КАНСТЫТУ́ЦЫЯ сеймавая, ухвала, пастанова вальнага сейма Каралеўства Польскага і Рэчы Паспалітай. К. звычайна выдаваліся для ўсёй Рэчы Паспалітай, зрэдку асобна для Польшчы і ВКЛ. Прымаліся К. вячыстыя, дзеянне якіх не абмяжоўвалася часам, і часовыя. Абмеркаванне і прыняцце праходзіла ў абедзвюх палатах сейма — сенаце і пасольскай ізбе. У пасольскай ізбе прымаліся спачатку большасцю галасоў, а пасля ўвядзення ў 1589 ліберум вета — аднагалосна. Канчаткова К. рэдагаваў кароль, ад імя якога яна выдавалася. Яе ўпісвалі ў Каронную Метрыку і Метрыку Вялікага княства Літоўскага і друкавалі (з 1576 у абавязковым парадку), спачатку кожную асобна. З канца 16 ст. пастановы сейма выдавалі ў выглядзе зборніка, які лічыўся адной К. Друкаваныя экзэмпляры з дзярж. пячаткай і подпісамі маршалка сейма і канцлера рассылалі па ваяводствах. У 18—20 ст. ажыццёўлена неафіц. выданне К. Польшчы і Рэчы Паспалітай — Валюміна легум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ШЫЦЫ (Kośice),
горад на У Славакіі, каля падножжа Славацкіх Рудных гор. Адм. ц. Усходне-Славацкай вобл 240 тыс.ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Металургічны камбінат, цяжкае машынабудаванне, апрацоўка магнезіту, харч., дрэваапр.прам-сць. Ун-т. Тэатры, у т. л. оперны. Музей Усх. Славакіі. Арх. помнікі 14—18 ст., у т. л. гатычны сабор св. Альжбеты 14—16 ст.Культ. цэнтр венг. і ўкр. насельніцтва.
Засн. ў 13 ст. як гандл. пункт на шляху ў Польшчу і Расію. З 1249 горад, у 1290 вакол яго пабудаваны крапасныя сцены, важны пункт абароны ў войнах з Турцыяй. Росквіт у 14—15 ст. Польскі кароль Людовік I Венгерскі выдаў тут Кошыцкі прывілей 1374. Да 1-й сусв. вайны і ў 1938—45 у складзе Венгрыі, у 1921—38 і з 1945 — Чэхаславакіі. З 1992 у складзе Славацкай Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІМІЛЯ́Н I (Maximilian; 22.3.1459, г. Вінер-Нойштат, Аўстрыя — 12.1.1519),
германскі кароль (з 1486), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1493—1519], эрцгерцаг Аўстрыі. З дынастыі Габсбургаў. Сын і пераемнік імператара Фрыдрыха III, бацька Філіпа I Прыгожага, дзед Карла V і Фердынанда I. У выніку дынастычнага шлюбу 1477 з Марыяй Бургундскай (дачка Карла Смелага, п. ў 1482) атрымаў ва ўладанне Нідэрланды і Франш-Кантэ. Сапернічаў з франц. каралём Людовікам XI. Заснаваў войска ландскнехтаў. Пацярпеў паражэнне ў т.зв. Швабскай вайне 1499 з швейцарцамі. Дынастычнымі шлюбамі забяспечыў сваім наследнікам ісп., венгерскі і чэш. прастолы. Пачаў фактычнае аб’яднанне аўстр. уладанняў Габсбургаў і цэнтралізацыю іх кіравання, намагаўся зрабіць Германію цэнтрам універсальнай дзяржавы Габсбургаў. Быў прыхільнікам гуманізму, спрыяў мастакам, у т. л. А.Дзюрэру, і вучоным (найперш ням. гуманістам); сучаснікі называлі яго «апошнім рыцарам». Аўтар некалькіх літ.-аўтабіягр. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАХО́ЎСКІ (Ілья) (свецкае імя Ірахім Стафанавіч; каля 1576, г. Львоў, Украіна — 1631),
