аб прыродзе маральнай філасофіі Н., яго разуменні сутнасці быцця і звышчалавека, свабоды творчасці, каштоўнасці валявой дзейнасці ўдзельнічалі Г.Зімель, Г.Файгінгер, О.Шпенглер, А.Камю, М.Хайдэгер, У.С.Салаўёў, Х.Артэга-і-Гасет, М.А.Бярдзяеў і інш. Н. прадугадаў ідэі і ўстаноўкі псіхааналізу ў разуменні чалавека як адзінства некалькіх узроўняў і асаблівасцей яго дзеянняў, абумоўленых неўсвядомленымі матывамі. Генетычны падыход да вытлумачэння псіхічных з’яў і універсальнага імкнення асобы да ўвасаблення сваіх магчымасцей і волі да ўлады збліжала яго канцэптуальныя пазіцыі з З.Фрэйдам, Э.Фромам, К.Хорні, А.Адлерам, К.Юнгам і інш. Шэраг ідэй Н. (2 пачаткі культуры, культ жыцця і трагічнасці, адмаўленне маралі, разбурэнне рэлігіі і пафас міфатворчасці) знайшоў адлюстраванне ў творчасці Т.Мана, Б.Шоу, Дж.Лондана, В.Брусава, М.Гумілёва, М.Ікбана і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Сочинения. Т. 1—2. М., 1990;
Стихотворения;
Философская проза. СПб., 1993;
Избр. произв.Т. 1—3. М., 1994;
Человеческое, слишком человеческое;
Веселая наука;
Злая мудрость. Мн., 1997;
Афоризмы и изречения. Мн.. 1997;
По ту сторону добра и зла;
Казус Вагнер;
Антихрист;
Ecce Homo. Мн., 1997.
Літ.:
Манн Т. Философия Ницше в свете нашего опыта // Собр. соч.: Пер. с нем. М., 1961. Т. 10;
Философия Ф.Ницше. М., 1991;
Ясперс К. Ницше и христианство: Пер. с нем. М., 1994;
Кучевский В. Философия нигилизма Ф.Ницше. М., 1996;
Фридрих Ницше и русская религиозная философия. Т. 1—2. Мн. 1996;
Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр.Мн., 1996;
Клюс Э. Ницше в России: Революция моральною сознания: Пер. с англ. СПб., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ КАМУ́НА 1871,
орган улады ў Парыжы ў час нар. рэвалюцыі 18.3—28.5.1871, а таксама пашыраная ў гіст. л-ры назва гэтай рэвалюцыі. Паражэнне Францыі ў франка-прускай вайне 1870—71, абвастрэнне бедстваў і нястачы рабочых і дробнай буржуазіі, выкліканае цяжкімі ваен. абставінамі, няздольнасць «урада нац. абароны», які прыйшоў да ўлады пасля вераснёўскай рэвалюцыі 1870, і наступнага (з лют. 1871) урада А.Цьера палепшыць становішча, стварылі ў Парыжы і інш. гарадах Францыі ў пач. вясны 1871 перадрэв. сітуацыю. У лют.-сак. члены 215 рабочых і дробнабурж. батальёнаў Нац. гвардыі (нар. апалчэння) Парыжа стварылі масавую паліт. арг-цыю — Рэсп. федэрацыю Нац. гвардыі. 18.3.1871 пры спробе ўрада Цьера раззброіць Нац. гвардыю ў Парыжы пачалося паўстанне, у выніку якога ўлада ў горадзе перайшла да ЦК федэрацыі Нац. гвардыі, а ўрад Цьера ўцёк у Версаль, дзе пачаў збіраць сілы для барацьбы з рэвалюцыяй. ЦК федэрацыі Нац. гвардыі правёў выбары ў П.к., якая была ўрачыста абвешчана 28 сакавіка. Пасля дадатковых выбараў 16 крас. агульная колькасць дэпутатаў П.к. склала 81 чал. (33 рабочыя, 11 служачых, 3 прадпрымальнікі, 2 афіцэры, 32 інтэлігенты). З іх 60 належалі да розных не аформленых паліт. груповак: 26 прытрымліваліся ідэй Л.А.Бланкі, 23 — пруданізму, 2 — марксізму, 9 неаякабінцаў падзялялі ідэалы свабоды, роўнасці, братэрства. Сярод дэпутатаў было 30 чл.Інтэрнацыянала 1-га і некалькі масонаў (гл.Масонства). У дэпутатаў П.к. не было адзінства поглядаў па пытаннях улады, кіравання, узбр. сіл, развіцця эканомікі і культуры. Бясконцая палеміка паміж двума асн. блокамі — «большасцю» (бланкісты і неаякабінцы) і «меншасцю» (пруданісты) — аслабляла Камуну. П.к., якая спалучала функцыі заканад. і выканаўчай улады, складалася з 10 камісій: выканаўчай; ваен.; грамадскай бяспекі; юстыцыі; харчавання; фінансаў; працы, прам-сці і абмену; грамадскіх службаў; асветы; знешніх зносін. Эканам. і сац. палітыка Камуны аб’ектыўна ўлічвала, хоць і ў рознай ступені, інтарэсы ўсіх пластоў гар. насельніцтва. Дэкрэтам ад 29 сак. яна замяніла армію і паліцыю Нац. гвардыяй, 1 крас. ўстанавіла максімальны памер акладу служачых, іншымі актамі ўвяла суд прысяжных і выбарнасць суддзяў, вызваліла кватэранаймальнікаў ад аплаты за перыяд з кастр. 1870 да чэрв. 1871, забараніла штрафы і адвольныя вылікі на прадпрыемствах і ва ўстановах, павялічыла ў 2—4 разы аклады настаўнікаў, павысіла жалаванне радавым служачым, загадала ламбардам бязвыплатна вярнуць уладальнікам закладзеную маёмасць коштам да 20 франкаў, адтэрмінавала на 3 гады аплату даўгоў па вэксалях; пакінутыя ўладальнікамі прадпрыемствы перадаваліся ў кіраванне рабочым каап. асацыяцыям. Дэклараванае ёю аддзяленне царквы ад дзяржавы забяспечвала свабоду сумлення, вызваляла дзяржаву ад утрымання царквы, рыхтавала секулярызацыю царк. маёмасці. П.к. дзейнічала ва ўмовах блакады. Ням.акупац. войскі кантралявалі ўсх. і паўн.-ўсх. подступы да Парыжа, астатнія подступы занялі войскі Цьера, т.зв. «версальцы», колькасць якіх дасягала 130 тыс.чал. На баку Камуны змагаліся 40—50 тыс.нац. гвардзейцаў. Ваен. дзеянні пачаліся 2 крас. нападам версальцаў. 3—4 крас.Нац. гвардыя зрабіла няўдалыя вылазкі ў бок Версаля. Потым яна вяла абарончыя баі і да 20 мая на гал. напрамку ваен. дзеянняў адступіла за крапасны вал Парыжа.
1 мая выканаўчая камісія Камуны заменена Камітэтам грамадскага выратавання. Нац. гвардыя была падзелена на 2 арміі пад камандаваннем генералаў Я.Дамброўскага і В.Урублеўскага. Але гэтых захадаў і гераізму камунараў было недастаткова, каб супрацьстаяць арміі Цьера. 21 мая версальцы ўварваліся ў Парыж і пасля тыдня ўпартых барыкадных баёў 28 мая захапілі горад, а 29 мая — апошні апорны пункт камунараў форт Венсен. Задушэнне П.к. суправаджалася крывавым тэрорам: салдаты Цьера забілі ў Парыжы 30 тыс.чал. У выніку суд. працэсаў над камунарамі, што працягваліся са жн. 1871 да 1877, каля 40 тыс.чал. сасланы на катаргу ці кінуты ў турмы. К.Маркс, Ф.Энгельс і У.І.Ленін вызначалі П.к. як дыктатуру пралетарыяту, хоць фактычна яна была ўладай усяго насельніцтва Парыжа, у т. л. пралетарыяту, які ўпершыню быў дапушчаны да кіравання. Да ўлады была дапушчана і буржуазія, але найб. багатая яе частка не прыняла Камуну. Народапраўства ў выглядзе Камуны не прыняла франц. правінцыя, асабліва буйныя землеўласнікі і сяляне. Гар. камуны, абвешчаныя ў Ліёне, Марселі, Сент-Эцьене, Тулузе, Нарбоне, Бардо, Крэзо, былі задушаны на працягу 22—26 сакавіка. Гал. прычынамі паражэння П.к. былі яе ізаляванасць, адсутнасць апоры ўнутры і па-за межамі краіны, а таксама прысутнасць ням.акупац. войск.
Літ.:
История Парижской коммуны 1871 г.М., 1971;
Парижская коммуна 1871 г.: Время, события, люди. 2 изд. М., 1981.
Р.А.Чыкалаў.
Да арт.Парыжская камуна 1871. Абвяшчэнне Парыжскай камуны 28.3.1871. Мастак Э.Ламі.Да арт.Парыжская камуна 1871. Пасяджэнне Парыжскай камуны ў ратушы. Мастак Дэруа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛА (Guatemala),
Рэспубліка Гватэмала (República de Guatemala), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З і Пн з Мексікай, на ПнУ з Белізам, на У і ПдУ з Гандурасам і Сальвадорам; на Пд абмываецца Ціхім ак., на ПнУ — Гандураскім зал. Карыбскага м.Пл. 108,9 тыс.км². Нас. 10 446 тыс.чал. (1993). Падзяляецца на 22 дэпартаменты. Дзярж. мова — іспанская, каля 40% насельніцтва карыстаецца індзейскімі мовамі. Сталіца — г.Гватэмала. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гватэмала — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1985 (набыла сілу ў 1986). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. кангрэс Рэспублікі са 100 дэпутатаў.
