ШЧАЎЕВАВО́ЦАТНАЯ КІСЛАТА́,

ды карбонавая кіслата, C4H4O5 (HO-OCC(OH)-CH-COOH. Зыходны субстрат трыкарбонавых кіслот цыкла. Неабходна для нармальнага абмену рэчываў і энергіі, звязвае вугляводны абмен і абмен амінакіслот, удзельнічае ў працэсах трансамінавання.

Існуе ў выглядзе 2 таўтамерных форм і цыс-транс-ізамераў. Солі і эфіры Ш.к. — аксалаацэтаты. У арганізме чалавека і жывёл сінтэзуецца з піравінаграднай к-ты і вуглякіслага газу і пры трансамінаванні аспарагінавай кіслаты. Пры адноснай нястачы Ш.к. (напр., галаданне, цукровы дыябет) значна павялічваецца ўтварэнне кетонавых цел (напр., ацэтону) і развіваецца метабалічны ацыдоз.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́КІН Ігар Дзмітрыевіч (н. 14.6.1931, в. Марына Тамбоўскага р-на, Расія),

бел. спявак (драматычны барытон). Засл. арт. Расіі (1961). Нар. арт. Беларусі (1963). З 1952 працаваў у оперных т-рах Масквы, Чэлябінска, Адэсы, Новасібірска. У 1962—88 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае голасам шырокага дыяпазону, характэрнага тэмбру. Яркі сцэнічны талент артыста дазваляе яму ствараць псіхалагічна дакладныя вобразы. Найб. ярка творчая індывідуальнасць С. раскрылася ў ролях драм. і трагедыйнага планаў. У нац. операх стварыў запамінальныя вобразы Апанаса («Алеся» Я.​Цікоцкага), Сцяпана («Яснае світанне» А.​Туранкова), Леўчука («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера), Кізгайлы («Сівая легенда» Дз.​Смольскага). Сярод партый класічнага і сучаснага рэпертуару: Рыгалета, Аманасра, Яга, граф ды Луна, маркіз ды Поза, Жэрмон («Рыгалета», «Аіда», «Атэла», «Трубадур», «Дон Карлас», «Травіята» Дж.​Вердзі), Зурга, Эскамільё («Шукальнікі жэмчугу», «Кармэн» Ж.​Бізэ), граф Альмавіва («Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Альфіо («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Фрыдрых фон Тэльрамунд («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Томскі («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Шаклавіты («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Чалхія («Міндыя» А.​Тактакішвілі), Лістрат («У буру» Ц.​Хрэннікава), Напалеон («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). У камерным рэпертуары рамансы рус. і замежных кампазітараў-класікаў, песні і рамансы бел. кампазітараў.

І.​М.​Шмелькіна.

І.​Дз.Сарокін.
І.Сарокін у ролі Леўчука.

т. 14, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫТАРЫ́ЧНЫЯ ФІГУ́РЫ,

стылістычныя прыёмы ў празаічнай і вершаванай мове, якія павышаюць эмацыянальнасць выказвання. Сустракаюцца ў творах стараж. бел. л-ры («словы» Кірылы Тураўскага, «Трэнас» М.​Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), фальклоры. Шырока ўжываюцца ў публіцыстыцы, грамадз. і медытатыўнай лірыцы, эпісталярных творах; адсутнічаюць у дзелавой і навук. мове. У сучасным літ.-знаўстве паняццем Р.ф. карыстаюцца ў дачыненні да 3 стылістычна-інтанацыйных прыёмаў: рытарычнага воклічу, рытарычнага звароту, рытарычнага пытання. Праз рытарычны вокліч пэўнае паняцце сцвярджаецца эмацыянальнай, паэтычна-ўзнёслай інтанацыяй.

О вясна! Таполі! Свеце мілы!
Сонца німб! Аблокі! Сад! Рака!
Залатая падаплёка крылаў
Маладога звонкага шпака.
(У.​Караткевіч. «О вясна! Таполі! Свеце мілы!»)

