від залогу нерухомай маёмасці (землі, прадпрыемствы, пабудовы і інш. аб’екты, звязаныя з зямлёй) з мэтай атрымання грашовай пазыкі (крэдыту). Выкарыстанне І. забяспечвае выкананне абавязацельстваў, звязаных з перадачай даўжніком-залогадавальнікам крэдытору-залогатрымальніку нерухомай маёмасці. Пры невыкананні даўжніком свайго абавязацельства крэдытор мае права задаволіць свае патрабаванні за кошт маёмасці даўжніка. Залогадавальнік павінен быць уласнікам маёмасці, якая закладваецца. Выкарыстанне І. немагчыма пры адсутнасці права ўласнасці на зямлю, права ўладання, распараджэння і карыстання ёю. У краінах з развітой рыначнай эканомікай І. вельмі пашырана ў сельскай гаспадарцы, выкарыстоўваецца фіз. і юрыд. асобамі. І. прадугледжвае неабходнасць пагашэння крэдытаў, вяртанне запазычанасці. Уладальнік, аддаючы сваю нерухомасць пад залог, фактычна з’яўляецца не яе ўласнікам, а арандатарам. Нявыплата па крэдыце пазычальнікам у тэрмін запазычанасці (несвоечасовае вяртанне крэдыту) цягне за сабой страту закладзенай маёмасці, перадачу яе інш. ўласніку або вяртанне выдадзенага крэдыту з выручаных ад яго продажу сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАВА́ДЗІ,
самая мнагаводная рака М’янмы (вытокі ў Кітаі). Даўж. 2150 км, пл.бас. 430 км². Пачынаецца ва ўсх. адгор’ях Гімалаяў, цячэ ў глыбокай цясніне, мае парожыстае рэчышча. Ніжэй г. М’ічына даліна расшыраецца, рэчышча дасягае 800 м, потым І. перасякае Шанскае нагор’е, дзе рэчышча звужаецца да 50—100 м. У сярэднім і ніжнім цячэнні (на Іравадзійскай раўніне) рака ўтварае шырокую тэрасаваную даліну. За 300 км ад вусця пачынаецца забалочаная дэльта (пл. каля 30 тыс.км²), якая павялічваецца (каля 5 км²за 100 гадоў). Гал. прытокі — Чындуін (справа) і М’інге (злева). Рэжым мусонны, летнія паводкі (падняцце вады на 8—11 м). Сярэдні гадавы расход вады 13—14 тыс.м³/с. У ніжнім цячэнні моцныя прылівы (да 4—4,5 м). Суднаходная на 1100 км, летам — на 1440 км. Выкарыстоўваецца для арашэння, у верхнім цячэнні — лесасплаў. На І. — г. Мандалай, у дэльце марскі порт і сталіца М’янмы г. Янгон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЯЛЬЦОВАКВЕ́ТНЫЯ (Ranunculales),
парадак двухдольных кветкавых раслін. 8 сям., 160 родаў, больш за 3000 відаў. Пашыраны па ўсіх кантынентах. Растуць пераважна па сырых ці залішне вільготных месцах, зрэдку ў вадзе. На Беларусі 2 сям.: казяльцовыя (Ranunculaceae) і барбарысавыя (Berberidaceae), больш за 20 родаў, 150 відаў, з іх 10 відаў (боцікі шарсцістагубыя, боцікі паўночныя, клапагон еўрапейскі, кураслеп лясны, павойнік прамы, пухірнік ягадны, пярэсна еўрапейская, рагулька высокая, раўнаплоднік пылюшнікавы, сон лугавы) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шмат- і аднагадовыя травы, паўкусты, драўняныя вечназялёныя ліяны ці лістападныя. Лісце простае або складанае, чаргаванае, рэдка супраціўнае. Кветкі двух- або аднаполыя, правільныя, адзіночныя або ў гронках ці мяцёлках. Плод — шматлістоўка, шматарэшак, шматкасцянка, ягадападобны. Лек., харч., фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны. Ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКО́САВЫЯ АСТРАВЫ́ (Cocos Islands),
Кілінг астравы, група з 27 нізінных каралавых астравоў на У Індыйскага ак.; тэр. Аўстраліі. Пл. 14 км². Нас. 609 чал. (1996), пераважна малайцы. Клімат трапічны. Т-ра паветра на працягу года ад 21 да 32 °C. Ападкаў каля 2180 ммза год. На в-ве Уэст-Айленд міжнар. аэрапорт, які абслугоўвае трасы з Аўстраліі ў Афрыку і Паўд. Азію. Аснова эканомікі — абслугоўванне аэрапорта, сельская гаспадарка (какосавая пальма, агародніна), рыбалоўства.
