«ПО́РАЙ», «Ружа»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 250 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Бярнацкія, Ваўжэцкія, Гедройцы, Малдрыкі, Міцкевічы, Немаеўскія. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранай 5-пялёсткавай ружы з зялёнымі лістамі. Клейнод — над прылбіцай з каронай такая самая ружа. Вядомы з сярэдзіны 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Порай».

т. 12, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФУНДА́ЛЬ (ад лац. profundus глыбокі),

глыбокая частка возера, куды не пранікаюць хвалевыя рухі і ветравое перамешванне. Ложа П. звычайна ўкрыта ілам, донная расліннасць адсутнічае; багата развіта флора бактэрый і грыбкоў, у выніку чаго ў ілах назапашваюцца газы (метан, вадарод, серавадарод) і адбываецца ўтварэнне азёрнай жал. руды. У вадаёмах Беларусі П. пачынаецца з глыб. 5—8 м, часам 10 м.

т. 13, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЭСУА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,

частка норм прававой сістэмы, якая рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць пры расследаванні злачынстваў, разглядзе і вырашэнні крымін. і цывільных спраў. П.п. непарыўна звязана з матэрыяльным правам, паколькі замацоўвае працэсуальныя формы, неабходныя для яго ажыццяўлення і абароны. На Беларусі пры захаванні норм П.п. разглядаюцца справы аб адм. правапарушэннях, арбітражных і гасп. спрэчках, а таксама ў парадку канстытуцыйнага судаводства.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́МАС (лац. primas галоўная асоба ад primus першы),

1) у рымска-каталіцкай царкве тытул арцыбіскупа (мітрапаліта), які валодае ганаровым (часам і юрыдычным) першынством над астатнімі біскупамі і мітрапалітамі пэўнай краіны. На Беларусі рымска-каталіцкая царква мае свайго арцыбіскупа мітрапаліта і юрысдыкцыі П. ў Польшчы не падлягае.

2) Афіцыйны тытул архіепіскапа Кентэрберыйскага ў Англіі як першаіерарха англіканскай царквы.

т. 13, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ГАЛЕЎ (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 27.12.1956, г. Гомель),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1997). Скончыў Гомельскі ун-т (1980) і выкладае ў ім. Працы па бел. тапаніміцы: «Этнатапанімія Беларусі: (На фоне этнічнай гісторыі)» (1993), «Белая Русь і беларусы: (У пошуках вытокаў)» (1994) і інш.

Тв.:

От Гомеюка до Гомеля: Городская старина в фактах, именах, лицах. Гомель 1993.

т. 13, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУНЬ ВЕСНАХО́ДУ»,

літаратурны альманах. Выдадзены ў 1928 у Вільні на бел. мове арг-цыяй маладых пісьменнікаў і мастакоў Зах. Беларусі «Веснаход». Ідэйна-маст. кірунак апубл. вершаў і апавяданняў супярэчлівы. Побач з эстэцкімі творамі (Я.​Бартуль і інш.) змешчаны верш П.​Пестрака (псеўд. Звястун) «Над намі віхры выюць», які палемізуе з містыцызмам рамант. паэзіі і натуралістычным бытаапісальніцтвам.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧАЯ́ГАДА, воўчнік (Daphne),

род кветкавых раслін сям. ваўчаягадавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўд.-Ўсх. Азіі, Гімалаях, Іране. На Беларусі ў цяністых вільготных хвойных і лісцевых лясах расце ваўчаягада звычайная, або воўчае лыка, воўчыя ягады (Daphne mezereum); ваўчаягада баравая (Daphne cneorum), трапляецца вельмі рэдка на Палессі ў хваёвых барах, занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны ваўчаягада лаўровая (Daphne laureola) і алтайская (Daphne altaica).

Лістападныя ці шматгадовазялёныя кусты або невял. дрэўцы. Лісце чаргаванае, зрэдку супраціўнае, простае, прадаўгавата-ланцэтнае, кароткачаранковае. Кветкі ружовыя, белыя ці жаўтаватыя, у галоўчатых суквеццях або ў кароткіх гронках, рэдка па 2—5 у пазухах лісця ці адзіночныя, двухполыя, пахучыя. Плод — сакаўная ярка-чырвоная аднанасенная касцянка. Дэкар., тэхн. (фарбавальныя, дубільныя і камедзяносныя), лек. (плады і кара — вонкавы раздражняльны, ірвотны, слабіцельны, процігельмінтны і інш. сродак), меданосныя, ядавітыя (асабліва плады і кара) і інсектыцыдныя расліны.

