ВАЎКАВЫ́СК,

горад у Беларусі абл. падпарадкавання, цэнтр Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Рось. За 98 км ад Гродна. Вузел чыгунак на Баранавічы, Масты, Бераставіцу, Свіслач і аўтадарог на Масты, Слонім, Ружаны, Бераставіцу. 43,6 тыс. ж. (1995).

Першыя паселішчы на тэр. Ваўкавыска ўзніклі ў 10 ст., што пацвярджаюць археал. матэрыялы, выяўленыя на гарадзішчы Муравельнік, дзядзінцы Шведская гара і Замчышчы (вакольны горад). Упершыню Ваўкавыск (летапісны Волковыескъ) упамінаецца ў 1252. У 13 ст. цэнтр Ваўкавыскага княства, быў аб’ектам барацьбы паміж галіцка-валынскімі і літ. князямі. З пач. 14 ст. ў ВКЛ. Ваўкавыская харугва ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве 1410. З 15 ст. цэнтр староства, з 16 ст. цэнтр Ваўкавыскага павета. Неаднаразова быў спалены ў час войнаў 17 — пач. 18 ст. У час паўстання 1794 заняты паўстанцамі. З 1795 у Рас. імперыі. На пач. вайны 1812 у Ваўкавыску размяшчалася штаб-кватэра камандуючага 2-й Зах. рус. арміяй ген. П.​І.​Баграціёна, горад значна пацярпеў ад ваен. дзеянняў. У 1885 праз Ваўкавыск пракладзена чыг. Баранавічы—Беласток. У 1891 у Ваўкавыску 19 фабрык і прамысл. прадпрыемстваў. У 1897 — 10 323 ж. Жыхары горада ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07, тут адбыліся хваляванні салдат і навабранцаў. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. У 1909—18 працавала Ваўкавыская жаночая гімназія. У 1919—20 заняты Чырв. Арміяй, польскім войскам. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр павета Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Ваўкавыскага раёна. 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ваўкавыску і раёне больш за 29 тыс. чал., у т. л. 20 тыс. у лагеры ваеннапалонных. З лют. 1942 дзейнічала Ваўкавыская раённая антыфашысцкая арганізацыя. 14.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў выніку Беластоцкай аперацыі 1944. У 1969 — 21,5 тыс. жыхароў.

Цэнтр маш.-буд. (Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання), буд. матэрыялаў (Ваўкавыскае вытворчае аб’яднанне будаўнічых матэрыялаў, «Ваўкавыскцэментнашыфер») і харч. (Ваўкавыскі малочнакансервавы камбінат дзіцячых прадуктаў «Беллакт», мясакамбінат) прам-сці. Пед. вучылішча і Ваўкавыскі саўгас-тэхнікум. Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей. Помнік П.І.Баграціёну. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Мемарыяльны комплекс Вызваліцелям, брацкая магіла сав. ваеннапалонных, магілы ахвяр фашызму.

В.​У.​Шаблюк (гісторыя).

Фрагмент забудовы Ваўкавыска.

т. 4, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РАС (Зоська) (сапр. Сівіцкая Людвіка Антонаўна, па мужу Войцік; 30.9.1892, мяст. Мяджыбаж Ляцічаўскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 8.10.1991),

