КАРПЮ́К (Аляксей Нічыпаравіч) (14.4.1920, в. Страшава Беластоцкага ваяв., Польшча — 14.7.1992),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1949), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1961). Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1949—59 на пед. і журналісцкай рабоце, у 1977—81 дырэктар Рэсп. музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гродне. У 1978—92 сакратар Гродзенскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Першы твор — аповесць «У адным інстытуце» (1953). Асн. тэматыка творчасці — жыццё працоўных Зах. Беларусі, змены, што адбыліся ў іх свядомасці і псіхалогіі, падзеі вайны, маральна-этычныя праблемы сучаснасці: аповесці «Данута» (1959), «Пушчанская адысея» (1964), «Сучасны канфлікт» (1983), «Рэквіем» і «Белая Дама» (абедзве 1991). Аўтар рамана-былі «Вершалінскі рай» (1972), зб-каў аповесцей і апавяданняў «Дзве сасны» (1958), «Свежая рыба» (1978), «Партрэт» (1983), кніг нарысаў «Мая Гродзеншчына» (1960), «Чаго мы варты» (1970), «След на зямлі» (1972), «Вольга Корбут» (1977; у сааўт.). Для яго твораў характэрна насычанасць рэальнымі фактамі, абвостранасць канфліктаў, публіцыстычнасць, рамантычнасць. За кн. прозы «Сучасны канфлікт» (1985) Літ. прэмія імя І.Мележа 1986.