На ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 23,2 тыс.чал. (1998), гарадскога 37,1%. Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Клічаў. 140 сельскіх нас. пунктаў. 8 сельсаветаў: Акцябрскі, Бацэвіцкі, Віркаўскі, Ганчанскі, Доўгаўскі, Каўбчанскі, Нясяцкі, Патоцкі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у зоне радыяцыйнага кантролю 17 нас. пунктаў.
Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня раўнінная, слабапарэзаная. Пераважаюць выш. 150—165 м, найвыш. пункт 176 м (на ПнЗ ад в. Дубно). Карысныя выкапні: торф, пясок, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз -7,2 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 618 ммза год. Вегет. перыяд 190 сут. З Пн на Пд працякае р. Ольса з прытокамі Нясета (з Гарадзечанкай і Турчанкай), Цераболь, Сушанка, Ганчанка, Суша (з Перасопенкай) і Кострычка, на ПнУ — р. Друць з прытокам Даўжанка, на З — р. Бярэзіна. Азёры Танек, Дубавец, Орлінскае. Вадасх. Арэхаўка на р. Нясета. Глебы: дзярнова-падзолістыя (53%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,7%), тарфянабалотныя (16,2%). Пад лесам 57,7% тэр. раёна, з іх 17,5% штучных насаджэнняў. На Пн пераважаюць масівы суцэльнага лесу, найб.Вял. Дулебава. Лясы ў асноўным хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя, часткова забалочаныя. Пад балотамі 4,2% тэрыторыі, найб. балотныя масівы: Ганчанскае балота, Ванкоўшчына, Заполле. 20 мясц.геал. (тарфяных) заказнікаў. Помнікі прыроды: рэспубліканскія — дубова-грабавы лес у Бёрдаўскім лясніцтве; мясцовыя — дуброва ў Бацэвіцкім лясніцтве, крыніцы ў в. Бацэвічы і каля в. Ядраная Слабада.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 59 тыс.га, з іх асушаных 19,2 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 8 калгасаў, 5 саўгасаў, 25 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчванне збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч., дрэваапр., паліўнай, лясной, буд. матэрыялаў прам-сці. Патэр. раёна праходзіць чыг. Асіповічы—Магілёў, аўтадарогамі райцэнтр звязаны з гарадамі Беразіно, Бабруйск, Магілёў. Пар. Бярэзіна суднаходства. У раёне 12 сярэдніх, 7 базавых, 7 пач., дзіцяча-юнацкая спарт., 7 муз., маст. школы, тэхнікум, 17 дашкольных устаноў, 23 клубы, 26 б-к, 5 бальніц, паліклініка, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, 19 фельч.-ак. пунктаў. Выдаецца газ. «Сцяг Саветаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЦЁ,
працэс атрымання вырабаў (адлівак) з расплаўленых матэрыялаў (металаў, горных парод, керамічных матэрыялаў, пластмас і інш.), залітых у ліцейную форму і пасля зацвердзявання апрацаваных. Адзін з найб.эканам. спосабаў вырабу дэталей і загатовак складанай формы і розных памераў. У ліцейнай вытворчасці выкарыстоўваюць больш за 50 разнавіднасцей Л., у т. л.бесперапыннае ліццё, вакуумнае ліццё, каменнае ліццё.
Л. у какіль атрымліваюць фасонныя шчыльныя адліўкі з дакладнымі памерамі, меншымі прыпускамі на мех. апрацоўку (з чыгуну, сталі, алюмінію, магніевых і інш. сплаваў). Л. ў абалонкавыя формы (разавыя, зробленыя з сумесі кварцавага пяску і фенола-фармальдэгіднай смалы) дае адліўкі з шчыльнай аднароднай дробназярністай структурай і высокімі мех. якасцямі, з гладкай паверхняй. Эфектыўнае ў буйнасерыйнай вытв-сці пры вырабе адлівак масай да 100 кг. Л. па выплаўляльных мадэлях робіцца ў нераздымных абалонках з дробназярністага вогнетрывалага матэрыялу. Рабочая поласць утвараецца пасля выплаўлення з абалонкі патрэбнай мадэлі (з парафіну, стэарыну і інш.) Дае складаныя адліўкі з высокай (прэцызійнай) дакладнасцю. Л. пад ціскам вядуць у прэс-формы, якія запаўняюць металам або пластмасай (тэрмапластам, рэактапластам) і гумавымі сумесямі з вял. скорасцю пад высокім ціскам. Пасля астывання, зацвердзявання або вулканізацыі матэрыял набывае канфігурацыю ўнутр. поласці. Дае складаныя вырабы з высокай дакладнасцю. Спосаб высокапрадукцыйны.
На Беларусі даследаванні ў галіне Л. металаў вядуцца з 1950-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН, БПА, ліцейнай вытворчасці Беларускім навукова-даследчым канструктарска-тэхналагічным інстытуце, Гомельскім тэхн. ун-це і інш. Распрацаваны новыя спосабы Л. (намарожваннем, Л. у какіль з штучным паветраным зазорам, Л. на вярчальныя валкі-крышталізатары, бесперапыннае цэнтрабежнае Л. і інш.), адпаведныя машыны, абсталяванне, сродкі аўтаматызацыі вытв. працэсаў і інш.
Д.М.Кукуй.
Схема ліцця бесперапынным намарожваннем: 1 — літніковая сістэма; 2 — водаахаладжальны крышталізатар; 3 — гатовая адліўка, якая няспынна выцягваецца з астываючага і цвярдзеючага металу.Да арт.Ліццё. А — ліццё ў какіль: 1 — какіль; 2 — стрыжань; 3 — метал; 4 — адліўка. Б — дакладнае ліццё па выплаўляльных мадэлях: 1 — васковая мадэль; 2 — нанясенне на мадэль слоя керамічнага парашку; 3 — зафармоўванне мадэлі ў апоку; 4 — заліўка металу, які расплаўляе воск і займае яго месца; 5 — ачыстка гатовай адліўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЯ СТРУКТУ́РА,
размеркаванне самаадвольнай намагнічанасці ўнутры ферамагнетыкаў пры т-рах, ніжэйшых заКюры пункт Адрозніваюць М.с. атамную (характарызуецца упарадкаваным размеркаваннем атамных магнітных момантаўпа вузлах крышталічнай рашоткі) і даменную (размеркаваннем даменаў з рознай арыентацыяй магн. момантаў па аб’ёме ўзору).