бел. пісьменніца, грамадска-культ. дзяячка. Скончыла прыватную жаночую гімназію ў Гродне (1912), агародніцка-пчалярскія курсы ў Варшаве (1914). У 1909—13 удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. З 1915 у Мінску. Працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Бел. нац. к-це, у Цэнтр. радзе бел. арг-цый, Бел. сацыяліст. грамадзе. З 1918 у дзедавым фальварку Альхоўнікі на Сакольшчыне (Беласточчына). З 1923 жыла ў Вільні. Працавала адміністратаркай газет Бел. сялянска-работніцкай грамады. Друкавацца пачала ў час. «Подснежник» (Кіеў, 1907). На бел. мове выступіла ў 1911 з абразкамі ў «Нашай ніве» пад псеўд. Мірко. Удзельнічала ў выданні альманаха «Колас беларускай нівы» (Гродна, 1913). Выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік» (Вільня, 1924, перавыд. ў Мінску 1992). Вынесла з віленскай турмы «Лукішкі» вершы М.​Машары і выдала за свой кошт яго першы зб. «Малюнкі» (1928). З 1928 старшыня Бел. каап. пчалярскага т-ва «Пчала». Рэдагавала дзіцячыя час. «Заранка» (1927—31) і «Пралескі» (1934—35), с.-г. час. «Беларуская борць» (1934—38). У прэсе змяшчала вершы і апавяданні, у віленскіх бел. адрыўных календарах 1926—39 — парады па агародніцтве, садоўніцтве, пчалярстве, жаночай гаспадарцы. Уклала зб. «Садок для нашых дзетак» (Вільня, 1927, з М.​Бучынскай). Для дзіцячага тэатра з укр. мовы пераклала п’есы Р.​Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю.​Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з рус. «Лясныя хаткі» В.​Біянкі (Вільня, 1931, выйшла без імя перакладчыка). Аўтар успамінаў пра М.​Багдановіча, У.​Галубка, Ядвігіна Ш., Г.​Леўчыка і інш.

Тв.:

Каласкі: Вершы, апавяданні. Мн., 1985;

[«Заранка»] // Полымя. 1968. № 4;

Пяць месяцаў у Мінску // Шлях паэта. Мн., 1975;

Мой дадатак // Ядвігін Ш. Выбр. творы. Мн., 1976;

Гальяш Леўчык // Леўчык Г. Доля і хлеб. Мн., 1980;

Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар 1981. Беласток, 1981;

Гісторыя беларускага адрыўнога календара // Ніва (Беласток). 1976. 26 снеж.;

Справа дзён, даўно мінулых: Да 60-годдзя трупы У.​Галубка // Тэатр. Мінск. 1980. № 6;

Старое Гродна // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. Мн., 1986.

Літ.:

Лойка А.А. Зоська Верас // Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 выд. Мн., 1989. Ч. 2;

Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі... Мн., 1992.

І.​У.​Саламевіч.

З.Верас.

т. 4, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРСА́ЛЬ, Версай (Versailles),

горад у Францыі, паўд.-зах. прыгарад Парыжа. Адм. ц. дэпартамента Івелін. 91 тыс. ж. (1990). Харч. і маш.-буд. прам-сць. Версаль — былая каралеўская рэзідэнцыя. Палацава-паркавы ансамбль. Турызм. Месца заключэння шэрагу міжнар. пагадненняў, у т. л. Версальскага мірнага дагавора 1919.

Палацава-паркавы ансамбль Версаля ўзнік з паляўнічага замка Людовіка XIII (1624, перабудаваны ў 1631—34, арх. Ф.​Леруа), які ў выніку некалькіх перабудоў (1661—68, арх. Л.​Лево; 1670—74, арх. Ф. д’Арбэ; 1678—89, арх. Ж.​Ардуэн-Мансар) ператварыўся ў вял палац (даўж. фасада 576,2 м) з багата аздобленымі параднымі і жылымі інтэр’ерамі і паркам. У аснове планіроўкі 3 дарогі, якія веерам ідуць ад палаца да Парыжа, каралеўскіх палацаў Сен-Клу і Со. Гал. алея з басейнамі Латоны і Апалона і з Вял. каналам (даўж. 1520 м) утварае вось сіметрыі рэгулярнага парку (1660-я г., арх. А.​Ленотр) з багатымі павільёнамі, фантанамі, дэкар. скульптурай (Ф.​Жырардон, А.​Куазевокс і інш.). Фасад палаца, звернуты да Парыжа, утвараюць Мармуровы двор (1662, арх. Лево), Двор прынцаў (правае крыло, пазней наз. «Крыло Габрыэля», 1734—74; каралеўская капэла, 1689—1710, арх. Ардуэн-Мансар; левае крыло — «Крыло Дзюфура», 1814—29) і Двор міністраў (1671—81, арх. Ардуэн-Мансар). Фасад палаца з боку парку складаюць карпусы: цэнтральны (з 1668. арх. Лево, завершаны арх. Ардуэн-Мансарам), паўд. (1682) і паўн. (1685, абодва арх. Ардуэн-Мансар); Оперны т-р (1748—70, арх. Ж.​А.​Габрыэль, скульптар А.​Пажу). Інтэр’еры аформлены ў 17—18 ст. (арх. Ардуэн-Мансар, Лево, жывапіс Ш.​Лебрэна і інш.). На Пн ад Вял. канала палацы Вял. Трыянон (1670—72, арх. д’Арбэ па планах арх. Лево, 1687, арх. Ардуэн-Мансар) і Малы Трыянон (1762—64, арх. Габрыэль), да якога прылягае пейзажны парк (1774, арх. А.​Рышар) з Бельведэрам (1777), храмам Кахання (1778), Малым т-рам (1780, усе арх. Р.​Мік) і «вёскай» Марыі Антуанеты (1783—86, арх. Мік, маст. Ю.​Рабер). У 1830 ансамблі ператвораны ў Нац. музей Версаля і Трыянонаў. Версаль уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Алпатов М.В. Архитектура ансамбля Версаля. М., 1940;