Прырода. ⅔ плошчы Гватэмалы займае нагор’е выш. 1000—3000 м. Яго паўн.-ўсх.ч. — складкава-глыбавыя хрыбты і плато, падзеленыя глыбокімі далінамі рэк. На ПдЗ нагор’е складзена з вулканічных парод. Ёсць патухлыя (Тахумулька — 4217 м, Такана — 4117 м) і дзеючыя (Фуэга — 3918 м) вулканы. Бываюць разбуральныя землетрасенні. На Пн вапняковае плато Петэн. Узбярэжжы нізінныя. Карысныя выкапні: нафта, нікель, поліметалы, марганцавыя і хромавыя руды, золата і інш. Клімат трапічнага пояса, пасатны, вільготны. Частыя ўраганы. Сярэдняя т-ра паветра на нізінах 23—27 °C, на міжгорных плато 15—20 °C. Ападкаў на ўсх. схілах нагор’я больш за 2000 мм, на ўнутр. плато, у міжгорных далінах і на ўзбярэжжах 500—1000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй; самыя значныя з іх Усумасінта і Матагуа. З азёр найб. Ісабаль (на У). На Пн і па ўзбярэжжы Ціхага ак. саванны і хмызняковыя зараснікі, на ніжніх схілах гор вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, вышэй — дубовыя і хваёвыя лясы. Усяго пад лесам і хмызнякамі 40% тэр. У трапічных лясах шмат каштоўных парод дрэў: каўчукавае, кампешавае, махагонавае, ружовае, чорнае, бальзавае, бакаўт і інш.Нац. паркі: Тыкаль, Рыо-Дульсе, Атытлан і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Карэннае насельніцтва — індзейцы моўнай групы майя складаюць 44%, падзяляюцца на 22 народы і плямёны. Найб. з індзейскіх народаў — кічэ, какчыкель, маме, кекчы, жывуць пераважна на З нагор’я. Другая вял. група — гватэмальцы (больш за 50%), народ, які ўтварыўся ад змяшання заваёўнікаў-іспанцаў з мясц. насельніцтвам. Ёсць невял. групы неграў, еўрапейцаў (пераважна іспанцаў) і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (75%), ёсць пратэстанты (больш за 20%); сярод індзейцаў моцныя перажыткі стараж. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 96 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана на нагор’і, дзе шчыльнасць у асобных дэпартаментах дасягае 300—400 чал. На 1 км². У гарадах жыве 41% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Гватэмала — 1150 і Кесальтэнанга — 101. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольных, у абслуговых галінах — 13, прам-сці — 12, гандлі — 7, буд-ве — 4, на транспарце — 3%.
Гісторыя. Гватэмала — радзіма стараж. індзейскіх цывілізацый. У 1-м тыс.н.э. на Пн і У існавалі гарады-дзяржавы майя. на Гватэмальскім нагор’і — дзярж. ўтварэнні інш. індзейскіх плямён. Варожасць паміж імі аблегчыла заваяванне тэр. Гватэмалы ў 1523—24 іспанцамі на чале з П. дэ Альварада. У 1560 утворана генерал-капітанства Гватэмалы, у склад якога ўвайшла амаль уся Цэнтр. Амерыка. Індзейскае насельніцтва жорстка эксплуатавалася каланізатарамі. У гады вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 народ Гватэмалы дамогся незалежнасці (абвешчана 15.9.1821). У 1822—23 Гватэмала ў складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. У межах яе ішла вострая паліт. барацьба паміж кансерватарамі і лібераламі. Пасля распаду федэрацыі да ўлады ў Гватэмале прыйшоў кансерватыўна клерыкальны блок на чале з Р.Карэрам (прэзідэнт у 1844—48, 1851—65), які імкнуўся захаваць феад. парадкі і панаванне буйных землеўладальнікаў. Большасць насельніцтва Гватэмалы фактычна была пазбаўлена паліт. правоў. З сярэдзіны 19 ст. ў Гватэмале сталі закладвацца плантацыі кавы, дзе выкарыстоўвалася наёмная праца. Скарыстаўшы незадаволенасць палітыкай кансерватараў, лібералы ажыццявілі ў 1871 дзярж. пераварот. Урад Х.Р.Бар’ёса (1873—85) нямала зрабіў для развіцця эканомікі Гватэмалы (буд-ва чыгунак, развіццё плантацыйнай гаспадаркі і інш.). Паводле прынятай у 1879 канстытуцыі царква аддзелена ад дзяржавы. У гады дыктатуры Э.Кабрэры (1898—1920) гаспадарка краіны падпарадкавана амер. манаполіям. Асаблівыя прывілеі атрымала кампанія «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО), якая валодала велізарнымі бананавымі плантацыямі, амаль усімі чыгункамі, прадпрыемствамі і інш. Асабліва жорсткі рэжым усталяваўся ў Гватэмале ў перыяд дыктатуры Х.Убіка (1931—44). Былі ліквідаваны бурж.-дэмакр. свабоды, забаронены стачкі, узаконены бесчалавечныя формы прымусовай працы індзейцаў на плантацыях. Гэта стала прычынай Гватэмальскай рэвалюцыі 1944—54. У выніку перамогі Нар.-вызв. фронту прынята дэмакр. канстытуцыя, праведзены шэраг сац. рэформаў, прыняты закон аб агр. рэформе, легалізавана дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў. Паколькі рэформы закранулі інтарэсы ЗША і найперш ЮФКО, амерыканцы арганізавалі інтэрвенцыю з тэр. Гандураса атрадаў узбр. гватэмальскіх эмігрантаў. 28.6.1954 уладу ў Гватэмале захапілі ваенныя на чале з палкоўнікам К.Кастыльё Армасам. Да 1985 (за выключэннем 1966—70) краінай, змяняючы адзін аднаго, кіравалі ваен. рэжымы. Уздым эканомікі Гватэмалы суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі індзейцаў на плантацыях. Партызанскі рух, які ўзнік у Гватэмале ў 1960-я г., асабліва ўзмацніўся ў 1980-я г., калі была створана паўстанцкая арг-цыя — Гватэмальскае нац.адзінства. Армія пачала жорсткія рэпрэсіі — спальваліся цэлыя вёскі, тысячы сялян расстраляны без суда і следства. Грамадз. вайна забірала да 10 тыс. жыццяў штогод. Не маючы сілы для задушэння паўстанцаў, пад націскам міжнар. грамадскасці ўрад О.У.Мехія Вікторэса згадзіўся на правядзенне свабодных выбараў. На выбарах у ліст.—снеж. 1985 перамог кандыдат апазіцыйнай Хрысц.-Дэмакр. партыі М.В.Серэса Арэвала. У 1986 набыла сілу новая канстытуцыя. Пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, праведзена амністыя. У 1991 прэзідэнтам Гватэмалы стаў Х.Серана Эліяс. У выніку яго прамых перагавораў з паўстанцамі прынята пагадненне пра ўзаемнае спыненне агню ўзамен на спыненне тэрору і роспуск усіх ваенізаваных фарміраванняў, створаных арміяй. Серана Эліяс быў скінуты ваен. кіраўніцтвам у адказ на яго антыканстытуц. дзеянні — роспуск Нац. кангрэса і Вярх. суда Гватэмалы. 5.6.1993 Нац. кангрэс Гватэмалы выбраў на пасаду прэзідэнта вядомага праваахоўніка Р. дэ Леана Карпіо. Гватэмала — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер дзяржаў, Лацінаамер. эканам. супольнасці, Арг-цыі цэнтральна-амер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1993. Асн.паліт. партыі: Саюз нац. цэнтра, Рух салідарнага дзеяння, Хрысц.-дэмакр. партыя, Інстытуцыйна-дэмакр. партыя, Рух нац. вызвалення, Гватэмальская партыя працы (кампартыя), Нац.рэв.адзінства Гватэмалы. Дзейнічае шэраг прафс. аб’яднанняў.