Атамная М.с. апісваецца сярэднім значэннем мікраскапічнай шчыльнасці магн моманту M(x, y, z) у кожным пункце крышталя. Крышталі з M(x, y, z) = 0 не маюць атамнай М.с. (дыямагнетыкі і парамагнетыкі). Крышталі з M(x, y, z) ≠ 0 бываюць з адрозным ад нуля (ферамагнетыкі) і роўным нулю (антыферамагнетыкі) сумарным магн. момантам элементарнай ячэйкі. Даменная М.с. можа назірацца эксперыментальна з дапамогай магн. парашку, які асядае на межах даменаў. У ферамагнетыках пры зададзенай т-ры форма даменаў, іх памеры і арыентацыя магн. момантаў залежаць ад памераў і формы ўзору, арыентацыі паверхні крышталя, дэфектаў крышталічнай рашоткі, унутр. напружанняў, а ў полікрышталічных узорах — і ад віду магн структуры суседніх крышталёў. Пад уплывам знешніх уздзеянняў (пруткіх напружанняў, знешніх магн. палёў, змен т-ры) адбываецца перабудова даменнай структуры. На сувязі паміж асн.магн. характарыстыкамі ферамагн. матэрыялу і яго структурай заснаваны магнітаструктурны аналіз, які найчасцей выкарыстоўваюць для вызначэння мех. уласцівасцей сталі і чыгуну пасля тэрмічнай апрацоўкі. На аснове залежнасці магн. характарыстык пэўнай маркі сталі ад т-ры загартоўкі, адпалу і да т.п., робяць неразбуральны кантроль якасці тэрмічнай апрацоўкі вырабаў. Найб. пашыраны магн. метады (з выкарыстаннем пастаянных магн. палёў для намагнічвання вырабаў), эл.-магн. (з выкарыстаннем пераменных эл.-магн. палёў), імпульсныя (імпульсных магн. палёў). Даследуецца таксама тэкстура металаў (на аснове выкарыстання сувязі тэкстуры з анізатрапіяй магн. уласцівасцей), спосабы кантролю ферамагн. складальнай у аўстэнітных сталях, каляровых металах і горных пародах.
На Беларусі праблемы М.с. і магнітаструктурнага аналізу даследуюцца ў Ін-це прыкладной фізікі Нац.АН.
Літ.:
Вонсовский С.В. Магнетизм. М., 1971;
Ивановский В.И., Черникова Л.А. Физика магнитных явлений. М., 1981;
Михеев М.Н., Горкунов Э.С. Магнитные методы структурного анализа и неразрушающего контроля. М., 1993: Мельгуй М.А. Магнитный контроль механических свойств сталей. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛТА́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
У цэнтр.ч. Левабярэжнай Украіны. Утворана 22.9.1937. Пл. 28,8 тыс.км². Нас. 1708 тыс.чал. (1997), гарадскога 59%. Цэнтр — г.Палтава. Найб. гарады: Крамянчуг, Лубны, Міргарад.
П.в. размешчана ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Паверхня — хвалістая раўніна, якая спадзіста паніжаецца да р. Дняпро. Карысныя выкапні: жал. руда (Крамянчугская магнітная анамалія), нафта і газ (Дняпроўска-Данецкая газанафтаносная вобласць), торф, буд. матэрыялы, крыніцы мінер. вод і тарфяныя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -5 °C да -7 °C, ліп. 21 °C, ападкаў 400—500 ммза год. Гал.р. Дняпро з прытокамі Сула, Псёл, Ворскла. У межах вобласці часткі Крамянчугскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў. Невял. азёры. Глебы чарназёмныя. Стэпы пераважна разараныя. Участкі дрэвава-хмызняковай расліннасці (дуб, ясень, бераст, клён) і лесапалосы займаюць каля 8% тэрыторыі. Дэндрапарк (каля г. Глобіна).
Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць грузавых аўтамабіляў, дарожных машын, вагонаў, станкоў, электратэхнікі, алмазнага інструменту, абсталявання для харч. і хім. прам-сці), чорная металургія, нафтахім., хім. і хім.-фармацэўтычная, харч. (цукр., мясная, малочная, кансервавая, алейна-тлушчавая і інш.), камбікормавая. Здабыча нафты, газу, жал. руды, буд. матэрыялаў. Энергетыка грунтуецца на мясц. і прывазной нафце і газе, энергіі Крамянчугскай ГЭС. Развіта лёгкая (тэкст., трыкат., гарбарна-абутковая, швейная), дрэваапр., у т. л. мэблевая прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Маст. промыслы (вырабы з керамікі, вышыўка, вытв-сць дываноў). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, цукр. буракоў, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пад с.-г. ўгоддзямі 2115 тыс.га (1997), у т. л. 1740 тыс.га займаюць пасяўныя плошчы. Сеюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, кукуруза, зернебабовыя, жыта), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік), кармавыя, агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Садоўніцтва. Плантацыі лекавых раслін. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушак. Рыбаводства. Даўж. чыгунак 853 км, аўтадарог каля 8 тыс.км. Чыг. вузлы: Палтава, Крамянчуг, Рамадан, Грабёнка. Гал. аўтадарогі: Кіеў—Палтава—Харкаў, Палтава—Запарожжа—Сімферопаль і інш. Суднаходства пар. Дняпро і на асобных участках рэк Псёл, Сула, Ворскла.