Benoist L. Histoire de Versaille. Paris, 1973.

Да арт. Версаль. Зала вайны.
Да арт. Версаль. Цэнтральны корпус палаца.
Да арт. Версаль. Люстэркавая галерэя.

т. 4, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛЮ́ГІН (Анатоль Сцяпанавіч) (27.12.1923, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1994),

бел. паэт, кінадраматург, перакладчык.

Засл. дз. культ. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1948). Удзельнік Вял. Айч. вайны, быў паранены. Працаваў у прэсе, у 1946—84 у час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Першы зб. вершаў «Салют у Мінску» (1947). Лірыка Вялюгіна — дасягненне бел. паэзіі. Яго творчасці ўласцівы яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова. У паэзіі Вялюгіна шчырае апяванне роднай зямлі, пранікнёная споведзь паэта-франтавіка, які прайшоў суровыя выпрабаванні ваен. ліхалецця, разнастайныя грамадз. і інтымныя пачуцці сучасніка (зб. «Негарэльская арка», 1949, «На зоры займае», 1958; «Насцеж», 1960; «Песня зялёнага дуба», 1989; «З белага камення — сіняе пламенне», 1993), патрыятычныя матывы («Прызнанне ў любові»), пантэістычнае стаўленне да прыроды («Спелы бор»). У жанры паэмы распрацоўваў гісторыка-рэв. тэму («Бацька Дняпро», 1955, «Вецер з Волгі», 1963, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1964). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967), сцэнарыяў маст. («Рэха ў пушчы», 1977; «Глядзіце на траву», 1983), дакументальных («Генерал Пушча», Дзярж. прэмія Беларусі 1968; «Арліная крыніца», «Балада пра маці», «Дзядзька Якуб», «Янка Купала», «Я — крэпасць, вяду бой», «Віцебскія ўзоры» і інш.) фільмаў. На бел. мову пераклаў паэмы М.​Лермантава «Каўказскі нявольнік» і «Баярын Орша» (1950), «Паэму братэрства» Э.​Межэлайціса (1958, з М.​Калачынскім), паэмы М.​Нагнібеды «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расонаў» (1981), кнігі для дзяцей П.​Варанько і Дз.​Білавуса, паасобныя вершы У.​Маякоўскага, Л.​Украінкі, М.​Рыльскага, А.​Малышкі, А.​Міцкевіча, Ю.​Тувіма і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1984;

Адрас любві. Мн., 1964;

Вершы і балады. Мн., 1969;

Заклён на скрутны вір. Мн., 1995.

Літ.:

Бярозкін Р. У свет, адкрыты насцеж... // Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;

Арочка М. У спелым леце... // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;

Майсейчык А. Аб жанравых асаблівасцях паэм А.​Вялюгіна // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;

Барадулін Р. Партрэт у верасе пчаліным // Маладосць. 1983. № 12;

Зуёнак В. Гэта ўзважана сэрцам // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983.

М.​У.​Скобла.

А.С.Вялюгін.

