уздым культуры ў Франкскай дзяржаве ў 2-й пал. 8—1-й пал. 9 ст., звязаны з узвышэннем, рэформамі першых Каралінгаў і ўзнікненнем імперыі Карла Вялікага. Цэнтралізацыя дзяржавы і кіраванне велізарнай імперыяй патрабавалі значнай колькасці адукаваных чыноўнікаў і духавенства. Адсюль клопат пра развіццё адукацыі і мастацтва, зварот да познаант. культуры. Пры каралеўскім двары, у цэнтрах буйных епархій і абацтваў ствараліся школы для дзяцей знаці, настаўнічаць у якіх запрашалі найб. адукаваных людзей. Узнавілася цікавасць да твораў стараж. аўтараў — Арыстоцеля, Баэцыя, Светонія, Ціта Лівія і інш. Створана новае пісьмо — каралінгскі мінускул, якое стала асновай сучаснага лац. алфавіта. Цэнтрам «К.а.» была «Акадэмія» — своеасаблівы гурток вучоных і паэтаў, створаны Карлам Вялікім пры сваім двары. Значнага развіцця дасягнулі гістарыяграфія, л-ра, архітэктура (у 768—814 пабудавана 27 сабораў, 232 манастыры, 65 палацавых ансамбляў, сярод якіх найб. адметная палацавая капэла ў Ахене), фрэскавы жывапіс, мазаіка, кніжная мініяцюра, ювелірнае мастацтва. Распад імперыі пры пераемніках Карла Вялікага, узмацненне феад. раздробленасці, рост натуральнай гаспадаркі прывялі да згасання «К.а.» як з’явы.
Дз.М.Чаркасаў.
Да арт.«Каралінгскае адраджэнне». Лотар I. Мініяцюра «Евангелле Лотара». Каля 840.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СТЭРЫ (англ. cluster літар. пучок, рой, вялікая колькасць),
групоўкі хімічна злучаных атамаў (ад 3—4 да некалькіх дзесяткаў і нават соцень) аднаго ці розных элементаў. Устойлівыя толькі ў саставе хім. кластэрных злучэнняў і кластэрных матэрыялаў (К. размеркаваны ў сярэдзіне матрыцы, напр., графіту).
У метал. К. атамы металаў (пераважна пераходных) злучаны шматцэнтравымі сувязямі, якія ў К. з некалькі дзесяткаў атамаў трансфармуюцца ў металічную сувязь. Звычайна маюць форму шматграннікаў (тэтраэдрычных, актаэдрычных). Кластэрныя злучэнні маюць кластэрныя іоны, напр., [Fe4(CO)13]2-, [Os6(CO)18]2−, [Mo3NiS4]4+, [Au55(PR3)12]6+. У гэтых іонах метал. К., які мае зарад, злучаны з лігандамі: асобнымі атамамі (напр., галагены, сера, кісларод) ці малекуламі (напр., аксід вугляроду СО, фасфіны PR3, дзе R — арган. радыкал). Кластэрныя злучэнні тыпу Fe4S4 уваходзяць у склад ферментаў і адыгрываюць значную ролю ў біял. працэсах акіслення, фіксацыі атм. азоту і інш. Перспектыўнае выкарыстанне кластэрных злучэнняў як каталізатараў для хім. прам-сці.
Літ.:
Петров Ю.И. Кластеры и малые частицы. М., 1986;
Губин С.П. Химия кластеров: Основы классификации и строение. М., 1987.
В.В.Свірыдаў.
Да арт.Кластэры. Структура кластэрнага дыаніёна [Os6(CO)18]2−.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РАНЬ,
адзін з асн. вегетатыўных органаў лістасцябловых раслін, служыць для прымацоўвання да субстрату і ўсмоктвання з яго вады і пажыўных рэчываў. Сапраўдныя К. першапачаткова з’явіліся ў дзеразападобных і папарацепадобных, найб. складаная будова — у насенных раслін. Адрозніваюць гал. К. (развіваецца з зародкавага), бакавыя (узнікаюць на галоўным К.) і прыдаткавыя (утвараюцца на сцёблах або лісці). Сукупнасць К. складае каранёвую сістэму — стрыжнёвую (у двухдольных раслін) і валасніковістую (у аднадольных). Расце К. толькі верхавінкай, ахаванай чэхлікам; па-за зонай росту знаходзіцца зона ўсмоктвання з каранёвымі валаскамі. Пажыўныя рэчывы (вада, мінер. солі, арган. малекулы) перамяшчаюцца па сасудах К. да лістоў і сцёблаў у выніку дзеяння каранёвага ціску і транспірацыі. У К. сінтэзуюцца алкалоіды, гармоны росту і інш. фізіялагічна актыўныя злучэнні. К. выконвае шмат дадатковых функцый: назапашвае пажыўныя рэчывы, утварае прыдаткавыя пупышкі для надземных парасткаў, служыць для апоры (напр., хадульныя, дошкападобныя), ёсць К.-прычэпкі (ліяны), паветраныя (эпіфіты), зялёныя, здольныя да асіміляцыі (некат. архідэі), дыхальныя (мангравыя) і інш.
