ПЕТРУСЕ́ВІЧ (Казімір Адамавіч) (4.3.1872, б. фальварак Новіны каля в. Душава Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 11.8.1949),
бел. грамадска-паліт. дзеяч, адвакат. Бацька К.К.Петрусевіча. Скончыў Кіеўскі ун-т (1895). З 1896 пам. прысяжнага паверанага. У рэв. руху з 1894. Удзельнік Першага з’езда РСДРП у Мінску (1898). Чл. Мінскай арг-цыі РСДРП, удзельнік рэв. падзей 1905—06. Неаднойчы быў арыштаваны, сасланы і зняволены (1897, 1898, 1905). Выступаў абаронцам на суд. працэсах. Абараняў Я.Коласа (1908) па справе яго ўдзелу ў нелегальным настаўніцкім з’ездзе, рэвалюцыянераў А.В. і В.І.Бонч-Асмалоўскіх. У 1-ю сусв.вайну на Зах. фронце. З 1918 нам. старшыні савета адвакатаў, старшыня к-таЧырв. Крыжа, акр. суда ў Мінску, з 1920 на адвакацкіх і суд. пасадах у Вільні, праф. Віленскага ун-та. Як юрыст выступаў супраць дыскрымінацыі нац. меншасцей Зах. Беларусі. У 1926 на працэсе 94-х абараняў удзельнікаў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, у 1928 на працэсе 56-і — дзеячаў Бел.сял.-работніцкай грамады, за што звольнены з ун-та, у 1934 — М.Танка, зняволенага за рэв. дзейнасць, у 1936 — групу абвінавачваных зах.-бел. яўрэяў і інш. З 1945 у Польшчы: юрыд. саветнік у рэпарацыйных установах, суддзя Вярх. суда, чл.Гал. адвакацкага савета. Аўтар прац па цывільным праве.
Літ.:
Мошинский И.Н. На путях к 1 съезду РСДРП. М., 1928;
Polski słownik biograficzny. Wrocław etc., 1980. T. 25/4. S. 696—699.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛК,
воінская часць; арганізацыйна самастойная баявая і адм.-гасп. адзінка ва узбр. сілах шэрагу дзяржаў. Прызначаны для выканання баявых задач у складзе злучэнняў і самастойна; у залежнасці ад прыналежнасці да роду войск (сіл), спец. войск можа весці агульнавайск., паветр., марскі, проціпаветр. бой або забяспечваць баявыя дзеянні (напр., П. інж. войск, войск сувязі і інш.). У склад П. ўваходзяць органы кіравання (штаб і інш.), некалькі батальёнаў (дывізіёнаў, эскадрылляў), падраздзяленні баявога, матэрыяльнага і тэхн. забеспячэння.
З 10 ст. ў Кіеўскай Русі, пазней у інш. княствах усх. славян П. — асобны атрад, прыведзены князем на поле бою. У 13—14 ст. — баявыя парадкі дзеючай арміі падзяляліся на некалькі П. (напр., перадавы, вялікі, правай рукі, левай рукі, вартавы, засадны, разведвальны). У 14—15 ст.вял. князі ВКЛ стваралі П. для абароны паўд. рубяжоў ад качэўнікаў. У Зах. Еўропе П. існавалі з 16 ст. У 16—18 ст. на Украіне П. наз.ваен. адзінкі і тэр.-адм. акругі (ваен. фарміраванні мелі назву гарадоў і мястэчак па месцы стварэння). У канцы 18—19 ст. шэраг П. рас арміі мелі бел. найменні. Ва Узбр. Сілах СССР П. быў асн. тактычнай адзінкай і, за выключэннем асобных, уваходзіў у склад злучэння. У Вял.Айч.вайну дзейнічалі партыз. П. (гл.Партызанскі полк).
