антыфеадальнае казацка-сял. паўстанне на Украіне і Беларусі пад кіраўніцтвам С.Налівайкі. Восенню 1595 Налівайка ўзначаліў антыфеад. рух на Правабярэжнай Украіне. Пры падтрымцы гар. нізоў казакі захапілі г. Луцк, разграмілі шмат магнацкіх і шляхецкіх маёнткаў на Падоллі і Валыні. Супраць Налівайкі быў пасланы 7-тысячны атрад рэестравых казакоў на чале з гетманам Р.Лабадой. Каб пазбегнуць сутыкнення, Налівайка накіраваў паўстанцаў у Беларусь. Казакі занялі г. Петрыкаў, 6.11.1595 — г. Слуцк. Адзін з раз’ездаў Налівайкі быў разбіты 25 ліст. каля г. Капыль войскамі К.Радзівіла. 27 ліст. казакі пакінулі Слуцк і рушылі ў напрамку на Бабруйск, але, не дайшоўшы да яго, павярнулі на Магілёў і 13 снеж. штурмам авалодалі ім. 25 снеж. да Магілёва падышло ўрадавае 18-тысячнае войска на чале з рэчыцкім старостам М.Буйвідам. Налівайка і 2 тыс. яго казакоў занялі пазіцыю за горадам, на Ільінскай гары каля Буйніцкага поля, агарадзіўшыся вазамі. Бітва на працягу дня не прынесла поспеху ні аднаму з бакоў. З прыцемкамі казакі пачалі адыход у напрамку Быхаў—Рагачоў—Рэчыца—Петрыкаў. Рухаючыся ўздоўж Прыпяці, яны захапілі Давыд-Гарадок, Тураў, Лахву, Пінск. На ПдУ Беларусі дзейнічала частка рэестравых казакоў пад кіраўніцтвам М.Шавулы, якая падтрымала Налівайку. Да вясны 1596 Налівайка з атрадам адышоў на Валынь, Шавула — ад Прапойска праз Быхаў на Чарнігаўшчыну. 2.4.1596 каля Белай Царквы атрады Шавулы і Налівайкі злучыліся і рушылі ўніз па Дняпры з мэтай перайсці расійскую мяжу. Урадавае войска на чале з гетманам С.Жалкеўскім адрэзала шляхі адыходу. Казакі ўмацаваліся на р. Саланіца каля мяст. Лубны. Аблога іх табара працягвалася амаль 2 тыдні. У лагеры абвастрыліся супярэчнасці паміж рэестравымі і нерэестравымі казакамі. Частка казацкай старшыны, спадзеючыся на каралеўскую амністыю, 7.7.1596 захапіла Налівайку, Шавулу і інш. кіраўнікоў паўстання і выдала іх Жалкеўскаму. Паўстанне было задушана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́ЛІЯ, Падолле, Падольская зямля,
гістарычная вобласць на ПдЗ Украіны ў бас.р.Паўд. Буг і ў левабярэжжы бас.р. Днестр (тэр.б.ч. сучасных Вінніцкай, Хмяльніцкай, паўн.ч. Адэскай і паўд.ч. Цярнопальскай абласцей). Займае асн. частку Падольскага ўзвышша. Вядома з сярэдзіны 14 ст. У 1360-я г. ўвайшла ў склад ВКЛ; вял.кн. Альгерд прызначыў тут намеснікам свайго пляменніка кн. Фёдара Карыятавіча. У 15—17 ст. на тэр. П. шмат разоў нападалі войскі Крымскага ханства і Турцыі. У 1434 зах.ч. П. ўключана ў склад Польшчы, утворана Падольскае ваяв. з цэнтрам у г.Камянец-Падольскі. Пасля Люблінскай уніі 1569 у склад Польшчы ўвайшла і ўсх.ч. П., дзе ўтворана Брацлаўскае ваяв. з цэнтрам у г. Брацлаў (цяпер Вінніцкая вобл.). Насельніцтва П. ўдзельнічала ў паўстаннях Мухі (1490—92), С.Налівайкі (1594—96), вызваленчай вайне ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. 1—2.6.1652 укр.войска Б.Хмяльніцкага разграміла ва ўрочышчы Батог на П. (цяпер Вінніцкая вобл.) войска кароннага гетмана М.Каліноўскага. У 1672 П. захоплена Турцыяй, паводле рашэння Карлавіцкага кангрэса 1698—99 вернута Рэчы Паспалітай. Нас-ва П. ўдзельнічала ў паўстаннях С.Палія (1702—04), Калііўшчына (1768). У 1772 паводле 1-га падзелу Рэчы Паспалітай Аўстрыя захапіла зах.