КРУ́ЧА,

вёска ў Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Аслік. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 18 км на З ад г. п. Круглае, 83 км ад Магілёва, 9 км ад чыг. ст. Слаўнае. 500 ж., 189 двароў (1998).

Вядома з 18 ст. З 1772 у Рас. імперыі. У ліст. 1812 партыз. атрад А.М.Сяславіна каля вёскі знішчыў частку атрада франц. арміі. З 1820 К. — мястэчка, 425 ж., 35 двароў, у 1880—430 ж., 62 двары, карчма, млын, 3 кірмашы на год. У 1909 мястэчка Паўлавіцкай вол. Магілёўскага пав., 672 ж. 95 двароў, крэдытнае т-ва, царкоўнапрыходская школа, аддз. сувязі, фельч.-ак. пункт, вінная крама. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета ў Круглянскім р-не Аршанскай акругі, з 1925 вёска. У 1931—35 у Талачынскім р-не. У Вял. Айч. вайну 17.9.1942 ням.-фаш. захопнікі поўнасцю спалілі вёску, знішчылі 191 жыхара. Адноўлена пасля вайны. У 1959—66 у Бялыніцкім р-не. У 1972—453 ж., 97 двароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі магілы ахвяр фашызму.

А.Г.Шчарбатаў.

т. 8, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)