Рытарычны зварот не патрабуе непасрэднага водгуку названых асоб ці прадметаў на заклік або дзеянне. Пашыраны ў фальклоры, дзе часта выконвае ролю запеву, стварае адпаведны эмацыянальны настрой:

Зелле маё ды зялёнае.
Старана мая ды вясёлая.
Не магу цябе пазабыціся.
Уначы сплючы, а ўдзень робячы...
(Бел. народная песня)

У пісьмовай л-ры рытарычны зварот вядомы з часоў «Слова пра паход Ігаравы»: «О светлае сонца, прасветлае! Усім ты нясеш і цяпло і красу!» (пераклад Я.​Купалы). Пры рытарычным пытанні пэўная думка сцвярджаецца ў пытальнай форме, перадае аўтарскую ўзрушанасць, захапленне або павышаную цікавасць да з’явы, падзеі, прадмета. Нярэдка сустракаецца ў нар. паэзіі.

Пярсцёначкі залатыя.
Ці бочкі вамі набіваці?
Да сукенкі мае дарагія.
Ці пнёўя вамі ўбіраці?
Палаценцы мае белыя.
Ці горы вамі ўсцілаці?

А.​А.​Майсейчык.

т. 13, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНА-ТЛУ́ШЧАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, вытв-сць раслінных алеяў, маргарыну, маянэзу, кулінарнага тлушчу, пакосту, гліцэрыну, гасп. мыла, мыйных сродкаў на тлушчавай аснове, а таксама гідрагенізацыя і расшчапленне тлушчу.

У старажытнасці выраблялі аліўкавы і пальмавы алей, які лёгка выдзяляецца пры невял. ціску. У пач. 19 ст. пашырыўся прэсавы метад, у 1856 вынайдзены больш эфектыўны экстракцыйны метад з выкарыстаннем арган. растваральнікаў алею (бензіну, дыхлорэтану). Вырабляецца соевы, пальмавы (з пладоў алейнай і какосавай пальмаў), сланечнікавы, рапсавы, бавоўнікавы, ільняны, гарчычны, кукурузны, арахісавы, аліўкавы, тунгавы, рыцынавы, абляпіхавы і інш. алей (гл. Алейныя культуры). Сусветны выраб за год больш за 90 млн. т (1986), больш як палова яго — харчовы. Найбуйнейшыя вытворцы: ЗША, Бразілія, Мексіка (соевы алей); Кітай, Індыя, Германія, Канада (рапсавы); Аргенціна, Расія, Германія, Украіна (сланечнікавы); Іспанія, Італія, Партугалія (аліўкавы); Малайзія, Інданезія, Нігерыя, Калумбія (пальмавы).

Вытворчасць алею на Беларусі вядома з ранняга сярэднявечча. Выціскалі з насення лёну і канопляў. Галіна алейна-тлушчавай прамысловасці ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. спачатку на мясц. сыравіне, потым — на прывазной. У 1913 дзейнічала 6 цэнзавых алейных, 5 мылаварных і 2 стэарынавыя з-ды. У 1931 пабудаваны маслабойны завод у Віцебску, у 1932 — маргарынавы ў Гомелі (з 1935 — тлушчавы камбінат), у 1939 дзейнічалі Баранавіцкі і Глыбоцкі маслабойныя з-ды; у 1940 наладжаны выраб пакосту (Віцебск). Пасля Вял. Айч. вайны аднавілі работу Бабруйскі і Баранавіцкі маслабойныя з-ды, Гомельскі тлушчавы камбінат. У 1951 пабудаваны Мінскі маргарынавы завод. Рэканструяваны Бабруйскі маслабойны з-д. На Віцебскім маслабойным з-дзе пушчаны экстракцыйны цэх. У 1991 уведзены ў строй маслабойны цэх у калгасе «Новы быт» (Мінскі р-н). Працуюць (1995): Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод, Гомельскі тлушчавы камбінат, Мінскі маргарынавы завод, Бабруйскі алейны з-д, алейны цэх у калгасе «Новы быт». Выраб алею ў 1994 склаў 5,2 тыс. т (найб. аб’ём вытв-сці ў 1990 — 26,4 тыс. т), маргарынавай прадукцыі 19,2 тыс. т (найб. аб’ём у 1987—127,7 тыс. т). Адходы алейна-тлушчавай в. ідуць на корм жывёле (гл. Макуха, Шрот). Алей для спажывання і далейшай перапрацоўкі завозіцца на Беларусь з Украіны, Малдовы, Расіі, Германіі, Польшчы (129,2 тыс. т, 1990; 44,3 тыс. т, 1994); сыравіна для алейна-тлушчавай прамысловасці — з Польшчы і Германіі.