Аэрапорт у г. Палтава. Патэр. вобласці праходзяць трубаправоды: Крамянчуг—Херсон (нафтаправод), Шабялінка—Крамянчуг—Адэса (газаправод) і інш. Курорт Міргарад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІЛІМО́НТАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18 ст. ў в. Чырвоная Зорка (б. Радзівілімонты) Клецкага р-на Мінскай вобл. Размешчаны ў б. летняй рэзідэнцыі мінскага ваяводы кн. Ю.Радзівіла, роду якога маёнтак належаў з 1586. У 2-й пал. 19 ст. належаў Вітгенштэйнам. У комплекс уваходзілі палац, драўляныя флігелі, будынак канцылярыі (1809), гасп. пабудовы, капліца (не захавалася), парк. Па-за межамі комплексу былі вадзяны млын, сушня, вятрак. Палац пабудаваны ў 1780—83 у стылі класіцызму (арх. К.Спампані, Я.Бэнса). Аднапавярховы выцягнуты па папярочнай восі прамавугольны ў плане будынак пад вальмавым дахам. Канструкцыя будынка мяшаная; вонкавыя сцены з дубовых брусоў, унутр. падоўжныя — мураваныя. У сім.-восевай кампазіцыі гал. фасада вылучаўся дарычны 4-калонны мансардавы порцік, выдзелены на фоне гарыз. шалёўкі сцен, якая імітавала руст. З дрэва былі выкананы пабеленыя элементы класічнага дэкору — трыгліфы, мадульёны, разеткі, дэнтыкулы. Драўляныя калоны кампазітнага і іанічнага ордэраў, карнізы і разеткі былі апрацаваны ў тэхніцы стука. Пасля пажару 1909 палац адбудаваны. У нішах інтэр’ера знаходзіліся кафляныя печы, малюнак якіх, як і інтэр’ерны жывапіс, выкананы ў 1780 маст. А.Смуглевічам. Ад палаца засталіся руіны. У гасп. частцы размяшчаліся дамы аканома і парабкаў, бровар, варыўня, стайні, адрына, абора. гумны, валовы млын, свіран. Свіран — прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным гонтавым дахам на кроквах. Фасад мае значны вынас даху, пад ім — галерэя на высокіх слупах (служыла для падняцця грузаў на вышку). На вільчыку даху — вежачка з невял. звонам і флюгерам. Дзверы з узорыста выкладзеных дошак аформлены маст. коўкай. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. каля 13 га) ахоплівае палац падковай. Высаджаны над р. Цапра, на якой створаны каскад ставоў. Перад палацам — вял. партэр. Элементы рэгулярнасці ў яго планіроўку ўносяць прамыя грабавыя, каштанавыя і ліпавыя алеі. У пач. алей устаноўлены памятны камень з інфарм. надпісам, што алея высаджана ў 1875 князёўнай М.Радзівіл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНЕ́Т (італьян. sonetto ад правансальскага sonet песенька),
адна з цвёрдых форм верша; верш з 14 радкоў: двух катрэнаў (4-радкоўяў) і двух тэрцэтаў (3-радкоўяў). Памер — 5-стопны, радзей 4- ці 6-стопны ямб. Радкі ў катрэнах рыфмуюцца па схемах: абба абба ці абаб абаб, у залежнасці ад іх рыфмы ў тэрцэтах размяшчаюцца: ввг дгд ці ввг ддг. Першы катрэн — экспазіцыя, у ім намячаецца тэма верша, развіццё якой складае змест другога 4-радкоўя. На першы тэрцэт прыпадае кульмінацыя, на заключны — развязка. Асаблівая роля належыць апошняму радку, т. зв. санетнаму замку — своеасабліваму ідэйнаму ключу ўсяго верша. У класічнай форме С. дапускаецца ўжыванне аднаго і таго ж слова (за выключэннем службовых) толькі адзін раз.
С. узнік у Італіі ў 1-й пал. 13 ст., росквіту дасягнуў у творчасці Дантэ, Ф.Петраркі, развіўся ў ісп., партуг., франц., англ. і інш. зах,еўрап. л-рах. У рус. паэзію ўведзены В.К.Традзьякоўскім. Карысталіся гэтай формай В.Жукоўскі, А.Пушкін і інш. Музычнасцю мовы вызначаюцца «Крымскія санеты» А.Міцкевіча. Напачатку С. належаў да інтымнай лірыкі. У.Шэкспір напоўніў яго філас. зместам, абнавіў форму.
У бел. паэзію С. увёў Я.Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», усе нап. 1910). Пэўны ўклад у развіццё С. зрабіў М.Багдановіч. У арт. «Санет» ён разглядаў не толькі страфічную структуру гэтага тыпу верша, але і яе сэнсавыяўленчыя магчымасці. Узорам у бел. л-ры лічыцца С. Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». С. — пашыраная форма верша ў бел. паэзіі. Вядомыя санеты З.Бядулі («Тут неба — даль бязбрэжная, як мора»), У.Жылкі («Сёмуха», «Каханне», «Хараство»), П.Труса («Над кубкам возера»), М.Танка («Санет», «У век рэвалюцыйны, штармавы», «Трэска з дома Шэкспіра»), У.Дубоўкі («Ля Мядзела ёсць возера адно»), А.Звонака («Паэзія», «Вернасць», «Слава», «Жаданне») і інш. С. сустракаецца ў паэзіі Р.Барадуліна, Э.Валасевіча, С.Грахоўскага. Хв.Жычкі, К.Кірэенкі, Я.Сіпакова, М.Федзюковіча і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на У Беларусі, каля граніцы з Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 29 тыс.км². Нас. 1241,3 тыс.чал. (1998). Цэнтр — г.Магілёў. У вобласці 21 раён: Асіповіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Круглянскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі (гл. адпаведныя артыкулы), 14 гарадоў, у т. л. 4 абласнога падпарадкавання — Магілёў, Асіповічы, Бабруйск, Горкі, 11 гар. пасёлкаў, 196 сельсаветаў, 3247 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці пераважна раўнінная. Усх.ч. займае Аршанска-Магілёўская раўніна, зах. — Цэнтральнабярэзінская раўніна. На ПнЗ — частка Аршанскага ўзвышша, на ПнУ — Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна і частка Смаленскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 239 м. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. 126 м (урэз р. Сож, ніжэй в. Гайшын Слаўгарадскага р-на). Карысныя выкапні: цэментны мел і мергель (каля 75% агульнарэспубліканскіх запасаў цэм. сыравіны, Камунарскае, Сожскае, Каменкаўскае, Варонькаўскае радовішчы), фасфарыты, мел (найб. паклады ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Крычаўскім і Чэрыкаўскім р-нах), гліна і цагельныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. і сілікатныя пяскі, трэпел, торф, сапрапелі і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -8,2 °C на ПнУ да -6,5 °C на ПдЗ, у ліп. ад 17,8 °C на ПнУ да 18,7 °C на ПдЗ. Вегетац. перыяд 183—194 дні. Гадавая колькасць ападкаў 575—675 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Тэрыторыя М.в. адносіцца да бас. Дняпра, які перасякае вобласць з Пн на Пд. Найб. яго прытокі Лахва, Друць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Бярэзіны — Свіслач, Ольса, Ала; Друці — Аслік, Вабіч, Грэза; Сажа — Лабжанка, Волчас, Проня з Басяй і Растой, Бесядзь з Суравам і Жадунькай; на ПдЗ працякае р. Пціч (прыток Прыпяці). Азёр мала, яны невялікія. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (53,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,7%), тарфяна-балотныя (8,3%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць сугліністыя (45,9%) і супясчаныя (38,7%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 15% сельгасугоддзяў, найб. у Быхаўскім, Бабруйскім, Глускім, Асіповіцкім і Горацкім р-нах. Пад лесам каля 34% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 54,9%, яловыя і бярозавыя па 15,1, альховыя 5,6, дубовыя 5,4%. Найб. лясістасць на ПдЗ вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,6%, каля палавіны іх нізінныя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць каля 7,7% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці гідралагічныя заказнікі рэсп. значэння Заазер’е і Астравы Дулебы, 72 заказнікі мясц. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 33,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзіі-137 больш як 5 Кі/км² займае 11,7% тэр. вобласці. Найб. забруджана радыенуклідамі тэр. Краснапольскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага і Слаўгарадскага р-наў.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,3%), жывуць таксама рускія (11,1%), украінцы (1,9%) і інш. Гарадскога насельніцтва 70,4% (1998). Сярэдняя шчыльн. 42,8 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Магілёў (369), Бабруйск (227), Асіповічы (33,8), Горкі (33,5). Колькасць насельніцтва мае тэндэнцыю да памяншэння (з 1992 смяротнасць насельніцтва перавышае нараджальнасць), павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім р-нах (найб. пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася на 40—50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. У ёй занята 29,4% працуючых. За 1991—97 аб’ём прамысл. прадукцыі знізіўся на 25%, вял. спад адбыўся ў чорнай металургіі (на 69%), прам-сці буд. матэрыялаў (на 48%). Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі хім. і нафтахім., маш.-буд., дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харчовай прам-сці. Вядучае месца (1997) належыць хім. і нафтахім. прадукцыі (28,7%), машынабудаванню і металаапрацоўцы (14,0%), лёгкай (10,1%) і харч. прам-сці. У 1996 у М.в. атрымана (у % да рэсп. вытв-сці): шын аўтамаб. і для с.-г. машын — 100, хім. валокнаў і нітак — 55, сінт. смол і пластмас — 40,6, электрарухавікоў пераменнага току — 59,6, магнітафонаў — 77, ліфтаў — 100, драўняна-валакністых пліт — 33,8, фанеры — 22, кардону — 27,6, цэменту — 43, шаўковых тканін — 39, цюлегардзінных вырабаў — 100, гумавага абутку — 48,7, безалкагольных напіткаў — 28, масла жывёльнага — 15,2. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Магілёве і Бабруйску; значныя прамысл. цэнтры — Асіповічы, Крычаў, Шклоў, Быхаў, Касцюковічы. Прадпрыемствы хім. прам-сці размешчаны пераважна ў Магілёве (аб’яднанне «Хімвалакно», якое выпускае поліэфірныя і віскозныя валокны і ніткі, прадукцыю аргсінтэзу, розныя тавары нар. ўжытку; рэгенератны з-д, хімкамбінат «Зара» і інш.), Бабруйску (шынны камбінат, вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, гідролізная вытв-сць) і Крычаве (вытв-сць гумавага абутку, гумава-тэхн. вырабаў). Машынабудаванне сканцэнтравана ў Магілёве (аўтамабільны з-д, выпускае самазвалы, падземныя аўтапаязды, скрэперы, бульдозеры, пагрузчыкі і інш.; «Магілёўтрансмаш» па вытв-сці аўтамаб. прычэпаў, гідраўлічных кранаў, рэфрыжэратараў і інш.; ліфтабудаўнічы з-д; аб’яднанне «Тэхнапрылада»; з-ды «Строммашына» і «Электрарухавік» і інш.), у Бабруйску (вытв-сць цэнтрабежных помпаў, вымяральных прылад, машын для ўнясення ўгнаенняў, трактарных дэталей і агрэгатаў і інш.), у Асіповічах (з-даўтамаб. агрэгатаў). У Магілёве працуе металургічны з-д, які выпускае стальныя і чыгунныя трубы. Самае буйное прадпрыемства дрэваапрацоўкі — фанера-дрэваапр. камбінат у Бабруйску; мэблю робяць у Бабруйску, Магілёве, Быхаве; у Шклове — папяровая ф-ка «Спартак». Прам-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена 2 цэментнымі прадпрыемствамі (у Крычаве і Касцюковічах), камбінатамі буд. матэрыялаў, сілікатных вырабаў, з-дамі зборных жалезабетонных вырабаў (пераважна Магілёў і Бабруйск), кардонна-руберойдным (Асіповічы), цагельнымі. Развітая лёгкая прам-сць уключае швейныя, трыкат., абутковыя, маст. вырабаў прадпрыемствы. У Магілёве буйныя прадпрыемствы «Магатэкс» (шаўковыя тканіны і вырабы з іх), «Стужка» (стужкаткацкія і гардзінныя вырабы), ф-ка галаўных убораў, у Бабруйску — гарбарны з-д, футравая, валюшна-лямцавая, люстраная ф-кі. На тэр. вобласці 10 ільнозаводаў. Харч.прам-сць прадстаўлена кандытарскай ф-кай «Чырвоны харчавік», маслабойным з-дам (Бабруйск), мясакамбінатамі (Магілёў, Бабруйск), 20 заводамі па перапрацоўцы малака, кансервава-агароднінасушыльным камбінатам (Быхаў) і інш.
Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве ў спалучэнні з ільнаводствам. Усюды пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур, бульбы. У прыгарадных зонах гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,2% тэрыторыі, ворныя землі — 35,5% (1997). За 1986—91 з сельгасабароту выведзена 47 тыс. га сельгасугоддзяў, забруджаных радыенуклідамі. Акрамя таго, на 1.1.1997 доля забруджаных радыенуклідамі зямель у агульнай плошчы сельгасугоддзяў у грамадскім сектары складае 29,7%. М.в. дае 16,7% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 12,8% бульбы, 7,7% ільновалакна, каля 16% мяса (у жывой вазе), 12,6% малака (1997). За 1991—97 вытв-сць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі знізілася на 27,4%, у т. л. прадукцыі жывёлагадоўлі — на 33,3%, раслінаводства — на 12,7%, у выніку чаго доля жывёлагадоўлі ў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці панізілася і склала 52,3%, а раслінаводства павялічылася да 47,7%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад ільном-даўгунцом. На 1.1.1998 у М.в. 445 фермерскіх гаспадарак, яны мелі 14,7 тыс. га сельгасугоддзяў, у т. л. 12,1 тыс. га ворнай зямлі. У карыстанні грамадзян (разам з фермерскімі гаспадаркамі) 13,2% сельгасугоддзяў і 14,7% ворнай зямлі. У 1997 у асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарках атрымана 85% бульбы, 82% агародніны, 94% садавіны і ягад. Развіта таксама жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, свінагадоўля, птушкагадоўля. У 1990-я г. пагалоўе жывёлы і птушкі зніжаецца (гл.табл. 2). Характэрна павелічэнне долі асабістых гаспадарак насельніцтва (разам з фермерскімі) у вытв-сці мяса (з 12,8% у 1990 да 24,7% у 1997) і малака (з 21,5% да 35,7%).