У сучасных арміях некат. краін СНД, у т. л. Беларусі на базе значнай ч. П. створаны батальёны, якія ўваходзяць у склад брыгад; у інш. дзяржавах, напр. ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, — баявыя групы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕ́НСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (17.12.1886, в. Капланцы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 3.3.1953),
бел. кампазітар. Вучыўся на рэгенцкіх курсах у Маскве і Пецярбургу (1913—15), скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1930). Працаваў рэгентам і настаўнікам спеваў у г. Навагрудак (Гродзенская вобл.). З 1919 у Мінску, кіраўнік хору пры Бел. рабочым клубе, хормайстар гар.т-ра. З 1930 выкладаў у муз. тэхнікуме, Бел. кансерваторыі. У Вял.Айч.вайну рэгент царк. хору ў г. Чэрвень Мінскай вобл. З 1944 у Германіі, з 1950 у Бельгіі, у Лювенскім ун-це стварыў студэнцкі ансамбль бел. музыкі. Аўтар апрацовак бел.нар. песень і песень на вершы М.Багдановіча («Слуцкія ткачыхі» і інш.), Я.Купалы, Я.Коласа («Мой родны кут», «Край наш бедны» і інш.), К.Буйло (гіст. сюіта «Курган» паводле аднайм. верша), Ц.Гартнага, З.Бядулі, якія часткова ўвайшлі ў яго «Зборнік песень з нотамі» (1922), бел. оперы «Браніслава» (лібрэта У.Дубоўкі; не завершана), бел. аперэты «Залёты» (паводле В.Дуніна-Марцінкевіча), музыкі на тэксты царкоўных малітваў, у т. л. «Магутны Божа» (на словы Н.Арсенневай). Падрыхтаваў працу «Характэрныя рысы беларускай народнай песні» (засталася ў рукапісе).
Тв.:
Жыцьцяпіс // Спадчына. 2000. №4.
Літ.:
Дубоўка У. Беларускі кампазітар Мікола Равенскі // Узвышша. 1928. №3;
Адамовіч А. Лірнік краіны ветлай: (З успамінаў пра Міколу Равенскага) // Бел. моладзь. 1961. №12;
1962. №13,16;
1963. №17;
Мдзівані Т.Г., Сергіенка Р.І. Кампазітары Беларусі. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДУНЬ,
гарадскі пасёлак у Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. За 30 км ад Воранава, 93 км ад Гродна, 24 км ад чыг. ст. Бастуны на лініі Вільнюс — Ліда. Вузел аўтадарог на Вільнюс, Ліду, Іўе, Васілішкі, Астрыну. 3,1 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў 1387 у грамаце Ягайлы як горад Радыня, цэнтр воласці. У 14—17 ст. непадалёк ад Р. існаваў Радунскі замак. Паводле перапісу 1538, у мястэчку Р. 7 вуліц, рынак, 43 крамы, 210 дамоў хрысціян. Цэнтр староства, далучанага ў 1568 да Лідскага пав. У 1649 Р. атрымала магдэбургскае права і ўласны герб: у сярэбраным полі выява чырв. рака. У 2-й пал. 18 ст. прыватнае ўладанне. З 1795 у Рас. імперыі, у Лідскім пав. Слонімскага намесніцтва, з 1801 у Віленскай губ. У 1897 у Р. 1621 ж., 313 дамоў, гарбарны з-д, млын, нар. вучылішча. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Радунскага раёна. З чэрв. 1941 да 13.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія вясной 1942 расстралялі тут 1137 чал. З 30.4.1958 гар. пасёлак. З 25.12.1962 у Воранаўскім р-не.
Працуюць малочны і гароднінасушыльны з-ды, каўбасны цэх, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг, прадпрыемства электрасетак; 2 сярэднія і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і супрацоўнікаў органаў дзярж. бяспекі, магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч.вайну.
рэвалюцыйная марксісцкая партыя ў Расіі. Абвешчана на Першым з’ездзе РСДРП (1898, Мінск); закончана стварэнне партыі на II з’ездзе (1903, Брусель—Лондан), які прыняў Праграму і Статут, сфарміраваў ЦК і цэнтр. орган партыі — рэд.газ. «Искра», замацаваў перамогу радыкальнай большасці (прыхільнікі У.І.Леніна) над больш памяркоўнай меншасцю (Л.Мартаў, П.Б.Аксельрод, Г.В.Пляханаў і інш.). Паводле вынікаў II з’езда ў партыі склаліся 2 плыні: камуніст. — бальшавікі і сацыял-дэмакр. — меншавікі; яны вялі паміж сабой барацьбу, але заставаліся ў рамках адной РСДРП. VI (Пражская) Усерас. канферэнцыя РСДРП (1912) выключыла з партыі меншавікоў-ліквідатараў (прыхільнікаў пераўтварэння РСДРП у легальную парламенцкую партыю). З гэтага часу фактычна існавалі 2 партыі: РСДРП бальшавікоў і РСДРП меншавікоў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у Расіі (у т. л. на Беларусі) непрацяглы час (да жн.—вер. 1917) існавалі аб’яднаныя с.-д. арганізацыі РСДРП («аб’яднанкі»), якія ліквідаваны па ініцыятыве бальшавікоў. На VII з’ездзе (1918) РСДРП бальшавікоў перайменавана ў Рас.Камуніст. партыю (бальшавікоў), на XIV з’ездзе (1925) — ва Усесаюзную Камуніст. партыю (бальшавікоў), на XIX з’ездзе (1952) — у Камуністычную партыю Савецкага Саюза (КПСС). РСДРП меншавікоў адмоўна ўспрыняла Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917, у грамадз.вайну актыўна змагалася супраць бальшавікоў. У 1924 яна як арганізаваная сіла спыніла існаванне на тэр.СССР. У сак. 1931 на сфальсіфікаваным суд. працэсе 14 чл. т.зв. меншавіцкага «Саюзнага Бюро РСДРП» асуджаны на розныя тэрміны пазбаўлення волі.
