амід вугальнай к-ты (NH2)2CO; канчатковы прадукт бялковага абмену ў большасці пазваночных жывёл і чалавека. Біясінтэз М. адбываецца ў печані (гл.Арніцінавы цыкл). З арганізма выводзіцца з мачой. М. адкрыта ў 1773 франц. хімікам І.Руэлем. Яе хім. састаў устанавіў у 1824 англ. хімік У.Праўт; сінтэзаваў у 1828 Ф.Вёлер.
Бясколернае крышт. рэчыва. Не мае паху, tпл 132,7 °C, шчыльн. 1330 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, вадкім аміяку. Хімічна актыўнае злучэнне: утварае клатраты [напр., з пераксідам вадароду CO(NH2)2∙H2O2]; узаемадзейнічае са спіртамі. карбонавымі к-тамі і іх ангідрыдамі, з двухасноўнымі к-тамі (гл.Барбітуравая кіслата), анілінам, гідразінам і інш.арган. рэчывамі. Лёгка кандэнсуецца з фармальдэгідам (гл.Амінаальдэгідныя смолы). У прам-сці атрымліваюць з аміяку і дыаксіду вугляроду пры т-ры 180—230 °C пад ціскам (12—25 МПа). Выкарыстоўваюць для атрымання мачавіна-фармальдэгідных смол, фарбавальнікаў, снатворных сродкаў (веранал, люмінал і інш.), для дэпарафінізацыі нафты, у сельскай гаспадарцы як канцэнтраванае азотнае ўгнаенне (мае 46 % азоту) пад розныя с.-г. культуры на любых глебах, а таксама як заменнік пратэіну ў кармах для жвачных жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДЖАНЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы, якія развіваюцца ўнутрывантробна і праяўляюцца ў дзіцяці адразу або ў хуткім часе пасля нараджэння. Падзяляюцца на спадчынныя хваробы і няспадчынныя.
Прычына няспадчынных П.х. — ужыванне пры цяжарнасці некат. лекаў, кантакт з хім. рэчывамі, дзеянне іанізавальнага выпрамянення, непаўнацэннае харчаванне, захворванні (напр., цукровы дыябет) і інш. Значную ч. П.х. складаюць прыроджаныя заганы развіцця. Вял. групу П.х., звязаных з мутацыямі генаў, складаюць парушэнні абмену рэчываў (напр., непераноснасць лактозы, альбінізм) — прыроджаныя энзімапатыі (адсутнасць або недастатковая актыўнасць якога-н. ферменту). Да П х. належаць таксама мультыфактарыяльныя хваробы (напр., прыроджаны вывіх бядра), у паходжанні якіх адыгрываюць вял. ролю генет. парушэнні і фактары навакольнага асяроддзя. Да найб. небяспечных інфекц. П.х. адносяць сіфіліс, лістэрыёз, туберкулёз. Прафілактыка П.х.: медыка-генет. кансультаванне сям’і, папярэджанне дзеяння шкодных фактараў на арганізм цяжарнай жанчыны і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірург., дыетатэрапія.
На Беларусі прыроджаная і спадчынная паталогія — асн. прычына захваральнасці і смяротнасці ў дзіцячым узросце (у 1995—2000 больш за 2 тыс. нованароджаных памерлі ад П.х.); штогод больш за 800 дзяцей з прыроджанымі заганамі развіцця прызнаюцца інвалідамі.