Ваўчаягада: 1 — звычайная; 2 — баравая.

т. 4, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́Й (Зіновій Іосіфавіч) (27.1.1935, в. Падсадкі Пустамытаўскага р-на Львоўскай вобласці — 28.7.1984),

бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. Беларусі (1964). Вучыўся ў Кіеўскай (1957—59), скончыў Бел. кансерваторыю (1981). З 1954 саліст ансамбля Прыкарпацкай ваен. акругі, з 1957 у Кіеўскім, з 1960 у Львоўскім т-рах оперы і балета. У 1963—77 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яго творчай індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі героіка-драм. і трагедыйнага плана. Лепшая роля — Атэла ў аднайм. оперы Дж.​Вердзі. Сярод інш. партый: Сяргей («Алеся» Я.​Цікоцкага), Манрыка, Радамес, Герцаг («Трубадур», «Аіда», «Рыгалета» Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С.​Танеева). Канцэртны рэпертуар спевака ўключаў 18 сольных праграм з твораў розных эпох і стыляў, у т. л. творы бел. кампазітараў, неапалітанскія песні.

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Зіновій Бабій // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978.

З.І.Бабій.
З.Бабій у ролі Германа.

т. 2, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБО́ВЫЯ, матыльковыя (Fabaceae, Leguminosae),

сямейства двухдольных раслін з парадку бабовакветных. Каля 650 родаў, больш за 18 тыс. відаў. Пашыраны па ўсёй сушы зямнога шара. На Беларусі 20 родаў (найб. вядомыя баркун, вязель, гарох, гарошак, жаўтазель, зяновец, канюшына, куравай, лубін, люцэрна, пералёт, рабінія, рутвіца, чына, эспарцэт) і больш за 80 дзікарослых відаў. Рэдкія віды бабовых занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Адна- і шматгадовыя травы, паўкусты і кусты, ліяны і дрэвы. Лісце пераважна чаргаванае, складанае, з прылісткамі. Кветкі найчасцей у гронка-, коласападобных і галоўчатых суквеццях, звычайна зігаморфныя. Плод — боб. На каранях бабовых утвараюцца клубеньчыкі, у якіх знаходзяцца бактэрыі, здольныя фіксаваць атм. азот. Тэхн., лек., харч., кармавыя, дэкар. і сідэратныя расліны; ёсць ядавітыя, якія маюць алкалоіды і выкарыстоўваюцца як лек. і інсектыцыдныя.

Літ.:

Флора СССР. Т. 11. М.; Л., 1945;

Тахтаджян А.Л. Система и филогения цветковых растений. М.; Л., 1966;

Яго ж. Система магнолиофитов. Л., 1987;

Флора Европейской части СССР. Т. 6. Л., 1987.

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ЦІН (Ісідар Міхайлавіч) (сапр. Балотны Ізраіль Рувімавіч; 8.9.1907, г. Бабруйск — 7.12.1961),

бел. спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. Беларусі (1944). Скончыў Бел. муз. тэхнікум (1930, педагогі В.​Цвяткоў і А.​Баначыч), Бел. студыю оперы і балета (1933). З 1933 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета БеларусіАйч. вайну саліст Свярдлоўскага т-ра, у 1941—42 спяваў у Вял. т-ры). Валодаў гібкім выразным голасам, прыроднай музыкальнасцю, пачуццём муз. стылю. Майстэрства пераўвасаблення давала яму магчымасць ствараць разнапланавыя вобразы. У яго рэпертуары было больш за 60 партый. Сярод іх: Саўка («У пушчах Палесся» А.​Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.​Туранкова), Сёмка («Алеся» Я.​Цікоцкага), Дамавы («Страшны двор» С.​Манюшкі), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Дуброўскі («Дуброўскі» Э.​Напраўніка), Юродзівы («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Герцаг («Рыгалета» Дж.​Вердзі), Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Вашак («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны).

Літ.:

Смольскі Б. Таленавіты спявак (І.​М.​Балоцін) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

І.М.Балоцін.
І.Балоцін у ролі Яўгена Анегіна.

т. 2, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)