т. 4, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМЕ́Р (Homēros),

паўлегендарны паэт Стараж. Грэцыі. З антычных часоў яму прыпісваецца аўтарства паэм «Іліяда» і «Адысея» — класічных узораў стараж.-грэч. эпасу, якія зрабілі вял. ўплыў на еўрап. і сусв. л-ру. Паводле легенды Гамер — сляпы вандроўны пясняр. Яго біяграфія, час і ўмовы стварэння паэм дакладна не высветлены, што спрыяла ўзнікненню т.зв. «гамераўскага пытання». Большасць сучасных даследчыкаў лічаць, што Гамер (ці іншы паэт, аўтар эпасу) жыў у г. Смірна (іанічная М. Азія) ці на в-ве Хіяс прыкладна ў 8 ст. да н.э.; выкарыстоўваючы фалькл. традыцыю — гераічныя песні, казанні і маст. сродкі нар. творчасці (яркія эпітэты, разгорнутыя параўнанні і інш.), ён стварыў «Іліяду». Паводле іх меркавання, «Адысея» з’явілася пазней (на мяжы 8—7 ст. або ў пач. 7 ст. да н.э.) і не належыць Гамеру. Абедзве паэмы грунтуюцца на матэрыяле міфаў пра Траянскую вайну, якая адбылася паміж траянцамі і грэкамі ў 13—12 ст. да н.э. «Іліяда» (назва ад г. Іліён (Троя)] апавядае пра падзеі дзесятага года вайны і ўслаўляе воінскую доблесць. У «Адысеі» пераважае быт. і казачны матэрыял, звязаны з падарожжамі, прыгодамі і вяртаннем Адысея на в-аў Ітака, услаўляецца чалавечы розум і прага да пазнання свету. Напісаныя гекзаметрам паэмы «Іліяда» і «Адысея» дэманструюць урачыстасць і велічнасць эпічнага стылю, з’яўляюцца выдатнымі ўзорамі паэтычнай творчасці. На Беларусі яны вядомы са стараж. часоў. На іх спасылаўся ў сваіх пропаведзях Клімент Смаляціч, Сімяон Полацкі назваў Гамера «пресловутым Омиром». Ф.​Скарына выкарыстоўваў літ. форму экфразіса (маст. апісання твора), якая бярэ пачатак ад Гамера. Да «Іліяды» і «Адысеі» неаднаразова звяртаўся ў сваім творы «Пра свецкую ўладу» С.​Будны. Цытаваў Гамера ў трактаце «Аб абавязках» С.​Кашуцкі. На бел. мову ўрывак з «Іліяды» («Развітанне Гектара з Андрамахай») перакладаў Ю.​Дрэйзін; цалкам пераклаў Б.​Тарашкевіч, але захаваліся толькі ўрыўкі, фрагменты з «Адысеі» — А.​Клышка.

Тв.:

Бел. пер. — У кн.: Тарашкевіч Б. Выбранае. Мн., 1991. С. 264—303;

Рус. пер. — Илиада;

Одиссея. М., 1967.

Літ.:

Лосев А.Ф. Гомер. М., 1960;

Сахарный Н.Л. Гомеровский эпос. М., 1976;

Ярхо В.Н. Гомеровский эпос // История всемирной литературы. М., 1983. Т. 1;

Малюковіч С.Д. Гамераўская традыцыя ў беларускай літаратуры // Славянские литературы в контексте мировой. Мн., 1994.

С.​Дз.​Малюковіч.

Гамер.

т. 5, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РТНЫ (Цішка) (сапр. Жылуновіч Зміцер Хведаравіч; 4.11.1887, г. Капыль Мінскай вобл. — 11.4.1937),