Адарыў у 1609 англ. капітан У.Кілінг (ад яго другая назва астравоў). Пастаянныя пасяленні з 1826—27. У 1857 анексіраваны Вялікабрытаніяй, у 1878 перададзены пад кіраванне ўрада брыт. ўладання Цэйлон. У 1903 уключаны ў калонію Сінгапур. У 1955 перададзены пад кіраванне Аўстраліі. У выніку рэферэндуму (крас. 1984) жыхары астравоў выказаліся за далучэнне іх да Аўстраліі. Ген. асамблея ААН у снеж. 1984 прыняла рэзалюцыю, якая зацвярджае рашэнне насельніцтва астравоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМАНДО́РСКІЯ АСТРАВЫ́,
група з 4 астравоў на мяжы Ціхага ак. і Берынгава м., за 200 км на У ад п-ва Камчатка, у Камчацкай вобл. Расіі. Уключаюць астравы: Берынга (даўж. 85 км, шыр. каля 40 км), Медны (даўж. 56 км, шыр. 5—7 км), 2 маленькія астравы — Тапаркоў і скалу Арый Камень. Агульная пл. 1,8 тыс.км². Выш. да 751 м. Складзены з базальтаў і андэзітаў. Характэрны гарысты рэльеф, частыя землетрасенні. Берагі скалістыя, слаба парэзаныя. Клімат акіянічны. Лета халаднаватае. Сярэдняя т-ра паветра ў жн. 10 °C, у лют. каля -4 °C. Ападкаў каля 500 ммза год. Пераважаюць акіянічныя лугі і горная тундра; у асобных далінах — зараснікі ракітніку, рабіны, бярозы. Лежбішчы марскога коціка, сівуча. На берагах птушыныя базары. Марскі промысел, ахова і нарміраваная здабыча коціка, зверагадоўля (блакітны пясец) Населены пункт Нікольскае (в. Берынга). Адкрыты ў 1741 экспедыцыяй капітан-камандора В.Берынга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБАТА́НТЫ (ад франц. combattant воін, баец),
у міжнародным праве асобы, якія ўваходзяць у склад узбр. сіл ваюючых дзяржаў і прымаюць удзел у ваен. дзеяннях. К. з’яўляюцца: асабовы склад сухапутных, ваенна-марскіх і ваенна-паветр. сіл; партызаны, асабовы склад апалчэння і добраахвотніцкіх атрадаў, калі яны маюць на чале асобу, адказную за сваіх падначаленых, пэўны, бачны здалёку знак адрознення, выконваюць у сваіх дзеяннях правілы вядзення вайны, адкрыта носяць зброю ў час ваен. сутыкнення, а таксама ў час, што папярэднічае яму; экіпажы гандл. марскіх суднаў і самалётаў грамадз. авіяцыі, калі яны пераабсталяваны ў ваенныя. Сучаснае міжнар. права разглядае ў якасці К. байцоў, якія ўдзельнічаюць у нац.-вызв. войнах. У выпадку, калі насельніцтва неакупіраванай тэрыторыі пры набліжэнні непрыяцеля не паспела сфарміравацца ў рэгулярныя часці, але бярэцца за зброю, таксама прызнаецца К. Захопленыя варожым бокам К. карыстаюцца рэжымам ваеннапалоннага. Найб. поўны прававы статус К. вызначаецца ў адпаведных міжнар. канвенцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РПАЎ (Уладзімір Васілевіч) (н. 22.7.1922, г. Арэнбург, Расія),
расійскі пісьменнік. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947) і Літ.ін-т імя Горкага (1954). Удзельнік Вял.Айч. вайны. Да 1965 служыў у Сав. Арміі. У 1981—86 гал. рэдактар час. «Новый мир». Друкуецца з 1945. Аўтар твораў пераважна вайскова-ваен. тэматыкі: кнігі апавяданняў і аповесцей «Дваццаць чатыры гадзіны з жыцця разведчыка» (1960), «Камандзіры сівеюць рана» (1963), «Жылі-былі разведчыкі» (1970), «Не мячом адзіным» (1979), раманы «Вечны бой» (1967), «Маршальскі жэзл» (1970, за абодва Дзярж. прэмія Узбекістана 1970), «Узяць жывым!» (1975; часткова апубл. як аповесць «Такая работа», 1974), «Палкаводзец» (1982—84, Дзярж. прэмія СССР 1986), «Маршал Жукаў. Яго паплечнікі і праціўнікі ў гады вайны і міру» (кн. 1, 1992), кн. публіцыстыкі «Эстафета подзвігу» (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЫ́ (Felis),
род драпежных млекакормячых сям. кашэчых. Каля 20 падродаў, 31 від. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў, 5 падвідаў. На Беларусі 1 від — рысь еўрапейская; занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 46—197, хваста 15—91 см, маса 1,5—105 кг. Выш. ў крыжы большая завыш. ў плячах. Кіпцюры ўцяжныя (акрамя суматранскага К.). Афарбоўка густога футра рознага малюнку і адценняў: аднатонная, плямістая або паласатая. Нараджаюць звычайна 3—4 кацянят (зрэдку да 7), некат. віды — двойчы за год. Аб’екты промыслу, футра малакаштоўнае (акрамя рысі).