ч. П. з гарадамі Чарткоў і Залешчыкі (цяпер у Цярнопальскай вобл.). У 1793 паводле 2-га падзелу Рэчы Паспалітай П. ўвайшла ў склад Рас. імперыі і падзелена паміж Падольскім і Брацлаўскім намесніцтвамі. У 1797 з падольскіх паветаў утворана Падольская губ. з цэнтрам у г. Камянец-Падольскі. У 1814—35 П. — асн. раён антыфеад. паўстанцкага руху пад кіраўніцтвам У.Я.Кармалюка. З 1917 Падольская губ. ў складзе Украінскай ССР, 3.6.1925 замест яе створаны акругі, у 1930-я г. — вобласці. Пасля далучэння Зах. Украіны да УССР (1.11.1939) зах.ч. П. ўключана ў Цярнопальскую вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННАЯ РА́ДА, Няспынная рада (польск. Rada Nieustająca),
вышэйшы орган дзярж. улады Рэчы Паспалітай у 1775—89, 1793—94. Першы пастаянна дзеючы паміж сесіямі соймацэнтр. ўрад, створаны на сойме 1773—75 пасля ратыфікацыі ўмоў 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) для замацавання пераважнага ўплыву Рас. імперыі на ўнутр. справы дзяржавы. Функцыі П.р. аформлены Статутам 1775. Складалася з караля, 18 сенатараў і 18 паслоў ад ваяводстваў са шляхты. Членаў П.р. выбіралі на сойме тайным галасаваннем на 2 гады, пасля чаго праводзіліся перавыбары 1/3 яе складу. Старшынстваваў у радзе кароль (пры яго адсутнасці — прымас), які меў права заканад. ініцыятывы. Падзялялася на дэпартаменты замежных спраў, скарбу, паліцыі, войска, справядлівасці, якія ўзначальваліся сенатарамі. Стварэнне П.р. зафіксавала кампраміс паміж каралём і магнатамі. Кароль мог прызначаць сенатараў і міністраў з 3 кандыдатаў, прапанаваных соймам, страціў права аднаасобна раздаваць староствы, афіцэрскія чыны і прымаць рашэнні па кіраванні арміяй без згоды гетманаў. П.р. атрымала права склікаць звычайныя і надзвычайныя соймы нават без згоды караля, кантраляваць дзярж. скарб без справаздачы перад соймам. Пры падтрымцы Расіі П.р. ўвяла эмфітэтычнае (абмежаванае 50 гадамі) трыманне старостваў, адзінае мыта, вэксальнае права, градацыю падымнага падатку, пераўтварыла панцырныя і гусарскія харугвы ў брыгады нац. кавалерыі, увяла падзел арміі на 6 дывізій, удзельнічала ў заснаванні Адукацыйнай камісіі. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 апазіцыя дамаглася 14.1.1789 ліквідацыі П.р. як «сродку замежнага дыктату і пагрозы ўкаранення нязвыклага дынастычнага абсалютызму». Таргавіцкая канфедэрацыя аднавіла П.р. для склікання Гродзенскага сойма 1793 з мэтай ратыфікацыі 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Сойм абраў П.р. з 24 чал. Мела дэпартаменты скарбу, войска, паліцыі, справядлівасці, адукацыі і замежных спраў, наглядала за парадкавымі цывільна-вайсковымі камісіямі ў ваяводствах і паветах. Праіснавала да стварэння ў час паўстання 1794 Найвышэйшай нацыянальнай рады ў Варшаве і Найвышэйшай літоўскай рады ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Януш) (2.12.1612, мяст. Попель Вільнюскага пав., Літва — 31.12.1655),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын К.Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Вызнаваў кальвінізм. Вучыўся ў кальвінісцкай Слуцкай гімназіі, Лейпцыгскім, Альдорфскім і Лейдэнскім ун-тах. У 1633—46 падкаморы ВКЛ. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 удзельнічаў у баях за Смаленск. З 1646 польны гетман ВКЛ, адначасова ў 1647—53 генеральны староста Жамойці. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 са студз. 