ПІЯТУХО́ВІЧ (Міхаіл Мікалаевіч) (23.2.1891, в. Алексінічы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 20.12.1937),
бел. крытык і літ.-знавец. Правадз.чл. Інбелкульта (1925), праф. (1926). Скончыў Нежынскі гісторыка-філал.ін-т (1917). З 1921 у Мінску. Чл.навук.-тэрміналагічнай камісіі, выкладчык і сакратар Белпедтэхнікума. З 1922 выкладчык зах.-еўрап. і бел. л-р у БДУ. Працаваў і ў Інбелкульце, АНБССР (кафедра гісторыі бел. л-ры, Ін-т л-ры і мастацтва). У сувязі з абвінавачаннямі ў нацдэмакратызме ў 1934 (паводле інш. звестак, у 1936) пакінуў Беларусь. Выкладаў у пед. ін-тах Паўн. Каўказа. У 1937 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Універсітэцкі курс П. лёг у аснову яго «Нарысаў гісторыі беларускае літаратуры. Ч. 1 (Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і пачатку XX в.» (1928), якія мелі станоўчае значэнне ў тагачасных метадалаг. пошуках, хоць ён і не пазбег сацыялаг. схематызму. Аўтар артыкулаў пра фальклор, Ф.Скарыну, Ф.Багушэвіча, Я.Купалу, Я.Коласа, М.Багдановіча, Ц.Гартнага, Ядвігіна І.П., М.Чарота, К.Чорнага і інш. Рэдактар-укладальнік гісторыка-літ. хрэстаматыі «Выпісы з беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі» (1923). Рэдактар, аўтар уступнага артыкула да твораў П.Труса (1934, 1935). Праца П. «Рукапісы А.Рыпінскага» апубл. ў 1990 В.Скалабанам.
Тв.:
Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасць. Мн., 1926;
Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы. Мн., 1927;
Паэтычнае светаадчуванне ў творчасці Якуба Коласа. Мн., 1927;
Звычаі і песні беларускага селяніна ў іх гаспадарчай аснове. Мн., 1928;
У кн.: Матэрыялы да гісторыі беларускай літаратуры. Т. 1. Мн., 1936.
Літ.:
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975. С. 90—101;
Киселев Г. Разыскивается классик... Мн., 1989. С. 356—376;
Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталин. репрессий. Мн., 1992. С. 86—87.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАДМО́ВА,
напісанае аўтарам, рэдактарам або іншай асобай слова да чытача, якое змяшчаецца ў пачатку кнігі ці асобнай публікацыі для лепшага іх разумення.
Заснавальнік П. на Беларусі — Ф.Скарына: гуманіст.-асветніцкія, навуч.-пазнавальныя П. да асобных кніг Бібліі. Некат. П. адрасаваны ці прысвечаны мецэнатам [напр., прадмова Міколы Гусоўскага да кн. «Песня пра зубра» (1523) адрасавана каралеве Боне). У выданні Статута ВКЛ 1588 у якасці П. змешчана прамова Л.Сапегі на Варшаўскім сейме. У асобных кнігах ролю П. выконвалі вершаваныя эпікграмы. У 16—17 ст., у часы вострай ідэалаг. барацьбы і рэліг. палемікі, П. мелі пераважна сінкрэтычны характар, былі сродкам выражэння надзённых пытанняў грамадска-паліт. жыцця, важных праблем развіцця культуры, поглядаў і імкненняў прадстаўнікоў розных сац. груповак і рэлігійных кірункаў, грамадзянскага, нац. і эстэт. крэда іх аўтараў (П. С.Буднага, В.Цяпінскага да асобных твораў палемічнай і перакладной л-ры). У П. таго часу — зародкі бел. філалогіі, крытыкі, літ.-знаўства і публіцыстыкі. Важную ролю ў развіцці бел. л-ры і грамадскай думкі 19 — пач. 20 ст. адыгралі П. Я.Чачота, Р.Падбярэскага, Ф.Багушэвіча, Цёткі і інш. пісьменнікаў.
