МАЧАВА́Я КІСЛАТА́ (2, 6, 8-трыоксіпурын),

канчатковы прадукт абмену пурынаў і бялкоў у арганізме чалавека і жывёл. Бясколерныя крышталі, раскладаюцца ніжэй т-ры плаўлення, дрэнна раствараюцца ў вадзе. М.к. адкрыў швед. хімік К.​Шэеле (1776) у мачы. Утвараецца пераважна ў печані, невял. колькасць ёсць у тканках (мозг, кроў), мачы і поце. Пры некат. парушэннях абмену рэчываў адбываецца назапашванне М.к. і яе кіслых солей (уратаў), што выклікае нефрыты, артрыты, артрозы, таксікозы цяжарных і інш. хваробы. Зыходны прадукт для прамысл. сінтэзу кафеіну.

Мачавая кіслата.

т. 10, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРМЕКАХАРЫ́Я [ад грэч. myrmēx (myrmēkos) мурашка + ...харыя],

адзін з тыпаў зоахарыі, распаўсюджванне мурашкамі насення і інш. зачаткаў раслін. Назіраецца ва ўмераных і трапічных паясах (пераважна ў Бразіліі). Звязана з паяданнем мурашкамі прыдаткаў (вырастаў) на насенні, якое пры гэтым не пашкоджваецца. Да раслін, якім уласціва М., належаць многія аднадольныя (напр., гусіная цыбуля, цыбуля, перлаўка і інш.) і двухдольныя расліны (напр., калматка, крынічнік, фіялка, чабор, чубатка і інш.). Сярод іх ёсць аблігатныя мірмекахоры (распаўсюджваюцца толькі з дапамогай мурашак) і факультатыўныя (распаўсюджваюцца і інш. спосабамі).

т. 10, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́МАЛЬ, Куль,

у міфалогіі комі бог — стваральнік сусв. зла, валадар злых духаў. Ён процістаіць свайму брату Ену — стваральніку добрай і праведнай часткі свету. З крыві О. нарадзіліся жывёлы і першая жанчына, у ходзе яго барацьбы з Енам узніклі зямная суша, акіяны і моры; ад скінутых О. з неба жонкі і дзяцей Ена пайшлі людзі. Ен хітрасцю зняволіў О. і яго злых духаў у пекла. Калі О. вызваліцца, паміж ім і Енам адбудзецца вял. бітва. Роднасны О. вобраз — Куль — ёсць у мансійскай міфалогіі.

т. 11, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАВІНАГРА́ДНАЯ КІСЛАТА́, α-кетапрапіёнавая кіслата,

найважнейшая з кетакіслот, CH3COCOOH. Ёсць у клетках усіх жывых арганізмаў, з’яўляецца найважнейшым прамежкавым прадуктам у абмене рэчываў (гл. Трыкарбонавых кіслот цыкл). У біяхім. л-ры П.к. наз. піруватам, а яе солі — піруватамі.

Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, tпл 13,6 °C, кіпіць з раскладаннем (tкіп 165 °C), шчыльн. 1270 кг/м³. Адзін са спосабаў атрымання — перагонка віннай к-ты ў прысутнасці гідрасульфату калію. Выкарыстоўваюць у вытв-сці лек. прэпаратаў (напр., цынхафену, ці атафану, для лячэння падагры).

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАМО́НАС (Psendomonas),

род няспораўтваральных бактэрый сям. псеўдаманад. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў паветры, глебе, марскіх і прэсных вадаёмах, сцёкавых водах, газавых і нафтавых радовішчах. Выяўляюцца на харч. прадуктах, целах жывёл і раслін, таксама ў гнойных ранах і экскрэментах хворых млекакормячых жывёл і чалавека.

Пераважна адзіночныя клеткі ў выглядзе дробных палачак з палярна размешчанымі жгуцікамі. Аэробныя арганізмы, грамадмоўныя, гетэратрофы. Некат. віды сінтэзуюць пігменты, вітаміны, антыбіётыкі або таксіны. Ёсць патагенныя і ўмоўна патагенныя для чалавека, жывёл і раслін.

