пачатковыя навуч. ўстановы павышанага тыпу ў Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. Існавалі публічныя і духоўныя П.в. Публічныя паводле статута навуч. устаноў (1804) адкрываліся ў губернскіх і пав. гарадах для падрыхтоўкі выхаванцаў «усякага звання» да паступлення ў гімназію. Мелі 2-гадовы тэрмін навучання. Паводле статута 1828 рэарганізаваны ў 3-класныя. У іх вывучаліся свяшчэнная і царк. гісторыя, рус. і ўсеагульная гісторыя, арыфметыка, геаграфія, чарчэнне і інш. Пры вучылішчах адкрываліся дадатковыя курсы, якія давалі пач.прафес. адукацыю. У Віленскай навучальнай акрузе П.в. (паводле асобных статутаў ад 1803 і 1804) мелі свае асаблівасці: ствараліся таксама ў мястэчках, тэрмін навучання да 6 гадоў, захоўвалі праграмы Адукацыйнай камісіі, падзяляліся на свецкія і манаскія (каталіцкія і уніяцкія), выпускнікі мелі права паступаць у ВНУ; у большым аб’ёме вывучаліся прававыя навукі, фізіка, геаметрыя, прыродазнаўства, логіка; дадаткова выкладаліся польская мова (рус. мова вывучалася як замежная), гісторыя Рэчы Паспалітай і ВКЛ, каморніцтва, хімія, тэорыя вакцынацыі, сельская гаспадарка, архітэктура і інш. У 1803 у Беларусі дзейнічалі 23 П.в. Пазней некат. атрымалі статус гімназій. Пасля рэарганізацыі ў 1826 праграмы навучання бел. П.в. набліжаны да агульнаімперскіх. Паводле статута 1828 П.в. рэарганізаваны і падзяляліся на 5-класныя для дваран (філіялы гімназій) і 3—4-класныя для мяшчан (у 1834—35 яны таксама пераўтвораны ў дваранскія 5-класныя). У 1858 замест 19 пяцікласных П.в. адкрыта 7 гімназій і 12 трохкласных вучылішчаў, у 1865 трохкласныя вучылішчы на бел. землях рэарганізаваны ў 2-класныя. У 1884 на Беларусі 21 П.в. На большай частцы Рас. імперыі П.в. пераўтвораны ў гарадскія вучылішчы ў 1872, на Беларусі яны праіснавалі да 1909. Духоўныя П.в. ствараліся ў Рас. імперыі з пач. 19 ст. паводле статута 1808. Яны падзяляліся на вышэйшыя, сярэднія і ніжэйшыя, падпарадкоўваліся Камісіі па справах духоўных вучылішчаў пры св. Сінодзе. Рыхтавалі святароў і тых, хто жадаў паступіць у семінарыі. З 1860-х г.правасл. П.в. атрымалі назву духоўных вучылішчаў; у пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі 3 жан. і 9 мужчынскіх. Скасаваны ў 1917.
Літ.:
Воронов А. Историко-статистическое обозрение учебных заведений Санкт-Петербургского учебного округа с 1829 по 1853 включительно. СПб., 1854;
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915;
Погодин А.Л. Виленский учебный округ, 1803—1831 гг. СПб., 1901;
Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРБ,
1) знаходкі комплексаў манет, плацежных зліткаў і разнастайных рэчаў (вырабаў), ухаваных у зямлі ці інш. месцах, уладальнік якіх невядомы. Самыя стараж. С. з эпохі неаліту — каменныя прылады працы і зброя. У 7 ст. да н.э. — 20 ст.н.э. пераважаюць манетныя і манетна-рэчавыя С. (манеты, сярэбраныя і залатыя плацежныя зліткі і іх фрагменты, тавара-грошы рознага тыпу, упрыгожанні і г.д.). У С. позняга сярэдневякоўя пераважалі манеты (манетным лічыцца С., калі ў ім знаходзілася не менш як 5 адзінак). Захоўваліся яны ў розных упакоўках (посудзе, шкатулках, скрынках, скураных і палатняных торбах, драўляных калодах і інш), часам у камбінаваных (напр., скрутак тканіны, у якім былі грошы, змяшчаўся ў скрынку ці інш. ўпакоўку). Звычайна С. выяўляюць на невял. глыбіні (0,2—1 м), што тлумачыцца выветрываннем, узорваннем ці вымываннем глебы. Знаходкі багатых С. і ўзнікненне легенд, звязаных з імі, садзейнічалі вял. пашырэнню скарбашукальніцтва ва ўсіх краінах. С. з’яўляліся ў выніку адтоку грошай з абарачэння, выключэння ранніх паўнавагавых (па масе і пробе) манет у параўнанні з больш познімі легкавагавымі, у час войнаў, паўстанняў і інш. грамадска-сац. узрушэнняў ці прыродных катаклізмаў. Паводле заканадаўства знойдзены С. належыць дзяржаве і павінен быць перададзены ў банк ці музей. У Рас. імперыі згодна з указамі 1718 і 1728 С., знойдзеныя на дзярж., грамадскіх і ўдзельных землях, належалі дзяржаве, а на прыватных — землеўладальнікам з правам музеяў набываць іх для нумізматычных калекцый. Да 1917 С. ў Рас. імперыі вывучаліся ў Імператарскай археал. камісіі, у 1919—29 — секцыяй нумізматыкі і гліптыкі Акадэміі матэрыяльнай культуры, з 1930-х г. — у рэсп. музеях. З 1920-х г. той, хто знаходзіў С., атрымліваў узнагароджанне ў памеры 25% ад кошту знаходкі. Тэр. Беларусі багатая на С. і адзінкавыя знаходкі манет. Зафіксавана больш за 1100 С., з іх больш за 100 у Брэсцкай вобл., больш за 200 у Віцебскай, больш за 170 у Гомельскай, каля 140 у Гродзенскай, больш як па 200 у Мінскай і Магілёўскай абл. Самыя стараж. манеты — стараж.-грэч. і рымскія (адпаведна і С., у якіх яны былі) — на тэр. Беларусі з’явіліся ў канцы 1 — пач. 2 ст., пасля некат. перапынку ў 4—8 ст.яны выкарыстоўваліся рэгулярна.
