ЧЭЙЗ (Chase) Сцюарт (8.3.1888, г. Сомерсуэрт, ЗША — 16.11.1985),
амерыканскі эканаміст. Вучыўся ў Масачусецкім тэхнал. ін-це (1907—08) і Гарвардскім ун-це (1910). Працаваў у Федэральнай гандл. камісіі (1917). У 1920—40-я г. кансультант шэрагу ўрадавых устаноў ЗША. У працы «Мэты для Амерыкі» (1942) паказаў неабходнасць і магчымасць павышэння эфектыўнасці вытв-сці на аснове тэорыі змешанай эканомікі, у аснове якой спалучэнне прыватнага прадпрымальніцтва і дзярж. рэгулявання эканам. працэсаў. Лічыў, што змешаная эканоміка найб. поўна рэалізуецца ва ўмовах ваен. эканомікі, у якой ён бачыў адзін са сродкаў пашырэння асабістага спажывання і ажыццяўлення шырокай праграмы грамадскіх работ, скарачэння беспрацоўя і вырашэння інш. сац. праблем. Паводле Ч., гал. ролю ў правядзенні рэформ, пераадоленні існуючых у грамадстве стэрэатыпаў і негатыўных з’яў у псіхалогіі і паводзінах людзей павінна адыграць інтэлігенцыя («Трагедыя марнатраўства», 1925; «Тэхнакратыя», 1933).
т. 17, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПАК Аляксандр Пятровіч (н. 16.4.1948, с. Чапаеўка Кіеўскай вобл., Украіна),
бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1999). Скончыў Укр. с.-г. акадэмію (1971). З 1971 у Ін-це агр. эканомікі Нац. АН Беларусі (з 1994 нам. дырэктара). Навук. працы па праблемах агр. адносін, інвестыцыйнай дзейнасці ў галіне сельскай гаспадаркі. Распрацаваў канцэпцыю агр. рэформы, якая пакладзена ў аснову рэсп. і абл. праграм рэфармавання і ўдасканалення АПК Беларусі, яго пераходу да рыначнай сістэмы гаспадарання.
Тв.:
Концепция аграрной реформы в Республике Беларусь. Мн., 1994;
Инвестиционная деятельность в системе АПК. Мн., 1998;
Ускорение реформ на селе — кратчайший путь к его возрождению // Агроэкономика. 2000. № 2;
Как нам провести земельную реформу (разам з К.В.Рахатко) // Сейбіт. 2002. № 4;
Совершенствование аграрных отношений в условиях трансформационной экономики Республики Беларусь. Мн., 2003 (з ёй жа).
т. 17, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЮ́НЯ Уладзімір Леанідавіч (н. 24.5.1953, в. Вялікія Якетаны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (2000), праф. (2001). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1975). З 1979 у БДУ (з 1991 заг. кафедры). Навук. працы па метадалогіі эканам. даследаванняў, пытаннях трансфармацыі эканам. сістэмы ва ўмовах глабалізацыі сусв. эканомікі, сац.-эканам. пераўтварэнняў у агр. сектары эканомікі. Адзін з аўтараў навуч. дапаможнікаў для ВНУ «Асновы эканамічнай тэорыі» (ч. 1—3; 1995—97), «Эканамічная тэорыя» (2001) і інш.
Тв.:
Влияние научно-технического прогресса на преобразование материальной основы сельскохозяйственного производства. Мн., 1984;
Экономические проблемы взаимодействия обобществления производства и отношений собственности. Мн., 1985 (у сааўт.);
Обобществление сельскохозяйственного производства и развитие социально-экономических факторов труда. Мн., 1991 (у сааўт.);
Агропромышленный комплекс в условиях переходной экономики. Мн., 1999.
т. 18, кн. 1, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТАРО́ВІЧ Леанід Віталевіч (19.1.1912, С.-Пецярбург — 7.4.1984),
савецкі матэматык і эканаміст. Акад. АН СССР (1964, чл.-кар. 1958). Чл. Амер. Акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Ленінградскі ун-т (1930), дзе працаваў з 1932. Праф. Ваен.-марской інж. акадэміі, заг. аддзела Ін-та матэматыкі АН СССР. З 1960 у Сібірскім аддз. АН СССР; з 1971 у Ін-це кіравання нар. гаспадаркай. З 1976 дырэктар Ін-та сістэмных даследаванняў АН СССР. Навук. працы па функцыян. аналізе і выліч. матэматыцы. У 1939—40 заклаў пачатак лінейнага праграмавання. Адзін са стваральнікаў тэорыі аптымальнага планавання і кіравання нар. гаспадаркай, аптымальнага выкарыстання сыравінных рэсурсаў. Дзярж. прэмія СССР 1949. Ленінская прэмія 1965. Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Т.Купмансам).