Літ.:
История политических партий России М., 1994;
Гл. таксама літ. пры арт.Камуністычная партыя Савецкага Саюза, Меншавікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ГА НА́ЦЫЙ (англ. League of Nations, франц. Société des Nations),
першая ў гісторыі міжнар. арганізацыя па развіцці супрацоўніцтва паміж народамі і забеспячэнні міру і бяспекі ў свеце; існавала ў 1919—46. Утворана пасля 1-й сусв. вайны па ініцыятыве тагачаснага прэзідэнта ЗША Т.В.Вільсана на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Яе Статут быў уключаны ў Версальскі мірны дагавор 1919 і інш. дагаворы Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Заснаванне Л.Н. было спробай стварэння сістэмы калект. бяспекі. Першапачаткова членамі сталі 42 дзяржавы, у лік якіх уваходзілі краіны, што ўдзельнічалі ў вайне на баку Антанты або далучыліся да яе (апрача ЗША і Хіджаза) і 13 запрошаных нейтральных дзяржаў. ЗША не ўвайшлі ў Л.Н., але іх прадстаўнік удзельнічаў у пасяджэннях у якасці назіральніка. Пазней, у 1920—34, у склад Л.Н. прынята яшчэ 21 дзяржава, у т. л. Германія (1926) і СССР (1934). У 1926—42 з Л.Н. выйшлі 16 краін, у т. л. Бразілія (1926), Германія (1933), Японія (1933), былі выключаны Італія (1937, за вайну супраць Эфіопіі) і СССР (снеж. 1939, за вайну супраць Фінляндыі). Кіруючымі органамі Л.Н. (знаходзіліся ў г.Жэнева) былі: Асамблея (уключала ўсіх членаў, збіралася штогадова), Савет і пастаянна дзеючы Сакратарыят на чале з ген. сакратаром (Э.Друманд у 1919—33; Ж.Авенал у 1933—46). Савет Л.Н. складаўся з 5 пастаянных членаў (Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія; месца, што было прадугледжана Статутам для ЗША, заставалася незанятым) і 4 непастаянных, што выбіраліся Асамблеяй на азначаны тэрмін. У 1926 пастаянным членам Савета стала Германія. Пазней у складзе і колькасці членаў Савета таксама адбываліся змены. Пры Сакратарыяце Л.Н. дзейнічалі аўт. органы: Міжнар.арг-цыя працы, Пастаянная палата міжнар. правасуддзя і інш. Усе рашэнні Асамблеі і Савета, акрамя працэдурных пытанняў, прымаліся толькі пры ўмове аднагалосся, што абумовіла бяссілле Л.Н. пры вырашэнні міжнар. спрэчак і канфліктаў. Статут Л.Н. прадугледжваў абмежаванне ўзбраенняў, узаемную гарантыю тэр. цэласнасці членаў лігі, вырашэнне спрэчак паміж дзяржавамі трацейскім разглядам, калектыўныя захады (эканам. і ваен. санкцыі) супраць агрэсараў. Ліга займалася большасцю актуальных у перыяд яе дзейнасці паліт. праблем, у т. л. спрэчкай Літвы і Польшчы за Вільню (1920), пагранічнымі спрэчкамі Албаніі з Грэцыяй і Югаславіяй (1921). Мацнейшыя дзяржавы Еўропы (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) карысталіся механізмамі Л.Н. для ажыццяўлення свайго эканам. і паліт. панавання ў свеце, барацьбы з рэв. і нац.-вызв. рухамі. У першыя гады існавання Л.Н. была адным з цэнтраў дзейнасці супраць бальшавізму ў Расіі. Прадугледжаная Статутам Лігі мандатная сістэма дазволіла дзяржавам-пераможцам у 1-й сусв. вайне (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) пад выглядам мандатных тэрыторый фактычна падзяліць паміж сабой б. калоніі Германіі і некаторыя тэрыторыі б. Асманскай імперыі. У той жа час Л.Н. аказалася няздольнай перашкодзіць захопу Недждам Хіджаза (1925), спыніць агрэсію Японіі супраць Кітая (з 1931), Італіі супраць Эфіопіі (1935—36) і Албаніі (1939), прадухіліць анексію Германіяй Аўстрыі (1938) і расчляненне Чэхаславакіі (1938—39) і, у рэшце рэшт, прадухіліць развязванне Германіяй у вер. 1939 2-й сусв. вайны. З канца 1939 дзейнасць Л.Н. фактычна спынілася, фармальна яна ліквідавана ў крас. 1946 рашэннем спец. Асамблеі. Вопыт Л.Н. быў выкарыстаны пры стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Літ.:
Афанасьева О. Краткий очерк истории Лиги Наций. [М.], 1945;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІ́ЛА (Manila),
горад, сталіца Філіпін. Знаходзіцца на в-ве Лусон, пры ўпадзенні р. Пасіг у Манільскі зал. Паўд.-Кіт. мора. М. — ядро канурбацыі Вял. М. з насельніцтвам 9,6 млн.чал. (1996). Марскі порт Батаан (грузаабарот каля 32 млн.т за год). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. У Вял. М. сканцэнтравана каля 90% прамысл. прадпрыемстваў краіны. Прам-сць: маш.-буд. (зборка аўтамашын, матацыклаў, радыётэхнікі), лёгкая, харч., дрэваапр., паліграф., хім., нафтаперапр., верфі. Саматужныя промыслы (вытв-сць драўлянага посуду, плеценых капелюшоў, вышывак, ювелірных вырабаў і інш.). АН. 18 ун-таў, у т. л. Манільскі (з 1585), Каталіцкі Санта-Томас (з 1611), Філіпінскі жаночы. Культ. цэнтр Філіпін (уключае тэатр, музей, маст. галерэю, б-ку). Філарманічны аркестр.
Да ісп. каланізацыі М. — умацаванае паселішча племя тагалаў. Пасля заваявання ў 1564 Іспаніяй — сядзібы губернатара і арцыбіскупа, крэпасць (пабудавана ў 1571), з 1574 адм. цэнтр ісп. калоніі. У 1574 і 1587 у горадзе адбыліся антыісп. паўстанні. У 17 ст. горад імкнуліся захапіць галандцы, у 1762—64 заняты брыт. войскамі, у Іспана-амерыканскую вайну 1898 — войскамі ЗША (тут знаходзілася амер.калан. адміністрацыя). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі. Горад моцна пацярпеў у выніку баёў паміж філіпінскімі партызанамі і яп. войскамі. У 1946—48 і з 1976 сталіца рэспублікі Філіпіны.
Гіст. цэнтр М. — ісп. сярэдневяковы раён Інтрамурас (моцна пашкоджаны ў 2-ю сусв.вайну) у выглядзе няправільнага пяцівугольніка з нерэгулярнай сеткай вуліц і рысамі радыяльна-кальцавога плана. Раён быў абкружаны сценамі (захаваліся часткова): з Пд — «Каралеўскія вароты» (з вежамі, пад’ёмнымі мастамі; адноўлены), з боку мора — форт Сант’яга (цяпер музей; захавалася дэкар. разьба), абодва 16 ст. У канцы 16—17 ст. ўзніклі прыгарады М.: Бінонда, Тонда, Санта-Крус, Кіяпа. У 18 ст. цэнтр горада перамясціўся ў гандл. раёны Бінонда і Санта-Крус з параднай вул. Эскольта. Сярод помнікаў 16—18 ст.: царква Сан-Агусцін (пачата ў 1599, асн.буд-ва 1606—14, арх. А. дэ Эрэра; разныя дзверы 1606), ун-т Санта-Томас (1608—15), 1—2-павярховыя жылыя дамы з чарапічнымі дахамі, балконамі, галерэямі. У 19 ст. цэнтрам М. стаў раён Сан-Мігель, дзе пабудаваны палац ген.-губернатара (1863; зборы старой ісп. мэблі, жывапісу, скульптуры, прадметаў побыту; цяпер Палац прэзідэнта). Да помнікаў неаготыкі належаць касцёл і кляштар Санта-Дамінга, касцёл Сан-Ігнасіо (1875), дом Кармэн Рохас (усе арх. Ф.Рохас), да эклектыкі — сабор у Інтрамурасе (1878—79, арх. Эрвас). Найб. значныя будынкі ў сучасных стылях: Далёкаўсх. ун-т (1934—51), Нац. банк Філіпін (1936—44), чыг. кампанія (1936—41, усе арх. П.Антоніо), атэлі 22-павярховы «Хілтан» і «Савой» (арх. Л.Лаксін), дзелавыя будынкі Аяла-авеню (усе 1950—60-я г.), культ. цэнтр Філіпін (1969, арх. Лаксін). Створаны гарады-спадарожнікі М.: Кесан-Сіці, Навотас (прамысловы), Малабон, Макаці (фешэнебельны дзелавы цэнтр з кварталам асабнякоў Форбс-парк) і інш. Помнікі: Х.Рысалю ў парку Лунета (1912—18), А.Баніфасіо (абодва скульпт. Г.Таленціна), «П’ета» ў Мемар. парку Лаёлы (1969—70, скульпт. Э.Кастрыльё). Музеі: Нац. музей Філіпін, музей Санта-Томас і інш.