2) У праве — закапаныя ў зямлі або схаваныя інш. спосабам грошы ці каштоўныя прадметы, уласнік якіх не можа быць устаноўлены ці паводле акта заканадаўства страціў на іх права. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь С. пераходзіць ва ўласнасць асобы, якой належыць маёмасць (зямельны ўчастак, пабудова і да т.п.), дзе С. быў схаваны, і асобы, якая знайшла С., у роўных долях, калі пагадненнямі паміж імі не ўстаноўлена іншае. У выпадку, калі ў С. былі рэчы, што адносяцца да помнікаў гісторыі або культуры, яны належаць перадачы ў дзярж. ўласнасць. Пры гэтым уласнік маёмасці і асоба, якая знайшла С., маюць права на атрыманне ўзнагароджання ў памеры палавіны кошту знойдзенага. Прысваенне С., які мае вял. каштоўнасць, цягне за сабой крымін. адказнасць.
Літ.:
Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.
Ш.І.Бекцінееў, Г.А.Маслыка (права).
Да арт.Скарб. Гальшанскі манетны скарб. Пач. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТО́НІК (Aristonikos, ? — 129 да нашай эры),
кіраўнік антырымскага паўстання 133 (або 132) — 129 да нашай эры ў Пергаме. Пазашлюбны сын пергамскага цара Яўмена II У паўстанні (пачалося пасля смерці зводнага брата Арыстоніка цара Атала III, які завяшчаў сваё царства Рыму) удзельнічалі частка насельніцтва Пергама, грэчаскія гарады Малой Азіі, наёмныя войскі, рабы. Паўстанцы марылі стварыць «сонечную дзяржаву», дзе б усе людзі былі роўнымі. У 130 да нашай эры яны разбілі каля Леўкі консульскую армію П.Ліцынія Краса, але ў 129 пацярпелі паражэнне пры Стратанікеі. Арыстонік трапіў у палон і пакараны смерцю. Пергам стаў рымскай правінцыяй пад назвай Азія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРА́КЦЫЯ,
паняцце, якое абазначае пачуццё прыхільнасці аднаго чалавека да другога. Фарміруецца ў суб’екта як вынік яго спецыфічных эмацыянальных адносін, ацэнка якіх параджае разнастайную гаму пачуццяў (ад непрыязнасці да сімпатыі і нават любові) і праяўляецца ў выглядзе асаблівай сац. устаноўкі на другога чалавека. У эксперыментальных даследаваннях вывучаюцца механізмы фарміравання прыхільнасцяў і сяброўскіх пачуццяў (гл.Дружба, Любоў) пры ўспрыманні інш. чалавека, прычыны з’яўлення станоўчых эмацыянальных адносін, у прыватнасці, роля падабенства характарыстык суб’екта і аб’екта ўспрымання, а таксама той сітуацыі, у якой яны знаходзяцца (напр., блізкасць партнёраў па адносінах, частата іх сустрэч, сумесная дзейнасць і гэтак далей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАПАТРЫ́Я (ад ала... + грэч. patris радзіма),
тып відаўтварэння, пры якім новыя віды ўзнікаюць ва ўмовах прасторавай раз’яднанасці папуляцый. Пад дзеяннем натуральнага адбору кожная папуляцыя дадзенага віду прыстасоўваецца да спецыфічных умоў яе месцапражывання. Адаптацыя да новых умоў і выпадковы дрэйф генаў у невял. папуляцыях прыводзяць да змены частаты алеляў і генатыпаў. У выніку працяглага раз’яднання папуляцый паміж імі можа ўзнікнуць генетычная ізаляцыя, якая захоўваецца нават у тым выпадку, калі яны зноў апынуцца разам. Такім чынам могуць утварацца новыя віды. Напр., разнастайнасць відаў уюркоў сям. Goespizidae і пашырэнне на а-вах Галапагас лічаць вынікам алапатрычнага відаўтварэння. Гл. таксама Сімпатрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭГА́ТНАЯ УНІФІКАВА́НАЯ СІСТЭ́МА (АУС),
тэхнічная сістэма са стандартнымі блокамі кіравання вытворчымі працэсамі. Уваходныя і выхадныя параметры блокаў уніфікаваныя, таму ў схемах аўтаматыкі яны могуць выкарыстоўвацца ў розных спалучэннях і колькасцях. Гэта дазваляе збіраць розныя па прызначэнні сістэмы аўтам. кіравання і кантролю.