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 818 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін, Жлобін—Бабруйск—Мінск, Орша—Крычаў—Унеча, Крычаў—Магілёў—Асіповічы, якія звязваюць вобласць з Расіяй, Украінай, інш. абласцямі рэспублікі. Найважн.чыг. вузлы: Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Крычаў. На долю чыг. транспарту прыпадае 93% грузаабароту (1997). Працягласць аўтамабільных шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 8,02 тыс. км (1997). Асн. магістралі Санкт-Пецярбург—Магілёў—Кіеў, Рослаўль—Бабруйск—Брэст, Магілёў—Беразіно—Мінск, Магілёў—Бабруйск—Мінск. Суднаходства па Дняпры, Бярэзіне, Сажы (грузаабарот рачнога транспарту складае 0,1% ад агульнага грузаабароту, 1997). Патэр. вобласці праходзіць нафтаправод Унеча—Полацк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РСКІ (Яўхім Фёдаравіч) (1.1.1861, в. Лаша Гродзенскага р-на — 29.4.1931),
бел. філолаг-славіст, заснавальнік бел.навук. мова- і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, педагог. Акад. Пецярбургскай АН (1916, чл.-кар. з 1901), правадзейны чл. Ін-та бел. культуры (1922), Чэшскай АН (1929). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1881), Нежынскі гісторыка-філал.ін-т (1885). Выкладаў у Віленскай гімназіі (1885—93). За першую ў гісторыі дысертацыю пабел. мове яму ў 1893 прысуджана вучоная ступень магістра. З 1893 у Варшаўскім (з 1894 праф., у 1905—10 рэктар), з 1915 у Растоўскім-на-Доне ун-тах, з 1917 праф. Петраградскага ун-та. У 1905—17 рэдактар час. «Русский филологический вестник». З 1917 у Мінску, з 1918 праф. Мінскага пед. ін-та. Дэлегат і ганаровы старшыня Усебел. з’езда 1917. Старшыня арганізац. камісіі па адкрыцці БДУ. Выступаў з артыкуламі ў бел.перыяд. друку. З 1920 у Петраградзе. Чл. праўлення і прэзідыума АН; дырэктар Музея антрапалогіі і этнаграфіі, рэдактар «Известий Отделения русского языка и словесности» Рас.АН. Супрацоўнічаў з бел. этнографамі і фалькларыстамі М.Я.Нікіфароўскім, Е.Р.Раманавым, П.В.Шэйнам, выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», газ. «Наша ніва». Перапісваўся з дзеячамі бел. культуры Я.Купалам, Я.Коласам, М.Гарэцкім і інш. Аўтар навук. прац (больш за 700) па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы. З мэтай вырашэння праблемы паходжання, фарміравання і развіцця бел. мовы, бел. народнасці збіраў фалькл.-этнагр. матэрыялы (запісы «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.», 1884—85; «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.», 1889). Падрыхтаваў «Праграму для збору асаблівасцей беларускіх гаворак» (1897 і 1916), якая стала пачаткам навук. даследавання бел. дыялектаў. Вышэйшым дасягненнем еўрап. славістыкі канца 19 — пач. 20 ст., своеасаблівай энцыклапедыяй беларусазнаўства з’яўляецца 3-томная праца К. «Беларусы» (вып. 1—7, 1903—22; перавыд. вып. 1—3, 1955—56), у якой на аснове глыбокага, комплекснага параўнальна-гіст. абагульнення вял. фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў нац. самабытнасць беларусаў як народа са сваёй арыгінальнай і багатай культурай, мовай, традыцыямі, вуснай нар. творчасцю. У т. 1 «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» вызначыў час фарміравання бел. народнасці, акрэсліў этн. межы бел. народа, даў этнагр. карту Беларусі пач. 20 ст., асвятліў важнейшыя этапы гісторыі бел. мовы, яе спецыфічныя асаблівасці і ўзаемасувязі з рус., укр., польск., літоўскай і інш. мовамі, зрабіў крытычны агляд помнікаў пісьменства бел. паходжання. У т. 2 «Мова беларускага племені» (вып. 1—3, 1908—12) абгрунтаваў вучэнне пра гукавы і граматычны лад старабел. і сучаснай бел. мовы ў яе народна-дыялектнай і літ. формах. Т. 3 «Нарысы славеснасці беларускага племені» складаецца з трох выпускаў. У 1-м вып. «Народная паэзія» (1916) даследаваў гісторыю развіцця бел. фальклору, ахарактарызаваў асн. жанры і віды нар. паэзіі беларусаў, даследаваў культурны стан плямён, якія склалі аснову бел. народнасці, паказаў іх сямейныя і грамадскія ўзаемаадносіны, апісаў жыллё, ежу, заняткі, побыт, светапогляд, рэліг. вераванні, мову, міфалогію, выказаў свае меркаванні наконт узнікнення нар. паэзіі, яе асаблівасцей у старажытнасці, разгледзеў узаемасувязь бел., рус. і ўкр. фальклору. У 2-м вып. «Старая заходняруская пісьменнасць» (1921) прааналізаваў помнікі стараж.бел. л-ры 14—18 ст., найб. поўна паказаў літ.-маст. спадчыну бел. народа, раскрыў культ,гіст. перадумовы зараджэння пісьменнасці на старабел. мове, даследаваў перакладную і арыгінальную л-ру, у т. л. летапісы, статуты, гісторыка-мемуарную і царкоўна-рэлігійную прозу, вершы, творы палемічнай публіцыстыкі 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. У 3-м вып. «Мастацкая літаратура на народнай мове» (1922) ацэньваў бел. л-ру 19 — пач. 20 ст., яе ўзаемасувязь з нац. адраджэннем новага перыяду. У даследаваннях развіваў прынцып культ.-гіст. школы, зрабіў значны ўклад у развіццё крыніцазнаўства, палеаграфіі, археаграфіі. Даследаваў таксама гісторыю рус. і ўкр. моў, слав. палеаграфію («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928, факсімільнае выд. 1979). Выдаваў стараж. помнікі гісторыі і л-ры («Лаўрэнцьеўскі летапіс», «Руская праўда»). Выступаў з артыкуламі пра айч. і замежных вучоных-славістаў, з рэцэнзіямі на працы паслав. філалогіі, фалькларыстыцы, этнаграфіі. Асабістая б-ка К. зберагаецца ў Нац. б-цы Беларусі ў Мінску (часткова страчана ў Вял.Айч. вайну), частка асабістага архіва — у Санкт-Пецярбургскім аддз. Архіва Рас.АН. На радзіме К. адкрыты Карскага Я.Ф. мемарыяльны музей.