Т.Р.Мартыненка (архітэктура).
Мост цераз раку Пасіг у Маніле.Гістарычны цэнтр Манілы. Раён Інтрамурас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕТРАПЛА́ВАННЕ, аэранаўтыка,
лятанне на апаратах, якія лягчэй за паветра — аэрастатах (у адрозненне ад авіяцыі, дзе выкарыстоўваюцца апараты, цяжэйшыя за паветра, — самалёты, верталёты, планёры і інш.). Да пач. 1920-х г. пад П. разумелі перамяшчэнне па паветры наогул. Тэарэт. асновай П. з’яўляюцца аэрамеханіка і аэрастатыка.
Першыя спробы падняцца ў паветра на шары, напоўненым нагрэтым паветрам (дымам), рабіліся ў пач. 18 ст. ў Францыі, Расіі і інш. краінах. У 1783 Л.Эйлер вывеў формулы для разліку падымальнай сілы аэрастата. Франц. вынаходнікі браты Ж. і Э.Мангальф’е пабудавалі паветраны шар, на якім 21.11.1783 у Парыжы Пілатр дэ Разье і д’Арланд ажыццявілі першы 25-мінутны палёт. Франц. вучоны Ж.Шарль прапанаваў напаўняць паветр. шары вадародам. Палёт на такім шары здзейснілі Шарль і Н.Л.Рабер 1.12.1783 (2,5 гадз, дасягнута выш. 3400 м). У Расіі першыя палёты на паветр. шары адбыліся ў 1803 у Пецярбургу і Маскве. Праект кіравальнага аэрастата (з паветраным вінтом, які круціўся ўручную) прапанаваў у 1784 франц. інжынер Ж.Мёнье. Першы палёт на кіроўным апараце (дырыжаблі) з паравым рухавіком ажыццявіў у 1852 франц. інжынер А.Жыфар. У сярэдзіне 19 ст. побач са свабоднымі знайшлі выкарыстанне прывязныя аэрастаты (для вывучэння атмасферы, геагр. даследаванняў, ваен. мэт). Працягласць палётаў свабодных аэрастатаў складала некалькі гадзін, выш. да 4 тыс.м. Скорасць кіравальных аэрастатаў да канца 19 ст. дасягнула 15 км/гадз. У 1875 Дз.І.Мендзялееў прапанаваў ідэю стратастата для правядзення навук. даследаванняў у метэаралогіі, аэралогіі, астраноміі. У 1887 К.Э.Цыялкоўскі распрацаваў праект цэльнаметал. бескаркаснага дырыжабля, аб’ём якога мог мяняцца ў час палёту. У 1900 у Германіі ажыццёўлены першы палёт дырыжабля жорсткай сістэмы канструкцыі Ф.Цэпеліна, які стаў асновай для дырыжабляў, што будаваліся ў Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША у ваен. мэтах. З пач. 20 ст. атрымалі пашырэнне больш дасканалыя змейкавыя аэрастаты (створаныя ў 1893 немцам А.Парзевалем), выкарыстоўваліся для разведкі поля бою, карэкціроўкі артыл. стральбы, пазней і як загарода супраць самалётаў. У 1-ю сусв.вайну на ўзбраенні развітых краін былі розныя тыпы дырыжабляў для бамбардзіровак і далёкай разведкі (аб’ём ад 1500 да 68 тыс.м³, скорасць палёту 80—130 км/гадз, выш. да 5000 м). Пасля вайны ў ЗША, Францыі, Італіі, Германіі і інш. будаваліся дырыжаблі аб’ёмам да 184 тыс.м³ для перавозкі пасажыраў, грузаў і для ваен. мэт. У 1926 Р.Амундсен на дырыжаблі паўжорсткай сістэмы «Нарвегія» (канструкцыя італьян.інж. У.Нобіле) зрабіў беспасадачны пералёт з в-ва Зах. Шпіцберген праз Паўн. полюс на Аляску. У 1929 ням. дырыжабль «Граф Цэпелін» здзейсніў кругасветны пералёт за 21 сут з сярэдняй скорасцю 177 км/гадз. У 1931 бельгійцы А.Пікар і М.Кіпфер на стратастаце падняліся на выш. 15 780 м, сав. стратанаўты ў 1933 дасягнулі выш. 19 тыс.м, у 1934—22 тыс.м. У Вял.Айч.вайну шырока выкарыстоўваліся аэрастаты назірання і загараджэння. З 1950-х г. у многіх краінах створаны беспілотныя (аўтаматычныя) аэрастаты для вывучэння паветр. цячэнняў, геагр. і медыка-біял. даследаванняў, пад’ёму тэлескопаў і інш.
