Існаваў у 1929—35 з асн. базай у Мінску. Створаны з удзельнікаў тэатр. гуртка польскай моладзі пры клубе імя Р.Люксембург. З 11.7.1932 называўся Дзярж. польскі тэатр БССР імя 11 ліпеня; меў стацыянарную базу ў будынку Чырвонага касцёла. Маст. кіраўнік Э.Багінскі, з 1933 Я.Танальскі. У першыя гады пры т-ры працавалі кароткатэрміновыя драм. курсы. Напачатку ў рэпертуары пераважалі аднаактовыя п’есы, скетчы, канцэртныя праграмы. Сярод пастановак: «Недаростак» Дз.Фанвізіна (1931), «Армія міру» Ю.Нікуліна (1932), «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай (1933), «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава, «Гібель эскадры» А.Карнейчука (абедзве 1934), «Карчмарка» К.Гальдоні, «Сям’я Варанцоў» В.Кавальскага (абедзве 1935). Сярод акцёраў І.Багінская, Ю.Галавач, В.Окалаў, А.Ротар, З.Стома, К.Стэцкі, К.Мацкевіч, В.Татаржыцкая, В.Тышкевіч, І.Худніцкі.
часовы орган улады на тэр. Польшчы, якая была занята сав. войскамі ў 1944. Створаны 21.7.1944 пасля перагавораў у Маскве прадстаўнікоў Краёвай Рады Нарадовай (КРН) з сав. урадам. Старшыня ПКНВ — Э.Асубка-Мараўскі, намеснікі — В.Л.Васілеўская і А.Вітас. Уключаў членаў Польскай рабочай партыі, Польскай сацыялістычнай партыі і інш. левых партый. 22.7.1944 у г. Хэлм быў выдадзены маніфест ПКНВ, які абвясціў Польскі ўрад у эміграцыі самачынным, а адзінай легальнай крыніцай улады ў Польшчы — КРН, якая дзейнічала на аснове канстытуцыі 1921. У далейшым знаходзіўся ў г. Люблін. 26.7.1944 падпісаў з сав. урадам пагадненне аб прызнанні сав.-польскай мяжы паводле«Керзана лініі». 1.8.1944 сав. ўрад прызнаў ПКНВ як адзіны афіц. ўрад Польшчы. У вер. 1944 ПКНВ абвясціў аб правядзенні аграрнай рэформы і нацыяналізацыю буйной прам-сці. 31.12.1944 ператвораны ў часовы ўрад Польскай Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАВА́Я ДАПАМО́ГА.
дагаворы аб прававой дапамозе, дагаворы, якія заключаюцца дзяржавамі па пытаннях супрацоўніцтва ўстаноў юстыцыі (судоў, органаў натарыяту, пракуратуры), па аказанні юрыд. дапамогі па цывільных, сямейных і крымін. справах. У СНД прынята Мінская канвенцыя аб П.д. і прававых адносінах (1993). Беларусь мае таксама дагаворы аб П.д. з шэрагам інш. замежных дзяржаў. Мэта дагавораў — забеспячэнне ўзаемнага прызнання і захавання маёмасных і асабістых правоў грамадзян адной дзяржавы на тэр. другой дзяржавы. Дагаворы рэгулююць пытанні супрацоўніцтва паміж установамі юстыцыі, прававой абароны, вызначэння кампетэнцыі судоў і прымянення права, працэсуальных правоў іншаземцаў, выканання даручэнняў аб П.д., прызначэння і выканання рашэнняў па цывільных, сямейных справах, прызнання і перасылкі дакументаў, выдачы злачынцаў і г.д.Паводле дагавора П.д. грамадзяне адной дзяржавы карыстаюцца на тэр. другой дзяржавы такой жа абаронай іх асабістых і маёмасных правоў, як і ўласныя грамадзяне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКАРЫЁТЫ (ад лац. pro перад, раней, замест + грэч. karyon ядро),
мікраскапічныя арганізмы, клеткі якіх не маюць абмежаванага мембранай ядра. Каля 6 тыс. відаў. Да П. адносяцца ўсе бактэрыі, у т. л.архебактэрыі і цыянабактэрыі. Клеткі П. паводле будовы проціпастаўлены эўкарыётам (ядзерным арганізмам) і разам з іх продкамі (уркарыётамі) лічацца найб.стараж. даядзернымі арганізмамі. Асн. структурны кампанент клетачнай сценкі — глікапептыд мурэін, які не выяўлены ў інш. групах арганізмаў. Аналаг ядра — структура, якая мае ДНК, бялкі і РНК. Генет. сістэма П. замацавана на клетачнай мембране і адпавядае прымітыўнай храмасоме. Размнажаюцца П. дзяленнем без выяўленага палавога працэсу. У адрозненне ад эўкарыётаў не маюць хларапластаў, мітахондрый, апарата Гольджы, цэнтрыёлей. Адрозненні паміж П. і эўкарыётамі больш істотныя, чым паміж вышэйшымі жывёламі і вышэйшымі раслінамі, таму ў сістэме арганізмаў П. вылучаны ў надцарствы. Адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКТЫ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