Т.​Н.​Жданоўская, Г.​П.​Астапенка.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛАЧЫ́Н,

горад, цэнтр Талачынскага р-на Віцебскай вобл., на р. Друць. За 124 км на ПдЗ ад Віцебска, чыг. ст. на лініі Мінск—Масква, на аўтадарозе Мінск—Масква, вузел аўтадарог на Круглае, Чашнікі, Сянно. 10,6 тыс. ж. (2001).

Упершыню ўпамінаецца ў 1433 як горад у ВКЛ. Уваходзіў у склад Друцкага княства. З сярэдзіны 16 ст. гандл. мястэчка Аршанскага пав. Віцебскага ваяв. Належала роду князёў Друцкіх (Друцкіх-Талачынскіх), з канца 16 ст. Сапегам (імі заснаваны базыльянскія манастыр і царква, 1604), потым Сангушкам. У 1621 у Т. 314 дамоў. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 спалены, захаваліся 142 дамы. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) усх. частка мястэчка ўвайшла ў склад Рас. імперыі і стала называцца Стары ці Рускі Т. (да 1793 памежны пункт з мытняй), а заходняя. што знаходзілася за р. Друць — Зарэчны ці Новы Т. Стары Т. — цэнтр Стараталачынскай вол. Копыскага, з 1861 — Аршанскага пав. Новы Т. — цэнтр Зарэчна-Талачынскай вол. Сенненскага пав. Магілёўскай губ. У вайну 1812 Т. разбураны. У 1897 у мястэчку 2614 ж. У пач. 20 ст. ў Т. 3748 ж., 391 дом, у т. л. 6 цагляных пабудоў; працавалі 2 гарбарныя, крухмальны, цагельны, піваварны з-ды, шкляная гута, вадзяны млын, школа. 2 нар. вучылішчы, царква, касцёл. У 1917 у Т. 2181 ж., 355 гаспадарак. З 1920 Т. у складзе Віцебскай губ. РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Талачынскага р-на ў Аршанскай акр. БССР (да 1930), з 1938 у Віцебскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—6100 ж., ільнозавод (67 рабочых), гарбарны, шпалапільны і інш. з-ды, ткацкая ф-ка. У Вял. Айч. вайну з 8.7.1941 да 26.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі. якія загубілі ў гар. пасёлку і раёне 9521 чал. З 22.7.1955 — горад.

Працуюць крухмальны, масларобчы з-ды, тэкст. ф-ка, элеватар, лясгас. У горадзе Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей, Дом культуры, 4 б-кі; царква, касцёл. Брацкая магіла сав. войнаў, партызан. Помнік Вызвалення. Помнікі архітэктуры: Свята-Пакроўская царква (гл. Талачынская царква), Талачынскі манастыр базыльян (18 ст.). Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (19 ст.).

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Талачынскага р-на. Мн., 1988;

Шнейдер А.А. Толочин. Мн., 1983;

Друцк старажытны. Мн., 2000;

Друцк і Барысаў: Да юбілеяў старажытных гарадоў. Мн., 2002.

Г.​І.​Дулеба, І.​П.​Хаўратовіч.