Літ.:
Жуковский Н.Е. Собр. соч.Т. 6. Теоретические основы воздухоплавания. М.; Л., 1950;
Анощенко НД. Воздухоплаватели. М., 1960;
Броуде Б.Г. Воздухоплавательные летательные аппараты. М., 1976.
У.М.Сацута.
Да арт.Паветраплаванне: 1 — дырыжабль А.Жыфара; 2, 3 — свабодны і прывязны аэрастаты (ЗША, 1980-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1700—21,
вайна кааліцыі еўрап. дзяржаў у складзе Расіі, Даніі, Саксоніі (т.зв. «Паўночны саюз») з удзелам Рэчы Паспалітай (з 1704), Прусіі і курфюрства Гановер (з 1715) супраць Швецыі за панаванне на Балт.м. На працягу 17 ст. Швецыя фактычна ўстанавіла свой кантроль над Балт. рэгіёнам і землямі, што прылягалі да Фінскага заліва (Інгрыя і ч. Карэліі). У выніку войнаў з Рэччу Паспалітай (гл.Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Паўночная вайна 1655—60), Расіяй, Даніяй і германскімі краінамі яна авалодала Эстляндыяй, Ліфляндыяй (гл.Лівонія) і значнымі тэрыторыямі ў Паўн. Германіі (Брэмен, Вердэн, Памеранія, в-аў Руген). У 1699 рас. цар Пётр I заключыў саюз з Даніяй і курфюрстам Саксоніі Аўгустам II (з 1697 адначасова кароль польскі і вял. князь літоўскі) супраць Швецыі. У лют. 1700 саксонскія войскі ўвайшлі ў Ліфляндыю і аблажылі Рыгу. У сак. 1700 дацкія войскі ўведзены ў герцагства Гольштэйн (саюзнік Швецыі). У чэрв. 1700 шведскі кароль Карл XII (гл. ў арт.Карл, імя каралёў Швецыі) высадзіў дэсант каля Капенгагена і прымусіў Данію 18.8.1700 заключыць мір. 30.8.1700 Расія абвясціла вайну Швецыі. Рас. войскі (каля 35 тыс.чал.) пачалі аблогу Нарвы, але ў бітве 30.11.1700 пацярпелі паражэнне. Тады Карл XII выступіў супраць Аўгуста II і 20.7.1701 разбіў яго войскі каля Рыгі. У пач. 1702 шведы ўварваліся на тэр. Рэчы Паспалітай, у крас. занялі Вільню і Гродна, у маі — Варшаву. Спробы Аўгуста II спыніць прасоўванне шведаў у глыб Рэчы Паспалітай скончыліся паражэннем яго войск у бітвах каля Клішава (1702) і Пултуска (1703). Пётр I, скарыстаўшы перадышку, выкліканую знаходжаннем асн. сіл Карла XII у Рэчы Паспалітай, рэарганізаваў армію, і ў 1701—04 яго войскі атрымалі некалькі перамог над шведамі ў Прыбалтыцы і выйшлі да Балт.м. з мэтай замацавацца на яго ўзбярэжжы. З пачаткам вайны ў ВКЛ абвастрылася барацьба паміж групоўкай Сапегаў, якія хацелі стварыць незалежную ад Польшчы дзяржаву, і большасцю бел.-літ. шляхты, што групавалася вакол Р.А.Агінскага і Вішнявецкіх. У маі 1704 прыхільнікі Аўгуста II аб’ядналіся ў Сандамірскую канфедэрацыю, якая пад Нарвай заключыла саюз з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі. У адказ Варшаўская канфедэрацыя (ліп. 1704), арганізаваная Карлам XII, выбрала каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У выніку на тэр. Беларусі ўвайшлі саюзныя Аўгусту II рас. войскі і з восені 1704 пачалі канцэнтравацца каля Полацка. У ліп. 1705 яны рушылі на Вільню (частка войск пад камандаваннем Б.П.Шарамецева накіравана ў Курляндыю). У вер. 1705 гал.рас. сілы (каля 35 тыс.чал.) занялі Гродна, дзе да іх далучылася некалькі палкоў саксонскай конніцы. Аб’яднаную групоўку ўзначаліў Аўгуст II. У студз. 1706 Карл XII пераправіўся цераз Нёман і блакіраваў гарнізон у Гродне, конніца А.Д.