бел. пісьменнік і грамадскі дзеяч. Акад. АН Беларусі (1928). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, на з-дзе ў Пецярбургу. Пасля 1917 сакратар Бел. нац. камісарыята, рэдактар газ. «Дзянніца», з 1.1 да 3.2.1919 старшыня Часовага рэвалюцыйнага ўрада Савецкай Беларусі, потым палітработнік 14-й арміі і штаба Зах. фронту. Пазней узначальваў Дзярж. выд-ва Беларусі, працаваў у Наркамаце асветы БССР, у Ін-це гісторыі АН Беларусі. У 1923 пленум ЦК КП(б)Б прыняў пастанову аб прысваенні яму звання нар. паэта Беларусі, аднак пастанова не была выканана. Чл. ЦБ КП(б)Б (1918—19), кандыдат у чл. ЦК КП(б)Б (1927—29), чл. ЦВК БССР у 1920, 1931. 16.1.1931 выключаны з партыі, 15.11.1936 арыштаваны. 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псіхіятр. лячэбніцу, дзе, паводле афіц. версіі, памёр ад гангрэны лёгкіх. У 1988 рэабілітаваны.

Друкавацца пачаў у 1908 у газ. «Наша ніва». Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, даследчык гісторыі бел. л-ры, крытык. Першы зб. «Песні» (1913). Гартны — пачынальнік рабочай тэматыкі ў бел. паэзіі і прозе. У рамане «Сокі цаліны» (нап. 1914—29) паказаў шляхі фарміравання характару рэв. змагара, узняў некранутыя пласты нар. жыцця, разгарнуў шырокія малюнкі заводскіх будняў, стварыў яскравыя вобразы сялян-местачкоўцаў. У зб-ках апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924) і «Прысады» (1927) адлюстравана разбуджаная рэвалюцыяй бел. вёска. У творах Гартнага заўважаўся паварот ад аднабаковай рамантызацыі і лірыка-эмацыянальнага ўспрыняцця грамадз. вайны да рэаліст. паказу канкрэтнага чалавека і яго псіхалогіі. У рамане «Перагуды» (1935) паказаў вёску ў перыяд калектывізацыі. У зб. «Узгоркі і нізіны» (1928) — даследаванні творчасці Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Чарота, А.​Гурло. На месцы пахавання Гартнага пастаўлены помнік. Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Капылі і інш.

Тв.:

Зб. тв: У 4 т. Т. 1—3. Мн., 1987—89;

Вершы. Мн., 1967;

Насустрач сонцу: Выбр. апавяданні. Мн., 1978.

Літ.:

Клачко А.М. Цішка Гартны: (Крытыка-біягр. нарыс). Мн., 1961;

Адамовіч А.М. Беларускі раман. Мн., 1961;

Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы. 2 выд. Мн., 1963. С. 35—40;

Стральцоў М. Жыццё ў слове. Мн., 1965. С. 83—101;

Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968. С. 126—153;

Яго ж. Кнігі і людзі. Мн., 1976. С. 126—153;

Успаміны пра Цішку Гартнага. Мн., 1984.

Ц.Гартны.

