МАМО́НЬКА (Язэп Аляксеевіч) (28.1. 1889, в. Залессе Слуцкага р-на Мінскай вобл. —10.9.1937),

бел. паліт. дзеяч. Скончыў 3 курсы камерцыйнага ін-та ў Празе (1925). У 1907—17 чл. партыі рас. сацыялістаў-рэвалюцыянераў, з кастр. 1917 чл. БСГ, у 1918—24 чл. Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). У 1-ю сусв. вайну ў арміі. Дэлегат ад 12-й арміі 3-га з’езда БСГ (кастр. 1917), на якім абраны ў ЦК. Адзін з арганізатараў і дэлегат 1-га Усебел. з’езда 1917. Чл. Вялікай беларускай рады і Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Пасля ўтварэння БПС-Р чл. яе кіраўніцтва, з 1921 чл. Бюро ЦК. Чл. Прэзідыума рады БНР (снеж. 1919). Неаднаразова быў арыштаваны сав. і польскімі ўладамі. У 1920-я г. жыў у Літве, Чэхаславакіі, Польшчы, Латвіі. Удзельнік дзвюх Усебел. канферэнцый: у Празе (1921) і Берліне (1925), дзе выступіў супраць самароспуску ўрада БНР. У вер. 1928 атрымаў візу для пераезду ў СССР, дзе адразу пасля прыезду быў арыштаваны. У 1929 прыгавораны да 10 гадоў канцлагераў, у 1937 — да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1989 і 1993.

А.​М.​Гесь, М.​М.​Клімовіч, У.​М.​Міхнюк.

Я.А.Мамонька.

т. 10, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)