Гаспадарка. Гватэмала — адсталая агр. краіна з эканомікай, моцна залежнай ад замежнага капіталу. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае 25% валавога нац. прадукту, прам-сці — 20, абслуговых галін — 55%. Асн. спецыялізацыя эканомікі — вытв-сць экспартных трапічных с.-г. культур. Апрацоўваецца 12% тэр. краіны, столькі ж зямлі пад лугамі і пашамі. Для сельскай гаспадаркі характэрна спалучэнне буйных плантацый з мноствам дробных паўнатуральных сял. гаспадарак. Каля паловы сялян арандатары. Плантацыйныя культуры (кава, цукр. трыснёг, бананы, бавоўна) займаюць каля ⅓ пасяўной плошчы, даюць больш за 50% валавой і экспартнай прадукцыі. Важнейшая таварная і экспартная культура — кава, штогадовы яе збор 120—200 тыс.т (6-е месца ў свеце). Гал. раёны вырошчвання — ціхаакіянскі схіл і цэнтр.ч. нагор’я. На ўзбярэжжы Ціхага ак. вырошчваюць цукр. трыснёг, бананы (штогадовы збор 0,6—1 млн.т) і бавоўну. Экспартнае значэнне маюць манільская пянька (валакно тэкстыльнага банана), сізаль, кардамон, кенаф, тытунь, кунжут, цытрусавыя і авакада, эфірныя расліны. Асн.харч. культуры сял. гаспадарак — кукуруза, фасоля, пшаніца, рыс, бульба, розныя віды гародніны. Жывёлагадоўля мяснога кірунку, у асн. Экстэнсіўная. Гадуюць пераважна буйн. раг. жывёлу (каля 2,5 млн. галоў) і свіней (каля 1 млн. галоў), на высакагорных пашах нагор’я — авечак. Нарыхтоўка каштоўных парод дрэва і лясныя промыслы, збор лекавых раслін. З марскіх промыслаў найб. развіта лоўля крэветак у прыбярэжных водах Карыбскага м. (на экспарт). Прам-сць развіта слаба. Адна з асноўных яе галін — горназдабыўная. Штогод здабываюць каля 100 тыс.т нафты, 1,4 тыс.т свінцу, 1,3 тыс.т цынку, у невял. колькасцях золата, серабро, азбест, серу. Каля воз. Ісабаль здабываюць латэрыты, якія маюць у сабе нікель. Там жа горнаабагачальны камбінат. Вытв-сць электраэнергіі 847,6 млн.кВт∙гадз (1992) на невялікіх ГЭС і ЦЭС. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена пераважна прадпрыемствамі лёгкай і харч. галін (у т. л. каваапрацоўчыя і цукр. з-ды), якія вырабляюць харч. тавары, тэкстыль, абутак, тытунёвыя вырабы, паперу, запалкі і інш. Пераважаюць дробныя, паўсаматужныя прадпрыемствы. З новых галін прам-сці нафтаперапрацоўка (у г. Матыяс-дэ-Гальвес на ўсх. узбярэжжы), вытв-сць гальванізаванай сталі, бытавых прылад, зборка тэлевізараў і фотаапаратуры. Асн.прамысл. цэнтры — гарады Гватэмала і Кесальтэнанга. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 26,4 тыс.км, у т. л. 2,9 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 11,4 тыс.км гравійных. Праз Гватэмалу праходзіць Панамерыканская шаша. Чыгункі вузкакалейныя, даўж. 1019 км. Гал. з іх звязвае сталіцу з партамі на ўзбярэжжах, а адгалінаванні — з Мексікай і Сальвадорам. Знешнія сувязі пераважна марскім шляхам. Гал. порт — Пуэрта-Барыле на ўзбярэжжы Карыбскага м. Парты на Ціхім ак. Сан-Хасэ і Чамперыка маюць меншае значэнне. Гватэмала экспартуе каву (26% па кошце), цукар, бананы, мяса, бавоўну, драўніну, крэветкі, гародніну і інш.; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва. Гал.гандл. партнёры — ЗША (36% экспарту, 40% імпарту), Германія, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — кетсаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАРА́ГУА (Nicaragua),
Рэспубліка Нікарагуа (República de Nicaragua), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На Пн мяжуе з Гандурасам, на Пд — з Коста-Рыкай, на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 129,5 тыс.км². Нас. 4717,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца, гал.прамысл. і трансп. цэнтр — г.Манагуа. Падзяляецца на 15 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987 з папраўкамі 1995. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея (93 дэпутаты), якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які ствараецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр. частка — нагор’е з крышт. і метамарфічных парод (выш. да 2438 м). У зах.ч. нагор’я — тэктанічная ўпадзіна з азёрамі Нікарагуа і Манагуа. Уздоўж упадзіны — ланцуг вулканаў, некаторыя з іх актыўныя. Горныя і перадгорныя раёны церпяць ад вывяржэнняў вулканаў і землетрасенняў. На У шырокая алювіяльная нізіна — Маскітавы бераг (займае палавіну краіны). Невялікія раўнінныя ўчасткі на зах. узбярэжжы. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, вальфраму, свінцу, цынку, нафты, прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны (на У), субэкватарыяльны (на З). Т-ра паветра круглы год каля 25—28 °C. Ападкаў на У 2000—6500 мм за год, на З — каля 1000—1500 мм (сухі перыяд май — лістапад). Бываюць трапічныя ўраганы (самы разбуральны адзначаны ў 1998). Рэкі мнагаводныя, найб. Рыо-Грандэ-дэ-Матагальпа і Сан-Хуан. Пад лесам і хмызнякамі 27% тэр. На У трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З лістападныя лясы і хмызнякі. Для жывёльнага свету характэрны малпы, тапіры, мурашкаеды, пекары. Шмат грызуноў, кажаноў, птушак. Нац. паркі — Волькан-Масая, Саслая; рэзерват Апанас.
Насельніцтва. Больш за 90% складаюць нікарагуанцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Па расавым складзе пераважаюць метысы, ёсць мулаты, групы еўрап. і афр. паходжання. Індзейцаў 5%. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін. Сярод вернікаў католікаў 95%, пратэстантаў 5%. Сярэднегадавы прырост каля 2,8%. Сярэдняя шчыльн. 36,4 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на 3, дзе шчыльн. перавышае 100 чал. на 1 км². У гарадах 63% насельніцтва. Найб. горад Манагуа — 1124 тыс.ж. з прыгарадамі (1998). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Леон, Матагальпа, Гранада. У сельскай гаспадарцы заняты 31% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 54%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Н. насялялі індзейскія плямёны маскіта (міскіта), чаратэгі, нікарао (адсюль назва краіны) і інш. Ў 6—10 ст. сюды з Мексікі прыйшлі плямёны тальтэкаў, потым ацтэкаў. 16.9.1502 узбярэжжа Н. адкрыў Х.Калумб. У 1522 краіну пачалі заваёўваць іспанцы. Яны ў 1524 заснавалі тут гарады Леон (першая сталіца Н.) і Гранада, уключылі землі Н. ў склад аўдзьенсіі (адм.-суд. адзінка) Санта-Дамінга (1523). потым аўдзьенсіі Панама (1539), генерал-капітанства Гватэмала (1573). У ходзе ісп. каланізацыі б.ч. індзейцаў Н. асімілявана ці знішчана, ацалелі пераважна маскіта, што жылі на Карыбскім узбярэжжы, названым ад іх Маскітавым берагам. Ён у 1678 — сярэдзіне 19 ст. быў брыт. пратэктаратам. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Н. далучана да Мекс. імперыі (1822), потым да федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі (1823). З крас. 1838 самаст. рэспубліка. У 1-й пал. 19 ст. тут склаліся паліт. партыі лібералаў (асн. падтрымка — г. Леон) і кансерватараў (цэнтр уплыву — г. Гранада), якія і надалей сапернічалі за ўладу. З 1850 краіна стала аб’ектам эканам., паліт. і ваен. экспансіі ЗША. З 1858 сталіца Н. — г. Манагуа. У 1867—93 уладу ўзначальвалі кансерватары. Ліберальны ўрад прэзідэнта Х.С.Селая (1893—1909) увёў усеагульнае выбарчае права, грамадз. шлюб, аддзяліў царкву ад дзяржавы. садзейнічаў развіццю нар. адукацыі, пашырыў чыг.буд-ва, намагаўся абмежаваць пранікненне ў эканоміку Н. амер. капіталу. У 1912—25 і 1926—33 краіна акупіравана атрадамі марской пяхоты ЗША Іх вываду садзейнічала ўзмацненне нац.-вызв. руху, які з 1927 узначальваў А.С.Сандзіна. Пасля яго забойства (люты 1934) і дзярж. перавароту 1936 у краіне пачала ўсталёўвацца праамер. дыктатура сям’і Самоса.
Пры прэзідэнце А.Самосе Гарсія (1936—47, 1950—56) Н. абвясціла вайну Германіі, Італіі і Японіі (снеж. 1941), устанавіла дыпламат. адносіны з СССР (1944); пасля 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ва ўзбр. інтэрвенцыі ў Коста-Рыцы (1948) і Гватэмале (1954). Унутры краіны разгортваліся рэпрэсіі супраць апазіц. сіл (з 1945), якія працягваліся пры прэзідэнтах Л.Самосе Дэбайле (1957—63) і А.Самосе Дэбайле (1967—72, 1974—79; абодва сыны Самосы Гарсія). Пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 у Н. актывізаваліся апазіц. сілы, якія стварылі Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ; 1961), разгарнулі партыз. вайну супраць Нац. гвардыі — гал. апоры дыктатуры Самосы, што ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979 прывяло да падзення дыктатуры. Быў створаны дэмакр. ўрад Нац. адраджэння. 4.11.1984 адбыліся першыя ў Н. свабодныя ўсеагульныя выбары. Прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам рэспублікі сталі кандыдаты СФНВ Д.Артэга Сааведра і С.Рамірэс. З 1981 спынена эканам. дапамога з боку ЗША, у Н. з тэр. Гандураса пачаліся ўварванні ўзбр. атрадаў контрас (б. вайскоўцы Нац. гвардыі). Ва ўмовах цяжкага эканам. крызісу, выкліканага грамадз. вайной (спынена ў сак. 1988), на прэзідэнцкіх выбарах у лют. 1990 перамог кандыдат ад Апазіц.нац. саюза (блок з 14 антысандзінісцкіх партый) В.Барыяс дэ Чамора. У 1990 распушчаны атрады контрас, ЗША спынілі гандл. эмбарга, але эканам. цяжкасці ў Н. захаваліся. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 перамог кандыдат ад Ліберальнага альянсу А.Алеман Лакаё, які ўзяў курс на дасягненне ў краіне нац. згоды.
Н. — чл.ААН (з 1945, адна з дзяржаў-заснавальніц), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Арг-цыі цэнтр.-амер. дзяржаў (з 1951), Цэнтр.-амер. агульнага рынку (з 1960), Лац.-амер.эканам. сістэмы (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1994.
Паліт. партыі: Ліберальны альянс (складаецца з Ліберальна-канстытуцыяналістычнай, Неаліберальнай партый і партыі Ліберальнага адзінства) — кіруючая, Сандзінісцкі фронт нац. вызвалення, Незалежная ліберальная партыя, Нікарагуанская сацыяліст. партыя, С.-д. партыя, Нац. партыя, Кансерватыўная партыя Н. і інш.Прафс. аб’яднанні: Асацыяцыя працоўных сельскай гаспадаркі, Усеагульная канфедэрацыя працы (незалежная), Канфедэрацыя прафс.адзінства, Прафцэнтр нікарагуанскіх працоўных, Нац. фронт працоўных.