У сучаснай л-ры П. не мае цвёрдых, выразна акрэсленых жанравых прыкмет. Паводле формы і стылю П. самыя разнастайныя — ад кароткіх дзелавых анатацый да разгорнутых артыкулаў. Бываюць П. ад аўтара, рэдактара, укладальніка, перакладчыка, рэдкалегіі і інш. У залежнасці ад характару і прызначэння выдання (збор твораў, навук. манаграфія, зборнік артыкулаў, слоўнік, публікацыя помніка пісьменнасці і інш.) у П. падаецца сціслая інфармацыя пра змест і гісторыю ўзнікнення, аўтара, раскрываюцца прынцыпы і мэты выдання і інш. П., як правіла, суправаджаюцца першыя публікацыі ў газеце, часопісе. У выданнях тыпу хрэстаматый ці анталогій, апрача агульнай П., нярэдка падаюцца і кароткія П. да кожнай публікацыі помніка пісьменнасці, урыўка з буйнога твора або твораў пісьменніка. Ролю П. часам выконваюць пасляслоўі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ЖНЫЯ ПЕ́СНІ,
асаблівая форма шырокараспеўных нар. песень, пераважна лірычных. Пашыраны ва ўсх. славян, асабліва ў рус. песенным фальклоры («Горы», «Стэп», «Не адна ў полі дарожанька» і інш.). З інш.нар. назваў: рускія — прадольныя, прагалосныя, галасавыя, валакавыя, расцяжныя; беларускія — зацягучыя, далявыя. Як усе лірычныя песні, П.п. вылучаюцца багаццем тэматыкі, складанай паэтычнай сістэмай, якая адлюстроўвае разнастайныя адценні душэўнага стану і перажыванняў. Характар вобразнасці П.п. абумоўлівае ў іх пераважную ролю ўласнага меладычнага пачатку, што выяўляецца ў суадносінах муз. і паэт. бакоў, дзе характар мелодыкі паказвае незалежнасць яе ад заканамернасцей вершаванага складу, і ў прыёмах меладычнага формаўтварэння, і ў кампазіцыйных заканамернасцях. П.п. уласціва мелодыка вял. дыхання з бесперапыннасцю разгортвання, працяглым унутрыскладовым распяваннем (разводамі), словаабрывамі і паўторамі асобных слоў або складовых груп (т.зв. распеты верш), устаўнымі 1- і 2-складовымі воклічамі («ах», «ох», «эй», «ой да»), ладавай і метрарытмічнай пераменнасцю, унутрымеладычнымі кантрастамі. Усё гэта абумовіла ўтварэнне разгорнутай песеннай строфікі з асіметрычнымі муз. фразамі, ланцуговымі запевамі. Для П.п. характэрна харавое выкананне (шматгалоссе падгалосачнага складу), аднак існуюць і традыцыі іх сольнага распеву. Як харавое, так і сольнае іх выкананне патрабуе выдатных нар. спевакоў, майстроў, якія валодаюць школай нар. працяглага спеву (гл.Народныя спевакі). Адзін і той жа сюжэт можа існаваць у розных меладычных варыянтах у залежнасці ад мясц. традыцый. У бел. фальклоры П.п. характэрны для паўд., цэнтр. і ўсх. зон. Узоры бел. П.п. («Да пшанічанька яра», «Із-пуд горкі буйной вецер вее» «Салавей, салавей», «Ночы мае, ночушкі») маюць аналогіі ў рус. і ўкр. песенным фальклоры.
Публ.:
Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984.