Свойскія К. (F. catus) паходзяць ад лівійскага падвіду дзікага К. Сталі хатнімі жывёламі 3—5 тыс.г. назад. Існуе каля 300 парод свойскіх К., якія адрозніваюцца даўж. і афарбоўкай поўсці. На Беларусі найб. пашыраны караткашэрсныя пароды, у т. л. руская блакітная, сіямская, з даўгашэрсных — персідская, сібірская і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЧУ́К НАТУРА́ЛЬНЫ,
высокаэластычны матэрыял, прадукт расліннага паходжання, асн. кампанент якога палімер ізапрэну. Атрымліваюць каагуляцыяй латэксу натуральнага — млечнага соку каўчуканосных раслін, пераважна гевеі бразільскай. Прамысл. сарты К.н. — смокед-шытс і крэпы маюць 5—7% па масе некаўчукавых рэчываў (бялкоў, ліпідаў, смол і інш.), якія ўплываюць на яго стабільнасць і ўмовы перапрацоўкі.
Поліізапрэн К.н. мае 98—100% звёнаў ізапрэну ў 1,4-цыс канфігурацыі (стэрэарэгулярны поліізапрэн). Пры т-ры вышэй за 10 °C аморфнае рэчыва, шчыльн. 913 кг/м³, т-ра шклавання ад -70 да -72 °C, крышталізуецца пры ахаладжэнні ніжэй за -10 °C ці пры расцяжэнні. Не раствараецца ў вадзе, ацэтоне, этаноле. Набракае, а потым раствараецца ў бензіне, эфіры, бензоле, талуоле. Вулканізацыяй К.н. атрымліваюць высокаэластычную, зноса- і марозаўстойлівую гуму. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шын, гумава-тэхн. вырабаў, кляёў, эбаніту, электраізаляцыйных матэрыялаў, гумавых вырабаў санітарна-гігіенічнага, мед., харч. і спарт. прызначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1961 у г. Клецк Мінскай вобл. як школьны, з 1979 дзяржаўны. Пл. экспазіцыі 194 м², больш за 4,6 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Сярод экспанатаў посуд, касцяныя грабеньчыкі 11—17 ст., шкляныя бранзалеты 12—13 ст., кафля 16—17 ст. з археал. раскопак на тэр. раёна, зброя 18 — пач. 20 ст., матэрыялы пра ўдзел жыхароў у грамадз. вайне, пра барацьбу засац. і нац. вызваленне ў Зах. Беларусі, пра стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял.Айч. вайну, успаміны А.Іверса, творы жывапісу, кнігі з аўтографамі К.Крапівы, Г.Гарэцкага і інш., прылады працы і побыту бел. сялян 19 — пач. 20 ст., нар.муз. інструменты, калекцыі нар. адзення, тканін, вырабаў мясц. пляцення і керамікі. Музей рэгулярна праводзіць выстаўкі нар. творчасці мясц. умельцаў, нар. строяў, прац мясц. мастакоў, прысвечаных клецкім Радзівілам, развіццю пісьменнасці і друку і інш.