Да арт.Корань: а — віды каранёў: 1 — галоўны; 2 — бакавыя; 3 — прыдаткавыя; 4 — сцябло; б — каранёвыя сістэмы: 5 — стрыжнёвая; 6 — валасніковістая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РТРЭЙК (флам. Kortrijk),
Куртрэ (франц. Courtrai), горад на З Бельгіі, на р. Ліс. 76 тыс.ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Прам-сць: тэкст. (ільняная і баваўняная), электронная, маш.-буд., гумавая, буд. матэрыялаў, мэблевая, паліграф.; вытв-сць карункаў, палатна «куртрэ», ювелірных вырабаў. Сусв. цэнтр гандлю лёнам. Біржа па продажы лёну. Музей выяўл. мастацтваў. Арх. помнікі: гатычныя цэрквы (13—15 ст.), ратуша (15—16 ст.), жылыя дамы (17—18 ст.), мост на р. Ліс з вежамі (12 і 15 ст.). Цэнтр турызму.
Вядомы з 5 ст. З 7 ст. рэзідэнцыя фландрскіх бургграфаў. Гар. правы з 1190. 11.7.1302 каля К. адбылася вырашальная для вызвалення Фландрыі ад франц. панавання (з 1300) бітва паміж 4 тыс.франц. конных рыцараў і фландрскім пешым нар. апалчэннем. На месцы бою апалчэнцы сабралі 700 залатых шпор (адсюль другая назва — «бітва шпор»). За гэта ў 1382 франц. кароль Карл VI загадаў спаліць К. У познім сярэдневякоўі адзін з цэнтраў вырабу сукна. Горад моцна пацярпеў у 17 ст. ў выніку войнаў паміж Францыяй і Іспаніяй. У 19—20 ст. індустрыялізаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСО́ЎСКІ (Мікалай Піліпавіч) (11.7.1933, г. Рэчыца Гомельскай вобл. —22.11.1989),
бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыў Бел. (1951; у 1953—56 і з 1960 выкладаў у ім) і Ленінградскае (1953) харэаграфічныя вучылішчы, Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1960). Працаваў у т-рах оперы і балета Чэлябінска і Баку. З 1960 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1975 арганізатар і кіраўнік эстр.-харэаграфічнага ансамбля «Чараўніцы». Выкананне К. вызначалася высокай тэхнічнасцю, экспрэсіяй, тэмпераментам. Сярод партый на бел. сцэне: Мікалай, Князь («Мара», «Выбранніца» Я.Глебава), Прынц, Тыбальд («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Прынц, Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Абдэрахман («Раймонда» А.Глазунова), Салор, Базіль («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса). Балетмайстар спектакляў «Фіялка Манмартра» І.Кальмана, «Пяе «Жаваранак» Ю.Семянякі (з Э.Піно, 1971) і інш. у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі; ставіў танцы і пантаміму да драм. спектакляў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1967). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.
Літ.:
Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЛЕ́Я (Lilium),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 90 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. Уведзены ў культуру да н.э. Больш за 2 тыс. сартоў. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. кучаравая. або царскія кучары, ці саранка (L. martagon, нар. назвы галубіныя званочкі, кульчыкі, рэхлікі), занесена ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў лісцевых, хвойных і хвойна-шыракалістых лясах. З інтрадукаваных відаў найб. вядомыя Л. беласнежная (L. candidum), шафранавая (L. croceum), даурская (L. pensylvanicum), леапардавая (L. pardalinum), царственная (L. regale) і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны. Цыбуліны з сакавітых незамкнёных лускавінак, яйцападобныя. Сцёблы прамыя, слаба галінастыя, апушаныя ці голыя. Лісце лінейнае, ланцэтнае, сядзячае, у кальчаках або чаргаванае. У некат. Л. у пазухах лісця ўтвараюцца паветраныя цыбулінкі-бульбачкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі дыяметрам 13—15 см, правільныя, белыя, жоўтыя, чырв., аранжавыя, рознай формы (званочкавыя, зоркавыя, трубчастыя, лейка-, чалма- і чашападобныя), духмяныя або без паху, у гронках, зрэдку адзіночныя. Плод — каробачка. Дэкар., фарбавальныя, меданосныя, харч., лек. і эфіраносныя расліны.