Літ.:
Можейко З.Я. Песенная культура белорусского Полесья: Село Тонеж. Мн., 1971;
Эвальд З.В. Песни белорусского Полесья. М., 1979;
Земцовский И.И. Русская протяжная песня. Л., 1967;
Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ЖАЕ,
цэнтральная эстэтычная катэгорыя для вызначэння дасканалых з’яў прыроды, грамадскага быцця і мастацтва. У якасці эстэт. каштоўнасці П. ўключае таксама ісціну і дабро ў канкрэтна-вобразнай, асабістай выяўленасці. У сістэме дыялектычнай логікі П. інтэрпрэтуецца як гарманічнае адзінства духоўнага і матэрыяльнага пачаткаў быцця і мастацтва, усеагульнага і асаблівага, грамадскага і асабістага ў жыцці. У тых аб’ектах эстэт. ацэнкі, дзе духоўнауніверсальнае рэзка пераважае над матэрыяльна-асабістым, П. ўзвышаецца да ўзнёслага і гераічнага (гл.Гераізм), адваротнае парушэнне раўнавагі пераводзіць П. ў камічнае або агіднае і нізкае. Вылучаюцца 3 аспекты П. — псіхалагічнае ўспрыманне, мастацкае ўвасабленне і тэарэт. асэнсаванне ў эстэтыцы і крытыцы.
Ідэалам П. ў ант. цывілізацыі была мера і гармонія, адзінства красы, дабра і карысці — т.зв. калакагатыя. У хрысц. мастацтве П. — духоўнае пераўтварэнне быцця, пераход П. ва ўзнёслае і трагічнае. Ням. класічная эстэтыка раскрыла спецыфіку П. як мэтазгоднасці без утылітарнай мэты (І.Кант), пачуццёва-вобразнага выяўлення духоўнага пачатку ў быцці і мастацтве (Г.Гегель). Пазітывісцкая эстэтыка акцэнтуе ўвагу на псіхалогіі П. як пераменнай і адноснай каштоўнасці. Народнікі крытэрыем П. лічылі сац. і эстэт. ідэалы прац. народа. Празмерная сацыялагізацыя П. характэрна для марксісцка-ленінскай эстэтыкі.
На Беларусі ў гісторыі маст. культуры ўсведамленне П. як духоўнай каштоўнасці ўзнікла ў нар. творчасці. У 12—18 ст. арыгінальна выявіліся канцэпцыі П. сярэдневяковага, рэнесансавага, барочнага тыпаў, класіцызму і Асветніцтва. Нац. адраджэнскі ідэал П. як гармоніі нац. і універсальнага, прыроды і культуры, чалавека і грамадства абгрунтавалі пачынальнікі і класікі бел. л-ры 19—1-й пал. 20 ст. (гл.Літаратура).
Літ.:
Крюковский Н.И. Логика красоты. Мн., 1965;
Яго ж. Основные эстетические категории. Мн., 1974;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Яго ж. Беларуская мастацкая культура ў эпоху сярэднявечча // Мастацтва. 1999. № 10—12;
Я го ж. Мастацкая культура Беларусі эпохі Рэнесансу // Там жа. 2000. № 7—12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЦІЧ,
рака ў Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абл., прыток р. Прыпяць (бас.р. Дняпро). Даўж. 421 км, пл. вадазбору 9470 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Нарэйкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., вусце за 1 км на У ад в. Багрымавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. Цячэ пераважна з Пн на Пд; верхняе цячэнне ў межах Мінскага ўзвышша, сярэдняе — на З Цэнтральнабярэзінскай раўніны, ніжняе — на нізіне Прыпяцкага Палесся. Асн. прытокі: Шаць, Даколька, Арэса (справа), Нератоўка і Няслаўка (злева). Даліна на ўсім працягу пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—5,5 км, у вытоку да 0,1 км, у нізоўі невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. да в. Гарадзішча Мінскага р-на 60—300 м, ніжэй 1—3 км, каля в. Пясчанка Асіповіцкага р-на да 5 км. Рэчышча свабодна меандруе, разгаліноўваецца пратокамі, якія ўтвараюць астравы. Шыр. ракі ў верхнім цячэнні да вусця р. Асачанка (85 км ад вытоку) 5—10 м, ніжэй 20—45 м, у нізоўі 45—70 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. 0,2—1,5 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое (45—50%) і грунтавое (30—40%). Ледастаў з сярэдзіны снеж., да канца сакавіка. Веснавое разводдзе з канца сак., доўжыцца ў верхнім цячэнні 40, у ніжнім 84 сут. Макс. ўзровень вады ў пачаткукрас. (выш. пад’ёму 1,4—3,2 м, найб. 3,7 м). Летне-асенняя межань (каля 5 месяцаў) 1—3 разы ў год парушаецца дажджавымі паводкамі (працягласць да 40 сут) выш. да 1 м. Зімовая межань доўжыцца да 90 сут, зімовыя паводкі амаль кожны год. У час веснавога разводдзя частка вады П. пераліваецца ў р. Свіслач (праз Цітаўку) і Трэмлю. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 49,7 м³/с. На П. Воўчкавіцкае вадасховішча, гар. пасёлкі Глуск, Капаткевічы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНА́РДА ДА ВІ́НЧЫ (Leonardo da Vinci; 15.4.1452, г. Вінчы, Італія — 2.5.1519),
італьянскі жывапісец, скульптар, архітэктар, тэарэтык мастацтва, вучоны, інжынер. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў Высокага Адраджэння.
