ПЕРСАНАЛІ́ЗМ (ад лац. persona асоба),
філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога прызнаюць асобу першаснай творчай рэальнасцю і найвыш. духоўнай каштоўнасцю, а ўвесь свет — праяўленнем творчай актыўнасці вярх. асобы — Бога. Узнік у канцы 19 ст. ў ЗША (Б.Боўн, Дж.Ройс і іх паслядоўнікі — Э.Брайтмен, Э.Кент, Р.Т.Флюэлінг і інш.), у пач. 20 ст. ў Расіі (М.А.Бярдзяеў, М.А.Лоскі, Л.І.Шастоў) і Францыі (Э.Мунье, Ж.Лакруа, П.Рыкёр, М.Недансель). Упершыню тэрмін «П.» у гісторыі філасофіі ўжыў Ф.Шлеермахер у «Прамове аб рэлігіі да адукаваных людзей, якія ёю пагарджаюць» (1789). Вытокі П. як асаблівай пазіцыі распрацоўваліся пачынаючы з перыяду хрысціянства, хаця немалаважнае значэнне мелі ант. канцэпцыі асобы, абгрунтаваныя Платонам, Сакратам, Эпікурам, неаплатонікамі. Непасрэднай тэарэт. асновай П. з’яўляецца манадалогія Г.Лейбніца як вучэнне аб духоўных субстанцыях, якія валодаюць энергіяй і існуюць у гармоніі паміж сабой і Богам. Спецыфічнымі сродкамі выражэння персаналісцкіх поглядаў і ідэй сталі філас. вучэнні С.К’еркегора, І.Фіхтэ, М.Шэлера і інш.
Паводле канцэпцыі П., прырода ўяўляе сабой сукупнасць духаў — «асоб», а чалавек — вобраз і падабенства вярх. асобы — Бога (мае ў сабе боскі элемент). Асоба чалавека ёсць непаўторная, унікальная суб’ектыўнасць, адзіная рэальнасць і праяўленне быцця; яе вытокі — у адзіным пачатку, царстве духа — у Богу, а яе прадвызначэнне — пошук, пазнанне духу ісціны і любоў да яе. Для асобы характэрны 3 вектары існавання: экстэрыярызацыя (знешняе самаажыццяўленне), інтэрыярызацыя (унутр. засяроджанасць, духоўны свет), трансцэндэнцыя (самавызначэнне, арыентацыя на вышэйшыя, боскія каштоўнасці). У адпаведнасці з прынцыпамі тэізму ўсю гісторыю чалавецтва персаналісты разглядаюць як гісторыю развіцця персанальнага духу, а ўнутр. свет асобы як сапраўдную арэну быцця, прычыну ўсіх магчымых канфліктаў. З гэтага пункту погляду культ.-сац. сітуацыя 20 ст. з’яўляецца сітуацыяй разарванасці, непаўнаты чалавечага існавання, яго падпарадкаванасці знешнім фактарам (рэлігіі, навуцы, маралі, вытв-сці, спажыванню); адбываецца разрыў асобаснага і сацыяльнага, які з’яўляецца выражэннем больш глыбокага метафіз. канфлікту чалавечага і касмічнага. У рамках П. быў сфармуляваны гуманіст. тэзіс аб свабодзе асобы як крытэрыі дэмакратычнасці грамадства; яе правы і свабоды — найвышэйшая каштоўнасць і сутнасць дэмакратыі. Персаналісты акцэнтуюць увагу на выхаваўчай ролі асобаснай філасофіі, бачаць у ёй педагогіку, нацэленую на абуджэнне асобаснага пачатку ў чалавеку. Ідэалам знешняга самаажыццяўлення чалавека-асобы прызнаецца маст. творчасць, якая абавязкова накіравана на вышэйшыя каштоўнасці і з’яўляецца спецыфічным відам дзейнасці, што ажыццяўляе сувязь чалавечага з боскім. Розныя аспекты праблематыкі П. распрацоўваюцца ў фенаменалогіі, экзістэнцыялізме, філасофскай антрапалогіі, герменеўтыцы і інш.
Літ.:
Вдовина И.С. Эстетика французского персонализма. М., 1981;
Проблема человека в западной философии. М., 1988;
Lacroix J. Marxisme, existentialisme, personnalisme. 6 éd Paris, 1966;
Яго ж. Personnalisme comme anti-idéologie. Paris, 1972.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 12, с. 298