А.​І.​Ерашоў.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДО́УКА (Tricholoma),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 36 відаў. Найб. вядомыя Р.: зялёнка, падзялёнка, бела-карычневая (T. albobrunneum), мыльная (T. saponaceum), сухая (T. sudum). Трапляюцца з вер. па кастр. пераважна ў хвойных лясах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка лускаватая ці гладкая, бураватая, шараватая, белаватая, злёгку пукатая або шырокалейкападобная. Пласцінкі свабодныя ці прырослыя. Мякаць белаватая, на зломе часам ружавее. Ножка цэнтр., цыліндрычная, шчыльная. Споры гладкія, эліпсоідныя. Ёсць ядомыя і ядавітыя.

Радоўка мыльная.

т. 13, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАГАДАВА́ЛЬНІК,

няпоўнасістэмная сажалкавая і азёрная рыбная гаспадарка, у якой разводзяць і гадуюць моладзь каштоўных відаў рыб для дарошчвання яе да таварнай масы ў натуральных і штучных вадаёмах. На Беларусі ў 1980-я г. працавала 9 Р. з агульнай пл. выроставых сажалак 518 га. У 2000 моладзь рыб вырошчвалася ў Р. «Багушэўскім», «Шэметава», «Наўліца». Р. ёсць у складзе большасці поўнасістэмных сажалкавых рыбных гаспадарак. Гадуюць рыбапасадачны матэрыял (сяголеткаў, гадавікоў, двухгадовікаў) карпа, сазана, карася сярэбранага і інш. Гл. таксама Рыбаводства.

Т.​М.​Шаўцова.

т. 13, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЗО́ПУС (Rhizopus),

род зігаміцэтавых грыбоў сям. мукоравых. 11 відаў. Пашыраны паўсюдна. Трапляюцца ў глебе, на раслінах і раслінных рэштках, харч. прадуктах, экскрэментах. Выклікаюць псаванне (гніенне) кармоў, збожжа, прадуктаў, ёсць патагенныя для жывёл і чалавека.

Міцэлій паветраны, пушысты, дыферэнцыраваны звычайна на сталоны, спарангіяносцы і рызоіды. Спарангіі шарападобныя. У выніку палавога працэсу паяўляюцца зігаспоры. Некат. віды маюць высокую ферментатыўную актыўнасць. У краінах Азіі выкарыстоўваюцца як кампанент закваскі (т.зв. кітайскія дрожджы) або для вытв-сці зброджаных прадуктаў харчавання (соевы сыр).

С.​І.​Бельская.

т. 13, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТАСЛА́Ў МСЦІСЛА́ВІЧ (? — 1172),

князь уладзіміра-валынскі і берасцейскі. Сын вял. кн. Мсціслава Ізяславіча. Упершыню ўпамянёны ў Іпацьеўскім летапісе пад 1173 (сапраўдная дата падзеі 1170), калі сын Яраслава Асмамысла Уладзімір звярнуўся да яго з просьбай дазволіць уладарыць у г.Чэрвень. Мяркуецца, што ў гэты час С.М. княжыў ва Уладзіміры-Валынскім, а яго старэйшы брат Раман — у Ноўгарадзе. У гісторыка 18 ст. В.​М.​Тацішчава пад 1172 ёсць запіс пра смерць С.М. ў Бярэсці. Верагодна, туды С.М. перайшоў княжыць у 1170.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 14, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́НЕ (Skåne),

гістарычная вобласць на крайнім Пд Швецыі. Займае аднайм. паўвостраў, уразаецца ў мора на 100 км, на З абмываецца прал. Эрэсун, на Пд і У — Балт. морам. У рэльефе пераважаюць узгорыстыя раўніны, ёсць асобныя грады з гранітаў і гнейсаў (выш. да 226 м). Клімат умераны. Большая ч. тэр. разарана, участкі шыракалістых лясоў (дуб, бук), верасоўнікі. Гарады Мальмё, Лунд і інш.

...СКОП (ад грэч. skopeō назіраю), другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае назву прыбораў ці прылад для назірання (напр., мікраскоп, тэлескоп).

т. 14, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)