Імкнуўся да спалучэння навук. і маст. мыслення, разглядаў жывапіс як універсальную мову, якая пры дапамозе прапорцый і перспектывы ўвасабляе ўсю разнастайнасць праяўлення разумнага пачатку ў прыродзе. У творчасці спалучаў натуралістычнасць выявы з ідэалістычнасцю задумы, увасобіў новы эстэт. ідэал, стварыў вобраз гарманічнага, духоўнага і фізічна дасканалага чалавека.
Вучыўся жывапісу ў майстэрні А.Верок’ё (1467—72). Яе метады працы, у якіх маст. практыка спалучалася з тэхн. эксперыментамі, збліжэнне з астраномам П.Тасканелі, паўплывалі на развіццё яго навук. інтарэсаў. У ранні фларэнційскі перыяд (1452—81) развіваў традыцыі кватрачэнта. Творам уласціва плаўная аб’ёмнасць форм, падкрэсленая мяккай святлаценню мяккім святлаценем («Мадонна Роскін», анёл у карціне Верок’ё «Хрышчэнне Хрыста», пасля 1470; «Дабравешчанне», каля 1474; т.зв. «Мадонна Бенуа», каля 1478). Карціна «Пакланенне вешчуноў» (1481—82, не скончана) вызначаецца пошукамі драм. экспрэсіі, заснаванай на міміцы і руху. У 1482—1500 працаваў у Мілане пры двары герцага Л.Сфорцы, празванага Мора, які даручыў Леанарда заснаваць Акадэмію мастацтва. Для выкладання ў ёй склаў трактаты пра жывапіс, святло, цень, рух, прапорцыі цела чалавека і інш. Быў ваен. інжынерам, гідратэхнікам, арганізатарам прыдворных феерый. Як архітэктар распрацаваў варыянты «ідэальнага» горада, канструкцыі цэнтральна-купальнага храма. У 1490—1500 працаваў над вял. (7,2 м) конным манументам Ф.Сфорцы (мадэль яго ў натуральны памер была зруйнавана французамі пры ўзяцці Мілана). У 1490—91 выканаў жывапісны твор «Мадонна з дзіцем» («Мадонна Літа»). У карціне «Мадонна ў скалах» (1483—94; 2-і варыянт каля 1497—1511) найб. дасканала распрацаваў уласцівую большасці яго твораў кампазіцыю, пабудаваную на дакладных разліках. Яна ўяўляла сабой замкнёную ідэальную прастору, т.зв. прасторавую піраміду (трохвугольнік), у якую ўпісваюцца фігуры; найтанчэйшая святлацень (сфумата) мае ролю духоўна-сувязнага пачатку. У трапезнай кляштара Санта-Марыя дэле Грацые стварыў размалёўку «Тайная вячэра» (1495—97), якая стала адной з вяршынь усяго еўрап. мастацтва. У гэтым творы Леанарда адкрыў для жывапісу новую галіну — псіхал. канфлікт. Высокі этычны змест перададзены праз строгія матэм. заканамернасці кампазіцыі, што падпарадкоўвае сабе рэальную арх. прастору, праз ясную