АНЬЯ́ЛЬСКІ САЮ́З,

палітычная групоўка афіцэраў шведскай арміі (113 афіцэраў-дваран), якая выступіла ў 1788 супраць абсалютызму караля Густава III. 12.8.1788 у мяст. Аньяла (Паўд. Фінляндыя) яны склалі «Дэкларацыю аньяльскіх канфедэратаў», або «Умову фінскай арміі», дзе патрабавалі ад караля спыніць распачатую ім без згоды парламента вайну з Расіяй, уступіць з ёю ў перагаворы аб міры, вярнуцца да канстытуцыйнага праўлення; ч. афіцэраў дамаглася дзярж. аддзялення Фінляндыі ад Швецыі. Удзельнікі саюза ўступілі ў кантакт з рас. урадам. Не атрымаўшы падтрымкі ў Швецыі і Пецярбургу, Аньяльскі саюз распаўся восенню 1788, яго ўдзельнікі арыштаваны і асуджаны.

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АО́РТА (грэч. aortē),

у чалавека галоўная артэрыя вялікага круга кровазвароту, што выносіць кроў з левага жалудачка сэрца. Каля выхаду з яго аорта наз. ўзыходнай (даўж. яе каля 6 см), потым утварае дугу аорты, пераходзіць у сыходную аорту, праходзіць уздоўж пазваночніка праз грудную і брушную поласці. У млекакормячых жывёл і чалавека існуе левая дуга аорты, у птушак — правая. У рыб ад брушной аорты адыходзяць шчэлепныя артэрыі. Яны падзяляюцца на капіляры, з якіх кроў цячэ ў 2 прадаўгаватыя ствалы — карані спінной аорты; абедзве зліваюцца ў няпарную спінную аорту.

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АО́РЫСТ (грэч. aoristos),

простая дзеяслоўная форма, уласцівая многім стараж. і некаторым сучасным індаеўрап. мовам. Абазначае адзінкавае мінулае дзеянне (стан) без паказу яго працягласці. У старабел. літ. мове аорыст ужываўся рэдка. Утвараўся ад асновы інфінітыву пры дапамозе суфіксаў -х-, -с-, -ш («быхъ, бы, бы, быхомъ, бысте, быша» — «я, ты, ён быў; мы, вы, яны былі»). У сучаснай бел. мове не захаваўся, але форма 2-й і 3-й асобы адз. л. аорыста дзеяслова «быти» ператварылася ў нязменную часціцу «бы» («б») і служыць сродкам перадачы мадальнасці («меў бы», «калі б»).

т. 1, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАМІ́КСІС (ад апа... + грэч. mixis змяшэнне),

спосаб бясполага размнажэння раслін і жывёл; утварэнне зародка без апладнення. Бывае пастаянны, спадчынны, або выпадковы, няспадчынны. Яго можна выклікаць эксперыментальна — фіз.-хім. ўздзеяннямі (індуцыраваны апаміксіс). Пры апаміксісе зародак можа ўтварацца з неаплодненай яйцаклеткі (партэнагенез), з клетак зарастка або зародкавага мяшка (апагамія), з клетак спарафіта (апаспарыя), з саматычных клетак семязавязі — нуцэлуса, інтэгументаў (адвентыўная эмбрыянія). Апаміксіс ў форме партэнагенезу вядомы ў чарвей, насякомых, рыб, паўзуноў. Розныя формы апаміксісу выяўлены амаль ва ўсіх групах расліннага свету. Выкарыстоўваюць у селекцыі, напр. для спадчыннага замацавання гетэрозісу.

т. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЎН ((Braun) Вернер фон) (23.3.1912, г. Выжыск, Польшча — 5.6.1977),

канструктар ракетнай і касм. тэхнікі. Вучыўся ў Цюрыхскім і Берлінскім тэхнал. ін-тах, Берлінскім ун-це. Гал. канструктар балістычнай ракеты «Фау-2», якая выкарыстана для абстрэлу Вялікабрытаніі і Нідэрландаў у час 2-й сусв. вайны. Адзін з кіраўнікоў ваен. даследчага ракетнага цэнтра Германіі ў Пенемюндзе (1937—45). З 1945 у ЗША, дзе ўзначальваў Службу праектавання і распрацоўкі ўзбраення арміі ЗША. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны ракеты «Рэдстоўн», ракеты-носьбіты «Юпітэр», «Сатурн», ШСЗ «Эксплорэр», касм. караблі «Апалон».