пісьменнік-палеміст, паліт. і царк. дзеяч. Уніят. З 1596 вучыўся ў папскім калегіуме ў Рыме. Памагаў уніяцкаму мітрапаліту І.Пацею ў барацьбе супраць праваслаўных; мяркуюць, што ў сааўтарстве з ім напісаў кнігі «Гармонія» і «Рэляцыя» (Вільня, 1608 і 1609). У 1609 кароль Жыгімонт III Ваза прызначыў М. сваім сакратаром на ВКЛ, а пасля смерці Пацея (1613) выдаў яму прывілей на Уладзіміра-Брэсцкае епіскапства. Як епіскап удзельнічаў у з’ездзе уніятаў у Навагрудку (1624), рабоце Кобрынскага сінода 1626. Выступіў супраць палемічна-публіцыстычнага твора М.Сматрыцкага «Трэнас». У кн. «Перыгорыя...» (на польск. мове, Вільня, 1612) асудзіў ідэалогію брацкага руху. Аўтар «Размовы пра пачатак адарвання грэчаскай царквы ад рымскага касцёла...» (1622), «Рэляцыі аб жорсткім забойстве Іасафата Кунцэвіча, полацкага архіепіскапа» (1624; абодва на польск. мове, выдадзены ў Замосці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧА́ЛАЎ (Павел Сцяпанавіч) (15.11.1800, Масква — 28.3.1848),
расійскі акцёр; прадстаўнік рамантызму ў рус. т-ры. Вучыўся акцёрскаму майстэрству ў свайго бацькі С.Мачалава. З 1817 на маскоўскай імператарскай сцэне (з 1824 Малы т-р). У творчасці, якая вызначалася эмацыянальнасцю, багаццем адценняў і кантрастаў у перадачы пачуццяў, выявіў дэмакр. і гуманіст. ідэалы эпохі. Сярод роляў: Керым-Гірэй («Керым-Гірэй, крымскі хан» паводле А.Пушкіна), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Гамлет, Атэла, Рычард III, кароль Лір (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Фердынанд, Карл («Каварства і каханне», «Разбойнікі» Ф.Шылера), Мейнаў («Нянавісць да людзей і раскаянне» А.Кацэбу), Жорж дэ Жэрмані («Трыццаць гадоў, або Жыццё гульца» В.Дзюканжа) і інш. Аўтар рамант. драмы «Чаркешанка» (паст. 1840), драм. кампазіцыі паводле верша Пушкіна «Чорны шаль» (музыка А.Вярстоўскага), лірычных вершаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАЛО́ЎНЫ ПАШТА́МТ.
Пабудаваны ў 1949—53 у Мінску (арх. У.Кароль). Складаецца з 2 злучаных паміж сабой аб’ёмаў — асноўнага 4-павярховага П-падобнага ў плане, пастаўленага ўздоўж чырвонай лініі праспекта Скарыны, і прыбудаванага да яго тыльнага фасада (круглы ў плане, у выглядзе ратонды з купалам; дыяметр 30 м), дзе размешчана вял. аперацыйная зала. Гал. фасад будынка, арыентаваны на праспект Скарыны, мае сіметрычную кампазіцыю. Размешчаныя па ўсім фасадзе трохчвэртныя калоны вял. карынфскага ордэра, масіўныя формы цэнтр. аркі ўвахода з апорамі, якія значна выступаюць за межы плана і высокі раскрапаваны атык надаюць будынку манум. характар. У аздабленні фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаны прыродны камень, высакаякасная тынкоўка, ляпныя дэталі, вітражы з выявамі помнікаў архітэктуры Беларусі (1980, В.Позняк). Будынак — характэрны прыклад выкарыстання элементаў класічнай спадчыны ў архітэктуры Беларусі 1940—50-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РЫЦ САКСО́НСКІ (Maurice de Saxe; 28.10.1696, г. Гослар, Германія — 30.11.1750),
французскі палкаводзец і ваен. тэарэтык. Маршал Францыі (1744). Граф (1711). Пабочны сын курфюрста Саксонскага Аўгуста II (кароль Рэчы Паспалітай у 1697—1706 і 1709—33). Служыў у саксонскіх, польск., аўстр., з 1720 франц. войсках. Удзельнік войнаў за польск. (1733—35) і аўстр. (1740—48) спадчыну (вызначыўся ў час штурму Прагі ў 1741 і Эгера ў 1742). З 1745 галоўнакаманд. франц. арміяй, атрымаў шэраг перамог над англа-галандскімі войскамі ў Фландрыі, што значна ўзняло ваен. прэстыж Францыі і садзейнічала заключэнню Ахенскага мірнага дагавора (1748). У трактаце «Мае летуценні» (1731) выказаў новыя для таго часу ідэі пра перавагі вайсковай павіннасці перад сістэмай вярбоўкі, неабходнасць мець пастаянныя ваен. кадры, пра атаку пяхоты, ролю інж. умацаванняў на полі бою і інш.Вял. значэнне ў вайне надаваў маральнаму фактару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Міхал Гедэон) (паводле метрыкі Міхал Геранім Кароль; 24.9.1778, Варшава —24.5.1850),
