КУРГА́НСКІ БОЙ 1942,
бой партыз. атрадаў «Штурм», «Грозны», «За бацькаўшчыну», «Вясна», брыгады «Штурмавая» супраць ням.-фаш. захопнікаў у в. Курганы Заслаўскага р-на Мінскай вобл. 31 кастр. ў Вял. Айч. вайну. Калі партыз. разведка выявіла прасоўванне ў партыз. зону батальёна карнікаў (каля 300 гітлераўцаў), партызаны вырашылі разграміць яго. Яны сустрэлі карнікаў на р. Удра ў в. Курганы і пасля 5-гадзіннага бою прымусілі ворага адступіць. На шляху адступлення ў пас. Шаршуны гітлераўцы трапілі ў партыз. засаду і былі разгромлены. Партызаны захапілі гармату, 3 мінамёты, 2 кулямёты, 2 аўтаматы, 15 вінтовак і вял. колькасць боепрыпасаў.
М.Ф.Шумейка.
т. 9, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДВІГ ((Ludwig) Крыста) (н. 16.3.1928, Берлін),
аўстрыйская спявачка (мецца-сапрана). Вучылася пад кіраўніцтвам бацькі А.Людвіга, потым у муз. школе ў Франкфурце-на-Майне. З 1946 працавала ў розных ням. оперных т-рах, з 1955 салістка Венскай дзярж. оперы. Спявала таксама ў т-рах «Метраполітэн-опера», «Ла Скала». Сярод партый: Дарабела, Керубіна («Усе яны такія», «Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Леанора («Фідэліо» Л.Бетховена), Актавіян і Маршальша («Кавалер ружы» Р.Штрауса), Эбалі («Дон Карлас» Дж.Вердзі). У 1954—74 пастаянна ўдзельнічала ў Зальцбургскіх фестывалях. Выконвала сольныя партыі ў 9-й сімфоніі Бетховена. Выступае як камерная спявачка.
т. 9, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКІТА́НТЫ (ням. Marketender ад італьян. mercatante гандляр),
дробныя гандляры прадуктамі харчавання і прадметамі салдацкага ўжытку, якія суправаджалі войскі ў паходах, на манеўрах і вучэннях, а таксама ў час вайны; мелі свае крамы ў ваен. гарнізонах. Вядомы з антычнасці. Найб. пашыраны ў эпоху феадалізму (у т. л. ў арміі ВКЛ), калі не было цэнтралізаванага забеспячэння войск. У Зах. Еўропе М. лічыліся неад’емным элементам войска. У Францыі і інш. краінах М. часцей былі жанчыны (маркітанткі); зрэдку яны насілі асобную форму адзення і выконвалі ролю сясцёр міласэрнасці. Дзейнасць М. рэгламентавалася адпаведнымі палажэннямі і вайсковымі статутамі. Служба М. існавала да пач. 20 ст.
т. 10, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕМНАМО́РСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
рэгіянальныя спартыўныя гульні краін Міжземнаморскага басейна, што адбываюцца пад апекай Міжнар. алімп. к-та. Першыя М.г. (1951, г. Александрыя, Егіпет) арганізаваны па ініцыятыве Францыі. Праводзяцца ў перадалімп. год Міжнар. к-там (засн. ў 1960; эмблема — белы сцяг з блакітным контурам Міжземнага мора; штаб-кватэра ў Афінах). Гульні атрымліваюць назву ад імя горада, у якім яны праводзяцца. У праграме М.г.: барацьба, баскетбол, бокс, валейбол, веласпорт, веславанне, воднае пола, гандбол, гімнастыка, дзюдо, лёгкая атлетыка, ветразевы спорт, плаванне, скачкі ў ваду, стральба, цяжкая атлетыка, фехтаванне, футбол, хакей на траве і інш. (12 і больш відаў спорту).
т. 10, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛАДАЛАТЫШЫ́,
удзельнікі нац.-ліберальнага руху ў Латвіі ў 1850—60-я г. Выступалі супраць рэшткаў прыгонніцтва і засілля ням.-балт. дваранства, за пашырэнне сял. самакіравання, эканам. самастойнасць Латвіі і адраджэнне лат. нац. культуры, садзейнічалі развіццю лат. літ. мовы, нац. л-ры і мастацтва, школьнай адукацыі, лат.-рус. культ. сувязей, распаўсюджванню навук. ведаў. Былі праціўнікамі рэв. барацьбы, але падтрымлівалі сял. выступленні і лічылі, што яны прымусяць рас. ўрад да правядзення рэформ. Заснавальнікі і ідэйныя кіраўнікі — публіцысты К.Валдэмар, К.Біезбардзіс, паэт Ю.Алунан, фалькларыст К.Баран. Друкаваны орган — «Pēterburgas avizes» («Пецярбургская газета»), якая выдавалася ў 1862—65 у Пецярбургу.