В. фон Браўн.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЧЫСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,

князь ізяслаўскі (заслаўскі) і віцебскі. Сын полацкага кн. Васількі Рагвалодавіча. У 1158 атрымаў у княжанне Ізяслаў ад полацкага кн. Рагвалода Барысавіча. У 1159 з братам Валодшам узяты ў палон менскімі князямі Глебавічамі і зняволены ў Менску, адкуль яго вызваліў Рагвалод Барысавіч. У 1162 з інш. полацкімі князямі ваяваў за Слуцк супраць дарагабужскага кн. Уладзіміра Мсціславіча. У 1180, калі быў князем віцебскім, разам з кіеўскім кн. Святаславам Усеваладавічам і чарнігаўскімі князямі ваяваў супраць смаленскіх князёў Расціславічаў. Упамінаецца ў «Слове аб палку Ігаравым».

Г.​В.​Штыхаў.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ДЗІКІС ((Brėdikis) Вітаўтас) (н. 20.11.1930, г. Біржай, Літва),

літоўскі архітэктар. Нар. архітэктар Літвы (1984). Праф. (1984). Скончыў Мастацкі ін-т Літвы (1955), дзе і выкладае з 1965. Распрацаваў праект дэталёвай планіроўкі і забудовы грамадскага цэнтра на правым беразе р. Нярыс у Вільні (у сааўт., 1964). Па яго праектах пабудаваны ў Вільнюсе: жылы раён Лаздзінай (у сааўт., пачаты ў 1967; Ленінская прэмія 1974), аўтавакзал (1974), навуч. корпус Маст. ін-та (у сааўт., 1981; Дзярж. прэмія Літвы 1984); плошча ў г. Біржай (1976) з помнікам Ю.​Янонісу.

т. 3, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭЙ ((Bray) Джон Фрэнсіс) (1809, Вашынгтон — 1895),

англійскі эканаміст, сацыяліст-утапіст, паслядоўнік Р.Оўэна. Аўтар публікацыі «Несправядлівасці ў адносінах да працы і сродкі да іх устаранення» (1839), у якой гал. ўвага сканцэнтравана на сац.-эканам. пераўтварэнні бурж. грамадства. Лічыў, што ліквідаваць прыватную ўласнасць і заснаваную на ёй сістэму наёмнай працы можна шляхам перабудовы таварна-грашовых адносін (стварэнне сістэмы прац. грошай), на аснове дакладнай эквівалентнасці абмену і выцяснення капіталіст. формаў гаспадаркі т.зв. рабочымі акц. т-вамі. Ідэі Брэя пакладзены П.​Ж.​Прудонам у аснову яго канцэпцыі сацыялізму.

т. 3, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т імя А.​С.​Пушкіна.

Існаваў у 1945—50 у Брэсце. Імя Пушкіна прысвоена ў 1949. Тэрмін навучання 2 гады. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-х класаў агульнаадук. школы. Меў аддзяленні: гісторыка-філал., прыродазнаўча-геагр., фізіка-матэм., падрыхтоўчае, вячэрняе і завочнае. Працавалі кафедры гісторыі, педагогікі і псіхалогіі, прыродазнаўства і геаграфіі, фізікі і матэматыкі, бел. мовы і л-ры, рус. мовы і л-ры, ваен. падрыхтоўкі, марксізму-ленінізму. За час існавання падрыхтаваў 1,8 тыс. настаўнікаў. На яго базе ў 1950 засн. Брэсцкі пед. ін-т (з 1995 Брэсцкі універсітэт).

т. 3, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́БНАЎ (Аляксандр Паўлавіч) (4.3.1908, Тбілісі — 30.6.1964),

рускі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1954). Чл.-кар. АМ СССР (1954). Вучыўся ў Маскоўскім Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1926—30). Для яго жанравых і гіст. кампазіцый характэрныя шырокая жывапісная манера, мажорнае гучанне колеру («Раніца на Куліковым полі», 1943—47, Дзярж. прэмія СССР 1948; «Вечар на пашы» і «На полі», 1959—60; «Восень», 1961—62, і інш.). Ілюстраваў творы М.​Гогаля, А.​Пушкіна, Т.​Шаўчэнкі.

Літ.:

Акимова И. А.​П.​Бубнов. М., 1956.

А.Бубнаў. Раніца на Куліковым полі. 1943—47.

т. 3, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)