галоўнакамандуючы ў паўстанні 1830—31 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Сын М.Г.Радзівіла (гл. ў арт.Радзівілы). Вучыўся ва ун-це Гётынгена. У 1807 уступіў у польскае войска Напалеона I, камандаваў Паўн. легіёнамі. Як ген. брыгады ўдзельнічаў у вайне 1812 з Расіяй у складзе корпуса Ж.Макданальда, у т. л. ў баях за Дзвінск. Служыў у войску Каралеўства Польскага. З 1822 сенатар-кашталян, з 1825 сенатар-ваявода. З пачаткам паўстання 30.11.1830 увайшоў у склад пашыранай Адміністрацыйнай рады Каралеўства Польскага. Выступаў за поўную аўтаномію Каралеўства Польскага. Падтрымліваў дыктатуру ген.Ю.Хлапіцкага, пасля яго адстаўкі 20.1.1831 сейм абраў Р. галоўнакамандуючым. Р. прымаў удзел у рэарганізацыі вайсковага кіравання паўстаннем. Пасля капітуляцыі Варшавы да 1836 зняволены ў Яраслаўлі. За ўдзел у паўстанні яго бел. маёнткі канфіскаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ДГРЭЙВ, Рэдгрэў (Redgrave) Майкл Ск’юдамар (20.3.1908, г. Брысталь, Вялікабрытанія — 21.3.1985), англійскі акцёр, рэжысёр. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1931). З 1934 працаваў у т-рах Ліверпуля, Лондана, Стратфарда-он-Эйван. Сярод роляў: Тузенбах, Вайніцкі («Тры сястры», «Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Ракіцін («Месяц у вёсцы» І.Тургенева), Аляксей Турбін («Дні Турбіных» М.Булгакава), Гамлет, Шэйлак, Лір, Антоній («Гамлет», «Венецыянскі купец», «Кароль Лір», «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра). Староннік сцэн. рэалізму, паслядоўнік сістэмы К.Станіслаўскага. Паставіў спектаклі «Лінія жыцця» Н.Армстранга (1942), «Генрых IV» Шэкспіра (1951), «Месяц у вёсцы» Тургенева (1956, 1965), оперы — «Вертэр» Ж.Маснэ (1966), «Багема» Дж.Пучыні (1967). У кіно з 1938. Зняўся ў фільмах: «Глыбокай ноччу» (1945), «Версія Браўнінга» (1951, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Адзінота бегуна на доўгую дыстанцыю» (1963), «Мікалай і Аляксандра» (1971) і інш. Рэжысёр фільма «Антоній і Клеапатра» (1957).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЕ́НІК (Карп Трафімавіч) (7.6.1811, г. Лепель Віцебскай вобл. — 19.10.1851),
украінскі акцёр, адзін з заснавальнікаў укр.рэаліст.т-ра 1-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Дэбютаваў у 1832 у Харкаве, працаваў таксама ў Кіеве, Адэсе і інш. гарадах, у т. л. ў 1833—43 у рус.-ўкр. трупе Л.Млаткоўскага. Асаблівага поспеху дасягнуў як выканаўца камічных роляў, найперш ва ўкр. рэпертуары. Яго творчасць высока цанілі М.Шчэпкін (неаднаразова быў яго сцэн. партнёрам), М.Гогаль, Т.Шаўчэнка. Сярод лепшых роляў: Выбарны і Возны, Чупрун («Наталка Палтаўка», «Маскаль-чараўнік» І.Катлярэўскага), Шальменка, Стэцька («Шальменка-дзяншчык» і «Шальменка — валасны пісар», «Сватанне на Ганчароўцы» Р.Квіткі-Аснаўяненкі), Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Хлестакоў, Восіп і Бобчынскі, Качкароў («Рэвізор», «Жаніцьба» М.Гогаля), Блазан («Кароль Лір» У.Шэкспіра).