1649 узначальваў войскаВКЛ па задушэнні паўстанняў на Беларусі: у студз.—лют. 1649 узяў Тураў, Мазыр (гл.Мазырскае паўстанне 1649), схіляў мяшчан Бабруйска здаць горад (гл.Бабруйска абарона 1649); у ліп. 1649 заняў Рэчыцу, атрымаў перамогі ў Лоеўскай бітве 1649 і Лоеўскай бітве 1651, 4.8.1651 заняў Кіеў. У сак. 1652 з-за рознагалосся з каралём Р. упершыню ў гісторыі Рэчы Паспалітай сарваў сейм, даручыўшы сваім прыхільнікам выкарыстаць права ліберум вета. З 1653 віленскі ваявода, з 1654 — вялікі гетман ВКЛ. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. 12.8.1654 перамог пад Шкловам армію Я.Чаркаскага, а 24.8.1654, акружаны пад Шапялевічамі, пацярпеў паражэнне ад арміі А.М.Трубяцкога, сам быў паранены. У студз. 1655 спрабаваў адбіць Магілёў. Пасля заняцця рас. войскам улетку 1655 б.ч. Беларусі, а таксама Вільні і Коўна, стаў ініцыятарам заключэння Кейданскага дагавора 1655. Аднак напярэдадні падпісання дагавора значная частка яго войска адышла да мяжы з Прусіяй і ўтварыла ў Вярболаве канфедэрацыю прыхільнікаў уніі з Польшчай і караля Яна Казіміра. Супраць іх у ліст. 1655 Р. з невял. сваім войскам і шведскімі атрадамі рушыў у паход на Падляшша. Заняў г. Тыкоцін, дзе раптоўна памёр (існуе версія, што быў атручаны).
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—17 ст. у сутоках Дняпра і Аршыцы на месцы гарадзішча 11 ст. (сучасны г. Орша). Мураваны 5-вежавы замак будаваўся з 1398 па 1407, не закончаны, у 15 ст. дабудаваны з дрэва. Меў патаемны ход да Дняпра. Пасля 1620 замак цалкам дабудаваны з каменю. На яго ўзбраенні былі гарматы, у цэйхгаузе захоўваліся 33 гакаўніцы, 20 аркебузаў, 3 невял. жалезныя гарматы, інш.ваен. рыштунак. Замак неаднаразова зведаў аблогі і захопы рус. войскамі (1500, 1507, 1519, 1562—64, 1654). У снеж. 1654 войска Радзівіла авалодала замкам і ўтрымлівала яго да 11.5.1655. Пазней рус. войскі занялі яго і ўтрымлівалі да канца вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У канцы 17 ст. замак заняпаў і страціў свае абарончыя функцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУХО́ВІЧ (Міхал Лявон) (? — 22.10.1668),
дзярж. і ваенны дзеяч ВКЛ, мемуарыст. Сын П.К.Абуховіча. Скончыў філас.ф-т Віленскай акадэміі. Служыў пры двары караля Яна Казіміра Вазы. Палкоўнік войскаВКЛ, падкаморы мазырскі (1662), навагрудскі (1665), стражнік ВКЛ (1668). Каралеўскі дыпламат, ганец у Маскву (1650, 1653). У 1651 удзельнічаў у ваен. паходзе супраць Б.Хмяльніцкага, у 1656 ваяваў са шведамі пад Варшавай. Пасля смерці бацькі (1656) камандаваў яго палком. У 1660 пад час бітвы з рус. войскам І.Хаванскага на Брэстчыне трапіў у палон і вывезены ў Маскву (у 1662 абменены на рус. военачальнікаў у Смаленску). Удзельнічаў у паходзе на Браншчыну (1664). Аўтар панегірыкаў, 2 «Дыярыушаў» на польск. мове пра маскоўскія звычкі і традыцыі, сеймы Рэчы Паспалітай, паліт. атмасферу часу, ваен. акцыі, у якіх сам удзельнічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз шляхты ў ВКЛ супраць палітыкі абсалютызму, што намагаўся ўвесці ў Рэчы Паспалітай кароль Аўгуст II Моцны. Створана 23.3.1716 на шляхецкім з’ездзе ў Вільні. Яе маршалкам выбраны ашмянскі харунжы К.Сулістроўскі. Віленская канфедэрацыя далучылася да Тарнагродскай канфедэрацыі, якая патрабавала вываду саксонскіх войск з Рэчы Паспалітай. Падтрымалі Віленскую канфедэрацыю войскаВКЛ, магнаты, якія і да гэтага выступалі за абмежаванне ўлады караля. Атрады канфедэратаў змагаліся з каралеўскімі войскамі на тэр. ўсёй Рэчы Паспалітай. 