т. 10, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ШЦЫ, мускулы,
органы, якія ажыццяўляюць рухальную функцыю арганізма і яго асобных органаў. Адрозніваюць 2 асн. групы М.: папярочнапаласатыя і гладкія. Пад уздзеяннем нерв. імпульсаў валодаюць уласцівасцю скарачальнасці. Сукупнасць гладкіх, папярочнапаласатых і сардэчнай М. утвараюць мышачную сістэму арганізма, якая складае ў чалавека 28—32% ад масы цела (жанчыны) і 35—45% (мужчыны). М. размешчаны пераважна на касцях шкілета (шкілетныя мышцы). Яны ажыццяўляюць перамяшчэнне цела ў прасторы, работу канечнасцей, рух галавы, пазваночніка, міміку, рух вачэй і інш. М. маюць актыўную ч. — цела і пасіўную — сухажылле (для прымацавання М. да касцей шкілета).
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІНА́Л (ад лац. nominalis імянны ад nomen імя, назва),
намінальная вартасць акцыі або каштоўнай паперы. Звычайна пазначаецца на акцыях, аблігацыях і папяровых грашовых знаках. Намінальнай цаной каштоўных папер і акцый лічыцца афіцыйна абвешчаная і пазначаная на іх вартасць. Яны падзяляюцца і купляюцца па рыначнай цане — курсе каштоўных папер, які складаецца пад уплывам попыту і прапанавання, таму Н. не заўсёды з’яўляецца вызначальным фактарам яго фарміравання. Калі цана акцыі на фондавай біржы, напр., пераўзыходзіць яе намінальную вартасць, то акцыя каштуе вышэй за Н. Н. наз. таксама цана тавару, пазначаная ў прэйскурантах або на таварах.
т. 11, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАДАВО́ЛЬЦАЎ-АФІЦЭ́РАЎ ГУРТКІ́.
Дзейнічалі ў 1880-я г. Нарадавольская Ваен. арг-цыя з гурткамі ў Пецярбургу, Кранштаце і Гельсінгфорсе ўзнікла ў 1881. У канцы 1881 выканком «Народнай волі» пачаў пашыраць дзейнасць Ваен. арг-цыі. У пач. 1882 член Цэнтр. ваен. групы М.Рагачоў наведаў Мінск, Віцебск, Вільню з мэтай стварэння ваен. гурткоў з мясц. афіцэраў. У 1882—83 афіцэрскія гурткі існавалі ў Мінску, Пінску, Гродне, Бабруйску, Оршы і Магілёве. Яны падпарадкоўваліся Ваен.-рэв. цэнтру «Народнай волі». У Мінску такі гурток існаваў і ў 1884—85 пасля правалу Цэнтр. ваен. групы «Народнай волі» і арышту яе кіраўнікоў.
М.А.Сакалова.
т. 11, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВА́Я СПЕ́ЛАСЦЬ,
заключная стадыя палавога выспявання, стан развіцця арганізма жывёл і чалавека, пры якім яны здольныя размнажацца. У жывёл тэрміны надыходу П.с. залежаць ад віду, пароды, полу жывёлы і інш. Самкі большасці відаў жывёл становяцца палаваспелымі раней за самцоў. У мужчын П.с. настае ў 19—20, у жанчын — у 16—17 гадоў (у паўд. краінах раней). П.с. чалавека характарызуецца па ступені выразнасці другасных палавых прыкмет (напр., па развіцці малочных залоз у жанчын, па аваласенні ў мужчын), залежыць ад спадчынных асаблівасцей, быт., сац.-эканам., кліматычных умоў, стану здароўя і інш.
І.У.Дуда.
т. 11, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́Н (франц. partisan) у міжнародным праве, асоба, якая з’яўляецца ўдзельніцай партызанскага руху і змагаецца ў складзе партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі, што занята праціўнікам або кантралюецца рэакцыйным рэжымам; адносіцца да камбатантаў. П. абапіраюцца на падтрымку мясц. насельніцтва, з якога пераважна папаўняюцца партызанскія фарміраванні. П. таксама становяцца ваеннаслужачыя, што засталіся ў тыле ворага або спецыяльна пасланы для вядзення баявых дзеянняў. Яны арганізаваныя, узначальваюцца асобай, якая адказвае за падначаленых, маюць адметны знак, адкрыта носяць зброю, у баявых дзеяннях захоўваюць нормы міжнар. права, якія прымяняюцца ў перыяд узбр. канфліктаў. Гэтыя палажэнні замацаваны рэзалюцыямі Ген. Асамблеі ААН.
т. 12, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)