РЭПРЭЗЕНТАТЫ́ЎНАСЦЬ (франц. représentatif прадстаўнічы, паказальны ад лац. repraesentare прадстаўляць),
уласцівасць часткі адлюстроўваць характарыстыкі цэлага. Паняцце шырока выкарыстоўваецца ў статыстыцы, сацыялогіі і інш. дысцыплінах у межах т.зв. выбарачнага метаду, накіраванага на даследаванне цэлага (ген. сукупнасці) шляхам вывучэння яго часткі (выбарачнай сукупнасці); атрыманыя пры аналізе выбарачнай сукупнасці вынікі пашыраюцца на ўсю ген. сукупнасць. Адрозненні паміж характарыстыкамі выбарачнай і ген. сукупнасцей наз. памылкай Р. Велічыня такой памылкі паддаецца стат. разліку і залежыць ад характарыстыкі ген. сукупнасці, ступені вагання (адхілення) даследуемых параметраў, зададзенай ступені верагоднасці, выбранай методыкі разліку параметраў. Акрамя аб’ектыўных фактараў памылкі Р. бываюць суб’ектыўныя, напр., пры атрыманні выбарачных даных шляхам апытання. Актуальнасць праблемы Р. абумоўлена ростам даследаванняў, арыентаваных на вырашэнне практычных пытанняў сац. кіравання ў галінах прам-сці, нар. адукацыі, аховы здароўя і інш., вывучэнне дэмаграфічных і этнакульт. працэсаў, ростам патрэбнасці ў правядзенні сац.-паліт.маніторынгаў, развіццём парламентарызму, актывізацыяй дзейнасці паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў. Фармальная тэорыя Р. распрацоўваецца ў межах аднаго з раздзелаў матэматычнай статыстыкі — тэорыі выбарачнага метаду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т АБАРО́НЫ ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУСІ́ Створаны ў Вільні 19.4.1919 урадам Літ.-Бел. ССР у сувязі з нападам на рэспубліку польскіх войск і цяжкім ваен. становішчам. З 28.4.1919 знаходзіўся ў Мінску. Старшыня В.С.Міцкявічус-Капсукас, чл. І.С.Уншліхт, М.І.Калмановіч, Я.Б.Бош, В.Г.Кнорын, К.Г.Цыхоўскі. Сканцэнтраваў усю дзярж. і ваен. ўладу і дзейнічаў у кантакце з РВСЛіт.-Бел. арміі (з чэрв. 1919—16-й арміі). 2.5.1919 аб’явіў усеагульную мабілізацыю ў армію, 22 мая прыняў пастанову аб тэрміновых мерах па абароне Мінска, 31 мая падтрымаў прапанову ЦК РКП(б) аб стварэнні ваен. і паліт. саюза паміж усімі сав. рэспублікамі (1.6.1919 ЦВКЛіт.-Бел. ССР ухваліў гэты дагавор). 17.7.1919 Савет скасаваны паводле рашэння ЦККП(б)БЛіБ ад 14.7.1919 у сувязі з акупацыяй большай ч.тэр. рэспублікі польскімі войскамі і перабудовай вышэйшых сав. і парт. органаў Літ.-Бел. ССР. На неакупіраванай тэр. Беларусі ўлада перададзена Мінскаму губ.ваен.-рэв. к-ту і РВСЗах. фронту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМНІ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ,
тры вайны паміжСтараж. Рымам і Самніцкай федэрацыяй (саюз самнітаў з сабеламі) за панаванне ў Цэнтр. Італіі ў 4—3 ст. да н.э. Паводле рым. падання, у барацьбе Рыма з самнітамі з-за Кампаніі (343—341 да н.э., т. зв. 1-я С.в.) рымляне атрымалі кантроль над Капуяй і Кумамі, самніты — над Тэанумам. Захоп Рымам Неапаля стаў прычынай 2-й С.в. (327—304 да н.э.), якая вялася з пераменным поспехам. Але рымляне, рэарганізаваўшы армію і памяняўшы тактыку баёў, занялі гарады Самнія. Паводле мірнага дагавора самніты аддалі Рыму Кампанію. Замацаванне самнітаў у Луканіі стала прычынай 3-й С.в. (298—290 да н.э.). Ваен. дзеянні праходзілі ў Самніі і Умбрыі, дзе разам з самнітамі супраць Рыма ваявалі галы і этрускі. Пасля першых няўдач рымляне разбілі самнітаў і галаў пры Сентыне (295 да н.э.). У 290 да н.э. самніты спынілі супраціўленне. Самніцкая федэрацыя была распушчана; самніцкія абшчыны сталі рым. саюзнікамі з абмежаванымі правамі. У выніку С.в. рымляне замацаваліся ў Цэнтр. Італіі.
