МУДЖАХІ́ДЫ, муджахіддзіны,

маджахеды (араб. тыя, хто вядзе джыхад). У новы і найноўшы час назва членаў шэрагу рухаў і арг-цый у мусульм. краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. Найб. вядомыя іранскія і афганскія М. Іранскія М. — удзельнікі канстытуцыйнага руху ў час Іранскай рэвалюцыі 1905—11, у найноўшы час — чл. Арг-цыі свяшчэнных воінаў ісламу (муджахіддзінаў). Іх ідэалогія ўяўляла сабой сумесь ідэй шыізму і марксізму; барацьбу супраць класавага прыгнёту яны разглядалі як джыхад. З 1971 вялі партыз. барацьбу супраць рэжыму шаха Мухамеда Рэза Пехлеві, пасля перамогі Іранскай рэвалюцыі 1978—79 былі адной з гал. паліт. сіл Ірана. Насуперак Р.Хамейні яны адхілялі прэтэнзіі шыіцкага духавенства на ўладу, выступалі за паліт. плюралізм. У 1981—85 падвергліся рэпрэсіям, у выніку б.ч. іх арг-цый у Іране спыніла існаванне. Афганскія М. — агульная назва чл. арг-цый, якія з 1978 вялі барацьбу супраць улады Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА), з 1979 і сав. войск. У 1985 арг-цыі, якія аб’ядноўвалі пераважна мусульман-сунітаў, стварылі «сяміпартыйны саюз». Найб. значныя з іх Ісламская партыя Афганістана на чале з Г.Хекмаціярам і Ісламская супольнасць Афганістана на чале з Б.Рабані. Прадстаўнікі мусульман-шыітаў аб’ядналіся ў «васьміпартыйны саюз», на базе якога ў 1990 створана Партыя ісламскага адзінства Афганістана на чале з А.Мазары. Пасля падзення ў крас. 1992 рэжыму НДПА пачалася барацьба за ўладу паміж рознымі групоўкамі М., у якой найб. поспехаў дасягнуў рух «Талібан», які ў 1994—99 усталяваў кантроль над б.ч. тэр. Афганістана.

У.С.Кошалеў.

т. 11, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)