расстаноўку персанажаў, сістэму іх жэстаў і мімікі. Пасля 1500 працаваў у Фларэнцыі, Мантуі, Венецыі, Мілане, Рыме; у 1516 па запрашэнні караля Францыска I прыехаў у Францыю. У Фларэнцыі працаваў над размалёўкай у Палацца Век’ё («Бітва пры Анг’яры», 1503—06, не скончана, вядома па копіях з кардону), якая стаіць ля вытокаў батальнага жанру. У партрэце Моны Лізы (т. зв. «Джаконда», каля 1503) увасобіў узнёслы ідэал жаноцкасці і прыгажосці. У позніх творах развіваў пошукі ў галіне святлопаветранай перспектывы і гарманічнай пірамідальнай кампазіцыі («Св. Ганна з Марыяй і немаўляткам Хрыстом», каля 1500—07). Эксперыменты з маст. матэрыяламі, разнастайнасць інтарэсаў абумовілі невял. колькасць завершаных яго маст. і навук. работ, іх дрэнную захаванасць. Як вучоны ўзбагаціў амаль усе галіны ведаў свайго часу. У галіне механікі вывучаў пытанні трэння, раўнавагі, супраціўлення матэрыялаў і інш. Распрацоўваў канструкцыі машын і механізмаў, шмат з якіх значна апярэдзілі свой час (праекты металургічных печаў і пракатных станаў, ткацкіх станкоў, друкарскіх, дрэваапрацоўчых, землекапальных і інш. машын, падводнай лодкі, танка, лятальных апаратаў і парашута), праекты фартыфікацыйных і гідратэхн. збудаванняў. Шмат эксперыментаваў у галіне оптыкі, выказваў правільныя здагадкі аб прыродзе бінакулярнага зроку. Блізка стаяў да стварэння геліяцэнтрычнай сістэмы светабудовы. Займаўся анатамічнымі даследаваннямі, імкнуўся ўвесці ў біялогію эксперым. метад. Упершыню стаў разглядаць батаніку як самаст.біял. дысцыпліну. Яго анат. малюнкі сталі асновай сучаснай навук. ілюстрацыі. Да нашага часу захавалася каля 7 тыс. аркушаў яго рукапісаў і запісных кніжак, частка з якіх увайшла ў «Трактат пра жывапіс», што склаў пасля смерці мастака яго вучань Ф.Мельцы. Іл.гл. таксама да арт.Адраджэнне.
Тв.:
Рус.пер. — Книга о живописи. М., 1934;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1935;
Избр. естественнонаучные произв. М., 1955;
Анатомия Записки и рисунки. М., 1965.
Літ.:
Дживелегов АК. Леонардо да Винчи. М., 1974;
Нардини Б. Жизнь Леонардо: Пер. с итал. М., 1978;
Гастев А. Леонардо да Винчи. М., 1982.
Л.Ф.Салавей.
Леанарда да Вінчы. Мадонна з дзіцем (Мадонна Літа). Каля 1490—91.Леанарда да Вінчы. Аўтапартрэт. Каля 1510—13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІКАВА ПАЎСТА́ННЕ 1606—07.