Меншыкава паспела адысці да Мінска. Аўгуст II накіраваўся ў Саксонію за дапамогай, але ў лют. 1706 у бітве пры Фраўштаце асн. сілы саксонскай арміі былі разбіты. Рас. войскам удалося выйсці з Гродна і праз Брэст і Ковель дайсці да Кіева. У лют.—маі 1706 шведы, ідучы праз Беларусь, спалілі Карэлічы, Мір, разрабавалі Навагрудак, Слонім, Клецк, Слуцк, Пінск, Кобрын, пасля аблог занялі Ляхавічы і Нясвіж (гл.Нясвіжа абарона 1706). Каля Клецка 30.4.1706 шведскія войскі разбілі 5-тысячны рас. атрад С.П.Няплюева. Летам 1706 Карл XII нанёс удар па Саксоніі і прымусіў Аўгуста II у вер. 1706 заключыць Альтранштацкі мір. Аўгуст II адмовіўся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. У 1707 рас. войскі зноў сканцэнтраваліся на Беларусі, у крас. пасля аблогі занялі Быхаў (гл.Быхава абарона 1707). У пач. 1708 Карл XII заняў Гродна і рушыў на Ліду, Смаргонь. Гал. сілы рас. арміі (каля 57 тыс.чал.) пад камандаваннем Шарамецева адышлі да Чашнікаў і Бешанковіч. З сак. да пачатку чэрв. 1708 шведская армія стаяла ў раёне Радашковіч, 25 чэрв. пераправілася цераз Бярэзіну. Каля мяст. Галоўчын (на Магілёўшчыне) 14.7.1708 адбылася бітва, у якой рас. армія пацярпела паражэнне і адышла за Дняпро. Шведы занялі Магілёў, а праз месяц рушылі далей на У. Аднак у бітвах каля вёсак Добрае 10.9.1708 і Раеўка 20.9.1708 на Мсціслаўшчыне авангард Карла XII панёс значныя страты; узніклі цяжкасці з забеспячэннем арміі харчам і фуражом. Таму Карл XII вырашыў скарыстаць дапамогу, якую яму абяцаў укр. гетман І.Мазепа, і ў сярэдзіне вер. 1708 павярнуў на Украіну. На злучэнне з гал. сіламі Карла XII з Рыгі выйшаў 16-тысячны корпус А.Левенгаўпта. 9.10.1708 каля в.Лясная (на Магілёўшчыне) Левенгаўпт быў разбіты рас. войскамі, страціў абоз і прывёў да Карла XII толькі каля 7 тыс.чал. У канцы кастр. 1708 Мазепа з 2-тысячным атрадам перайшоў на бок шведаў, але Меншыкаву ўдалося захапіць запасы зброі, боепрыпасаў і харчу ў г. Батурын, якія гетман падрыхтаваў для саюзніка. 8 ліп. ў Палтаўскай бітве 1709 шведская армія была разгромлена (Карл XII і Мазепа ўцяклі ў Турцыю). Гэта перамога стала пераломнай у П.в. Быў адноўлены саюз Расіі з Даніяй і Саксоніяй. Станіслаў Ляшчынскі з’ехаў у Памеранію; у Варшаву вярнуўся Аўгуст II. Ваенныя дзеянні былі перанесены ў Прыбалтыку і Паўн. Германію. У 1710 рас. войскі занялі Ліфляндыю і Эстляндыю, авалодалі Рыгай, Пернавам (Пярну) і Рэвелем. Рас. флот атрымаў свабодны выхад з Фінскага заліва ў Балт.м. Дацка-саксонскія войскі ўвайшлі ў Памеранію і пачалі аблогу Штральзунда. Па прычыне шматлікіх супярэчнасцей з Расіяй, асабліва па пытанні кантролю над Ліфляндыяй, Рэч Паспалітая выйшла з вайны. У канцы 1710 Карлу XII удалося ўцягнуць у вайну з Расіяй Турцыю (гл.Пруцкі паход 1711). Руска-турэцкая вайна 1710—13 часова прыпыніла актыўныя дзеянні супраць Швецыі. У 1713 рас. войскі занялі Фінляндыю, разам з саюзнікамі авалодалі амаль усёй Памераніяй. У выніку перамогі над шведскім флотам каля мыса Гангут (1714) рас. флот пачаў кантраляваць Балт.м. У 1715 у вайну супраць Швецыі ўступілі Прусія і Гановер. У маі 1718 Швецыя пачала перагаворы аб міры з Расіяй (т.