Літ.:
Тератология человека: Руководство для врачей. 2 изд. М., 1991;
Врожденные и приобретенные энзимопатии: Пер. с болг. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М РАСЛІ́Н,
працэс водаабмену паміж раслінамі і навакольным асяроддзем, неабходны для падтрымання іх жыццядзейнасці; частка агульнага абмену рэчываў. Вызначаецца і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з генетычна замацаванымі асаблівасцямі ўнутр. будовы і функцыямі раслін (анатама-марфал. структура, відавая і сартавая спецыфіка фізіял. функцый) і знешнімі экалагічнымі ўмовамі (вільготнасць і т-ра глебы і паветра, рэльеф, уласцівасці глебы і інш.). Складаецца з паслядоўных і цесна звязаных працэсаў паступлення вады ў карані раслін з глебы, падымання яе па каранях і сцёблах у лісце і інш. органы, выпарэння лішняй вады лісцем у атмасферу (транспірацыі). Паступленне, перамяшчэнне і выпарэнне вады ў раслінным арганізме складаюць яго водны баланс (суадносіны паміж колькасцю вады, якую расліна атрымлівае і якую траціць за адзін прамежак часу). У розныя гадзіны сутак, а таксама перыяды вегетацыі гэтыя суадносіны неаднолькавыя. Нястача і лішак вады адмоўна адбіваюцца на росце і развіцці раслін. Нармальны стан вышэйшых раслін характарызуецца наяўнасцю невял. воднага дэфіцыту (5—6% ад поўнай вільгаценасычанасці клетак), якому адпавядае найб. высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Паводле ўмоў увільгатнення (напр., воднага рэжыму глебы) і прыстасаванняў да яго вылучаюць экалагічныя групы раслін: гідрафіты, гіграфіты, мезафіты, ксерафіты, сукуленты. Водны рэжым раслін уплывае на біял. прадукцыйнасць, колькасць і якасць ураджаю с.-г. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗКАСЦЬ, унутранае трэнне,
уласцівасць газаў, вадкасцей і цвёрдых цел супраціўляцца іх цячэнню (для цвёрдых цел — развіццю астаткавых дэфармацый) пад уздзеяннем вонкавых сіл. Характарызуе сілавое ўзаемадзеянне (інтэнсіўнасць перадачы імпульсу) паміж слаямі вадкасці (газу) пры любых цячэннях. Звязана са структурай рэчыва і адлюстроўвае фіз.-хім. змены ў рэчывах пры тэхнал. працэсах. Гелій мае асаблівыя вязкасныя ўласцівасці — звышцякучасць.
Вязкасць газаў абумоўлена цеплавым рухам малекул (вынік пастаяннага абмену малекуламі паміж слаямі і таму для надзвычай разрэджаных газаў паняцце вязкасці страчвае сэнс), вадкасцей — міжмалекулярным узаемадзеяннем. Пры ламінарным цячэнні вязкіх вадкасцей і газаў (закон І.Ньютана; 1687) датычная сіла трэння, што выклікае зрух слаёў вадкасцей (газаў) адносна адзін аднаго, прапарцыянальная градыенту скорасці ў напрамку, перпендыкулярным слою, што разглядаецца, і плошчы слоя, пры якім адбываецца зрух; каэфіцыент прапарцыянальнасці наз. дынамічнай вязкасцю η (характарызуе інтэнсіўнасць ператварэння работы знешніх сіл у цеплыню). Кінематычная вязкасць , дзе ρ — шчыльнасць вадкасці (газу). У цвёрдых целах вязкасць характарызуе ўласцівасць неабарачальна паглынаць мех. энергію пры пластычных дэфармацыях; вызначаецца адносінамі работы дэфармацыі да папярочнага сячэння (або аб’ёму) узору. Гл. таксама Рэалогія.