Тв.:
Математические методы организации и планирования производства. Л., 1939;
Экономический расчет наилучшего использования ресурсов. М., 1959;
Функциональный анализ. 3 изд. М., 1984 (разам з Г.П.Акілавым).
т. 7, с. 604
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛА́ЖАНКА Уладзімір Андрэевіч (н. 10.6.1926, в. Косаль Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1981), праф. (1982). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КПБ (1953) і Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1959). З 1946 на журналісцкай і парт. рабоце. З 1964 у БДУ, з 1983 у Бел. дзярж. тэхнал. ун-це (у 1983—93 заг. кафедры). Навук. працы па тэарэт. праблемах узнаўленчага працэсу на макра- і мікраўзроўні ў сістэме АПК, агр. і валютна-крэдытных адносінах. Распрацаваў метад эканам. ацэнкі зямлі як носьбіта ўрадлівасці, сродку працы і фактару с.-г. вытв-сці. Адзін з аўтараў навуч. дапаможніка «Асновы эканамічнай тэорыі» (1995).
Тв.:
Экономические условия воспроизводства основных фондов в колхозах. Мн., 1978;
Планомерность сельскохозяйственного производства в народнохозяйственном АПК. Мн., 1983;
Адкуль выйшлі і куды ідзем: Экан. нарыс // Полымя. 1994. № 8, 12.
т. 8, с. 571
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫЧ Генадзь Міхайлавіч (н. 25.2.1935, в. Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Акад. Нац. АН Беларусі (1991, чл.-кар. з 1986). Д-р эканам. н. (1973), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Брат Л.М.Лыча. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1958). У 1958—61 на Брэсцкай абл. с.-г. доследнай станцыі; з 1967 у Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1977 у БелНДІ эканомікі і арг-цыі сельскай гаспадаркі (нам. дырэктара). З 1988 дырэктар Ін-та эканомікі і адначасова з 1992 акад.-сакратар Аддзялення гуманіт. навук Нац. АН Беларусі. Даследуе праблемы павышэння эканам. эфектыўнасці сельскай гаспадаркі, у т. л. меліярацыі, кіравання нар. гаспадаркай, эканам. суверэнітэту, міждзярж. эканам. інтэграцыі.
Тв.:
Размещение и специализация сельского хозяйства Белорусской ССР. Мн., 1986 (у сааўт.);
Экономическая эффективность сельскохозяйственного производства. Мн., 1988;
Эффективность использования производственных ресурсов. Мн., 1990.
т. 9, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЕР Андрэй Казіміравіч, (1742—1807), эканаміст, батанік. Паходзіў з Саксоніі. Чл. Вольнага эканам. т-ва і Вольнага рас. сходу пры Маскоўскім ун-це. Аўтар «Батанічнага слоўніка» (кн. 1—2, 1781—83), гіст.-гасп. апісання Смелянскага графства (1787, засталося ў рукапісе) і інш. У якасці агранома паходнай канцылярыі Р.А.Пацёмкіна ў 1785—86 склаў апісанне Крычаўскага староства Магілёўскай губ., дзе даў характарыстыку прадукцыйных сіл уладання ў цэлым і становішча сялян з мэтай пабудовы тут суднаверфі і высялення мясц. старавераў на Пд імперыі. У апісанні змясціў некалькі бел. фалькл. твораў, малюнак Крычава, выкананы пейзажыстам-баталістам М.Іванавым, і карту ўладання, складзеную каптэнармусам Рыжскага батальёна Ц.Неразуевым. Твор М. — каштоўная крыніца па гісторыі і культуры Беларусі. Упершыню надрукаваны са скарачэннямі Е.Раманавым у 1901.
Тв.:
Описание Кричевского графства 1786 г. // Могилевская старина. Могилев, 1901. Вып. 2.
