А́СКВІТ (Asquith),

лорд Оскфард і Асквіт Герберт Генры (12.9.1852, Морлі, графства Ланкашыр, Англія — 15.2.1928), англійскі дзярж. дзеяч. Адукацыю атрымаў у Оксфардскім ун-це, адвакат. Член парламента з 1886, у 1892—95 міністр унутр. спраў, у 1906—08 канцлер казначэйства. Кіраўнік Ліберальнай партыі (1908—26). У 1908—16 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі. Урад Асквіта ўвёў пенсіі па старасці, спрыяў абмежаванню правоў палаты лордаў (1911), прызнанню аўтаноміі Ірландыі (1914), 4.8.1914 абвясціў вайну Германіі.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ГУМАНІТА́РНАЯ ПА́РТЫЯ (БГП),

палітычная партыя, якая ставіць за мэту гуманізацыю дзяржавы і грамадства. Утворана ў 1994. Дзейнічае на прынцыпах дэмакратыі і публічнасці. Кіруючы орган паміж з’ездамі — савет партыі. Дасягненне праграмных задач бачыць ва ўдзеле ў органах дзярж. улады, выдавецкай дзейнасці, у правядзенні лекцый, мітынгаў, дэманстрацый, вулічных шэсцяў, пікетаў і інш. Для вырашэння сац. праблем лічыць неабходным выкарыстанне патэнцыялу, закладзенага у самім чалавеку, лепшых інтэлектуальных сіл народа.

А.​А.​Дзмітрук.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРГА́НСА ((Berganza) Тэрэса) (н. 16.3.1935, Мадрыд),

іспанская спявачка (мецца-сапрана). Вучылася ў Мадрыдскай кансерваторыі. Спявае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера»). Віртуозна валодае мастацтвам каларатуры. Выконвае найб. складаныя партыі ў операх Дж.​Расіні «Севільскі цырульнік» (Разіна), «Італьянка ў Алжыры» (Ізабэла), В.​А.​Моцарта «Вяселле Фігара» (Керубіна), «Міласэрнасць Ціта» (Секст) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вак. твораў Э.​Гранадаса, М. дэ Фальі і інш. ісп. кампазітараў.

т. 3, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЬТ ((Bildt) Карл) (н. 15.7.1949, г. Хальмстад, Швецыя),

дзяржаўны і палітычны дзеяч Швецыі. Скончыў Стакгольмскі ун-т. У 1973—74 старшыня Свабоднага студэнцкага саюза Памяркоўнай кааліцыйнай партыі (ПКП). У 1974—76 старшыня Арг-цыі еўрап. студэнтаў-дэмакратаў, адначасова сакратар па паліт. пытаннях ПКП. З 1979 дэп. рыксдага (парламента). З 1986 старшыня ПКП. У 1991—94 — прэм’ер-міністр Швецыі. З 1995 пасрэднік Еўрап. саюза па ўрэгуляванні Баснійскага крызісу 1990-х г.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЭ́КПУЛ (Blackpool),

горад на З Вялікабрытаніі, на беразе Ірландскага м. 143 тыс. ж. (1989). Аэрапорт. Авіяц., аўтамаб., тэкст., харч. прам-сць. З 18 ст. вядомы як курорт. Вызначаецца мяккім кліматам, пясочны пляж даўж. больш за 10 км. Цэнтр адпачынку, марскіх купанняў і турызму (больш за 5 тыс. атэляў і пансіянатаў). Традыцыйнае месца правядзення канферэнцый брыт. партыі і прафсаюзаў. У 1895 у Блэкпуле пабудавана паменшаная (выш. 158 м) копія Эйфелевай вежы.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НТЫНГ ((Branting) Карл Яльмар) (23.11.1860, Стакгольм — 24.2.1925),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Швецыі. Адзін з заснавальнікаў (1889) і лідэраў с.-д. партыі Швецыі (СДПШ), 2-га Інтэрнацыянала, Бернскага інтэрнацыянала. Дэпутат рыксдага (1896—1902). Старшыня выканкома СДПШ (з 1907). Прэм’ер-міністр Швецыі ў 1920, 1921 — 23 і 1924—25. Узначаліў у Швецыі рух за далучэнне да Лігі Нацый. Вядомы вырашэннем міжнар. спрэчак па правах малых нацыянальнасцей. Нобелеўская прэмія міру 1921 (разам з К.Ланге).

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДАМС ((Addams) Джэйн) (6.9.1860, Седэрвіл, штат Ілінойс, ЗША — 21.5.1935),

грамадскі дзеяч ЗША. Дзеяч амер. сац. рэфармізму і міжнар. жаночага руху, пацыфістка. У 1889 заснавала ў Чыкага Хал-хаўс — комплекс сац., культ.-асв. і інш. устаноў для беднякоў-імігрантаў. Віцэ-прэзідэнт Амер. асацыяцыі за выбарчае права жанчын (1911 — 14), старшыня Жаночай партыі міру (з 1915), прэзідэнт Міжнар. жаночай лігі за мір і свабоду (1919—29). Нобелеўская прэмія міру 1931 (разам з Н.Батлерам).

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЭРСАН ((Anderson) Марыян) (17.2.1902, Філадэльфія—1993),

амерыканская спявачка (кантральта). Адна з буйнейшых камерных спявачак 20 ст. Дэбютавала ў канцэртах у 1925, у оперным т-ры ў 1955. Першая негрыцянка, якая выступала на сцэне т-ра «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку. Валодала голасам велізарнага дыяпазону, выконвала і партыі сапрана. Мела разнастайны рэпертуар. Пакінула выканальніцкую дзейнасць у 1965. Напісала аўтабіяграфію (рус. пер. у зб. «Выканальніцкае мастацтва замежных краін». Вып. 1. М., 1962).

т. 1, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЭ́ЙШАЯ КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ ШКО́ЛА БЕЛАРУ́СІ імя У.​І.​Леніна.

Існавала з кастр. 1932 да сак. 1939 у Мінску. Створана на базе Камуністычнага ун-та Беларусі. Рыхтавала арганізатараў сацыяліст. сельскай гаспадаркі, кіруючых парт. і сав. работнікаў раённага звяна. Кафедры ў 1934: палітэканоміі, эканам. палітыкі, ленінізму і гісторыі партыі, дыялект. матэрыялізму, гісторыі народаў СССР, усеаг. гісторыі, арганізацыі с.-г. вытв-сці, аграноміі, жывёлагадоўлі, механізацыі сельскай гаспадаркі. Рэарганізавана ў с.-г. тэхнікум.

т. 4, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́МІЛЬТАН ((Hamilton) Александэр [11.1.1755) (1757?),

в. Невіс, Сент-Кітс і Невіс — 12.7.1804], дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць 1775—83 карыстаўся папулярнасцю як аратар і публіцыст. У 1776—81 у арміі, сакратар Дж.Вашынгтона. Лідэр партыі федэралістаў з 1789. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі на англ. ўзор. У 1789—95 міністр фінансаў. Адстойваў неабходнасць цэнтралізаванай дзяржавы, якая спрыяе развіццю капіталіст. сістэмы гаспадаркі. Ініцыятар заключэння нявыгаднага для ЗША дагавора (1794) з Англіяй.

т. 5, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)