ФІТАЦЭНО́З (ад фіта... + цэноз), расліннае згуртаванне,
сукупнасць раслін на адносна аднародным участку зямной паверхні; значная частка біягеацэнозу. Мае пэўны відавы склад і структуру, што сфарміраваліся ў выніку адбору відаў, здольных у пэўных умовах суіснаваць сумесна і з інш. арганізмамі. Расліны Ф. выкарыстоўваюць неабходныя рэсурсы (святло, ваду, элементы мінер. жыўлення і інш.), выдзяляюць у навакольнае асяроддзе прадукты абмену, пакідаюць у глебе і на яе паверхні адмерлыя органы, змяняюць асяроддзе існавання і спрыяюць фарміраванню асобнага мікраклімату. Ф. — адкрытая сістэма, дзе прадуцыруюцца арган. рэчывы, неабходныя для гетэратрофных арганізмаў і чалавека. Ф. — дынамічная сістэма, якая мяняецца на працягу года і па гадах. Пад уздзеяннем экалагічных фактараў адбываецца паслядоўная змена Ф. — сукцэсія. Прыроднае расл. покрыва Беларусі складаецца з лясных, лугавых, балотных і водных Ф.
А.А.Малажаўскі.
т. 16, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)