АХМАДЫ́, Эль-Ахмады,

горад у Кувейце. 27 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 100 тыс. ж. (1989). Цэнтр нафтаздабыўнога раёна. Вузел нафта- і газаправодаў. З-ды па перапрацоўцы нафты, звадкаванні газу і апрасненні марской вады. Экспарт нафты праз порт Міна-эль-Ахмады (уваходзіць у склад Ахмады) на ўзбярэжжы Персідскага зал.

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВАЎНЯ́НАЯ ТКАНІ́НА,

тканіна, якая вырабляецца з пражы, атрыманай з бавоўны. Разнастайная па структуры і характары аддзелкі (напр., суравая, набіўная, меланжавая тканіна). Паводле прызначэння бывае бытавая і тэхнічная. Выкарыстоўваецца пераважна ў вытв-сці бялізны, адзення, падкладачных, мэблева-дэкаратыўных і інш. матэрыялаў. Найчасцей вырабляюць бязь, сацін, міткаль (пасля набіўкі і фарбавання — паркаль).

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКА́ЛЬСКІ ХРЫБЕ́Т,

горны хрыбет па паўн.-зах. узбярэжжы воз. Байкал, у Расійскай Федэрацыі. Даўж. 300 км, выш. да 2572 м (г. Чэрскага). Складзены з крышт. сланцаў, кварцытаў, вапнякоў, гранітаў. Пераважае высакагорны рэльеф. На зах. схілах (да выш. 1400 м) цемнахвойная тайга, на ўсходніх лістоўнічныя лясы, вышэй горныя тундры і камяністыя россыпы.

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЦІ́П’ЕЎ (Яфімка) (Анціпін Яфрэмка),

разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст. Родам з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Вучань Іпаліта, пад кіраўніцтвам якога ўпрыгожваў (разам з Л.​Юр’евым і Д.​Грыгор’евым) царскую карэту «разнымі вуглавымі слупкамі» і гербамі; рабіў іканастасы, куфры, рызніцы, цацкі для царэвічаў і інш.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АНЦУЕ́ЛЯ»,

бел. нар. танец, разнавіднасць кадрылі. Назва паходзіць, верагодна, ад адной з размоўных формаў жаночага імя Ганна — Анця, Анцінея. Бытаваў на Навагрудчыне (зафіксаваны на пач. 19 ст.). Танцавалі ў 2 або 4 пары па чарзе, потым усе разам. Асн. элемент руху — галоп. Муз. памер 24. Тэмп хуткі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКА «ВІКТО́РЫЯ».

Засн. ў 1881 у г. Барысаў. Была самая вял. на Беларусі. Вырабляла т.зв. шведскія запалкі (па 115 тыс. карабкоў за год). У 1902 працавалі 823 рабочыя. У 1895 была паравая машына (120—200 к.с.). У грамадз. вайну разбурана, адноўлена ў 1921. У Вял. Айч. вайну знішчана.

т. 2, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ТА (Barito),

рака на Пд в-ва Калімантан, у Інданезіі. Даўж. 880 км, пл. бас. каля 100 тыс. км². Пачынаецца на паўн. схілах хр. Мюлер, цячэ з Пн на Пд па забалочанай раўніне, упадае ў Яванскае м. Паўнаводная круглы год. Суднаходная ў сярэднім і ніжнім цячэнні. У дэльце порт Банджармасін.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСАНА́ВІЧУС ((Basanavičius) Іонас) (23.11.1851, в. Ажкабаляй, Літва — 16.2.1927),

літоўскі грамадскі дзеяч, навуковец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1879). Засн. першы літоўскі ліберальны час. «Aušra» («Зара», 1883). Ініцыятар стварэння Літоўскага навук. т-ва (1907). Працы па стараж. і сярэдневяковай гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, санітарыі. Сабраў і выдаў 9 тамоў нар. казак і песень.

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКО́Н (англ. bacon),

засоленая ахалоджаная палавіна свіной тушы, без ніжніх канечнасцяў, пазваночніка, касцей таза, грудзіны. Характарызуецца нятлустым сакавітым мясам, пранізаным роўнымі слаямі сала, а таксама белай тонкай скурай без плямаў і пашкоджанняў. Для атрымання бекону выкарыстоўваюць маладых (6—8 мес) свіней мяснога тыпу, якія адкормліваюцца па спец. схеме (беконны адкорм).

т. 2, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЭК ((Black) Джэймс Уайт) (н. 1924),

англійскі фармаколаг. Праф. Лонданскага ун-та (1973). Чл. Лонданскага Каралеўскага т-ва (1978). Навук. працы па стварэнні і выкарыстанні новых проціпухлінных і процівірусных прэпаратаў, для лячэння сардэчна-сасудзістых хвароб і язвавай хваробы страўніка. Нобелеўская прэмія 1988 (разам з Дж.​Х.​Хітчынгсам і Г.​Б.​Элаянам).

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)