Гаспадарка Н. — аграрная краіна з экспартным кірункам сельскай гаспадаркі і слаба развітой прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны (спынена ў 1988) і разбуральнага ўрагану 1998. Валавы ўнутр. прадукт у 1998—11,6 млрд.дол. (каля 2,5 тыс.дол. на 1 чал.). 32% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 24% — у прам-сці, 44% — у абслуговых галінах. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны. Выкарыстоўваецца каля 7,2 млн.га, у т. л. 1,3 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 5,9 млн.га пад пашай. Каля 100 тыс.га пасяўных зямель арашаецца. Экспартныя культуры (збор тыс.т, 1998): кава — 50, бавоўна — 120, цукр. трыснёг, кунжут, какава, бананы. Асн. раён земляробства на З краіны, кава на вышыні 500—1000 м, бавоўна на раўнінных участках. На свае патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1998): кукурузу — 310, рыс — 210, фасолю, маніёк, сорга, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (пераважна цытрусавыя). Асн. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы і свіней. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1700, свіней — 420, свойскай птушкі — 7900. Рыбалоўства, промысел крэветак. Лесанарыхтоўкі (чырвонае дрэва, кедр, кебрача, каўчуканосы). Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў звязана з перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Горназдабыўная прам-сць дае менш за 1% кошту прамысл. прадукцыі. Вядзецца невял. здабыча золата, серабра, кухоннай солі, медных і цынкавых руд. У 1996 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49% на ЦЭС, 21% на ГЭС. Працуюць геатэрмальныя электрастанцыі і інш. На долю харч. прам-сці прыпадае 75% прамысл. вытв-сці. Пераважаюць невялікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, цукровыя, мукамольныя, хлебапякарныя, алейныя, кансервавыя, па выпуску піва, алкагольных і безалкагольных напіткаў, малочныя з-ды, мясакамбінаты і інш.Тэкст. ф-кі ў гарадах Манагуа, Леон, Дыр’ямба, цэм.з-д у г. Сан-Рафаэльдэль-Сур, нафтаперапр.з-д у Манагуа, металаапр. прадпрыемствы ў Тыпітапе. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, хім., тытунёвай, мэблевай, запалкавай прам-сці. Шырока развіта паўсаматужная і саматужная вытв-сць вырабаў з керамікі, дрэва, скуры, металаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Краіну перасякае з Пн на Пд Панамерыканская шаша. Аўтадарог 16,4 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1,8 тыс.км, унутр. водных шляхоў 2,2 тыс.км, у т. л. па азёрах Нікарагуа і Манагуа, чыгунак 0,4 тыс.км. У краіне 13 аэрапортаў з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. Знешнегандл. сувязі пераважна праз порт Карынта. У 1997 экспарт склаў 704 млн.дол., імпарт — 1,45 млрд.дол. У экспарце пераважаюць кава, бавоўна, морапрадукты, мяса, цукар, бананы, у імпарце — прамысл. вырабы і паліва. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Германія, Канада.
Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Знешні доўг больш за 12 млрд.дол. Грашовая адзінка — кордаба.
Літ.:
Лещинер Р.Е. Никарагуа. М., 1965;
Горнов М.Ф., Смирнова Н.Ю. Никарагуа: возрожденная земля Сандино М., 1986;
Строев А.П. Никарагуанские очерки: По пути соц.-экон. возрождения. М., 1989. Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Нікарагуа.Да арт.Нікарагуа. Ландшафт на захадзе краіны, каля г. Леон.Да арт.Нікарагуа. Новы кафедральны сабор у Манагуа.Нікарагуа. Горад Манагуа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫБУ́ЦІ (Djibouti),
Рэспубліка Джыбуці (Republique de Djibouti), дзяржава на ПнУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Эрытрэяй, на З і Пд з Эфіопіяй, на ПдУ з Самалі. На У абмываецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам і Адэнскім зал. Індыйскага ак. Падзяляецца на 5 акруг. Пл. 22 тыс.км². Нас. 557 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Джыбуці. Афіц. мова — арабская і французская.
Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 чэрв).
Дзяржаўны лад. Дж. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы орган — аднапалатны Нац. сход (65 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Для рэльефу характэрна чаргаванне горных масіваў з патухлымі вулканамі і нізкіх лававых плато. Цэнтр.ч. краіны займаюць камяністыя, пясчаныя або гліністыя раўніны. На ПнУ адгор’і хр. Данакіль (г. Муса-Алі, 2022 м). У глыбокай тэктанічнай упадзіне воз. Асаль (на 153 м ніжэй узр. м.). Клімат трапічны, сухі і гарачы. Сярэднямесячныя т-ры 27—35 °C. Ападкаў 45—130 мм за год. Пастаянных рэк няма. Расліннасць пустынная і паўпустынная. Нац. паркі Дай, Маскалі-Мусша, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва Рэспубліку насяляюць 2 народы, якія размаўляюць на мовах кушыцкай групы семіта-хаміцкай сям’і: іса (блізкія да самалійцаў, 50%) і афары (40%). Жывуць таксама самалійцы, арабы, выхадцы з Еўропы (французы, грэкі, італьянцы) і інш. 94% вернікаў мусульмане. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,3 чал. на 1 км². 82% яго пражывае ў гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы і на ПдУ, у т. л. больш за палавіну ў г. Джыбуці. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць качэўнікі і паўкачэўнікі.
Гісторыя. У 1880-я г.тэр. п-ва Самалі падзелена паміж Англіяй і Францыяй. Калонія Франц. Самалі ў 1946 атрымала статус «заморскай тэр. Францыі», у 1956 — частковую аўтаномію. У ходзе рэферэндуму 1967 большасць насельніцтва выказалася за аўтаномію ў рамках Франц. Рэспублікі і краіна з чэрв. 1967 стала афіцыйна наз.Франц.тэр. афараў і іса. У 1970-я г. ў краіне і за мяжой узнік моцны незалежніцкі рух сярод іса, дыскрымінаваных французамі на карысць афараў. У 1972 створана Афр.нар. ліга (з 1975 Афр.нар. ліга за незалежнасць). У эміграцыі дзейнічалі вызв. партыі, у т. л. тыя, што выступалі за аб’яднанне з Самалі ці Эфіопіяй.
8.5.1977 абвешчана незалежная дзяржава пад назвай Рэспубліка Джыбуці; ролю канстытуцыі ў краіне выконвалі «арганічныя законы». Унутрыпаліт. напружанасць у 1990—92 выклікала сутыкненні кланава-племянных інтарэсаў афараў і іса. Афарская апазіцыя стварыла Фронт за аднаўленне адзінства і дэмакратыі, разгарнула антыўрадавыя ўзбр. выступленні. У чэрв. 1992 гэты Фронт разам з інш. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, у т. л. і прадстаўнікамі інтарэсаў іса, утварылі Аб’яднаны фронт апазіцыі. 4.9.1992 на рэферэндуме ўпершыню прынята канстытуцыя. У маі 1993 прэзідэнтам краіны выбраны Х.Гулед Апцідон. Дж. — чл.ААН з 1977. Паліт. партыі — Нар. аб’яднанне за прагрэс (правячая), Партыя дэмакр. абнаўлення, Нац.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Дж. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на душу насельніцтва каля 300 долараў. Гасп. дзейнасць абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Доля ў валавым унутр. прадукце: транспарту і сферы паслуг — каля 85%, прам-сці — каля 10%, сельскай гаспадаркі — каля 4%. Найб. развіта абслугоўванне трансп. аперацый праз порт Джыбуці, дзе канчаецца чыгунка і аўтадарога, якія злучаюць Эфіопію з узбярэжжам. 3/4 грузаабароту порта — транзітныя грузы, праз яго праходзіць каля палавіны знешняга гандлю Эфіопіі. Даўж. чыгункі 106 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 283 км. Каля г. Джыбуці міжнар. аэрапорт. Прам-сць прадстаўлена невял. паўсаматужнымі прадпрыемствамі па вытв-сці харч. прадуктаў, скураных вырабаў, буд. матэрыялаў, мех. і швейнымі майстэрнямі. Ёсць некалькі невял. электрастанцый, з-дмінер. вод, малаказавод, камбікормавы з-д, тэкст. прадпрыемствы. Суднарамонт і буд-ва невял. суднаў. Лоўля рыбы і крабаў, збор жэмчугу і перламутру, каралаў, губак. Здабыча кухоннай солі з марской вады, вапняку, перліту. Саматужныя промыслы: ювелірны (вырабы з серабра, упрыгожаныя жэмчугам, перламутрам, караламі), гарбарны (вырабы з ціснёнай скуры — сёдлы, збруя, бурдзюкі і інш.). Гал. крыніца існавання сельскага насельніцтва — качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс.гал.): авечак і коз каля 1000, вярблюдаў каля 40, буйн. раг. жывёлы каля 50. Пад пашай каля 12% тэрыторыі. Выкарыстоўваюцца таксама сезонныя пашы па-за межамі краіны, пераважна ў Эфіопіі. Для земляробства прыдатныя толькі 7 тыс.га зямель у аазісах. Вырошчваюць фінікавую пальму, каву, агародніну. Дж. экспартуе жывёлу і скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Імпарт перавышае экспарт у 10 разоў. Асн.гандл. партнёры: Францыя (57% экспарту, 26% імпарту), Йемен, Саудаўская Аравія. Краіна атрымлівае штогадовую дапамогу ад міжнар. арг-цый і Францыі. Грашовая адзінка — джыбуційскі франк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТРУКТЫВІ́ЗМ (ад лац. constructio пабудова),
кірунак у еўрап. авангардным мастацтве і архітэктуры 1920—30-х г., заснаваны на сцвярджэнні адзінстваэстэт. вартасці і сац. функцыянальнасці твора, атаясамліванні яго вобразнай сістэмы, структуры і будовы (канструкцыі). Асн. канцэпцыі К.: стварэнне «мастацтва для ўсяго народа», уключэнне ў яго фактараў часу і прасторы для дасягнення «сінтэзу пластычных мастацтваў»; «канструяванне» навакольнага асяроддзя, якое актыўна накіроўвае жыццёвыя працэсы; асэнсаванне формаўтваральных магчымасцей новай тэхнікі, яе лагічных, мэтазгодных канструкцый, эстэт. якасцей металу, дрэва, шкла, прастаты і падкрэсленай утылітарнасці новых прадметных форм.