Да арт.Вязкасць: F — датычная сіла, прыкладзеная да рухомай пласціны B, што рухаецца з пастаяннай скорасцю V0; V(Z) — залежнасць скорасці слоя вадкасці (газу) ад яго адлегласці Z ад нерухомай пласціны A.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАБАЛІ́ЗМ (ад грэч. katabolē скіданне, разбурэнне),
дысіміляцыя, сукупнасць хім. працэсаў у жывым арганізме, якія забяспечваюць раскладанне ў ім уласных і тых, што паступілі з ежай (кормам), складаных арган. рэчываў на больш простыя. Непарыўна звязаны з анабалізмам і абменам энергіі ў арганізме. Суправаджаецца паступовым вызваленнем назапашанай у хім. сувязях буйных малекул энергіі, якая выкарыстоўваецца ў арганізме на сінтэз новых арган. злучэнняў, забеспячэнне працэсаў жыццядзейнасці (скарачэнне мышцаў, правядзенне нерв. імпульсаў, падтрыманне т-ры пела, асматычнага ціску і інш.) або назапашваецца ў форме багатых энергіяй фасфатных сувязей, пераважна адэназінфосфарнай кіслаты (гл.Акісленне біялагічнае). Цэнтр. месца ў К. займаюць гліколіз, браджэнне і працэс дыхання. Асн. канчатковыя яго прадукты — вуглякіслы газ, вада, аміяк, мачавіна, малочная кіслата. Як правіла, К. забяспечваецца спецыфічным наборам ферментаў. Шэраг прамежкавых прадуктаў, якія пры гэтым утвараюцца (напр. ацэтылкаэнзім А), звязваюць К. і анабалізм у адзінае цэлае, абумоўліваюць іх узаемазалежнасць і ўзаемаабумоўленасць. У высокаарганізаваных арганізмаў у рэгуляцыі К. акрамя ферментаў удзельнічаюць гармоны і інш. біялагічна актыўныя злучэнні, нерв. сістэма (гл.Нейрагумаральная рэгуляцыя). Паталагічнае павышэнне ўзроўню К. выяўляецца схудненнем, дыстрафіяй і інш. знешнімі прыкметамі і станам арганізма. Многія прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, здольныя павышаць ці паніжаць інтэнсіўнасць К., выкарыстоўваюць як лек. сродкі ў тэрапіі хвароб абмену рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ ХРОМАДЫНА́МІКА,
квантавая калібровачная тэорыя ўзаемадзеяння кваркаў і глюонаў шляхам абмену паміж імі глюонамі; частка стандартнай мадэлі, якая ўключае эл.-магн., слабое і моцнае ўзаемадзеянне («адказвае» за моцнае ўзаемадзеянне паміж кваркамі ў адронах і паміж адронамі). Пры гэтым кваркі маюць 3 колеры, а глюоны — 8.
Узнікла ў пач. 1970-х г. на аснове ўяўленняў аб колеры кваркаў, партоннай мадэлі няпругкіх узаемадзеянняў (гл.Партоны) і апарата неабелевых калібровачных палёў. У адрозненне ад фатонаў глюоны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, адкуль вынікае, што эфектыўная канстанта сувязі на малых адлегласцях імкнецца да нуля (асімптатычная свабода), а на вял. адлегласцях узрастае (магчымасць канфайнменту — запірання кваркаў і глюонаў унутры адронаў і іх адсутнасці ў свабодным стане). Кваркі і выпрамененыя імі глюоны па-за межамі вобласці канфайнменту пераўтвараюцца ў струмені адронаў, што з’яўляецца эксперым. доказам існавання глюонаў. К.х. апісвае шырокі клас працэсаў узаемадзеяння з удзелам адронаў і ядраў пры высокіх і нізкіх энергіях, якія вядуць да такіх з’яў, як, напр., множныя працэсы нараджэння часціц, кварк-глюонная плазма, вял. лакальныя флуктуацыі множнасці.
Літ.:
Бабичев Л.Ф., Кувшинов В.И., Федоров Ф.И. Квантовая хромодинамика в матричном формализме уравнений первого порядка // Докл.АНСССР. 1981. Т. 259, №1;
Индурайн Ф. Квантовая хромодинамика: Пер. с англ.М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІНІ́ЧНАЯ БІЯХІ́МІЯ,
раздзел біялагічнай хіміі, які разглядае асаблівасці абмену рэчываў у хворым арганізме; частка лабараторна-клінічнай дыягностыкі. Вывучае парушэнні біяхім. працэсаў, уплыў лячэбных мерапрыемстваў на іх працяканне, распрацоўвае метады выяўлення біяхім. змен у мэтах дыягностыкі і прагназіравання захворванняў; выкарыстоўвае дасягненні агульнай і мед. біяхіміі, генетыкі, фізіялогіі, фармакалогіі і інш. У адпаведнасці з раздзеламі клінічнай медыцыны вылучаюць тэрапеўтычную, хірургічную, акушэрска-гінекалагічную, псіхіятрычную і інш. галіны К.б. (асобная К.6.). Метады біяхім. даследаванняў: абсарбцыйная фотаметрыя, іонаметрыя, флюараметрыя, імунаферментны аналіз і інш.