Тв.:
О языке так называемых литовских летописей. Варшава, 1894;
Русская диалектология. Л., 1924;
Труды по белорусскому и другим славянским языкам. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БА-ВЕ́РДЭ (Cabo Verde),
Рэспубліка Каба-Вердэ (Repúblika de Cabo Verde), дзяржава на а-вах Зялёнага Мыса ў Атлантычным ак., за 500 км на З ад берагоў Зах. Афрыкі. Падзяляецца на 14 акруг. Пл. 4033 км²Нас. 394,8 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Прая на в-ве Сант’ягу. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 ліп.).
Дзяржаўны лад. К.-В. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. асамблея з ліку яе дэпутатаў на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея (аднапалатны парламент) з 79 дэпутатаў, што выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае Нац. асамблея з яе складу па прапанове прэзідэнта.
Прырода. А-вы Зялёнага Мыса складаюцца з 2 груп — Наветраных (Барлавенту) і Падветраных (Сатавенту) і ўключаюць 15 астравоў. Найб. з іх (пл. ў км²): Сант’ягу — 991, Санту-Антан — 779, Баавішта — 620, Фогу — 476, Сан-Нікалау — 388, Маю — 269, Сан-Вісенты — 227, Сал — 216. Астравы складзены з вулканічных парод. Берагі пераважна стромкія і скалістыя, зручных гаваней мала (найб. значная — бухта Міндэлу на в-ве Сан-Вісенты). Рэльеф гарысты, са шматлікімі вулканічнымі конусамі, кратэрамі і кальдэрамі. Найвыш. пункт — дзеючы вулкан Фогу на в-ве Фогу (2829 м). Карысныя выкапні: каменная соль, гіпс і вулканічныя буд. матэрыялы. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра ад 22 °C (люты) да 27 °C (вер.—кастр.). Ападкаў 100—300 ммза год, пераважна са жн. да кастрычніка. Пастаянных рэк няма. Расліннасць у асноўным пустынная і паўпустынная. Пад горнымі лясамі каля 4 тыс.га. Вядуцца пасадкі лесу. Жывёльны свет бедны. Адсутнічаюць млекакормячыя, акрамя завезенай еўрапейцамі свойскай жывёлы, малпаў, пацукоў і інш. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кабавердцы — нашчадкі партуг. каланістаў і неграў-рабоў; пераважна мулаты. Есць выхадцы з Афрыкі (каля 30%) — прадстаўнікі народаў фульбе, балантэ і манджак. У гарадах невял. групы партугальцаў (каля 1%). Больш за 90% вернікаў — католікі, каля 2,5% — пратэстанты, ёсць прыхільнікі традыц.афр. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 100 чал. на 1 км², на а-вах Сант’ягу і Сан-Вісенты больш за 200 чал. на 1 км. У гарадах жыве 56% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Прая — 82,8, Міндэлу — 51,3. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 80% насельніцтва. прам-сці і буд-ве — каля 10, абслуговых галінах — каля 10%.
Гісторыя. А-вы Зялёнага Мыса да з’яўлення тут еўрапейцаў былі бязлюдныя. Адкрыты, верагодна, у 1456 экспедыцыяй А.Кадамоста. У 1462 пачалося засяленне астравоў партугальцамі і прывезенымі імі пераважна з Сенегала неграмі-рабамі. У 1533 пасяленне Рыбейра-Грандзі атрымала статус горада. Тут размяшчалася рэзідэнцыя епіскапа, які прадстаўляў партуг. карону на астравах і афр. узбярэжжы ад Марока да Гвінеі. У 1564 астравы перайшлі пад кіраванне партуг. манархіі, на чале каралеўскай калан. адміністрацыі стаяў губернатар. У сярэдзіне 17 ст. (афіцыйна з 1770) адм. ц. калоніі стала Санта-Марыя (з 1858 наз. Прая). З 1650 тэр.партуг. Гвінеі адміністрацыйна падпарадкавана губернатару К.-В. У 1757 выключнае права на гандаль з К.-В. і Гвінейскім узбярэжжам перададзена на 20 гадоў «Кампаніі Пара і Мараньян» Жорсткая эксплуатацыя кампаніяй і засухі 1775—77 прывялі да масавай гібелі мясц. насельніцтва. Да 19 ст. астравы былі важным транзітным пунктам на шляху з Партугаліі ў Індыю і адным з гал. цэнтраў партуг. гандлю рабамі. У 1832—79 К.-В. аб’яднана з партуг. Гвінеяй у адзіную заморскую правінцыю. потым асобная калонія. У 1956 створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і А-воў Каба-Вердэ (ПАІГК), якая ў 1963 узначаліла ўзбр. барацьбу супраць каланізатараў. У крас. 1974 Партугалія прызнала ПАІГК адзіным законным прадстаўніком насельніцтва К.-В. і ў ліст. падпісала з ёю пагадненне аб прадастаўленні К.-В. незалежнасці.
5.7.1975 абвешчана незалежная Рэспубліка К.-В. Прэзідэнтам краіны стаў А.М.Перэйра. Гал.паліт. сілай заставалася ПАІГК, якая ў 1981 разарвала адносіны з кіруючай партыяй у Гвінеі-Бісау (тая імкнулася да стварэння уніі абедзвюх дзяржаў), а пазней стварыла асобную Афр. партыю незалежнасці КВ., адзіную легальную партыю ў краіне. У 1980—90-я г. шматгадовая засуха прывяла да эканам. крызісу. У 1990 парламент ухваліў змены ў канстытуцыі, якія прадугледжвалі ўвядзенне ў краіне шматпартыйнай сістэмы. У 1991 адбыліся першыя свабодныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, перамагла партыя Рух за дэмакратыю, прэзідэнтам выбраны падтрыманы ёю незалежны кандыдат А.Машкарэньяш Мантэйру. К.-В. — чл.ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства, Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв. 1992.