раздзел астраметрыі, які распрацоўвае метады, інструменты і прылады для вызначэння геагр. каардынат, азімутаў напрамкаў і дакладнага часу паводлеастр. назіранняў. Падзяляецца на геадэзічную астраномію, мараходную (распрацоўвае спосабы вызначэння па нябесных свяцілах і навігацыйных ШСЗ месцазнаходжання судна ў моры і папраўкі прылад курсапаказвання) і авіяцыйную (вызначае каардынаты лятальнага апарата í папраўкі компаса ва ўмовах палёту). Вымяральныя прылады П.а.: зеніт-тэлескоп, кварцавы гадзіннік, мерыдыянны круг, пасажны інструмент, секстант, універсальны інструмент, хранограф, хранометр і інш. Па астр. гадзінніках службы часу розных краін вызначаюць час адпаведнага часавага пояса з дакладнасцю да дзесяцітысячнай долі секунды, кругласутачна перадаюць сігналы дакладнага часу. Астр. метады арыенціроўкі (вызначэнне геагр. каардынат і азімутаў напрамкаў) з’яўляюцца найб. надзейнымі метадамі ў далёкіх плаваннях марскіх караблёў, авіяц. і касм. палётах.
Літ.:
Блажко С.Н. Курс практической астрономии. 4 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАМЯНІ́СТЫЯ», Таварыства сяброў карыснай забавы,
легальная патрыятычная арг-цыя студэнтаў Віленскага ун-та ў крас.—чэрв. 1820. Засн. Т.Занам (Архіпрамяністы, Архі). Аб’ядноўвала моладзь Беларусі, Літвы і Польшчы. Кіраўніцтва ажыццяўлялі філаматы. Структура арг-цыі распрацавана А.Петрашкевічам. Статут «Пятнаццаць правіл паводзін для моладзі, якая належаць Таварыству сяброў карыснай забавы» складзены Ю.Яжоўскім і зацверджаны 3.6.1820 рэктарам ун-та Ш.Малеўскім. Паводле статута мэтай П. было далучэнне моладзі да навукі, добрыя паводзіны, падтрымка роднай мовы, л-ры, гісторыі і г.д. Колькасць П. дасягала 200—300 чал. (каля 33% віленскіх студэнтаў). Хуткі рост колькасці П. выклікаў у кансерватыўных колах рэакц. часткі прафесуры ун-та і святароў нараканні, якія прывялі да забароны т-ва. Пасля першага следства па справе П. у 1822 быў вынесены вердыкт, што гэта не тайнае т-ва, а дазволенае рэктарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМУСО́ВЫЯ МЕ́РЫ БЯСПЕ́КІ І ЛЯЧЭ́ННЯ,
меры, што назначаюцца судом у адносінах да псіхічна хворых, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні (злачынствы). Праводзяцца з мэтай папярэджання з боку гэтых асоб новых грамадска небяспечных дзеянняў, іх аховы і лячэння. Паводлекрымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь такія меры ўжываюцца судом да асоб, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні ў стане бессвядомасці або захварэлі псіхічнай хваробай да пастановы прыгавору ці ў час адбыцця пакарання. Да гэтых мер адносяцца: прымусовы амбулаторны нагляд і лячэнне ў псіхіятра; прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай бальніцы (аддзяленні) са звычайным, узмоцненым ці строгім наглядам. Змена і спыненне прымянення мер да псіхічна хворых ажыццяўляецца судом на аснове заключэння ўрачоў-псіхіятраў. У выпадку, калі злачынства ўчынена асобамі, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію, суд пры наяўнасці мед. заключэння побач з пакараннем за ўчыненае злачынства можа прымяніць прымусовае лячэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТЭ́ЧА.