Узнік у 1920 у сав. авангардным мастацтве («Рэалістычны маніфест» Н.Габа і А.Пеўзнера). Існавалі 2 плыні К.: прыхільнікі «чыстага мастацтва» (Габа, Пеўзнер, К.Малевіч, В.Кандзінскі), што адхілялі падпарадкаванне утылітарнасці, даследавалі чыстыя форму і колер, сцвярджалі «Рытмічную дынаміку» як аснову мастацтва, і прыхільнікі «вытворчага мастацтва», ці «прадуктывісты» (У.Татлін, А.Родчанка, Эль Лісіцкі), якія адхілялі чыстае мастацтва як маскіроўку чалавечай бездапаможнасці, лічылі, што мастацтва павінна фарміраваць новы сучасны лад жыцця, аддавалі прыярытэт адзінству мастацтва і тэхнікі. У пошуку сувязі паміж мастацтвам і прам-сцю вял. ролю адыгралі мастачкі Л.Папова і В.Сцяпанава. у канструктывісцкай графіцы — Лісіцкі. У тэатр. і кінамастацтве К. праявіўся пераважна ў маст. афармленні: да пастановак А.Таірава, У.Меерхольда, С.Эйзенштэйна замест традыц. дэкарацый ствараліся падпарадкаваныя мэтам сцэн. дзеяння «станкі» для работы акцёраў, апранутых у рабочую вопратку (работы Паловай, А.Весніна і інш.). У музыцы ўзнік у пач. 20 ст. ў Францыі, пераважна ў творчасці кампазітараў «Шасцёркі». Асн. прынцып К. як «мастацтва паўсядзённасці» выкладзены яе літ. натхняльнікам Ж.Както ў яго зб. «Певень і арлекін» (1918). У Расіі адна з найб. яркіх фігур, звязаных з эстэтыкай К., — А.Масалоў. Яго сімф. эпізод «Завод. Музыка машын» з балета «Сталь» (1928, незак.) — сімвал канструктывісцкіх памкненняў у музыцы і ўзор засяроджання муз. тэхнікі новага тыпу, народжанай ідэямі К. Ярка выяўленыя рысы К. маюць таксама хор «Дваццаць чацвёрты год» Масалова, опера «Лёд і сталь» У.Дзешавова, балет «Стальны скок» С.Пракоф’ева, 2-я сімф. «Кастрычніку» Дз.Шастаковіча, «Жалобная ода» А.Крэйна, «Пасіфік 231» для сімф.арк. А.Анегера і інш. У сав. л-ры як самастойная, пераважна паэтычная плынь К. быў абвешчаны К.Зялінскім, І.Сельвінскім і А.Чычэрыным у 1923 (маніфест у зб-ках «Мена ўсіх», 1924, «Дзяржплан літаратуры», 1925, «Бізнес», 1929). Асн.эстэт. прынцыпы літ. К.: у прозе — арыентацыя на «канструкцыю матэрыялаў» замест інтуітыўна знойдзенага стылю, мантаж ці кінематаграфічнасць; у паэзіі — засваенне прыёмаў прозы, асобных пластоў лексікі (прафес. мова, жаргоны і інш.) адмаўленне ад «слоты лірычных эмоцый», імкненне да фабульнасці, эпічных жанраў. У 1924—30 існаваў Літ. цэнтр канструктывістаў (Сельвінскі, Зялінскі, Б.Агапаў, А.Квяткоўскі і інш.). Выдаваліся канструктывісцкія час. «ЛЕФ», «Вещь», «Современная архитектура».
На практыцы К. найб. пашырыўся ў архітэктуры, што абумоўлена патрэбай стварэння новых тыпаў будынкаў, зменамі ў тэхніцы буд-ва; быў блізкі да функцыяналізму. Гал. прынцыпы: макс. мэтазгоднасць планіровачных і канстр. вырашэнняў, дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню, эканамічнасць буд-ва. Маст. выразнасць выяўлялася праз лаканізм форм. Будынкам характэрны геаметрычнасць аб’ёмаў, кантраст глухіх паверхняў сцен з вял. плошчамі зашклення, плоскія дахі, гарыз. вокны, адкрытыя апоры ў ніжніх паверхах, закругленыя вуглы і інш. У сярэдзіне 1920-х г. К. быў асн. творчым кірункам; распрацаваны т.зв.функцыян. метад праектавання, новыя прыёмы планіроўкі населеных месцаў, тыпы грамадскіх будынкаў (рабочыя клубы, дамы саветаў, фабрыкі-кухні і інш.). Сярод архітэктараў-канструктывістаў: браты Весніны, М.Гінзбург, І.Голасаў (гл.Голасавы), К.Мельнікаў і інш.
У краінах Зах. Еўропы К. праявіўся ў дзейнасці групы «Дэ Стыль» (Галандыя), «Баўгауза», творчасці Г.Рыхтэра (Германія), Т. ван Дусбурга, Л.Мохай-Надзя (Венгрыя) і інш На Беларусі рысы К. выявіліся ў пач. 1920-х г. у Віцебску ў праграме аб’яднання Сцвярджальнікі новага мастацтва, у архітэктуры Мінска — будынкі клуба харчавікоў (арх. А.Бураў) і Дзяржбанка (арх. Г.Гальц, М.Паруснікаў, абодва 1929, не захаваліся), комплексу БДУ (1928—31, арх. І.Запарожац, Г.Лаўроў, часткова перабудаваны), Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Лаўроў, пры кансультацыі А.Весніна), гідраметэаралагічнай абсерваторыі (1934, арх. І.Валадзько), а таксама Дома культуры ў Бабруйску (1927—30, арх. А.Оль), дома-камуны ў Гомелі (1931, інж. С.Шабунеўскі), клуба металістаў у Віцебску (1932, арх. А.Васільеў) і інш.
Літ.:
Гинзбург М.Я. Стиль и эпоха: Пробл. современной архитектуры. М., 1924;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Хазанова В.Э. Советская архитектура первых лет Октября, 1917—1925 гг.М., 1970;
Воинов А.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 2. 2 изд. Мн., 1987;
Да арт.Канструктывізм. Праект будынка аддзялення газеты «Ленинградская правда» ў Маскве. Арх. Весніны. 1924 (злева). Будынак гідраметэаралагічнай абсерваторыі ў Мінску. Арх. І.Валадзько. 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́Ц,
манументальны парадны будынак з вял. колькасцю разнастайных памяшканняў. У першапачатковым значэнні — жыллё знаці, месца афіц. прыёмаў.
У стараж.-ўсх., антычных, феад. дзяржавах П. складалі цэлыя комплексы з жылых, культавых і дапаможных памяшканняў (Рамесеум у Стараж. Егіпце, 13 ст. да н.э.; П. Дыяклетыяна ў Спліце, Харватыя, канец 3 — пач. 4 ст.; Альгамбра каля Гранады ў Іспаніі; П.Тайхэдзянь у Пекіне, 1697). У сярэдневяковай Еўропе П. феадалаў былі замкі. У эпоху Адраджэння ў Італіі сфарміраваўся новы тып П.-асабняка — палацца. У 16—18 ст., у эпоху абсалютызму, ствараліся вял. П. (Луўр у Парыжы, Эскарыял каля Мадрыда, П. Келуш каля Лісабона) і палацава-паркавыя ансамблі (Версаль каля Парыжа). У 17—18 ст. каля Масквы пабудаваны Каломенскі П., П. ў Архангельскім, Астанкіне, Кускове, у 18—19 ст. шэраг выдатных П. у Пецярбургу (Зімні палац, Таўрычаскі палац) і яго прыгарадах (Петрадварэц, Паўлаўск).
У 14—16 ст. на Беларусі мураваныя П. будавалі ўнутры замкаў, іх архітэктура мела рысы готыкі і рэнесансу (Гродзенскі Стары замак, Мірскі замкава-паркавы комплекс). Палацава-паркавым пабудовам 16—17 ст. характэрна спалучэнне рыс абарончага і грамадз. дойлідства (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 18 ст. склаўся тып развітага барочнага палацава-паркавага ансамбля, якому ўласцівы маштабнасць, паўадкрытыя парадныя двары, рэгулярныя паркі з вадаёмамі і малымі арх. формамі, шэраг службова-гасп. пабудоў (Гродзенскі палац Тызенгаўза, П. у в. Ганута Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.). У іх буд-ве ўдзельнічалі арх. І.К.Глаўбіц, М.Д.Пёпельман, Дж.Сака, К.Спампані і інш. П. канца 18 ст. маюць рысы стылю ракако (П. Дзятлаўскай сядзібы, Чацвярцінскіх у Гродне) ці пераходныя да стылю класіцызму (Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Дзярэчынскі палац). У дэкоры выкарыстоўвалі ордэрную пластыку, арнаментальную і геральдычную лепку. Пераважала сім. восевая анфіладная планіроўка, у якой вылучаліся парадныя памяшканні — вестыбюль з лесвіцай, цэнтрычная зала (круглая ці квадратная, часта перакрытая купалам). У канцы 18—1-й пал. 19 ст.маст.-стылявое вырашэнне П. грунтавалася на прынцыпах стылю класіцызму (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль). У планіроўцы пераважала калідорная сістэма з цэнтр. групай парадных памяшканняў. Палацава-паркавыя ансамблі найчасцей мелі пейзажную арг-цыю навакольнага асяроддзя (гл.Садова-паркавае мастацтва). У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. стылявое адзінства ў палацавым буд-ве парушана. Пашырыліся П. накшталт сярэдневяковых замкаў (Косаўскі палац, П. у б. маёнтку Дзевяткавічы пад Слонімам, Гродзенская вобл.), рэнесансавыя (Лынтупская сядзіба), у стылі неакласіцызму (П. у Жамыслаўскай сядзібе, у б. маёнтку Обрын, Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.), несапраўднай готыкі (у б. фальварку Над-Нёман каля в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобл.) і інш.
У 16 — пач. 20 ст. на Беларусі П. будавалі пераважна з дрэва. Драўляныя звычайна 1- ці 2-павярховыя П. канца 16—1-й пал. 17 ст. мелі рысы стылю рэнесансу. Фасады аздаблялі аркаднымі галерэямі, дахі з вежамі, купаламі, каванымі метал. пазалочанымі флюгерамі мелі складаную форму (П. ў вёсках Лоск Валожынскага р-на Мінскай вобл., Беліца Лідскага і Дзяляцічы Навагрудскага р-наў Гродзенскай вобл.). Замкавыя П. (у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. і інш.) мелі абарончыя прыстасаванні ў выглядзе абломаў. Пакоі аздаблялі скуранымі або палатнянымі размаляванымі шпалерамі, грубкі і каміны — узорыстай кафляй. Дзверы ўпрыгожвалі разьбой, часам інтарсіяй. У 2-й пал. 17—18 ст. драўляныя барочныя П. з флігелямі-крыламі нярэдка ўтваралі замкнёны парадны двор — курданёр (П у в. Дудзічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.). Многія П. былі значнымі па памерах манум. збудаваннямі з мезанінамі, складанымі яруснымі або ламанымі дахамі. У канцы 18—19 ст. некат. буйныя П. будаваліся пад уплывам класіцызму (у в. Лунін Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл., у г. Паставы Віцебскай вобл., Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс), у пач. 20 ст. — стыляў мадэрн, неабарока.