амерыканскі біяхімік. Чл.Нац.АН ЗША (1956) і Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1957). Замежны чл.АНСССР (1947). Ганаровы чл. Венгерскай АН (1945). Скончыў Будапешцкі ун-т (д-р медыцыны, 1917). З 1922 у Нідэрландах, Вялікабрытаніі (д-р філасофіі Кембрыджскага, 1927), ЗША. З 1930 у Венгрыі: з 1931 праф. Сегедскага, з 1945 — Будапешцкага ун-таў. З 1947 у марской біял. лабараторыі і Ін-це па вывучэнні мышцаў у г. Вудс-Хол (ЗША). Навук. працы па працэсах біял. акіслення, хіміі вітамінаў, механізмах мышачнага скарачэння. Вылучыў з жывёльных і расл. тканак аскарбінавую к-ту, адкрыў антыгемарагічны фактар — вітамін Р, устанавіў прыналежнасць рыбафлавіну да комплексу вітаміну B2. Выявіў у скарачальным мышачным бялку (актаміязіне) 2 звязаныя паміж сабой часткі — актын і міязін, механізм ініцыяцыі адэназінтрыфасфатам працэсу скарачэння мышцаў, каталітычныя функцыі дыкарбонавых к-т у працэсах тканкавага дыхання. Стварыў шэраг тэорый мышачнага скарачэння. Нобелеўская прэмія 1937.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НАПСЫ (ад грэч. synapsis злучэнне, сувязь),
функцыянальныя кантакты паміж узбудлівымі клеткамі (нерв., мышачнымі, сакраторнымі), якія пераўтвараюць і перадаюць нерв. імпульсы. Тэрмін «С» ўведзены Ч.С.Шэрынгтанам (1897). С. — найб. істотны структурна-функцыян. элемент мозга, а сінаптычныя сувязі — гал. механізм міжнейроннага ўзаемадзеяння, які забяспечвае асн. праяўленні дзейнасці нерв. сістэмы. Колькасць С. на паверхні нейрона ад 1 да 20 тыс. У С. адрозніваюць прэсінаптычную ч. (звычайна канец прэсінаптычнага аксона), сінаптычную шчыліну (прастора, якая раздзяляе мембраны клетак, што кантактуюць, шыр. 20—30 нм) і постсінаптычную ч. (участак клеткі, да якога падыходзіць прэсінаптычны канец). Па функц. значэнні С. бываюць узбудлівыя і тармазныя ў адпаведнасці з тым, актывуюць яны або прыгнечваюць адпаведныя клеткі. Перадача сігналу праз С. адбываецца ў імпульснай (дыскрэтнай) форме ў адзін бок з дапамогай хім. або эл. механізма. Змешаныя С. спалучаюць хім. і эл. механізмы перадачы. У найб. пашыраных хім. С. перадача нерв. імпульсу адбываецца з дапамогай хім. рэчыва — медыятара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЬЯРЫ́Я (ад італьян. signoria панаванне, улада),
1) орган гар. самакіравання ў італьян. гарадах-камунах 13—14 ст. 2) Форма паліт. ладу шэрагу гарадоў-дзяржаў Паўн. і Сярэдняй Італіі 2-й пал. 13 ст. — сярэдзіны 16 ст., пры якой уся грамадз. і ваен. ўлада канцэнтравалася ў руках сіньёра (тырана, гл.Тыранія). Пераход ад выбарнага калегіяльнага кіравання камуны да С. адбываўся ва ўмовах жорсткай барацьбы паміж папаланамі (гандл.