Адбылося ў Расіі і на тэр. Украіны пад кіраўніцтвам І.І.Балотнікава; найвышэйшы этап сялянскай вайны пачатку 17 ст. Пачалося летам 1606 у раёне Пуціўля пасля звяржэння Лжэдзмітрыя I (гл.Ілжэдзмітрый I), ахапіла Чарнігаў і інш. гарады. Яго асн. сіла — халопы і сяляне, удзельнічалі пасадскія людзі, стральцы, казакі, дваране. Балотнікаў заклікаў да звяржэння цара В.І.Шуйскага і аднаўлення ўлады «цара Дзмітрыя». У жн. 1606 пад Кромамі і Яльцом паўстанцы разбілі царскія войскі, занялі Арол, Болхаў, Калугу, Серпухаў і рушылі на Маскву. Да іх далучыліся дваранскія атрады — разанскія на чале з П.Ляпуновым і тульскія на чале з І.Пашковым. Кульмінацыя Балотнікава паўстання — аблога Масквы (28.10—2.12.1606). Паўстанне ахапіла цэнтр. паветы Расіі і Паволжа (больш за 70 гарадоў). Сацыяльна неаднароднае шматлікае (60—100 тыс.чал.) войска Балотнікава было недастаткова ўзброенае і мала абучанае. Барацьба за кіраванне паўстаннем паміж Балотнікавым і Пашковым (апошняму, як і ўсім паўстанцам-дваранам, не падабаліся заклікі Балотнікава да прыгонных сялян распраўляцца са сваімі гаспадарамі) прывяла да расколу. 15 ліст. на бок Шуйскага перайшлі дваранскія атрады Ляпунова, 2 снеж., у час вырашальнай бітвы каля в. Ніжнія Котлы, — атрады Пашкова. Страціўшы каля 30 тыс.чал., Балотнікаў адступіў у Серпухаў, потым у Калугу, якую абараняў са снеж. 1606 да пач. мая 1607. У маі 1607 атрады Ілейкі Мурамца разбілі царскае войска на р. Пчэльна. Шуйскі зняў аблогу Калугі. Паўстанцы аб’ядналіся ў Туле, якая з мая да кастр. 1607 стала месцам цяжкіх баёў. Палітыка цара па ўмацаванні прыгоннага права (Улажэнне 1607) дазволіла яму кансалідаваць феадалаў і сабраць 100-тысячную армію. У чэрв. 1607 войскі Балотнікава былі двойчы разбіты і асаджаны ў Туле, якая была затоплена ў выніку запруды р. Упа. Нягледзячы на хваробы і голад, паўстанцы гераічна абараняліся. Але пасля абяцання Шуйскага захаваць жыццё ўсім паўстанцам 10.10.1607 яны адчынілі гарадскія вароты. Пасадскія вярхі выдалі царскім уладам Балотнікава і Мурамца. Балотнікава паўстанне — першае ў Расіі значнае выступленне супраць прыгонніцтва.
Кр.: Восстание И.Болотникова: Документы и материалы. М., 1959.
Літ.:
Смирнов И.И. Восстание Болотникова, 1606—1607. [2 изд.] М., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЯВЕ́ЦКІЯ, Карыбут-Вішнявецкія,
княжацкі род герба «Карыбут» у ВКЛ і Польскім каралеўстве. Сваё паходжанне выводзілі ад Карыбута, сына вял. князя ВКЛ Альгерда. Больш верагодна, што паходзілі ад князёў Нясвіцкіх з Валыні. Родапачынальнік кн. Міхайла Васілевіч Збаражскі (? — пасля 1516) валодаў замкам Вішнявец (адсюль прозвішча) у Крамянецкім пав. на Валыні. Вішнявецкім належалі вял. зямельныя ўладанні на Украіне і Беларусі, у т. л. Брагінская воласць (з 1509). У 16 ст. Вішнявецкія падзяліліся на 2 галіны: старэйшую [пайшла ад старосты прапойскага, чачэрскага і варнянскага кн. Івана Міхайлавіча (? — 1542)] і малодшую [пайшла ад старосты рэчыцкага князя Аляксандра Міхайлавіча (? — 1555)]. Першая галіна ў мужчынскім родзе згасла ў 1744, другая — у 1673. Найб. Вядомыя:
Дзмітрый Іванавіч (? — 1563), гл.Вішнявецкі Дз.І. Адам Аляксандравіч (? — 1622), уладальнік Брагіна, дзе ў 1601—03 знаходзіўся Лжэдзмітрый I, які абвясціў сябе царэвічам Дзмітрыем. Удзельнічаў у паходах Ілжэдзмітрыя I і Лжэдзмітрыя II на Маскву. Канстанцін Канстанцінавіч (1564—1641), ваявода белзскі (1636), рускі (1638), староста чаркаскі (1623) і крамянецкі. Пазнаёміў Ілжэдзмітрыя I са сваім сваяком Юрыем Мнішкам. Удзельнічаў у паходах Ілжэдзмітрыя (1604—05) і каралевіча Уладзіслава (1617—18) на Маскву. Іерамія Міхал Міхайлавіч (1612—20.8.1651), ваявода рускі (1646), староста гадзяцкі, канеўскі, пшэмыскі. Адзін з буйнейшых магнатаў на Украіне. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Выступаў супраць цэнтралізацыі ўлады ў Рэчы Паспалітай. Патрабаваў ад караля рашучых дзеянняў па задушэнні вызв. вайны 1648—51 на Украіне, у выніку якой страціў большасць сваіх маёнткаў. На пачаткувызв. вайны на Украіне фактычна ўзначаліў процідзеянне паўстанцам-казакам і сялянам. Міхал (31.7.1640—10.11.1673), кароль польскі і вял. князь ВКЛ [1669—73]. Гл.Міхал Вішнявецкі. Януш Антоній (1678—18.1.1741), староста пінскі, падчашы ВКЛ (1697), маршалак надворны ВКЛ (1699), кашталян (1702) і ваявода (1704) віленскі, ваявода (1706) і кашталян (1726) кракаўскі. Міхал Сервацы (13.5.1680—16.9.1744), брат Януша Антонія, гетман польны ВКЛ (1702—03, 1707—35), гетман вялікі ВКЛ (1703—07, з 1735), кашталян (1703—06) і ваявода (1706—07, з 1735) віленскі, канцлер ВКЛ (з 1720), рэгіментар войска ВКЛ (1730). Пісьменнік і паэт. Апошні мужчына ў родзе Вішнявецкіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДА (польскае arenda ад лацінскага arrendare аддаваць у наймы),
маёмасны наём (дагавор), паводле якога ўласнік маёмасці (арэндадавец) здае арандатару сваю маёмасць на часовае карыстанне за пэўную плату. Арандатарамі могуць выступаць юрыдычныя асобы (прадпрыемствы, установы і арганізацыі) і асобныя грамадзяне, арэндадаўцамі — любы ўласнік маёмасці ці органы, арганізацыі, упаўнаважаныя ўласнікам. Адносіны арандатара і арэндадаўца рэгламентуе заключаны паміж імі дагавор, які прадугледжвае склад і кошт маёмасці, што перадаецца ў арэнду, парадак яе перадачы, памер арэнднай платы, тэрмін арэнды, абавязкі і правы арандатара і інш. Здаючы маёмасць у арэнду, арэндадавец застаецца яе ўласнікам. Арандатар з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходаў, якімі ён, заплаціўшы прадугледжаную дагаворам арэндную плату, можа самастойна распараджацца. Арандатар са згоды арэндадаўца можа поўнасцю ці часткова выкупіць арандаваную маёмасць на ўмовах, прадугледжаных дагаворам.
Узнікла арэнда ў рабаўладальніцкім грамадстве як арэнда зямлі: землеўладальнікі (латыфундысты) перадавалі яе для апрацоўкі рабам і беззямельным сялянам, што павышала зацікаўленасць апошніх у лепшых выніках працы і спрыяла ўмацаванню новага спосабу спалучэння эканамічных інтарэсаў уласнікаў зямлі і землекарыстальнікаў. Пазней арэнда пашыралася на іншыя сродкі вытворчасці, набыла новыя формы — арэнднае прадпрыемства, арэндны падрад, лізінг.
