КУРА́-АРА́КСІНСКАЯ НІЗІ́НА У Закаўказзі, у Азербайджане, у ніжнім цячэнні рэк Кура і Аракс. На У абмываецца Каспійскім м.Даўж. 250 км, шыр. 150 км. Выш. каля 200 м, у сярэдняй і ўсх. частках ніжэй узр. акіяна. Алювіяльна-акумулятыўная раўніна. У аснове — Ніжнекурынскі сінклінорый. Радовішчы нафты. Рэльеф ускладнены конусамі вынасу рэк, грывамі, паніжэннямі («чалы»), узгоркамі з гразевымі вулканамі. Клімат сухі субтрапічны. Сярэдняя т-растудз. 1,3—3,6 °C, ліп. 25—28 °C. Гадавая колькасць ападкаў 200—400 мм. Глебы шэразёмныя і бурыя, шмат саланчакоў і саланцоў. Палыновыя і салянкавыя паўпустыні, выкарыстоўваюцца як зімовыя пашы. На арашальных землях вінаграднікі, сады, вырошчваюць бавоўнік. Асобныя часткі К.-А. н.: Карабахская, Муганская, Шырванская, Мільская раўніны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛО́Е БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА.
У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Свіна (выцякае з возера), за 52 км на ПнУ ад Полацка. Пл. 0,9 км², даўж. каля 2,1 км, найб.шыр. 870 м, найб.глыб. 11 м, даўж. берагавой лініі каля 6,4 км. Пл. вадазбору 1 км². Схілы катлавіны выш. 11—12 м (на У да 20 м), пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, на ПдУ тарфяністыя. На Пд да возера прымыкае масіў вярховага балота. Мелкаводдзе вузкае, дно да глыб. 2,5—4 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Вада вызначаецца Нізкай мінералізацыяй (60—80 мг/л), чысцінёй і высокай празрыстасцю. У возеры расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКВА́,
рака ў Маскоўскай і часткова Смаленскай абласцях Расіі, левы прыток р. Ака. Даўж. 473 км, пл. басейна 17,6 тыс.км². Пачынаецца на Смаленска-Маскоўскім узв. Вытокам лічыцца р. Канаплянка, пасля выхаду з воз. Міхалёўскае наз.М., упадае ў Аку каля г. Каломна. Гал. прытокі: Інач, Руза, Істра, Яўза (злева), Пахра, Северка (справа). Сярэдні расход каля Пярэрвінскага гідравузла 65,7 м³/с. Ледастаў ад ліст.—студз. да канца сак.—красавіка. Сцёк М. зарэгуляваны вадасховішчамі (Мажайскае і інш.) і плацінамі. Па канале імя Масквы і Вазузскай гідратэхн. сістэме ў М. падаецца вада з бас. Волгі. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. Суднаходная ў Маскве і ніжэй, дзе шлюзаваная (Маскварэцкая сістэма). На М. гарады Мажайск, Звянігарад, Масква, Жукоўскі, Бронніца, Васкрасенск, Каломна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРА́Ж (франц. mirage),
аптычныя з’явы ў атмасферы (часцей ва ўмовах пустыні), калі разам з аддаленымі прадметамі (або ўчасткам неба) бачны іх уяўныя адлюстраванні, перамешчаныя адносна саміх прадметаў. Бывае ніжні М., верхні (рэдка) і бакавы (вельмі рэдка). Ніжні М. (вобраз ніжэй за аб’ект) назіраецца ў гарачыя дні ў пустынях і стэпах, над асфальтавымі дарогамі. Верхні М. (вобраз вышэй за аб’ект) бывае звычайна ў палярных рэгіёнах або над паверхняй мора. Бакавы М. (вобраз побач з аб’ектам) можна назіраць, калі глядзець на пэўны прадмет уздоўж нагрэтай сцяны. Агульная прычына М. — скрыўленне светлавых прамянёў, што ідуць ад прадмета ў неаднолькава нагрэтых слаях атмасферы, якія маюць розную шчыльнасць. Складаныя з’явы М. з рэзкім скрыўленнем выгляду прадмета наз.Фата-Маргана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЧЭ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА.
