ДАБРАПО́ЛЬ

(Galeobdolon),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе і М.Азіі. На Беларусі ўсюды трапляецца дабраполь жоўты (G. luteum). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, у хмызняках.

Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучым галінастым карэнішчам. Гал. сцябло і неквітучыя парасткі сцелюцца, у вузлах укараняюцца, квітучыя парасткі прыўзнятыя. Лісце простае, супраціўнае, зімуе; ніжняе круглавата-яйцападобнае, верхняе яйцападобнае, завостранае. Кветкі залаціста-жоўтыя, двухгубыя, з прыкветкамі, па 3—10 у несапраўдных пазушных кальчаках. Плод — чатырохарэшак. Лек., меданосныя і дэкар. (ёсць формы з серабрыстым лісцем) расліны.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)