т. 5, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЯБО́ВІЧЫ,

ваенныя і дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Ляліва». Некат. даследчыкі выводзяць род ад Гедзіміна або ад маршалка літоўскага Манвіда. Найб. верагодна, што Глябовічы паходзяць ад баяр Смаленскай ці Полацкай зямлі. Валодалі г. Дуброўна, Заслаўе, маёнткамі ў Мазырскім, Ігуменскім, Аршанскім, Навагрудскім пав., на Смаленшчыне, Віцебшчыне, у Польшчы. Першы дакладна вядомы прадстаўнік роду — смаленскі ваявода Глеб (15 ст.), які меў сыноў Станіслава, Пятра і Юрыя. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Станіслаў Глебавіч (?—1513), намеснік мерацкі (1492), віцебскі (1495), браслаўскі (1501), полацкі (1502), маршалак дворскі (1492—1511), ваявода полацкі (1505). Удзельнічаў у пасольствах у Маскву ў 1492, 1499, 1503, 1504, 1511. Пётр Глебавіч (? — пасля 1522), намеснік навагрудскі (1502), крэўскі (1511—22). Юрый Глебавіч (? — пасля 1520), намеснік смаленскі (1492—99), староста жамойцкі (1494), намеснік аршанскі і аболецкі (1500—01), віцебскі (1503—08), смаленскі (1508—14), староста мерацкі (1514), ваўкавыскі (1520). У 1506 у складзе пасольства ў Маскву. Мікалай Юр’евіч (?—1514), сын Юрыя Глебавіча, староста драгічынскі і слонімскі. У бітве на Вядрошы 1500 разам з К.​Астрожскім трапіў у палон да рускіх, вярнуўся ў 1511. У вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1512—22 у 1513 узначальваў абарону Смаленска. Ян Юр’евіч (?—23.4.1549), сын Юрыя Глебавіча, маршалак гаспадарскі (1516—42), дзяржаўца мсціслаўскі (1527), ваявода віцебскі (1528), полацкі (1532), віленскі (1542), староста бабруйскі (1542), канцлер ВКЛ (1546). Быў прыхільнікам каралевы Боны і саюзу з Польшчай, пазней далучыўся да прыхільнікаў самастойнасці ВКЛ. Ян Янавіч (1544—90), сын Яна Юр’евіча, дзяржаўца упіцкі (1584), кашталян мінскі (1572), староста анікштынскі (1575), радашковіцкі (1576), падскарбі земскі і пісар ВКЛ (1580), кашталян трокскі (1585), ваявода трокскі (1586), староста упіцкі (1587). У Лівонскую вайну 1558—83 вызначыўся пры абароне Полацка ад войска Івана IV, трапіў у палон. Вярнуўшыся ўдзельнічаў у штурме Полацка, аблозе Пскова. Дзеяч Рэфармацыі. Мікалай Янавіч (? — 18.11.1632), сын Яна Янавіча, староста анікштынскі, падстолі ВКЛ (1605), ваявода смаленскі (1611), кашталян віленскі (1621). Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, паходу на Маскву. Юрый Мікалаевіч (Ежы Кароль; — 18.4.1669), сын Мікалая Янавіча, староста анікштынскі, падстолі ВКЛ (1639), стольнік ВКЛ (1643), ваявода смаленскі (1643), староста жамойцкі (1653), ваявода віленскі (1668). Удзельнік перагавораў з Б.​Хмяльніцкім і з Расіяй у 1659—66. Апошні мужчынскі прадстаўнік роду.

Ю.​А.​Заяц.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́Я, Гоя-і-Лусьентэс (Goya y Lucientes) Франсіска Хасэ дэ (30.3.1746, Фуэндэтодас, каля г. Сарагоса, Іспанія — 16.4.1828), іспанскі жывапісец, гравёр. З 1760 вучыўся ў Сарагосе ў мясц. мастака Х.​Лусана-і-Мартынеса. Каля 1769 наведаў Італію, у 1771 вярнуўся ў Сарагосу, дзе стварыў фрэскі ў духу італьян. барока (размалёўка бакавога нефа царквы Нуэстра Сеньёра дэль Пілар). З 1773 працаваў у Мадрыдзе, у 1776—80 і 1786—91 выканаў для каралеўскай мануфактуры больш за 60 кардонаў для шпалер, адметных насычаным каларытам і радасным светаадчуваннем. У 1790 абраны ў Мадрыдскую АМ (з 1785 віцэ-дырэктар, з 1795 дырэктар яе жывапіснага аддзялення), у 1786 прызначаны прыдворным жывапісцам, з 1799 «першы жывапісец караля». Адначасова ў творчасці Гоя ўзмацняюцца рысы трагізму, глыбіня крытычнага ўспрымання рэчаіснасці, непрыязнасць да феад.-клерыкальнай Іспаніі «старога парадку». Пачварнасць яе маральных, духоўных і паліт. асноў ён раскрываў у серыі з 80 афортаў «Капрычас» (з каментарыямі мастака, 1797—98), у якой спалучаны гратэск і рэальнасць, алегорыя і фантастыка. У 1790-я — пач. 1800-х г. росквіту дасягнула яго партрэтная творчасць, у якой адчуванне адзіноты (партрэт сеньёры Бермудэс), мужнае процістаянне і выклік усяму навакольнаму (партрэт Ф.​Гіймардэ, 1798), прыгажосць маладой жанчыны («Маха аголеная» і «Маха апранутая», каля 1802). Цудоўны па вастрыні і пераканальнасці характарыстык групавы партрэт «Сям’я караля Карла IV» (1800). Глыбокім гістарызмам, пратэстам напоўнены карціны Гоя, прысвечаныя барацьбе супраць франц. інтэрвенцыі («Расстрэл паўстанцаў у ноч 3 мая 1808 года», 1814), серыя афортаў «Бедствы вайны» (82 аркушы, 1810—20), якая па-філасофску асэнсоўвае лёс народа. Цяжкая хвароба прывяла мастака да частковай страты зроку і поўнай глухаты. У творах таго часу пераважаюць трагічная разгубленасць, кашмарная фантастычнасць вобразаў (фрэскі «Дома глухога», графічная серыя з 22 аркушаў «Дыспаратэс»; усе ў 1819—23). З 1824 Гоя жыў у Францыі, пісаў партрэты сяброў, асвойваў тэхніку літаграфіі. Уплыў яго творчасці на жывапіс і графіку меў і мае агульнаеўрап. характар.