Пасля 1917 былыя П. магнатаў прыстасоўваліся пад грамадскія ўстановы. Узніклі новыя тыпы П. — агульнадаступныя будынкі грамадскага прызначэння: П. культуры, спорту (гл. ў арт.Спартыўныя збудаванні), мастацтва, шлюбу і інш. Да сярэдзіны 1950-х г. аблічча П. фарміравалася на аснове класічнай спадчыны (П. культуры Белсаўпрофа, цяпер Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў), пазней пашырылася тыпавое палацавае буд-ва. Асаблівасць сучасных П. — сінтэз архітэктуры і выяўл. мастацтва. Яны маюць адну ці некалькі залаў, фае, кулуары, майстэрні і пакоі для заняткаў гурткоў, чытальні і інш. (П. дзяцей і моладзі на беразе Камсамольскага возера ў парку Перамогі ў Мінску, 1986, арх. В.Бялянкін, Т.Розава, І.Селівончык і інш.).
Літ.:
Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.
А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Палац Келуш каля Лісабона. Арх. М.В. ды Алівейра. 1747—52.Палац у вёсцы Ганута Смаргонскага раёна Гродзенскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1870-я г.Палац каля г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобл. Сярэдзіна 19 ст.Палац дзяцей і моладзі ў Мінску. 1986.
галіна літаратуразнаўства, якая даследуе сувязі паміж літаратурамі ўвогуле або літаратурнымі фактамі ў прыватнасці: гісторыю, тэорыю, праблемы, кантэкст іх пашырэння ў межах сусв. і нац.літаратурных працэсаў.
Метадам параўнальнага вывучэння пры даследаванні фалькл. матэрыялу карысталіся ням. філолагі бр. Грым, рус. вучоныя А.М.Афанасьеў, Ф.І.Буслаеў (гл.Міфалагічная школа), а таксама А.М.Весялоўскі, які пісаў пра т.зв. «сустрэчныя асяроддзі», у т. л. пра ўзаемасувязі бел. фальклору з фальклорам інш. народаў. Асновы П.-г. л. — у працах франц. даследчыкаў Ф.Бальданспержэ і П. ван Тыгема. У сав.літ.-знаўстве на этапе дыскурсіўнага вывучэння л-ры, адзначанага эклектычнымі і вульгарна-сацыялаг. тэндэнцыямі, важную ролю адыгралі бібліягр. паказальнікі, якія фіксавалі пераклады з інш. л-р і адзначалі публікацыі, прысвечаныя замежным пісьменнікам. Праблемы гісторыка-тэарэт. характару былі ў цэнтры ўвагі даследчыкаў 1950—70-х г. (В.М.Жырмунскі, М.І.Конрад). Комплекснае вывучэнне л-ры садзейнічала з’яўленню прац абагульненага тэарэт. характару. У развіцці л-р П.Н.Беркаў вылучыў 2 строга не размежаваныя этапы: існаванне л-ры ў асноўным для свайго народа (вырашэнне нац. задач, распрацоўка ўласных традыцый) і ўваходжанне яе ў сусв. л-ру (аддае ёй створаныя эстэт. каштоўнасці і застаецца па-ранейшаму л-рай свайго народа). Пра гэта пісаў і М.Багдановіч ў арт. «За тры гады» (1913) і інш. Некат. з’явы нац.літ. працэсу маюць апераджальны характар у адносінах да асэнсавання гэтых з’яў у л-рах вядучых краін, якія і выводзяць гэтыя паняцці «ў свет». Новы этап развіцця параўнальнага вывучэння л-р звязаны з паяўленнем канцэптуальна новых падыходаў: канцэпцыі М.М.Бахціна, працы структуралістаў (Р.Барт, Ю.Крысцева), дэканструктывістаў (Ж.Дэрыда). Дасягненні П.-г. л. ў 20 ст. звязаны з разуменнем адзінства сацыякульт. развіцця чалавецтва, сусв. характару падзей, а ў апошняй чвэрці — з прызнаннем глабальнасці шэрагу праблем, перад якімі яно паўстала, паколькі л-ра адлюстроўвае гэтыя праблемы ў сканцэнтраваным маст. выглядзе.
Асн. задача П.-г. л. — выяўленне агульнага і адрознага паміж асобнымі літ. фактамі, што, з аднаго боку, дазваляе вызначыць агульначалавечае, «вечнае» ў асаблівым, з другога, бачыць у сусветным нац., канкрэтна-гіст., спецыфічна адметнае. Вылучаюць некалькі відаў літ. узаемасувязей: кантактныя, тыпалагічныя, генетычныя або параўнальна-гіст. (факты, што ўзніклі на аснове адной гіст. з’явы незалежна адзін ад аднаго). Кантактныя ўзаемасувязі зарадзіліся ў старажытнасці. Яны прадстаўлены творамі, якія перакладаліся з інш. моў на царкоўнаславянскую, перапісваліся і пераносіліся на бел. землі, у іх пераймаліся сюжэты, матывы, вобразы з замежных помнікаў (спадчына Клімента Смаляціча, Кірылы Тураўскага, мітрапаліта Іларыёна, Ф.Скарыны і інш.), творамі, на якія ўплывалі вядомыя ў інш. л-рах відавыя і жанравыя формы (апокрыфы, воінская аповесць і інш.). Найб. шырока кантактныя сувязі прадстаўлены прыкладамі асабістых кантактаў з прадстаўнікамі інш. культур (Кіпрыян, Грыгорый Цамблак, ірл. графы О’Руркі на Беларусі, асабістае знаёмства выхадцаў з Беларусі з Эразмам Ратэрдамскім і інш.). З развіццём сусв. і нац.літ. працэсаў кантактныя ўзаемасувязі актывізуюцца, паглыбляюцца, іх каардынаты (парадыгматыка і сінтагматыка) надзвычай шматстайныя. Тыпалагічныя ўзаемасувязі скіраваны да вывучэння літ. эпох (напр., тыпалагічнае падабенства стараж. л-ры «маладых» зах.-еўрап. народнасцей да стараж.бел. л-ры ў часы сярэдневякоўя); літ. кірункаў, плыняў, школ (тыпалагічнае падабенства зах.-еўрап. класіцызму, сентыменталізму, рамантызму, рэалізму, натуралізму, сімвалізму, імпрэсіянізму да аналагічных з’яў у бел. л-ры); родаў, відаў, жанраў (тыпалагічнае падабенства ў нар.-эпічнай л-ры, напр., франц. гераічны эпас «Песня пра Раланда» і слав. «Слова пра паход Ігаравы», л-ра розных народаў, у т. л.дакумент., пра 1-ю і 2-ю сусв. войны); асобных сюжэтаў, матываў, вобразаў («знакі папярэджання» ў «Песні пра Раланда» і ў «Слове пра паход Ігаравы», матывы дэгераізацыі вайны ў творах А.Барбюса, Э.М.Рэмарка, М.Гарэцкага і інш.); вобразна-выяўл. сродкаў (паўторы і інш. ў фальклоры розных народаў). Літ. факты пры пераходзе ў нац. л-ру з інш. краіны або эпохі падпадаюць пад працэсы інтэрпрэтацыі «нац. адаптацыі», чужыя элементы замяняюцца сваімі, індывідуальна-аўтарскімі, нац., адпаведнымі духу часу (напр., бел. ананімная «Энеіда навыварат» — пародыя на «Энеіду» Вергілія).
Літ.:
Неупокоева И.Г. История всемирной литературы: Пробл. систем. и сравнит. анализа. М., 1976;
Дима А. Принципы сравнительного литературоведения: Пер. с рум.М., 1977;
Берков П.Н. Проблемы исторического развития литератур. Л., 1981;
Садружнасць літаратур. Мн., 1968;
Старонкі літаратурных сувязей. Мн., 1970;
Каваленка В.А. Вытокі. Уплывы. Паскоранасць: Развіццё бел.літ. XIX—XX стст. Мн., 1975;
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 40-я — першая палавіна 60-х гг.Мн., 1985;
Брунэль П., Пішуа К., Русо А.-М. Што такое параўнальнае літаратуразнаўства?: Пер. з фр.Мн., 1996;
Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн., 1998;
Адамовіч Г.Я. З крыніц сусветнай літаратуры. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СЫчалавека
(франц. гасе ад італьян. razza парода),
біялагічныя падраздзяленні адзінага віду сучаснага чалавека (Homo sapiens), якія склаліся гістарычна на пэўных тэрыторыях (арэалах) і характарызуюцца сукупнасцю пэўных спадчынных прыкмет будовы цела. Чалавечыя Р. не маюць тэндэнцыі да відаўтварэння і не з’яўляюцца ступенямі эвалюцыі. Паміж Р. не існуе жыццёва важных марфал., фізіял., псіхічных адрозненняў; неабмежаванае змешванне чалавечых Р. сведчыць пра адзінства іх паходжання і прыналежнасць да адзінага віду. Расавыя асаблівасці не ўплываюць на развіццё грамадства. Расавы склад народаў — вынік гіст. развіцця.
