КРАЧЭ́ТНІКАЎ (Міхаіл Мікітавіч) (1729—9.5.1793),

расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, ген.-аншэф (1790), граф (1793). Вучыўся ў Сухапутным шляхецкім корпусе. Удзельнік Сямігадовай (1756—63) і руска-турэцкай (1768—74) войнаў. У 1772—75 пскоўскі губернатар. У 1773 у Полацку кіраваў нарадай па рэарганізацыі кагалаў на бел. землях, далучаных да Рас. імперыі. У 1775 гал. камісар па канчатковай дэмаркацыі мяжы паміж Рас. імперыяй і Рэччу Паспалітай, атрымаў званне ген.-паручніка. У 1790 упраўляючы новарасійскімі губернямі. Камандаваў увядзеннем (11.5.1792) 73-тысячнага рас. войска ў Рэч Паспалітую. Са снеж. 1792 галоўнакамандуючы і ген.-губернатар Мінскай, Ізяслаўскай, Брацлаўскай губ. Атрымаў у Веліжскім старостве Полацкай губ. 1849 сялян і 8173 дзесяціны зямлі (маёнткі Тхарына і Хухава).

Я.К.Анішчанка.

т. 8, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)