КЛО́ЧКІ,
дзяржаўныя дзеячы ў ВКЛ герба «Павяла». Родапачынальнік Ян, што жыў у сярэдзіне 15 ст. і пакінуў сыноў Войцеха, Міхну, Мікалая і Алехну. З іх Войцех [каля 1450(?)—1514] служыў ахмістрам вял. княгіні Алены Іванаўны, набыў маёнтак Дарагова ў Новагародскім пав.; у канцы жыцця быў намеснікам ковенскім. Яго сын Мацей (каля 1480—1543), ваявода віцебскі з 1532 і адначасова (з 1533) намеснік Аболецкага маёнтка каралевы Боны Сфорцы, староста жамойцкі з 1542, часам выкарыстоўваў прозвішча Ахмістровіч. Быў жанаты з Кацярынай Глябовіч, спадчынніцай маёнтка Рудка на Падляшшы. У 1528 ставіў са сваіх маёнткаў у войска 65 коннікаў. Памёр без нашчадкаў. Іншыя галіны роду К. згаслі ў 2-й пал. 16 ст.
В.Л.Насевіч.
т. 8, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)