Першыя спробы класіфікацыі Р. адносяцца да 17—18 ст. (Г.Лейбніц, К.Ліней, Ж.Бюфон, І.Кант, Ж.Кюўе і інш). Шырокае прызнанне атрымала класіфікацыя франц, вучонага Ж.Дэнікера (1889), якая лягла ў аснову большасці сучасных сістэм. Значны ўклад у распрацоўку класіфікацыі Р. сав. антраполагаў (В.В.Бунак, Г.Ф.Дэбец, М.М.Чабаксараў, А.І.Ярхо і інш.). У сучаснай антрапалогіі існуюць 2 кірункі ў класіфікацыі чалавечых Р. — тыпалагічны і папуляцыйны. Паводле першага рабілася спроба вызначыць «расавую прыналежнасць» кожнага індывіда, што часта немагчыма, бо расавыя прыкметы наследуюцца не комплексам, а незалежна адна ад адной і часта значна вар’іруюць нават у малой групе насельніцтва, звязанай кроўнай роднасцю; падобныя прыкметы могуць узнікаць самастойна і нават ад дзеяння розных генаў. У 2-й пал. 20 ст. найбольшае прызнанне ў класіфікацыі Р. атрымаў папуляцыйны кірунак, які ўлічвае, што характарыстыка Р. заснавана на стат. крытэрыях, сярэдніх велічынях прыкмет і іх працэнтным размеркаванні, гэта асабліва важна пры вызначэнні Р. 2-га парадку, якія адрозніваюцца паміж сабой па 2—3 прыкметах. Папуляцыяністы вывучаюць адрозненні паміж групамі людзей, звязаных шлюбнымі сувязямі, па характары спадчыннасці вонкава падобных прыкмет (колер скуры і інш.), размеркаванні груп крыві і інш. Пры выяўленні роднасці Р. усё большае значэнне надаецца прыкметам з устаноўленай формай спадчыннасці. Пры гэтым, аднак, улічваецца, што канцэнтрацыя гэтых прыкмет можа значна зменьвацца пад уплывам адбору і т.зв. геннага дрэйфу, г.зн. выпадковай страты або назапашвання генаў у малых ізаляваных папуляцыях. Неабмежаванае змешванне Р. дае магчымасць прадбачыць, што ў будучым Р. перастануць існаваць, а фіз. адрозненні паміж людзьмі набудуць індывідуальны характар.
Чалавецтва падзяляецца на 3 вял. Р. 1-га парадку: аўстрала-негроідную (экватарыяльную), якая ўключае аўстралоідную, ведоідную, меланезійскую, негрскую, бушменскую Р. 2-га парадку (гл.Негроідная раса); еўрапеоідную (еўразійскую), якая ўключае атланта-балтыйскую, беламорска-балтыйскую, сярэднееўрапейскую, індаміжземнаморскую, балкана-каўказскую Р. 2-га парадку (гл.Еўрапеоідная раса); мангалоідную (азіяцка-амерыканскую), якая ўключае паўночна-азіяцкую, арктычную (эскімоскую), далёкаўсходнюю, паўднёваазіяцкую, амерыканоідную Р. 2-га парадку (гл.Мангалоідная раса). Становішча некат. груп, фізічны тып якіх не ўкладваецца ў гэты падзел, дыскусійнае. Аўстралійцы формаю валасоў падобны да еўрапеоіднай Р., іншымі прыкметамі — да экватарыяльнай (гл.Аўстралоідная раса). Айны фізічнымі прыкметамі больш падобны да еўрапейцаў, а паходжаннем бліжэй да аўстралійцаў. Гатэнтоты і бушмены падобныя да мангалоідаў жоўтым колерам скуры, інш. прыкметамі — да экватарыяльнай Р. Амер. індзейцы некат. прыкметамі набліжаюцца да еўрапеоіднай Р., іншымі яны бліжэйшыя да мангалоідаў (гл.Амерыканоідная раса). Складаным з’яўляецца пытанне пра паходжанне палінезійцаў, у якіх выяўляецца падабенства да ўсіх трох вял. Р. Ёсць меркаванне, што яны ўтварыліся ад расавых змяшэнняў. Прамежкавае становішча займаюць эфіопская (паміж еўрапеоіднай і аўстрала-негроіднай Р.), паўднёваіндыйская (паміж ведоіднай і індаміжземнаморскай Р.), уральская (паміж беламорска-балтыйскай і паўночнаазіяцкай), паўднёва-сібірская (паміж мангалоіднай і еўрапеоіднай) Р. Нейтральнае становішча займае курыльская Р.
Паводле даследаванняў Р.Я.Дзянісавай, В.В.Бунака і В.Дз.Дзячэнкі на тэр. Беларусі вылучаны 2 антрапал. тыпы. Беларусы паўн.-зах., паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў маюць сярэдні рост, светлы колер скуры, вачэй і валасоў, сярэднешырокі нізкі твар з прамой або ўвагнутай спінкай носа, сярэднегустой барадой і належаць да беламорска-балтыйскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р. Беларусы Палесся маюць больш цёмны колер вачэй і валасоў, больш прамую спінку носа і належаць да сярэднееўрапейскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р.
Фарміраванне сучасных Р., магчыма, адбылося ў эпоху позняга палеаліту, калі ўжо можна прасачыць прадстаўнікоў асн. Р.: еўрапеоідам адпавядаюць краманьёнцы, аўстрала-негроіднай Р. — познапалеалітычнае насельніцтва Паўд. і Цэнтр. Афрыкі і Інданезіі, мангалоідам — стараж. насельніцтва Сібіры і Кітая. У канцы позняга палеаліту і ў мезаліце з Пд і У людзі засялілі вобласць Паўн. Еўразіі, што суправаджалася змяшэннем прадстаўнікоў еўрапеоіднай і мангалоіднай Р. і ўтварэннем прамежкавых тыпаў. У познім палеаліце засяляецца Аўстралія з Паўд.-Усх. Азіі і Амерыка з Паўн. Азіі праз вобласць Берынгава праліва. І пазней на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва адбываюцца пастаянныя міграцыі насельніцтва. Найб. з іх, т.зв. Вялікае перасяленне народаў, адбылося на мяжы н.э. з Цэнтр. Азіі праз Зах. Сібір, Казахстан, Сярэднюю Азію ў стэпы Прычарнамор’я. З 10 ст. нарманы праніклі ў Грэнландыю і Паўн. Амерыку, з 16 ст. іспанцы, партугальцы, пазней галандцы і англічане засялялі Амерыку, рускія — Сібір, галандцы і англічане каланізавалі Паўд. Афрыку. У 19 ст. ўзмацнілася эміграцыя з розных краін Еўропы ў Амерыку, англічане каланізавалі Аўстралію і Новую Зеландыю, кітайцы і японцы рассяліліся на астравах Ціхага акіяна.
Літ.:
Тегако Л.И. Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМБА́БВЕ (Zimbabwe),
Рэспубліка Зімбабве (Republic of Zimbabwe), краіна ва ўнутранай частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Замбіяй, на У з Мазамбікам, на Пд з Паўд.-Афр. рэспублікай (ПАР), на З з Батсванай. Пл. 390,8 тыс.км². Нас. 10,7 млн.чал. (1993). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Харарэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (18 красавіка).
Дзяржаўны лад. З. — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1980, мадыфікаваная ў 1990. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 6 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатная Палата сходу, тэрмін дзейнасці якой 6 гадоў (120 дэпутатаў выбіраюцца насельніцтвам, 12 членаў палаты назначаюцца прэзідэнтам; у склад парламента ўваходзяць таксама 10 плем. правадыроў і 8 губернатараў правінцый). Выканаўчая ўлада належыць ураду, створанаму прэзідэнтам.
Прырода. Большую частку тэр. краіны займае плато Матабеле, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Пераважаюць выш. 1000—1500 м. Плато акаймавана і часткова расчлянёна краявымі хрыбтамі Умвукве (на Пн), Матопа (на ПдЗ), Іньянга (на У) з найвыш. пунктам г. Іньянгані (2596 м). Карысныя выкапні. медныя, хромавыя, літыевыя, жал., алавяныя руды, золата, кам. вугаль, азбест і інш. Клімат пераходны ад экватарыяльна-мусоннага (на Пн) да трапічнага пасатнага (на Пд). У сувязі з узвышаным рэльефам тэрыторыі клімат мае рысы горнага з выражанай сезоннасцю. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (кастр.) 21—23 °C (максімум да 40 °C), самага халоднага (ліп.) 10—17 °C. Ападкаў ад 350 мм (на ПдЗ) да 1000—1200 мм (усх. схілы гор Іньянга). Асн. колькасць ападкаў з ліст. да сакавіка. Большасць рэк малаводныя і адносяцца да басейнаў Замбезі (на Пн), Лімпопа (на Пд), Сабі (на У). У сярэднім цячэнні р. Замбезі — буйное вадасх. Карыба. Пераважаюць саванны і саваннавыя лясы на карычневых глебах, на Пд — участкі сухіх стэпаў. Агульная плошча разрэджаных лясоў каля 23,8 млн.га. Ёсць штучныя пасадкі эўкаліптаў. У жывёльным свеце прадстаўлены сланы, насарогі, ільвы, леапарды, кракадзілы, бегемоты, жырафы, антылопы і інш. У краіне больш за 10 запаведнікаў і нац. паркаў, самыя вял. Уанкі, Вікторыя-Фолс.
Насельніцтва. Пераважаюць 2 афр. народы з моўнай групы паўд.-ўсх. банту: шона (77%) і матабеле (17%). Шона насяляюць пераважна ўсх. і цэнтр. раёны, матабеле — паўд.-заходнія. Жывуць таксама тонга, венда, педы, тсвана (на Пд), малаві (на ПнУ), бушмены (на крайнім З). Англічан, афрыканераў і выхадцаў з Індыі разам каля З%. Сярод веруючых пераважаюць хрысціяне — 58% (17% — пратэстанты, 14 — прыхільнікі афр. цэркваў, 12% — католікі). Астатняе насельніцтва прытрымліваецца мясц.традыц. культаў. Есць невял. групы мусульман і іудаістаў. Сярэднегадавы прырост каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 27,5 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены цэнтр. раёны краіны. У гарадах жыве 31% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1992, тыс.ж.): Харарэ — 1184, Булавайо — 621, Чытунгвіза — 274, Мутарэ — 132, Гверу — 125. У сельскай і лясной гаспадарцы занята 34% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 21%.