3.11.1716 пры пасрэдніцтве рас. дыпламатаў паміж каралём і абедзвюма канфедэрацыямі падпісана пагадненне, паводле якога саксонскія войскі выводзіліся з Рэчы Паспалітай, улада караля абмежавана (не меў права пачынаць вайну без згоды сейма, арыштоўваць шляхціца без суда, раздаваць пасады чужаземцам і некатолікам), а правы шляхты пашыраліся (пацверджана права ліберум вета, абмежавана вайсковая ўлада гетманаў). Пагадненне зацверджана Нямым сеймам 1717.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЯВЕ́ЦКІ (Дзмітрый Іванавіч) (? — 1563),
князь, чаркаскі староста (з 1551), адзін з кіраўнікоў барацьбы запарожскіх казакоў супраць крымскіх татар, туркаў і малдаўскіх гаспадароў. Бараніў граніцы ВКЛ на Пд, на дняпроўскім в-ве М. Хорціца пабудаваў крэпасць. У знак пратэсту супраць загаду вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста спыніць напады на Крым і Турцыю ў 1557 перайшоў на службу да рус. цара Івана IV Грознага. Двойчы ўдзельнічаў у паходах рус.войска ў Крым. У час Лівонскай вайны 1558—83 уцёк з Масквы (1563), заручыўшыся дазволам вял. князя ВКЛ на вяртанне. У 1563 малд. баяры, незадаволеныя сваім гаспадаром Стафанам IX, запрасілі Вішнявецкага на малд. трон, але яго атрад быў разбіты войскамі Стафана IX. Вішнявецкі трапіў у палон да туркаў, пакараны смерцю ў Стамбуле. Пад імем Байда стаў прататыпам героя нар. песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЫ (Canne; лац. Cannae),
старажытнае паселішча ў Паўд.-Усх. Італіі (вобл. Апулія) на р. Офанта, каля якога 2.8.216 да н. э. ў 2-ю Пунічную вайну адбылася бітва паміж рым. арміяй пад камандаваннем консула Тэрэнцыя Варона (80 тыс. пяхоты і 6 тыс. конніцы) і карфагенскай арміяй на чале з Ганібалам (40 тыс. пяхоты і 10 тыс. конніцы). У ходзе бітвы рым. армія пацясніла цэнтр карфагенскага войска, аднак конніца Ганібала разбіла на флангах рым. конніцу і ўдарыла з тылу, а карфагенская адборная пяхота акружыла рым. войскі з флангаў. Рымляне пацярпелі паражэнне (загінула 48 тыс.рым. воінаў, 6 тыс. карфагенян). Пасля бітвы многія італійскія і сіцылійскія гарады перайшлі на бок Ганібала. Бітва пры К. увайшла ў гісторыю як выдатны прыклад ваен. майстэрства, яе апісаў стараж.-рым. гісторык Ціт Лівій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРКО́РЫ,
шляхецкі род уласнага герба «Кіркор» у ВКЛ. Першы вядомы прадстаўнік роду каралеўскі баярын Ян упамінаецца ў 1549. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду: Тадэвуш Ігнацы, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, з 1763 ротмістр мсціслаўскі, у 1768—71 змагаўся на баку Барскай канфедэрацыі; Антоні Інацэнты (7.1.1756—1847), вайск. дзеяч Рэчы Паспалітай, палкоўнік войскаВКЛ, удзельнік паўстання 1794, у 1796—97 у Італіі ваяваў на баку Напалеона, у 1812 шэф батальёна ў штабе Часовага ўрада ВКЛ; Адам Ганоры Карлавіч, гл.Кіркор А.Г.К.; Міхал (17.10.1871—25.1.1907), лекар, за антыўрадавую дзейнасць сасланы ў Перм, пасля 1899 працаваў у санаторыі ў г. Закапанэ (Польшча); Станіслаў (17.5.1898—18.1.1983), эканаміст, гісторык, з 1939 у фін. установах ўрада Польшчы ў Парыжы і Лондане; вывучаў гісторыю Польшчы, Літвы і Беларусі напалеонаўскай эпохі, гісторыю роду К.