т. 15, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́О-ДЭ-ЖАНЕ́ЙРА (Rio de Janeiro),

горад у Бразіліі, на беразе бухты Гуанабара Атлантычнага акіяна. 10 582 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Другі, пасля г. Сан-Паўлу, па колькасці насельніцтва і эканам. значэнні горад у краіне. Буйны знешнегандл. порт, вузел чыгунак і аўтадарог. 2 аэрапорты, у т. л. міжнародны. Прам-сць: чорная металургія, разнастайнае машынабудаванне (суднабудаванне, аўтазборка, эл.-тэхн. і інш. з-ды), хім., тэкст., дрэваапр., харч., буд. матэрыялаў, гарбарна-абутковая, швейная. Агранка алмазаў. Метрапалітэн. Важны навук. і культ. цэнтр краіны. 4 ун-ты, Бразільская АН, Бразільская філал. акадэмія, Нац. акадэмія медыцыны. Вядомыя пляжы набярэжнай Капакабана з атэлямі і пансіянатамі. Буйны турысцкі цэнтр.

Стараж. насельніцтва — індзейскія плямёны. Першымі з еўрапейцаў бухту Гуанабара наведалі партугальцы (1502). У 1531 на зах. беразе пасяліліся французы, якіх партугальскія канкістадоры выгналі і заснавалі форт Р.-дэ-Ж. У 1555 французы зноў высадзіліся ў бухце і заснавалі калонію пасяленцаў-гугенотаў; у 1567 іх канчаткова выгналі партугальцы. У 1710—11 яны ўмацавалі горад і далі яму назву Сан-Себасцьян-ду-Рыу-ды-Жанейра. Да сярэдзіны 18 ст. важнейшы ў Паўд. Амерыцы порт і цэнтр гандлю рабамі. З 1763 Р.-дэ-Ж. — сталіца віцэ-каралеўства Бразілія (калонія Партугаліі), у 1822—89 — Бразільскай імперыі, у 1889—1960 — рэспублікі Аб’яднаных штатаў Бразіліі. Росквіт горада пачаўся пасля пераезду ў 1808 у Р.-дэ-Ж. двара караля Партугаліі Жуана VI, які адмяніў абмежаванні на арганізацыю мануфактур, рамёстваў і промыслаў. Горад стаў гал. гасп., навук. і культурным цэнтрам (засн. тэатр, б-ка і інш.). У 1947 у прадмесці Р.-дэ-Ж. прадстаўнікі ЗША і 20 лац.-амер. краін падпісалі міжнар. дагавор аб узаемадапамозе. Пасля пераносу сталіцы ў г. Бразілія (1960) не страціў свайго значэння; цэнтр аднайм, штата.

У цэнтры горада захаваліся арх. помнікі 16—19 ст.: кляштар Сан-Бенту (канец 16 ст., багатая аддзелка інтэр’ера, 18 ст.), у стылі барока — касцёлы Носа сеньёра да Глорыя (1714) і Сан-Франсіску ды Пенітэнсія (1772), ратуша (1743), сабор Ла Кандэларыя (1775, арх. Ф.​Ж.​Рошыа і інш.); акведук (1750, інж. Ф.​Гоміс ды Андрада); класіцыстычны палац Ітамараты (1856, арх. Ж.М.​Ж.​Рэбелу). Пабудовы канца 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі: Муніцыпальны тэатр. Нац. музей прыгожых мастацтваў, Нац. б-ка. Сярод найб. значных збудаванняў 20 ст.: гідрааэрапорт (1938, арх. А.​Карэа Ліма), банк Баавіста (1946, арх. О.​Німеер), стадыён Мараканья на 220 тыс. гледачоў (1950, арх. П.П.​Б.​Бастус, А.​А.​Дыяс Карнейру і інш.), універсітэцкі гарадок (1955, арх. Ж.​Марэйра), Музей сучаснага мастацтва (1958, арх. А.​Э.​Рэйдзі, Р.​Бурле Маркс), гасцініца «Насіянал» (1970, арх. Німеер). Вылучаецца архітэктура асабнякоў і віл 1950—60-х г. У горадзе шмат паркаў, бат. сад (з 1808). Сярод манументаў — статуя Хрыста на вяршыні ўзгорка Каркаваду (1931, скульпт. П.​Ландоўскі), помнік загінуўшым у 2-ю сусв. вайну (1960, арх. Э.​Марынью, М.​Кандэр Нету) і інш. Музеі: Нац. маст., гіст.-маст., Індзейскі, геаграфіі Бразіліі і інш.