На Беларусі ў дасавецкі час пераважала арэнда зямлі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 з ліквідацыяй прыватнай уласнасці на зямлю і іншыя сродкі вытворчасці арэндная форма гаспадарання была спынена. Адноўлена на пачатку 1920-х гадоў у час ажыццяўлення новай эканамічнай палітыкі з мэтай паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця. За 1921—26 у арэнду здадзена 620 прамысловых прадпрыемстваў, з іх 536 дробных і 90 буйных (пераважна харчасмакавай, гарбарнай, лесапільнай, смалакурна-шкіпінарнай і цагельнай прамысловасці). З перамогай сацыялістычнага ўкладу ў эканоміцы арэндная форма гаспадарання была зноў спынена. З канца 1980-х гадоў арэнда развіваецца як адзін з кірункаў раздзяржаўлення ўласнасці. Прыняты Вярхоўным Саветам Беларусі закон аб арэндзе (1990) дазваляе арандаваць зямлю, іншыя прыродныя рэсурсы, асноўныя сродкі вытворчасці, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі ці іх асобныя падраздзяленні. Для аховы інтарэсаў арандатараў створаны Беларускі саюз прадпрымальнікаў і арандатараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЦЬМЕ́ННІ,
астранамічныя з’явы, пры якіх нябесныя свяцілы часткова або поўнасцю робяцца нябачнымі. Адбываюцца з-за таго, што больш далёкае ад Зямлі нябеснае цела закрываецца больш блізкім, ці таму, што на адно нябеснае цела падае цень другога. Да З. адносяць сонечныя і месяцовыя З., а таксама закрыцці зорак і планет (Месяц пры руху закрывае зорку ці планету), праходжанні планет па дыску Сонца (назіраюцца ў Меркурыя і Венеры), З. спадарожнікаў іншых планет, праходжанні ценю спадарожніка па дыску планеты і інш. Звесткі аб момантах З. і ўмовах іх бачнасці прыводзяцца ў астр. штогодніках.
Сонечныя З. адбываюцца, калі Месяц (у фазе маладзіка), праходзячы паміж Зямлёю і Сонцам, поўнасцю ці часткова засланяе Сонца. Поўнае З. Сонца назіраецца там, дзе на Зямлю падае цень Месяца. Дыяметр ценю звычайна не перавышае 250—270 км. Месяц рухаецца, і яго цень перамяшчаецца і вычэрчвае паслядоўна вузкую паласу поўнага З. Фаза поўнага З. доўжыцца да 7 мін 30 с, найчасцей 2—3 мін. Па-за паласой, куды падае паўцень Месяца, назіраецца частковае З.
Сонца Калі бачны вуглавы дыяметр Месяца меншы за сонечны, назіральнік бачыць кольцападобнае З. У час сонечнага З. даследуюць дынаміку і спектральны састаў атмасферы Сонца, сонечную карону, праводзяць эксперыменты для праверкі эфектаў тэорыі адноснасці па адхіленні прамянёў святла, што ідуць ад далёкіх зорак паблізу Сонца ў полі яго прыцягнення. Месяцовыя З. адбываюцца, калі Месяц (у поўню) і Сонца знаходзяцца з процілеглых бакоў ад Зямлі і Месяц часткова ці поўнасцю трапляе ў цень Зямлі. Назіраюцца адначасова на ўсім паўшар’і Зямлі, павернутым да Месяца. Працягласць поўнага З. Месяца 1 гадз 4 мін, а ўсяго З. ад пачатку да канца — больш за 3 гадз. Месяц поўнасцю не знікае ў час З., а слаба бачны з прычыны сонечнага святла, што пераламляецца ў зямной атмасферы.
Літ.:
Дагаев М.М. Солнечные и лунные затмения. М., 1978.
Н.А.Ушакова.
Схема сонечнага зацьмення: 1 — зона поўнага зацьмення; 2 — зона частковага зацьмення; а, б, в — поўнае, частковае, кольцападобнае зацьменні.Схема зацьмення Месяца.Да арт.Зацьменні. Сонечная карона, сфатаграфаваная ў час сонечнага зацьмення.