КАМКО́Ў (Уладзімір Цярэнцьевіч) (н. 5.9.1950, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),

бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980), нар. арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1968). Працаваў у т-рах оперы і балета Вільнюса і Харкава. У 1973—95 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1981—91 выкладаў у харэаграфічным вучылішчы. Танец К. вызначаецца мужнасцю, энергіяй, пластычнай выразнасцю, яго індывідуальнасці найб. блізкія партыі героіка-патрыят. плана. Майстэрства К. найб. выявілася ў балетах, пастаўленых В.Елізар’вым. Сярод лепшых партый: Тыль і Інквізітар, Машэка і Князь («Тыль Уленшпігель» і «Курган» Я.​Глебава), Спартак («Спартак» А.​Хачатурана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Адам («Стварэнне свету» А.​Пятрова); з інш. партый — Прынц, Ротбарт («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Альберт, Конрад («Жызэль», «Карсар» А.​Адана), Кален («Ліза і Кален» Ф.​Герольда), а таксама гал. партыі ў аднаактовых балетах «Фестываль кветак у Чэпзана» Э.​Хельстэда, «Прывал кавалерыі» Г.​Армсгеймера, «Адажыета» на муз. Г.​Малера, «Камерная сюіта» на муз. Шчадрына, «Вальпургіева ноч» Ш.​Гуно, «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 127—131.

А.​І.​Калядэнка.

У.Ц.Камкоў.
У.Камкоў у ролі Спартака.

т. 7, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)