Да арт.Лілея: 1 — агульны выгляд. Гібрыдныя сеянцы беларускай селекцыі: 2 — Голуб міру; 3 — Сонейка; 4 — Нарачанка; 5 — Цікавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМО́ЖСКАЯ ЭМА́ЛЬ,
вырабы з медзі з размалёўкай непразрыстай эмаллю майстроў з г. Лімож (Францыя) 15—17 ст. Яе вытокі — у мясц. традыцыях эмальернага мастацтва 12—15 ст. На развіццё паўплывалі маст. прынцыпы познагатычнага вітража, флам. і італьян. жывапісу. Т.зв. старая школа (апошняя чвэрць 15—1-я чвэрць 16 ст.) прадстаўлена пераважна культавымі рэчамі (абразы-складні, трыпціхі, рэлікварыі) з паліхромнымі кампазіцыямі на рэліг. сюжэты. Творы вызначаліся святочна яркай размалёўкай, увядзеннем у яе ліній і плям з золата, пераходам ад тэхнікі перагародчатай эмалі да размаляванай, блізкай да станковага жывапісу (майстар Н.Пеніко), ад гатычных форм да рэнесансавых. Каля 1530 узнікла т. зв. новая школа, вырабы якой мелі пераважна свецкі характар (скрыначкі, блюды, чашы, збаны, пласціны-партрэты). Аздабляліся копіямі з гравюр А.Дзюрэра, Рафаэля і інш. у тэхніцы грызайль на каляровым фоне, партрэты выконвалі па малюнках Ж.Клуэ і яго паслядоўнікаў. Дэкор абрамлення блізкі да маньерыстычнай школы Фантэнбло (майстар Л.Лімазен). У сярэдзіне 17 ст.вытв-сць Л.э. заняпала.
Да арт.Ліможская эмаль. Рэлікварый са сцэнамі з легенды пра святую Валерыю. Канец 12 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́НАВА (Зоя Васілеўна) (н. 27.11. 1938, в. Старое Сяло Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва, жывапісец, графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). Манум. творам характэрна глыбокае разуменне спецыфікі гэтага віду мастацтва і тэхнікі іх выканання. Сярод работ энкаўстыкі «Стары і новы Вільнюс» у кінатэатры «Вільнюс» (1976), «Мая Радзіма» ў Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў (1977, абедзве ў Мінску, у сааўт. з С.Катковай), «Арфей», «Дзень нашага жыцця» ў санаторыі «Беларусь» у г. Місхор (Украіна, 1984), размалёўка капліцы св. Марыі ў г. Хапфагартэна (Аўстрыя, 1997), габелены «Квітней Беларусь» (у сааўт. з С.Сакаловым, 1979), «У дынамічнай прасторы» (1991), «Дабравешчанне» (1997). Жывапісным творам уласцівы вытанчаныя спалучэнні насычаных колераў і дынамічных рытмаў: «Мая Беларусь» (1972), «Мадонна» (1977), «Цвіценне» (1988), «Аўтапартрэт» (1989), «Крык» (1993), «Купальшчыцы» (1997), «Подых веера», «Фауст і Мефістофель» (абедзве 1998). Аўтар шматлікіх акварэляў: «Сустрэча з мінулым» (1972), «Вясенні кліч» (1980), «Блакітная прастора» (1991), «Зімовы стан» (1993), «Знакі руху» (1995), «Афрыканскія кветкі» (1997); малюнкаў. Іл.гл. таксама да арт.Васковы жывапіс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУГАЎСКО́Й (Уладзімір Аляксандравіч) (1.7.1901, Масква — 5.6.1957),
расійскі паэт. Скончыў Ваенна-пед.ін-т (1921). Друкаваўся з 1924. Да 1930 удзельнік Ліг. цэнтра канструктывістаў (гл. ў арт.Канструктывізм), што паўплывала на рацыянальны пафас ранняй паэзіі (зб-кі «Бліскавіцы», 1926; «Мускул», 1929). Аўтар зб-каў вершаў «Пакуты маіх сяброў» (1930), «Еўропа» (1932), кн. паэм «Жыццё» (1933), паэт. эпапеі «...Бальшавікам пустыні і вясны» (кн. 1—3, 1931—48), зб. артыкулаў «Роздум пра паэзію» (1960) і інш. У творах апошніх гадоў (зб-кі «Сонцаварот», 1956; «Сіняя вясна», апубл. 1958, і інш.) філас. асэнсаванне гісторыі. Кн.філас. паэм на аўтабіягр. аснове «Сярэдзіна стагоддзя» (апубл. 1958) ахоплівае найб. важныя падзеі сярэдзіны 20 ст. У зб. «Новыя вершы» (1941) цыкл вершаў «Ноч пад Маладзечна» пра вызваленне Зах. Беларусі ў 1939. На бел. мову асобныя вершы Л. пераклалі С.Дзяргай, Х.Жычка, А.Звонак.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1988—89;
Ответственность перед эпохой: Лит.-критич. статьи и выступления. М., 1988.
Літ.:
Страницы воспоминаний о Луговском. 2 изд. М., 1981.