Гаспадарка. К.-В. — эканамічна адсталая, пераважна агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) 440 млн.дол. ЗША (1994); на 1 чал. ў год прыпадае 1040 дол. Доля ў ВУП: сельскай гаспадаркі — 18%, рыбалоўства — 7, прам-сці — 8, абслуговых галін — 67%. У дзярж. сектары ствараецца да 40% ВУП. Гал. галіна — сельская гаспадарка. З-за гарыстага рэльефу і неўрадлівых глеб вядзенне сельскай гаспадаркі магчыма на 12% тэрыторыі, земляробства — на 1,4% (каля 5600 га). С.-г. землі цярпяць ад недахопу вады. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі; ёсць кааператывы. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, фасолю, батат, цукр. трыснёг, маніёк, бульбу, агародніну. Экспартныя культуры: бананы (штогод 5—10 тыс.т), кава, тытунь, арахіс, клешчавіна, гарчыца. Вырошчваюць таксама апельсіны, фінікі і какосавыя арэхі. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1990): буйн. раг. жывёлы — каля 13, свіней — каля 40, коз — каля 70, авечак — каля 3. Штогадовы ўлоў рыбы, амараў і крэветак каля 15—20 тыс.т. Прам-сць развіта слаба. На а-вах Сал, Баавішта і Маю здабыча каменнай солі (да 40 тыс.т у год), на в-ве Санту-Антан — пуцаланаў (цэм. сыравіна), гіпсу і кааліну. Вытв-сць электраэнергіі 40 млн.кВт∙гадз (1995) на дробных дызельных электрастанцыях. Будуюцца ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюць энергію ветру і сонца. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: рамонт і буд-ва дробных суднаў (г. Міндэлу), вытв-сць адзення і абутку (ф-кі швейная ў Міндэлу, тэкст., швейная і абутковая ў Праі), мэблі (Прая). Харчасмакавая прам-сць уключае перапрацоўку рыбы і вытв-сць рыбных кансерваў, разнастайных харч. тавараў, у т. л. алею і мукі. Працуюць ліцейна-мех. майстэрні (Міндэлу), з-ды жалезабетонных і керамічных вырабаў, буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па зборцы з імпартных дэталей эл.-быт. прылад і іх рамонце (Прая). Развіты саматужныя промыслы (ганчарны, пляценне кошыкаў, выраб сувеніраў). У г. Прая саматужна-маст. майстэрні. На астравах Сант’ягу і Сан-Вісенты невял. з-ды па апрасненні марской вады. У порце Міндэлу — бункераванне (забеспячэнне палівам і інш.) суднаў розных краін. Унутр. транспарт аўтамабільны. На астравах 3,2 тыс.км аўтадарог (у т. л. 0,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), 10,5 тыс. легкавых аўтамабіляў, 5,5 тыс. грузавікоў і аўтобусаў. Сувязь паміж астравамі і з інш. краінамі ажыццяўляецца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Прая і Міндэлу. На в-ве Сал міжнар. аэрапорт. Знешні гандаль мае адмоўны баланс. Штогадовы экспарт каля 5 млн.дол., імпарт каля 170 млн.дол. Краіна экспартуе соль, бананы, каву, тытунь, рыбныя кансервы, імпартуе прамысл. і харч. тавары. Гандаль пераважна з Партугаліяй (49% экспарту і 34% імпарту), Анголай, Нідэрландамі. Дадатковыя сродкі краіне прыносяць турызм, грашовыя пераводы эмігрантаў, дапамога міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — эскуда Каба-Вердэ.
Літ.:
Григорович А.А., Грибанов В.В. Кабо-Верде. М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНГАПУ́Р (малайскае Singapura, англ. Singapore),
Рэспубліка Сінгапур (малайскае Republik Singapura, англ. Republic of Singapore), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на в-ве Сінгапур (пл. 570 км²) і прылеглых дробных астравах (каля 50), каля паўд. берагоў п-ва Малака. Джахорскім прал. (перасечаны дамбай з чыгункай, шашой і магістральным водаправодам) аддзелены ад тэр. Малайзіі, Сінгапурскім — ад Інданезіі. Пл. 648 км². Нас. 4151,3 тыс.чал. (2000). Дзярж. мовы — малайская, кітайская, англійская, тамільская. Сталіца — г.Сінгапур. Нац. свята — Нацыянальны дзень (9 жн.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка з парламенцкай формай праўлення. Чл. Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1991 (з папраўкай 1993). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на прамых усеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Аднапалатны парламент выбіраецца на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Рэльеф раўнінны (выш. да 176 м). Клімат экватарыяльны мусонны, гарачы і вільготны. Т-ра ўвесь год 26—28 °C. Выпадае каля 2500 мм ападкаў за год. Амаль уся тэрыторыя забудавана, ёсць паркі і скверы. Захаваліся невял. балоты, рэшткі трапічных лясоў (каля 5% тэр.), каля берагоў мангравыя зараснікі. Ёсць некалькі рэзерватаў, запаведнік на г. Букітымах, сусв. вядомы бат. сад.
Насельніцтва. Жывуць кітайцы (76%), малайцы (15%), выхадцы з Паўд. Азіі, пераважна тамілы (7%), еўрапейцы (англічане, французы, партугальцы), нашчадкі ад мяшаных шлюбаў еўрапейцаў з прадстаўнікамі азіяцкіх народаў, арабы і інш. Вернікі — будысты, канфуцыянцы, мусульмане, індуісты, хрысціяне. Сярэднегадавы прырост каля 1 % за год. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва больш за 6400 чал. на 1 км², адна з найб. у свеце. Усё насельніцтва гарадское, жыве ў г. Сінгапур (3567 тыс.ж.), суседніх гарадах і пасёлках. У прам-сці занята 25,6% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 1%, у фінансах і банкаўскай справе — 33,5%, у буд-ве — 6,6%, у кіраванні і абслуговых галінах — 33,3%.