У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Дрыса, за 26 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,7 км², даўж. 2,2 км, найб.шыр. 530 м, найб.глыб. 6,5 м. Пл. вадазбору 49,8 км². Схілы катлавіны выш. 6—8 м (на З і ПнУ 3—4 м), спадзістыя, разараныя, на Пд параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пд і Пн зліваюцца са схіламі. Берагавая лінія (даўж. 5,6 км) звілістая, утварае шэраг невял. заліваў. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй — ілістае. Эўтрофнае. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці (шыр. 3—26 м, да глыб. 1,4—2 м). Упадае ручай з воз. Якаўскае, выцякае ручай у р. Дрыса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ТА,
рака ў Маларыцкім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Мухавец (бас.р.Зах. Буг). Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 1730 км². Раней пачыналася з воз. Крымна (Украіна), пасля меліярац. рэканструкцыі яе верхняе цячэнне пераведзена ў р. Маларыта. Пачынаецца каля в. Сушытніца Маларыцкага р-на. Цячэ па Брэсцкім Палессі. Вусце каля ўсх. ускраіны в. Літвіны Брэсцкага р-на. За 2 км. вышэй аўтадарогі Ляхаўцы—Макраны частка сцёку Р. накіроўваецца ў Лускаўскае вадасх., ніжэй вусця Маларыты рэчышча прымае прыродныя параметры. Пойма двухбаковая, нізкая, забалочаная, перасечаная меліярац. каналамі, у верхнім і сярэднім цячэнні меліяравана. Рэчышча каналізаванае амаль на ўсім працягу, за выключэннем 3,5 км вышэй вусця. Рака прымае сцёк з меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛІШЧА,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ушача, за 10 км на З ад г.п. Ушачы. Пл. 0,52 км², даўж. 1,73 км, найб.шыр. 300 м, найб.глыб. 14 м, даўж. берагавой лініі 4,28 км. Пл. вадазбору 76,8 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 4—8 м, спадзістыя, на ПдЗ і Пнвыш. 14—19 м, стромкія, пад лесам і хмызняком, у верхняй ч. пад выганам ці разараныя. Берагі нізкія, на З і Пд забалочаныя, тарфяністыя. Мелкаводная зона вузкая, у глыбакаводнай адзначаны 3 упадзіны глыб. 7,7, 11, 11,5 м. Востраў пл. 0,2 га. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае. Праз возера цячэ р. Альзініца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНЕГА́Л (Sénégal),
рака ў Зах. Афрыцы, у Гвінеі, Малі, Сенегале, Маўрытаніі. Пачынаецца ў горным масіве Фута-Джалон пад назвай Бафінг, пасля сутокаў з р. Бакой наз. С. Даўж. 1430 км (ад вытоку р. Бафінг), пл.бас. 441 тыс.км². У вярхоўях парожыстая, утварае вадаспады, ніжэй цячэ па раўніннай мясцовасці. Упадае ў Атл. акіян, утварае дэльту (пл. каля 1,5 тыс.км²), у вусці пясчаны бар. Асн. прыток Фалеме. Сярэдні расход вады каля 1500 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. ГЭС. Рыбалоўства. Суднаходная ў перыяд разводдзя ад г. Каес (785 км), пасля спаду вады — ад г. Падор (283 км). Гал. гарады: Каес (Малі), Каэды, Роса (Маўрытанія), Падор (Сенегал), у вусці марскі порт Сен-Луі (Сенегал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РГУЧ,
рака ў Лепельскім і Докшыцкім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро). Даўж. 47 км. Пл. вадазбору 238 км². Пачынаецца з воз. Тэкліц, цячэ праз азёры Вольшыца, Плаўна і Манец; частка сцёку трапляе ў Бярэзінскі канал (бас.р.Зах. Дзвіна); ніжэйвоз. Манец наз.р. Бузянка. Вусце за 4 км на ПнЗ ад в. Крайцы. Працякае па Верхнебярэзінскай нізіне, амаль цалкам у межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Уваходзіла ў склад былой Бярэзінскай воднай сістэмы. Даліна невыразная, каля вытоку трапецападобная, шыр. 0,5—1 км. Пойма двухбаковая, у вытокавай частцы шыр. яе 50—250 м, паблізу ўпадзення ў воз. Вольшыца — 1—1,3 км. Рэчышча ад вытоку да воз. Вольшыца звілістае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВА-КУ́ПАЛЬНЫ ХРАМ,
тып хрысціянскага храма. Узнік у 6 ст., канчаткова сфарміраваўся ў 9—12 ст. у Візантыі. У класічным варыянце мае 4 злучаныя аркамі верт. апоры, на якія з дапамогай ветразяў апіраецца барабан, перакрыты купалам. Прасторавыя ячэйкі паміж апорамі і сценамі размешчаны па ўзаемна перпендыкулярных восях, перакрываюцца паўцыркульнымі і крыжападобнымі скляпеннямі. Вуглавыя ячэйкі перакрываюцца больш нізкімі скляпеннямі ці купаламі. Гэта ўстойлівая сістэма ўзаемазвязаных прасторавых ячэек абумоўлівае стройную кампазіцыю храма. Гал. ролю ў ёй адыгрывае цэнтр. купал, высока падняты на барабане. Ярусам ніжэй размяшчаюцца скляпеністыя рукавы крыжа, яшчэ ніжэй — вуглавыя памяшканні. Арх. аблічча стварае пластычная выразнасць масіўных сцен і апор. У кампазіцыю інтэр’ера з вял. паверхнямі сцен і скляпенняў арганічна ўваходзіла храмавая размалёўка. У бел. культавай архітэктуры ў залежнасці ад форм крыжа (падоўжаны лац. ці роўнаканцовы грэчаскі) адчуваецца зах.-еўрап. ці грэка-візант. ўплыў. Храмы ў верхнім сячэнні накшталт грэч. крыжа паявіліся ў 11 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку і інш.). Пазней гэты тып выкарыстоўваўся пры буд-ве правасл. драўляных сабораў (Богаяўленскі сабор Куцеінскага манастыра ў Оршы, Троіцкі сабор Маркава манастыра ў Віцебску). У 16—18 ст. у архітэктуры барока пашырыўся тып К.-к.х. з базілікальнай структурай (з планам у верхнім сячэнні накшталт лац. крыжа), які выкарыстоўваўся пры буд-ве найб. значных культавых пабудоў усіх кірункаў хрысц. веравызнання на Беларусі (касцёлы езуітаў у Нясвіжы, Гродне, Полацку, саборы Жыровіцкага і Быценскага уніяцкіх манастыроў, правасл. храмы Магілёва), а таксама ў драўляным дойлідстве (сабор Ляшчынскага манастыра ў Пінску, Ільінская царква ў Віцебску). Прыклады К.-к.х. перыяду класіцызму — Іосіфаўскі сабор у Магілёве, Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, драўляная Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.