пустка, біягеацэноз, які ўтвараецца на месцы лесу, знішчанага высечкамі або пажарамі. Сустракаюцца ў моцна ўвільготненых раёнах умеранага пояса з халаднаватым кліматам на рыхлапясчаных, радзей звязнапясчаных глебах, глыбокаападзоленых, кіслых, вельмі бедных арган. рэчывамі. На Беларусі П. часцей паяўляюцца ў выніку парушэння правіл правядзення меліярац. работ на прылеглых да асушаных балот пясчаных прасторах, таксама на мінер. «астравах» сярод вял. балот, месцы мелказалягаючых тарфяных глеб, якія ператвараліся ў малаўрадлівыя тарфяна-мінер. глебы ў выніку інтэнсіўнага с.-г. выкарыстання. Характарызуюцца нізкай біял. прадукцыйнасцю і экалагічнай няўстойлівасцю. Паводле складу другаснай расліннасці вылучаюць травяністыя, лішайнікавыя (баравыя), імховыя, кустовыя (ядлоўцавыя) і кусцікавыя П. У расл. покрыве пераважаюць вечна зялёныя расліны з сям. верасовых, кіпарысавых, міртавых, бабовых і інш. У натуральным стане з’яўляюцца лесапаляўнічымі ўгоддзямі, уваходзяць у зямельны фонд, які падлягае рэкультывацыі. На П. арганізуюцца рэкрэацыйныя зоны, садова-агароднінныя т-вы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЛІ́КША (Пелікша) Карнель Ігнатавіч [1823, в. Сталовічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 12.7 (паводлеінш. звестак 12.3). 1872], адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на тэр. Беларусі, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Слуцку, у дваранскім ін-це ў Вільні. Да паўстання жыў у сваім маёнтку Горкі пад Мінскам, дзе адкрыў школу і бальніцу, сабраў багатую б-ку. З вясны 1863 паўстанцкі цывільны начальнік Мінскага ваяв. Садзейнічаў разгортванню паўстання на Міншчыне, у вер. — кастр. 1863 дапамог пасланцу К.Каліноўскага І.М.Яманту рэарганізаваць у Мінску паўстанцкую адміністрацыю. Потым з ведама Каліноўскага выехаў за мяжу. Завочна асуджаны царскімі ўладамі да пакарання смерцю з канфіскацыяй маёмасці. У эміграцыі жыў у Францыі, Італіі, Румыніі, Галіцыі. У 1872 ахвяраваў музею кн. Любамірскіх у Львове каштоўны габелен Карэліцкай мануфактуры Радзівілаў 18 ст. «Бітва пад Славечна» (цяпер у гіст. музеі ў Львове).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА, Рэ,
у старажытнаегіпецкай міфалогіі і рэлігіі бог сонца. Яго ўяўлялі сокалам, на галаве якога сімвал бажаства — сонечны дыск. Паводле пашыранага міфа Р. ўдзень плыве па нябесным Ніле на барцы Манджэт і асвятляе зямлю, увечары перасаджваецца ў барку Месектэт і сплывае ўніз, у царства нябожчыкаў, дзе плыве па падземным Ніле, а раніцай зноў з’яўляецца на гарызонце. Культ Р. ўзнік, верагодна, ў пач. 3-га тыс. да н.э., у сярэдзіне 3-га тыс. яго пачалі шанаваць як цара і бацьку багоў, творцу сусвету і людзей. Егіп. фараоны прымалі тытул «сын Ра». Пазней Р. атаясамлівалі з Амонам (Амон-Ра), Горам (Ра-Гарахуці) і інш. багамі, над выявамі якіх пачалі змяшчаць сонечны дыск.
Цэнтрам культу Р. быў г. Он (грэч. Геліопаль).
Ра ў вобразе сокала, які нясе сонечны дыск. Малюнак з «Кнігі мёртвых» Анхаі. Каля 1100 да н.э.