зв. Аландскі кангрэс), якія працягваліся да гібелі Карла XII у ліст. 1718. Яго сястра Ульрыка Элеанора, заняўшы трон, пад уплывам Англіі спыніла перагаворы і аднавіла ваен. дзеянні з Расіяй. У той жа час Швецыя заключыла мір з Гановерам (1719), Прусіяй і Даніяй (1720), прызнаўшы іх правы на частку сваіх уладанняў у Паўн. Германіі. У выніку пагаднення з Саксоніяй Швецыя ў 1719 адмовілася ад падтрымкі Станіслава Ляшчынскага і прызнала Аўгуста II каралём польскім і вял. князем літоўскім. У 1719—20 рас. дэсанты тройчы высаджваліся ў Швецыі, спусташалі прыбярэжныя гарады і вёскі, падыходзілі да Стакгольма; 7.8.1720 у Грэнгамскай бітве разбіты шведскі флот. 10.9.1721 падпісаны Ніштацкі мірны дагавор 1721, пазней адпаведныя дагаворы Швецыя падпісала з Саксоніяй (1729) і Рэччу Паспалітай (1733). У выніку П.в. Швецыя страціла статус вял. дзяржавы, аднак і для інш. краін Еўропы, асабліва для ВКЛ, наступствы вайны былі трагічныя: насельніцтва Беларусі скарацілася з 2,2 млн. да 1,5 млн.чал. (загінуў кожны трэці яе жыхар); найбольш пацярпелі Мсціслаўскае, Віцебскае і Полацкае ваяв.
Літ.:
Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;
Шутой В.Е. Северная война (1700—1721 гг.). М., 1970;
Корх А.С. Петр I: Северная война 1700—1721: [Альбом]. [М.], 1990.
У.І.Пашкевіч.
Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Баталія паблізу мыса Гангут. Гравюра А.Зубава. 1715.Да арт.Паўночная вайна 1700—21. Бітва пры Лясной 28 верасня 1708. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯВО́ДЗІНА (Bojboguna, Vojvodina),
тэрыторыя на Пн Саюзнай Рэспублікі Югаславія, у Рэспубліцы Сербія. Мяжуе з Харватыяй, Венгрыяй, Румыніяй. Пл. 21,5 тыс.км². Нас. 2013 тыс.чал. (1991), у т. л. сербы (54,4%), венгры (18,9%), група насельніцтва пад саманазвай югаславы (8,2%), а таксама харваты, славенцы, румыны, чарнагорцы і інш.Найб. горад Нові-Сад. Ваяводзіна размешчана ў межах паўд.ч. Сярэднедунайскай раўніны. На ПдЗ краж Фрушка-Гора (выш. да 539 м), на ПдУ адгор’і Паўд. Карпат (выш. да 641 м). Клімат умераны, кантынентальны. Цячэ р. Дунай з прытокамі. Пераважаюць ландшафты асвоеных чарназёмных стэпаў. Гал.с.-г. раён Югаславіі. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, каноплі, сланечнік, цукр. буракі. Садоўніцтва і вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Здабыча нафты і газу. Харч.прам-сць (мукамольная, алейная, масларобная, цукр., пяньковая). Развіта таксама тэкст., машынабуд. (с.-г. і электратэхн.), нафтахім., цэм.прам-сць. Вытв-сцьмінер. угнаенняў. Транспарт чыг., аўтамабільны, рачны (па Дунаі і яго прытоках).
Тэр. Ваяводзіны заселена славянамі ў 6—7 ст. З 10 ст. ў складзе Венг. каралеўства. У 1526—1918 пад уладай Габсбургаў (у 1849—60 у складзе іх аўстрыйскіх, у 1860—1918 — венг. зямель). Тут адбыліся антыгабсбургскія (1735) і антыфеад. (1848) выступленні сялян, развіваўся нац.-вызв. (19 ст.) і дэмакр. рух (у 1-ю сусв.вайну). У 1918 Ваяводзіна далучана да Каралеўства Сербаў, Харватаў і Славенцаў. У 1941 акупіравана ням.-фаш. і венг. войскамі. Вызвалена восенню 1944 Нар.-вызв. арміяй Югаславіі. У 1945—63 аўт. вобласць, у 1963—74 аўт. край, у 1974—90 сацыяліст.аўт. край у складзе Сербіі. Аўтаномія Ваяводзіна скасавана ў 1990 сербскім урадам.