САРО́КІН (Ігар Дзмітрыевіч) (н. 14.6.1931, в. Марына Тамбоўскага р-на, Расія),
бел. спявак (драматычны барытон). Засл. арт. Расіі (1961). Нар.арт. Беларусі (1963). З 1952 працаваў у оперных т-рах Масквы, Чэлябінска, Адэсы, Новасібірска. У 1962—88 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае голасам шырокага дыяпазону, характэрнага тэмбру. Яркі сцэнічны талент артыста дазваляе яму ствараць псіхалагічна дакладныя вобразы. Найб. ярка творчая індывідуальнасць С. раскрылася ў ролях драм. і трагедыйнага планаў. У нац. операх стварыў запамінальныя вобразы Апанаса («Алеся» Я.Цікоцкага), Сцяпана («Яснае світанне» А.Туранкова), Леўчука («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера), Кізгайлы («Сівая легенда» Дз.Смольскага). Сярод партый класічнага і сучаснага рэпертуару: Рыгалета, Аманасра, Яга, граф ды Луна, маркіз ды Поза, Жэрмон («Рыгалета», «Аіда», «Атэла», «Трубадур», «Дон Карлас», «Травіята» Дж.Вердзі), Зурга, Эскамільё («Шукальнікі жэмчугу», «Кармэн» Ж.Бізэ), граф Альмавіва («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Альфіо («Сельскі гонар» П.Масканьі), Фрыдрых фон Тэльрамунд («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Томскі («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Чалхія («Міндыя» А.Тактакішвілі), Лістрат («У буру» Ц.Хрэннікава), Напалеон («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). У камерным рэпертуары рамансы рус. і замежных кампазітараў-класікаў, песні і рамансы бел. кампазітараў.