У залежнасці ад віду энергіі для перадачы сігналаў АУС падзяляюцца на электрычныя, пнеўматычныя, гідраўлічныя і камбінаваныя. Найб. пашыраны пнеўматычныя, у якія ўваходзяць блокі вымярэння, рэгулявання, суматары, задатчыкі, функцыянальныя пераўтваральнікі, узмацняльнікі, блокі для выканання лагічных аперацый, сігнальныя прыстасаванні, прыборы кантролю, выканаўчыя механізмы і інш. АУС выкарыстоўваюцца пры аўтаматызацыі вытв-сці ў розных галінах прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ПНАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
угнаенні, асн. кампанент якіх вапна. У якасці вапнавых угнаенняў выкарыстоўваюць цвёрдыя і мяккія прыродныя вапнавыя пароды, прадукты іх перапрацоўкі і прамысл. адходы, што маюць вапну. Цвёрдыя пароды (вапняк, мел і інш.) перад унясеннем у глебу здрабняюцца ці абпальваюцца, мяккія пароды (напр., туфы) не патрабуюць драбнення, яны больш эфектыўныя і дзейнічаюць хутчэй за цвёрдыя. Гал. з вапнавых угнаенняў: вапнавая мука (вапняк), даламітавая мука (даламіт), вапнавы туф, мергель, гашаная вапна, вапнавы торф ці тарфатуф. Найб. эфектыўныя прамысл. адходы: мартэнаўскія, доменныя, электраплавільныя шлакі; дэфекат (адходы цукр. вытв-сці); сланцавы, каменнавугальны, тарфяны попел. Выкарыстоўваюць для паніжэння кіслотнасці глеб (гл.Вапнаванне глебы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬКА РАМА́НАВІЧ (1199—1271; паводле інш. звестак 1203—69),
князь уладзіміра-валынскі; канчаткова замацаваўся на гэтай пасадзе ў 1241. У паліт. справах выступаў разам з братам Данілам Раманавічам. У 1246 і 1247 яны разбілі каля Пінска атрады Літвы, якія нападалі на Валынскую зямлю. У 1249 войска Васількі Раманавіча ўдзельнічала ў паходзе на Новагародскую зямлю праз Ваўкавыск, у 1251 на Новагародак і Гарадзен (Гродна). У 1258 Васілька Раманавіч разам з татарскім ваяводам Бурундаем ваяваў Літоўскую (верхняе Панямонне) і Нальшчанскую (ПнЗ Беларусі) землі. У 1264 войска Васількі Раманавіча дапамагала кн.Войшалку ў заваяванні Дзяволтвы і Нальшчанаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРНІДУ́Б, Дубавік, Дуб-Дубавік, Дубіна,
персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, памочнік гал. героя-асілка (Кацігарошка, Івашкі — Мядзведжага Вушка, Ваські Папялышкі і інш.). Здольны выварочваць стогадовыя дубы і перакідваць іх на вял. адлегласць. Герой-асілак выпрабоўвае моц Вярнідуба, залічвае яго ў таварышы, і яны разам з інш. волатамі змагаюцца супраць магутных фантаст. істот (Змея, Кашчэя Бессмяротнага), у якіх увасоблены злыя сілы. Як і інш. волаты, Вярнідуб значна саступае па сіле гал. герою. У некаторых казках здраджвае асілку, які карае яго, а часам даруе яму. Сустракаецца ў рус. і ўкр. фальклоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
запасы глыбіннага цяпла Зямлі, эксплуатацыя якіх эканамічна выгадная. Адрозніваюць гідрагеатэрмальныя (тэрмальныя воды) і петрагеатэрмальныя рэсурсы (акумуляваныя ў блоках горных парод, нагрэтых да 350 °C і больш). Практычнае значэнне маюць гідратэрмальныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюць для цеплазабеспячэння (пры т-ры ад 40 да 100—150 °C) і атрымання электраэнергіі на геатэрмальных электрастанцыях пры т-ры 150—300 °C. Прымеркаваны яны да трэшчынных воданапорных сістэм у раёнах сучаснага вулканізму, маладых складкавых гор, зон тэктанічных разломаў. Геатэрмальныя рэсурсы выкарыстоўваюць у ЗША (самае буйное ў свеце радовішча Вялікія Гейзеры), Італіі, Новай Зеландыі, Японіі, Мексіцы, Расіі, Ісландыі і інш.