Літ.:

Прокофьев В.Н. «Капричос» Гойи. М., 1970;

Фейхтвангер Л. Гойя, или Тяжкий путь познания: Пер. с нем. 2 изд. М., 1959;

Ортега-и-Гассет Х. Гойя // Ортега-и-Гассет Х. «Дегуманизация искусства» и другие работы: Пер. с исп. М., 1991.

Ф.Гоя. Аўтапартрэт.
Ф.Гоя. Тут нічога нельга было зрабіць. Афорт. З серыі «Капрычас». 1797—98.
Ф.Гоя. Махі на балконе. Каля 1802.

т. 5, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́КА-ПЕРСІ́ДСКІЯ ВО́ЙНЫ 500—449 да н.э., войны паміж Персіяй і стараж.-грэч. полісамі (гарадамі-дзяржавамі) Балканскага п-ва. Гал. прычына войнаў — захопніцкая палітыка Персіі (гл. Ахеменідаў дзяржава) у басейне ўсх. ч. Міжземнага м. Падставай для перс. ўварвання паслужыла дапамога ваен. караблёў Афін і Эрэтрыі іанійскім гарадам на чале з г. Мілет, што паўсталі супраць Персіі. Першы паход перс. войска ў Грэцыю пад камандаваннем Мардонія вясной 492 да н.э. быў няўдалы: флот разбіла бура. Перс. цар Дарый накіраваў у Грэцыю паслоў з патрабаваннем «зямлі і вады», г. зн. прызнання залежнасці ад Персіі, але самыя вял. полісы — Афіны і Спарта — яму не скарыліся. Гэта стала прычынай 2-га паходу персаў. Вясной 490 да н.э. перс. армія на чале з Датысам і Артафернам пераправілася цераз мора і, захапіўшы а-вы Родас, Наксас, Дэлас і Эўбею, высадзілася на ўзбярэжжы Атыкі. 13.9.490 да н.э. аб’яднаныя сілы афінян і платэйцаў пад камандаваннем афінскага стратэга Мільтыяда ў Марафонскай бітве разграмілі перс. армію. Пасля смерці Дарыя цар Ксеркс з вял. войскам уварваўся ў Эладу. Для барацьбы з ім быў створаны абарончы саюз 31 горада на чале са Спартай. Пад Фермапіламі персы разбілі грэч. атрад на чале са спартанскім царом Леанідам, занялі Беотыю і Атыку, захапілі Афіны. Ход вайны змяніла бітва каля в-ва Саламін (28.9.480 да н.э.), якая прынесла перамогу грэкам. У 479 да н.э. каля г. Платэі разгромлена сухапутнае войска персаў, перс. флот разбіты ў вусці р. Эўрымедонт у 469. У апошняй бітве паміж персамі і грэкамі, якая адбылася ў 449 да н.э. паблізу кіпрскага г. Саламін, персы пацярпелі паражэнне. Паводле заключанага т.зв. Каліева міру Персія адмаўлялася ад гегемоніі ў Эгейскім м., грэч. гарадах М.​Азіі і на шляхах у Прычарнамор’е. Перамога грэкаў у вайне была абумоўлена перавагай грэч. узбр. сіл, асабліва марскога флоту, і ваен. тактыкай, што было вынікам больш высокага ўзроўню сац.-эканам. развіцця грэч. полісаў у 5 ст. да н.э. Грэкі атрымалі новыя гандл. шляхі, новыя рынкі, паскорылася развіццё грэч. эканомікі і культуры.