Гісторыя. Пасяленні чалавека на тэр. З. вядомы з палеаліту. Верагодна, у 4—1-м тыс. да н.э. сюды прыйшлі бушмены. З 8 ст. пачаўся наплыў бантумоўных народаў, якія выцеснілі бушменаў на Пд і стварылі ў 10 ст. моцную дзяржаву Вял. З., што падтрымлівала гандл. сувязі з народамі Аравійскага п-ва, узбярэжжа Інд.ак. і Кітаем. З 15 ст. ў складзе дзяржавы Манаматапа, якая дасягнула росквіту ў 15—16 ст. і распалася ў 1693 у выніку нападу племя розві. У 18 ст. розві стварылі моцную дзяржаву і працягвалі традыцыі Вял. З., будавалі каменныя гарады. З 1837 на тэр. З. сталі перасяляцца плямёны матабеле на чале з Маселекатсе, што заваяваў зах.ч. краіны і стварыў тут дзяржаву са сталіцай у Булавайо. З сярэдзіны 19 ст. пачалося брыт. пранікненне ў З. (дзейнасць англ. горназдабыўных т-ваў С.Родса). Захоп у 1890 усёй тэр. краіны, названай пазней разам з Замбіяй — Радэзіяй (ад імя Родса), брыт.паўд.-афр кампаніяй і прыток брыт. каланістаў выклікалі паўстанні афр. насельніцтва (1893, 1896—97), задушаныя калан. ўладамі. У 1923 брыт. ўрад атрымаў ад кампаніі паўд.ч. яе ўладанняў як аўт. калонію Паўд. Радэзія. У 1934 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр.нац. кангрэс Паўд. Радэзіі (АНК). У 1953—63 Паўд. Радэзія ў складзе Федэрацыі Радэзіі і Ньясаленда, дзе яна займала прывілеяванае паліт. і эканам. становішча. У 1953—58 ва ўладзе ўмерана правая Аб’яднаная партыя Радэзіі, у 1958—62 — Аб’яднаная федэральная партыя, якія абвясцілі лозунг партнёрства, але праводзілі палітыку дыскрымінацыі афр. насельніцтва.
У 1959 АНК забаронены, замест яго ў 1960 створана Нац.-дэмакр. партыя (НДП). У 1961 прынята новая канстытуцыя, паводле якой афр. насельніцтва атрымала некат. правы. У 1962 адбыліся хваляванні афр.гар. насельніцтва, паліт. барацьбу ўзначаліў Саюз афр. народа З. (ЗАПУ), створаны замест забароненай НДП. У 1962 да ўлады прыйшоў крайне правы Радэзійскі фронт, які імкнуўся да ліквідацыі афр.вызв. руху. У выніку расколу ў ЗАПУ у 1963 створаны Афр.нац. саюз З. (ЗАНУ). Пасля распаду Федэрацыі (1963) Паўд. Радэзія (пад назвай Радэзія) стала асобнай брыт. калоніяй з шырокай унутр. аўтаноміяй. Яе прэм’ер-міністр Я.Д.Сміт (з 1964) пасля безвыніковых перагавораў з Вялікабрытаніяй (1964—65) у аднабаковым парадку абвясціў у ліст. 1965 незалежнасць Радэзіі, якую афіцыйна не прызнала ні адна дзяржава свету і асудзілі ААН і Арг-цыяафр.адзінства (ААА). Нягледзячы на міжнар.паліт. і эканам. санкцыі, Радэзія пры падтрымцы ПАР і Партугаліі развівала сваю эканоміку. З 1967 пачаліся ўзбр. дзеянні ЗАПУ, якія падтрымліваў Афр.нац. кангрэс з тэр. ПАР. На рэферэндуме ў 1969 прынята новая канстытуцыя. Пасля падзення дыктатуры ў Партугаліі (1974) быў створаны аб’яднаны фронт вызв. руху пад кіраўніцтвам епіскапа А.Т.Музарэвы, які пачаў перагаворы з урадам. У 1976 ЗАНУ і ЗАПУ заключылі пагадненне аб стварэнні Патрыят. фронту З. (ПФЗ), які падтрымалі ААА і кааліцыя прыфрантавых дзяржаў Паўд. Афрыкі. У выніку перагавораў урада Радэзіі з па-згодніцку настроенымі афр. лідэрамі ў 1978 створаны часовы ўрад (члены Выканаўчага савета Сміт, Музарэва, Н.Сітоле, Дж.Чыраў). Прынятая новая канстытуцыя фармальна забараняла расавую дыскрымінацыю. Пасля парламенцкіх выбараў 1979 створаны ўрад на чале з Музарэвам, але Савет Бяспекі ААН не прызнаў законнасці гэтых дзеянняў. На новых выбарах 1980 перамагла партыя ЗАНУ, яе лідэр Р.Г.Мугабе ўзначаліў урад, у які ўвайшоў і лідэр ЗАПУ Дж.Нкома. 18.4.1980 абвешчана незалежная Рэспубліка З. ў складзе брыт. Садружнасці.
Яна стала членам ААН і ААА. Але ідэалаг. і плем. разыходжанні паміж ЗАНУ і ЗАПУ прывялі ў 1982 да адкрытага канфлікту, урадавая кааліцыя распалася, Нкома быў выдалены з урада. На ПдЗ пачалася ўзбр. супрацьурадавая партыз. барацьба. У выніку пагаднення 1987 пра аб’яднанне ЗАНУ і ЗАПУ (1-ы сакратар і старшыня Мугабе, які адначасова стаў прэзідэнтам, Нкома ўвайшоў у склад урада) пачалася ўнутр. нармалізацыя, змякчэнне паліт. і плем. канфліктаў. Абвяшчэнне Мугабе праграмы сацыяліст.буд-ва, рост эканам. цяжкасцей выклікалі рост апазіцыі. У 1989 узнік апазіц. Рух адзінства З.На прэзідэнцкіх выбарах 1990 перамог Мугабе, Нкома заняў пасаду віцэ-прэзідэнта. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Гаспадарка. З. — аграрна-індустрыяльная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Штогадовы даход на 1 чалавека каля 650 дол. ЗША. Прам-сць дае каля 36% валавога нац. прадукту, сельская гаспадарка — каля 15, абслуговыя галіны — каля 50%. Найб. развіта гарнарудная галіна, якая дае каля ⅓ часткі выпуску прамысл. прадукцыі па кошце. У З. здабываюць 40 відаў карысных выкапняў: золата (каля 18—20 т штогод), азбест (каля 150 тыс.т), графіт (каля 20 тыс.т), руды нікелю (12—15 тыс.т металу), хрому (каля 0,5 млн.т вокісу хрому), медзі (каля 20 тыс.т), літыю (каля 20 тыс.т), а таксама фасфарыты, баксіты, пірыты, руды берылію, сурмы, кобальту, танталу і ніобію, цынку, жалеза, серабра, плаціны, каменны вугаль. 90% электраэнергіі краіна атрымлівае з ГЭС Карыба на р. Замбезі (належыць З. і Замбіі). Буйная ЦЭЦ у г. Булавайо, якая выкарыстоўвае каменны вугаль, цэнтр здабычы г. Хванге. Частка электраэнергіі імпартуецца з ПАР і Замбіі. Развіты каляровая металургія (атрыманне медзі, хрому, нікелю, золата, літыю і інш., гал. цэнтры Харарэ, Квекве, Гверу), вытв-сць сталі і сплаваў (Харарэ, Квекве), машын і механізмаў для горнай прам-сці, чыг. вагонаў, перапрацоўка тытуню, гарбарна-абутковая і тэкст.прам-сць, дыванаткацтва. Ёсць прадпрыемствы па зборцы аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталей, вытв-сці хім. прадуктаў (у т. л. штучных угнаенняў, аміяку, бензолу), цэменту, харч. прадуктаў (у т. л. цукру), вырабаў цэлюлозна-папяровай, дрэваапр. і мэблевай прам-сці, жалезабетону, шкла і інш.буд. матэрыялаў, керамікі, шын і гумава-тэхн. вырабаў. У г. Мутарэ нафтаперапр.з-д, які атрымлівае нафту па нафтаправодзе з порта Бейра (Мазамбік). Асн.прамысл. цэнтры краіны — Харарэ і Булавайо з прыгарадамі. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — сельская гаспадарка. Апрацоўваецца 2,7 млн.га. Вылучаюцца 2 сектары: афрыканскі (дробныя паўнатуральныя гаспадаркі памерам да 2—3 га) і еўрапейскі (каля 4 тыс. гаспадарак сярэднім памерам каля 1 тыс.га). У афр. сектары на ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, арахіс, проса, сорга, батат, маніёк, бабовыя, агародніну. На плантацыях вырошчваюць экспартныя культуры — тытунь (каля 50% пасяўных плошчаў, збор 150—200 тыс.т штогод), бавоўну (каля 250 тыс.т) і цукр. трыснёг (каля 4 млн.т), а таксама пшаніцу, кукурузу, чай, каву. Жывёлагадоўля развіта пераважна ў цэнтры і на Пд краіны. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 6 млн. галоў), свіней, авечак, коз. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўнай драўніны (больш за 8 млн.м³ штогод). Пераважае чыг. і аўтамаб. транспарт. Даўж. чыгунак 2,8 тыс.км, аўтадарог 85 тыс.км, у т. л. каля 20 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. З. экспартуе тытунь (19% па кошце), золата (14%), каляровыя металы, сталь і ферасплавы, бавоўну, цукар і інш.; імпартуе машыны і трансп. сродкі (37% па кошце), паліва, хім. прадукты, прамысл. вырабы. Замежны турызм (каля 300 тыс.чал. штогод). Гал. гандлёвыя партнёры Вялікабрытанія, Германія, ПАР, Японія, ЗША, Батсвана. Грашовая адзінка — зімбабвійскі долар.
Літ.:
Асоян Б.Р. Зимбабве. М., 1983;
Краснопевцева Т.И. Зимбабве: Прошлое и настоящее. М., 1988.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).
Герб і сцяг Зімбабве.Да арт.Зімбабве. Фрагмент абарончай сцяны з поясам фігурнай муроўкі.Да арт.Зімбабве. Прамысловая зона ў г. Харарэ.Да арт.Зімбабве. Сучасная разьба па косці.Да арт.Зімбабве. Сучасная вёска.