Асновы К.б. закладзены ў 17 ст. працамі Р.Бойля, у 18—19 ст. — А.Л.Лавуазье, М.В.Ламаносава і інш. У 1875 А.П.Барадзін прапанаваў спосаб вызначэння азоту ў мачы, у канцы 19 ст. А.Я.Данілеўскі выкарыстаў метад выбіральнай адсорбцыі (раздзялення) трыпсіну.
На Беларусі К.б. развіваецца з 1920-х г. пры клініках мед. ф-та БДУ, з 1930 на кафедрах агульнай і шпітальнай тэрапіі, шпітальнай хірургіі, скурна-венерычных, дзіцячых хвароб Мінскага мед. ін-та. У 1956 выдадзена манаграфія «Клінічная біяхімія» М.Ф.Меражынскага, у 1957 — «Біяхімія траўмы» Л.С.Чаркасавай, у 1970 створана кафедра клінічнай лабараторнай дыягностыкі Ін-та ўдасканалення ўрачоў, з 1993 працуе Рэсп. цэнтр клінічнай лабараторнай дыягностыкі.
Літ.:
Мережинский М.Ф., Черкасова Л.С. Основы клинической биохимии. Мн., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОСМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад осмас + лат. regulo накіроўваю),
сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. асяроддзі арганізма жывёл. Уласціва большасці жывёл. Існуюць 2 крайнія тыпы рэакцыі на асматычны стрэс. Пойкіласматычныя жывёлы асматычна лабільныя, асматычная канцэнтрацыя вадкасцей іх цела залежыць ад асяроддзя. Гамойасматычныя жывёлы асматычна стабільныя, пры змене навакольнага асяроддзя асматычны ціск іх унутр. вадкасцей застаецца адносна пастаянным. Адрозніваюць таксама гіперасматычных жывёл (прэснаводныя жывёлы, марскія храстковыя рыбы), якія падтрымліваюць больш высокую канцэнтрацыю асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. вадкасцях, чым у навакольным асяроддзі, і гіпаасматычных жывёл (марскія касцістыя рыбы, марскія паўзуны і некат. ракападобныя), што маюць ніжэйшую за асяроддзе канцэнтрацыю рэчываў. У млекакормячых асн. орган О. — ныркі, здольныя выдзяляць гіпатанічную мачу пры лішку вады і асматычна канцэнтраваную — пры яе недахопе. Прыстасаванне сістэм О. да ўмоў арыднай зоны ўключае шэраг механізмаў — павелічэнне канцэнтрацыйнай здольнасці нырак, што дазваляе абыходзіцца без пітной вады (кенгуровы пацук), павелічэнне трываласці да абязводжвання (асёл), выкарыстанне мачавой к-ты як канчатковага прадукту азоцістага абмену (паўзуны, птушкі), наяўнасць насавых залоз, якія выдзяляюць соль (некат. яшчаркі) і інш. У О. прымаюць удзел гіпаталамус, гіпофіз, наднырачнікі, шчытападобная і падстраўнікавая залозы, а таксама сенсорныя органы і рухальныя сістэмы. Эвалюцыя О. спрыяла асваенню разнастайных умоў існавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫ БЕ́РАГ КРЫ́МА,
вузкая берагавая паласа паўд.ч.Крымскага паўвострава ад мыса Айя на З да масіву Карадаг на У, ва Украіне; найб. цёплы ўчастак Крымскага ўзбярэжжа; папулярная курортная зона. Даўж. каля 150 км, шыр. 2—8 км. Паверхня абмежавана з Пн стромкімі ўступамі Гал. грады (Яйлы). Рэльеф градава-эразійны, ускладнены апоўзнямі і маляўнічымі абваламі. Пашыраны перадгорныя ўзгорыстыя раўніны, участкі горнага рэльефу, трапляюцца асобныя лакаліты (Аюдаг) і вулканічныя масівы (Карадаг). Клімат субтрапічны, міжземнаморскага тыпу. Лета сухое, вельмі цёплае, зіма мяккая. Сярэднія т-ры ліп. і жн. каля 24 °C, студз. каля 4 °C, ападкаў каля 600 мм за год. Пераважае дрэвава-хмызняковая ксерафітная расліннасць з удзелам відаў міжземнаморскай флоры. Сады, вінаграднікі, паркі. Характэрны шырокія зручныя бухты з добраўпарадкаванымі галечнымі пляжамі. Клімататэрапія, марскія купанні (чэрв.—кастр.), вінаградалячэнне. Шматлікія курорты і курортныя мясцовасці: Алупка, Алушта, Артэк, Арэанда, Гурзуф, Карасан, Кастропаль, Карэіз—Гаспра, Кучук-Ламбат, Лівадзія, Мелас, Місхор, Форас, Ялта. У межах П.б.К. запаведнік Мыс Марцьян, Карадагскі запаведнік, Ялцінскі запаведнік, Нікіцкі батанічны сад.