Я.К.Анішчанка.
т. 10, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЛІХ Сяргей Аляксандравіч (н. 13.2.1946, с. Мартыненка Кабяляцкага р-на Палтаўскай вобл., Украіна),
бел. вучоны-эканаміст і гасп. дзеяч. Д-р эканам. н. (1993), праф. (2001). Засл. работнік прам-сці Беларусі (1991). Скончыў Краснаярскі політэхн. ін-т (1971), Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1983).
З 1978 на Смаргонскім з-дзе аптычнага станкабудавання (з 1985 ген. дырэктар). Адзін з арганізатараў бел. гуманіт. гімназіі ў Смаргоні (1991). З 1994 ген. дырэктар Гуманіт. фонду СНД «Садружнасць». З 1998 у Бел. эканам. ун-це. Адзін з заснавальнікаў Міжнар. акадэміі па інтэграцыі навукі, адукацыі, сацыякультуры, тэхналогіі і вытв-сці («Кантэнант»), яе ганаровы прэзідэнт. Навук. працы па праблемах развіцця сац. сферы, выкарыстання аперацыйна-эканам. механізмаў кіравання і павышэння эфектыўнасці вытв. працэсу на прадпрыемствах.
Тв.:
Социальная сфера: регион и предприятие. Мн., 1993;
Оперативное управление заводом. Мн., 1993;
Операционный менеджмент. Мн., 2001 (разам з А.І.Гоевым).
т. 12, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СТАЎ (Rostow) Уолт Уітмен (н. 7.10.1916, Нью-Йорк),
амерыканскі сацыёлаг і эканаміст. Скончыў Іельскі і Оксфардскі ун-ты. У 1951—60 праф. Масачусецкага тэхнал. ін-та, з 1969 — Тэхаскага ун-та. Дарадчык прэзідэнтаў Дж.Кенэдзі і Л.Джонсана. Адзін са стваральнікаў тэорыі індустрыяльнага грамадства. Аўтар тэорыі стадый эканам. росту. У працах «Стадыі эканамічнага росту. Некамуністычны маніфест» (1960), «Палітыка і стадыі росту» (1971) вылучаў 5 асн. этапаў, праз якія праходзіць кожнае грамадства: традыцыйнае грамадства (агр. грамадства з прымітыўным узроўнем вытв-сці, навукі і тэхнікі); пераходнае грамадства (першапачатковае накапленне капіталу, узнікненне цэнтралізаванай дзяржавы); стадыя зруху (перыяд прамысл. рэвалюцыі); стадыя сталасці (індустр. грамадства); эра высокага масавага спажывання (праблемы спажывання пераважаюць над праблемамі вытв-сці, гал. кірункі вытв-сці — паслугі і тавары масавага спажывання). Адзін з гал. прадстаўнікоў канвергенцыі тэорыі ў саветалогіі. Навук. працы Р. паслужылі адной з крыніц постіндустрыяльнага грамадства тэорыі.
т. 13, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕЦЫЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. specialis асаблівы),
комплекс ведаў, уменняў, набытых спец. падрыхтоўкай, вопытам работы і неабходных для працы ў межах пэўнай прафесіі (інжынер-будаўнік, інжынер-эканаміст, тэхнік-механік, урач-тэрапеўт, урач-акуліст, слесар-інструментальшчык, слесар-наладчык і інш.). Калі функцыі пэўнай С. пашыраюцца на ўсю прац. дзейнасць работніка, яна адпавядае паняццю «прафесія» (шафёр, газазваршчык, бібліятэкар і інш.). У 2001 у 44 дзярж. і 14 недзярж. ВНУ Беларусі рыхтавалі спецыялістаў па больш як 240 С. па наступных профілях: пед., тэхн., гуманітарным, эканам., прыродазнаўчанавуковым, с.-г., мед. і ваенным; у сярэдніх спец. навуч. установах — каля 170, у асн. па тых жа профілях, што і ў ВНУ. У сістэме прафес.-тэхн. адукацыі замест С. прынята назва «рабочая прафесія». У 2001 такіх прафесій было больш як 380. Гл. таксама раздзел Асвета ў арт. Беларусь.
І.В.Катляроў.
т. 15, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)