Гісторыя. У сярэдневякоўі тэр. С. ўваходзіла ў склад розных малайска-інданез. дзяржаў (Шрывіджаі. Малакскага султаната і інш). Пасля войнаў 13—14 ст. да пач. 19 ст. яна амаль незаселена. У 1819 брыт. губернатар Явы Т.С.Рафлз выкупіў в-аў Сінгапур у султана Джахора, заснаваў тут факторыю С., вакол якой вырас горад — адзін з найб. гарадоў Паўд.-Усх. Азіі; з 1826 асобная калонія Вялікабрытаніі. У 1942—45 С. акупіраваны яп. войскамі. У 1954 створана Партыя нац. дзеяння (ПНД). У 1959 С. атрымаў самакіраванне. У 1963—65 у складзе Федэрацыі Малайзія, з 9.8.1965 — незалежная дзяржава. Урад ПНД (напачатку на чале з прэм’ер-міністрам Лі Куан Ю, з ліст. 1990 — Го Чок Тонгам) ажыццяўляе палітыку прыцягнення замежнага капіталу і развіцця рыначнай эканомікі, што прывяло да хуткага эканам. росту С. і ператварэння яго да пач. 1990-х г. у адну з найб. развітых краін Азіі. С. — чл.ААН (з 1965), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі. Дыпламат. адносіны паміж С. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1992. Гал.паліт. партыя — Партыя нац. дзеяння, інш. партыі не адыгрываюць значнай ролі ў паліт. жыцці С.
Гаспадарка. С. — найб. развітая ў эканам. адносінах краіна Паўд.-Усх. Азіі. Разам з Тайванем і Паўд. Карэяй трывала ўваходзіць у лік «новых індустр. краін». Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) — 91,7 млрд.дол., каля 22 100 дол. на душу насельніцтва (2000). У прам-сці ствараецца каля 30% ВУП, у транспарце і сувязі — 13%, у сельскай гаспадарцы — 0,2%, у сферы абслугоўвання каля 57%. С. — буйны рэгіянальны і міжнар. цэнтр гандлю, фінансаў, маркетынгу, паслуг і распрацовак найноўшых тэхналогій, важнейшы трансп. і камунікацыйны вузел Паўд.-Усх. Азіі. Аснова эканомікі — традыц. знешнегандл. аперацыі (гал. чынам рээкспарт) і экспартныя галіны прам-сці (на імпартнай сыравіне). У прам-сці 3 групы галін: суднабудаванне і суднарамонт (2-е, пасля ЗША, месца ў свеце па вытв-сці перасоўных буравых установак для распрацоўкі марскіх радовішчаў нафты), нафтаперапрацоўка (5 з-даў сумарнай магутнасцю перапрацоўкі 60 млн.т нафты за год, 3-е месца ў свеце) і нафтахімія; электроніка, радыё- і электратэхніка (персанальныя камп’ютэры, інтэгральныя схемы, перыферыйныя сістэмы, абсталяванне аўтаматызаванага праектавання, сродкі навігацыі і сувязі, фотаоптыка, гадзіннікі і інш.), зборка і рамонт самалётаў, аўтамабіляў, матацыклаў, веласіпедаў; лёгкая (тэкст., швейная, трыкатажная) і харчовая. Вытв-сць электраэнергіі 28 млрд.кВт∙гадз (1999), усе электрастанцыі цеплавыя, працуюць на вадкім паліве. Захавалі сваё значэнне традыц. галіны: волаваплавільная, перапрацоўка каўчуку і гумавая прам-сць, дрэваапрацоўка. Дзейнічаюць старэйшы ў Паўд.-Усх. Азіі металург. з-д поўнага цыкла, інш. прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі. Высокаразвітая ваен.прам-сць, прадукцыя якой ідзе пераважна на экспарт (стралковая зброя, патрульныя марскія катэры, радыёапаратура, боепрыпасы і інш.). Рээкспарт каўчуку, волава, копры, драўніны, вострых прыпраў (найб. перцу). Развіта аказанне разнастайных інфарм., фін., тэхнал., мед. і турыстычных паслуг. С. — буйны фін. цэнтр (саступае толькі Лондану, Нью-Йорку і Токіо). Працуюць валютныя і фондавыя біржы, 141 банк, у т. л. 128 замежных. Праводзяцца буйныя міжнар.гандл.-прамысл. выстаўкі, навукова-тэхн. сімпозіумы і канферэнцыі. Штогод С. наведвае больш за 7 млн. турыстаў з суседніх краін, Японіі, Кітая, ЗША і інш. У 1998 даход ад турызму склаў 5,79 млрд.дол. Сельская гаспадарка мае другаснае значэнне. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1,3 тыс.га. Вырошчваюць гевею, какосавую пальму, вострыя прыправы, тытунь, агародніну, садавіну, кветкі. Развіты свінагадоўля (у 1997—190 тыс. свіней) і птушкагадоўля (2 млн. курэй). Марское рыбалоўства (штогадовы ўлоў 13—15 тыс.т рыбы). Транспарт пераважна марскі. У С. — буйнейшы ў рэгіёне транзітны марскі порт (прымае за суткі ў сярэднім 150 суднаў, 2-гі ў свеце пасля Ротэрдама па грузаабароце). У порце — зона свабоднага гандлю. Марскі флот налічвае больш за 500 суднаў. Даўж. чыгункі 38,6 км, аўтадарог і вуліц 3017 км. У краіне 379,5 тыс. легкавых, 140,8 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Аэрапорт Чангі — адзін з найбуйнейшых у свеце. Трубаправодны транспарт заняты транспарціроўкай пітной вады з Малайзіі і Інданезіі. У 1998 экспарт склаў 128 млрд.дол., імпарт — 133,9 млрд.дол. Экспартуюцца і рээкспартуюцца нафтапрадукты (8% сусв. гандлю імі), вылічальная тэхніка і радыётэлевізійнае абсталяванне (каля 14% сусв. аб’ёму), камунікацыйнае і офіснае абсталяванне, марскія судны і платформы, хім. прадукты, машыны і абсталяванне, каўчук, тэкст. і швейныя вырабы, алей, лесаматэрыялы, волава і інш. У імпарце пераважаюць сыравінныя тавары і харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Малайзія (19% экспарту, 15% імпарту), ЗША (18% і 15% адпаведна), Японія (21% імпарту), Інданезія, Кітай, Тайланд, Паўд. Карэя і інш. Грашовая адзінка — сінгапурскі долар.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Сінгапура.Да арт.Сінгапур (дзяржава). Жылыя кварталы г. Сінгапур.