Літ.:

Лисовый И.А., Ревяко К.А. Античный мир в терминах, именах и названиях. Мн., 1996.

Н.​А.​Дзянісава.

Да арт. Грэка-персідскія войны. Персідскія лучнікі. Барэльеф. Парыж, Луўр.

т. 5, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮГО́ ((Hugo) Віктор Мары) (26.2.1802, г. Безансон, Францыя — 22.5.1885),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1841). У ранні перыяд творчасці (паэт. зб. «Оды і розныя вершы», 1822; «Оды і балады», 1826; раманы «Ган Ісландзец», 1823; «Бюг Жаргаль», 1826) эвалюцыяніраваў ад падтрымкі манархіі да ліберальна-дэмакр. поглядаў, ад класіцызму да рамантызму. У зб. «Усходнія матывы» (1829) пра нац.-вызв. барацьбу грэкаў заявіў аб сабе як рэфарматар паэзіі — стваральнік разнастайных рыфмаў і гнуткіх рытмаў, арыгінальнай строфікі. У «Прадмове» да драмы «Кромвель» (1827), прызнанай эстэт. маніфестам франц. рамантызму, вылучыў і абгрунтаваў тэорыю кантрастаў і гратэску, якую рэалізаваў у рамант. драмах «Марыён Дэлорм» (нап. 1829), «Эрнані» (1830), «Кароль забаўляецца» (1832), «Руі Блаз» (1838) і інш. Антыманархічны, вольналюбівы настрой драм, напісаных на гіст. сюжэты, адпавядаў рэв. зрухам у Францыі напярэдадні і пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У атмасферы бурлівых паліт. падзей напісаў гіст. раман з жыцця Францыі 15 ст. «Сабор Парыжскай Божай маці» (1831). Тэматычнай і стылістычнай разнастайнасцю вызначаліся лірычныя зб-кі «Лісце восені» (1831), «Песні змроку», «Унутраныя галасы» (1837), «Промні і цені» (1840). Пасля дзярж. перавароту 1851 эмігрыраваў з Францыі. У перыяд выгнання, які працягваўся 19 гадоў, у Гюго праявіўся талент публіцыста і сатырыка (паліт. памфлет «Маленькі Напалеон», 1852; паэт. зб. «Адплата», 1853). У раманах «Адвержаныя» (1862), «Працаўнікі мора» (1866), «Чалавек, які смяецца» (1869) паказаў кантрасты галечы і багацця, улады і бяспраўя, жорсткасці і велікадушнасці. Асэнсоўваючы сац. канфлікты ў маральным аспекце, аўтар зыходзіў з ідэаліст. разумення гісторыі як спрадвечнай барацьбы двух пачаткаў — цёмнага дэманічнага і светлага боскага. Вяршыня паэзіі Гюго — зб. «Сузіранні» (т. 1—2, 1856), своеасаблівы лірычны дзённік паэта. Аўтар паэт. зб. «Грозны год» (1872) пра падзеі франка-прускай вайны і Камуны, гіст. рамана «Дзевяноста трэці год» (1874) пра франц. рэвалюцыю канца 18 ст. У 1883 завяршыў 3-ю серыю ліра-эпічнага цыкла «Паданне стагоддзяў» (1-я серыя — 1859, 2-я — 1877). На бел. мову перакладзены раманы «Адвержаныя» (1938) і «Дзевяноста трэці год» (пер. Я.​Маўра, 1937). Творы Гюго перакладалі таксама Э.​Агняцвет, А.​Астрэйка, Ю.​Гаўрук, С.​Ліхадзіеўскі і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. В 7 т. Т. 1—3. М., 1994.

Літ.:

Моруа А. Олимпио, или Жизнь Виктора Гюго: Пер. с фр. М., 1987;

Сафронова Н.Н. Виктор Гюго. М., 1989.

С.​Дз.​Малюковіч.

В.Гюго.

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)