Асн. прыродны лек. фактар — субтрапічны клімат. Лечаць захворванні органаў дыхання, стрававання, сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, парушэнні абмену рэчываў; выкарыстоўваюць мінер. ваду крыніцы Мелас. Санаторыі для дарослых і дзяцей, дамы адпачынку, пансіянаты, турбазы, пляжы.
Да арт.Паўднёвы бераг Крыма. Палац-музей у г. Алупка. 1828—46.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСАЦЫЯЛО́ГІЯіМАКРАСАЦЫЯЛО́ГІЯ,
галіны сацыялагічных ведаў, якія вывучаюць адпаведна сферу непасрэднага сац. ўзаемадзеяння (міжасобасныя адносіны і працэсы сац. камунікацыі ў малых групах, сфера паўсядзённай рэчаіснасці, асобныя вузкія праблемы і інш.) і буйнамаштабныя сац. працэсы і з’явы (цывілізацыі, дзяржавы, нацыі, сац. ін-ты). Мікрасацыялогія арыентуецца на вывучэнне індывідаў і іх бліжэйшага сац. акружэння, аналіз сац. адносін ў параўнальна невялікіх сац. сістэмах, абмяжоўваецца эмпірычным апісаннем ізаляваных з’яў. Макрасацыялогія вывучае грамадскае жыццё і сац. працэсы як адзінае цэлае. У сучаснай сацыялогіі да мікрасацыялогіі адносяць фенаменалогію, этнаметадалогію, тэорыі сац.абмену, аналіз сац. сетак, сімвалічны інтэракцыянізм і інш. (Ч.Кулі, Дж.Мід, А.Шуц, Х.Гарфінкел, Дж.Хоманс і інш.), да макрасацыялогіі — структуралізм, структурны функцыяналізм, неаэвалюцыянізм, неамарксізм (А.Конт, К.Маркс, Г.Спенсер, П.Сарокін, Т.Парсанс і інш.). Макрасацыялагічная арыентацыя пераважала ў 19 — пач. 20 ст. У 1930-я г.вял. пашырэнне атрымалі эмпірычныя даследаванні, што садзейнічала развіццю мікрасацыялогіі. Прадстаўнікі макрасацыялогіі разглядаюць у якасці асн. прадмета сацыялагічнага пазнання грамадства, яго структурныя ўтварэнні, адзначаюць якасную своеасаблівасць сац. з’яў і іх нязводнасць да сац.-псіхал. ўзроўню. У мікрасацыялогіі такія з’явы і працэсы разглядаюць як абстракцыі, рэальнасць якіх немагчыма даказаць эмпірычна; з-за выкарыстання эмпірычных працэдур, сацыяметрычных метадаў мікрасацыялогію часам атаясамліваюць з сацыяметрыяй. Спробы інтэграцыі М. і м. робяцца з сярэдзіны 1970-х г.