Статуя Ісуса Хрыста на гары Каркаваду над г. Рыо-дэ-Жанейра.

т. 13, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯФА́БРЫКА,

прадпрыемства па выпуску біяпрэпаратаў. Першыя біяфабрыкі створаны на базе вет. бактэрыял. лабараторый і станцый з мэтай вырабу вакцын і сываратак. Сучасныя біяфабрыкі выпускаюць біяпрэпараты для дыягностыкі, прафілактыкі хвароб і лячэння, біял. аховы раслін (напр., развядзенне энтамафагаў), бялкова-вітамінныя канцэнтраты, прэпараты—рэгулятары колькасці і дынамікі развіцця пэўных відаў арганізмаў і інш. На Беларусі існуюць з-ды: Мінскі мед. і эндакрынных прэпаратаў, Мазырскі кармавых дражджэй, Наваполацкі бялкова-вітамінных канцэнтратаў, Пінскі кармавых вітамінаў, Нясвіжскі біяхім., Рэчыцкі доследна-прамысл. гідролізны і інш. Да біяфабрык належаць таксама прадпрыемствы па перапрацоўцы смецця (з-д у Мінску), на якіх атрымліваюць арган. ўгнаенні (кампосты) і біяпаліва.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТАКО́Ў Аляксандр Іванавіч (н. 6.9.1921, в. Ніжняя Валшанка Лузскага р-на Кіраўскай вобл., Расія),

бел. тэатр. педагог. Канд. мастацтвазнаўства (1953). Засл. дз. маст. Беларусі (1980).

Скончыў Бел. тэатр. ін-т (1949). З 1953 у Бел. акадэміі мастацтваў, дзе паставіў спектаклі: «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Ішла вайна» паводле твораў В.​Быкава, «Дачнікі», «На дне», «Варвары» М.​Горкага, «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.​Астроўскага і інш. Аўтар манаграфіі «Мастацтва жыццёвай праўды» (1957) пра творчы шлях т-ра імя Я.​Купалы ў 1920—40-я г., артыкулаў па пытаннях т-ра і выхавання акцёраў.

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНІ́Н-СІ́ЦІ (Benin City),

горад у паўд. ч. Нігерыі. Адм. ц. штата Бендэл. Засн. ў 12 ст. У сярэднія вякі (Вял. Бенін) і да канца 19 ст. сталіца дзяржавы Бенін. 203 тыс. ж. (1991). Вузел шашэйных дарог. Аэрапорт. Прадпрыемствы па перапрацоўцы натуральнага каўчуку, вырабе шын, алейныя і лесапільныя з-ды, дрэваапр. і мэблевыя ф-кі. Вытв-сць сінт. дываноў. Гандл. цэнтр (пальмавыя ядры і алей, арэхі кола, какава, каўчук, каштоўная драўніна). Разьбярства па дрэве, слановай косці і інш. саматужныя рамёствы. Паблізу нафтапромыслы. Унікальная калекцыя бронзавай скульптуры 15—17 ст. Ун-т. Этнагр. музей.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОЎСК,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог Рагачоў—Слаўгарад і Гомель—Магілёў. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Доўск». За 31 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 90 км ад Гомеля. 1893 ж., 769 двароў (1997). Гомельская абл. с.-г. доследная станцыя. Асфальтавы, цагельны, малочны з-ды, хлебазавод, філіял Рагачоўскага камбіната буд. матэрыялаў, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква (пач. 20 ст.).

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)