-рамесніцкія слаі) і феадаламі, калі ні адзін з бакоў не мог атрымаць поўнай перамогі. У выніку ўсталёўвалася дыктатура, якая адлюстроўвала інтарэсы або вярхоў папаланаў і феадалаў (напр., Вісконці ў Мілане), або толькі феадалаў (напр., д’Эстэ ў Ферары). Улада замацоўвалася наданнем сіньёру папам ці імператарам тытула вікарыя. На пачатку С. была пажыццёвай, пазней спадчыннай. У выніку бесперапынных войнаў да сярэдзіны 15 ст. многія С. былі паглынуты больш буйнымі, правіцелі якіх атрымалі тытулы герцагаў ці маркізаў (так утварыліся герцагствы Міланскае, Тасканскае, Ферара і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА «ЧАЛАВЕ́К-МАШЫНА»,
складаная сістэма, у якой чалавек-аператар (ці група аператараў) узаемадзейнічае з тэхн. аб’ектам (напр., пракатным станам, транспартным сродкам, ЭВМ) у працэсах прамысл. вытв-сці, кіравання, апрацоўкі інфармацыі і інш. Праблемы С. «ч.-м.» вывучае эргатыка.
Асн. праблемы стварэння і выкарыстання С. «ч.-м» — улік магчымасцей чалавека, аптымальнае размеркаванне функцый паміж чалавекам і машынай, узгадненне рэжымаў і ўмоў іх супольнага функцыянавання. Для праектавання С. «ч.-м» распрацоўваюць мадэлі, якія апісваюць складаныя чалавека-машынныя алгарытмы рашэння задач. Рэалізуюць такія алгарытмы з дапамогай спец. пакетаў прыкладных праграм. У С.«ч.-м» на аснове дасягненняў інжынернай псіхалогіі карыстаюцца візуальным і аўдыявізуальным абменам інфармацыяй, пры якім распазнаюцца таксама моўныя паведамленні чалавека (гл.Распазнаванне вобразаў, Распазнаванне вуснай мовы), генерыруюцца адказы ў гукавой і візуальнай форме. Гл. таксама Сістэматэхніка, Эрганоміка.
На Беларусі праблемы С.«ч.-м.» даследуюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІТАВА́ТАЯ ГУ́МА, порыстая гума,
эластычны порысты матэрыял, выраблены на аснове латэксу ці цвёрдага каўчуку. С.г. з латэкснай сумесі наз. пенагумай, з сумесей на аснове цвёрдага каўчуку — губчатай ці ячэістай гумай.
Пенагума мае поры памерам 0,01—1 мм, уяўная шчыльн. 40—250 кг/м³ адноснае падаўжэнне 90—350%. Газа- і водапранікальная (90—95% пор злучаны паміж сабой). Атрымліваюць мех. успеньваннем сумесей на аснове латэксу натуральнага ці (і) латэксаў сінтэтычных з наступнай вулканізацыяй пены ў формах пры 100—140 °C; вырабляюць у выглядзе блокаў ці пласцін. Губчатая гума мае поры ад 0,4 мкм (мікрапорыстая гума) да 0,2—0,4 мм, злучаныя або замкнутыя; для С.г. на аснове натуральнага каўчуку ўяўная шчыльн. 500—700 кг/м³. адноснае падаўжэнне 200—300%. Яе вырабляюць у выглядзе лістоў, пласцін і вырабаў з гумавых сумесей (гл. Гума), якія маюць пораўтваральнікі, што ўспеньваюць сумесь пры вулканізацыі. Выкарыстоўваюць С.г. для вырабу амартызатараў, цепла- і гукаізаляцыйных пракладак, плывучых і выратавальных сродкаў, мэблі, сядзенняў трансп. сродкаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ ПАЎДНЁВА-АМЕРЫКА́НСКІХ КАРДЫЛЬЕ́Р, складкавая вобласць Андаў, Андыйскі складкавы пояс,
частка складанага рухомага Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса зямной кары, якая акаймоўвае Паўд. Амерыку на З і Пн. На Пн сучляняецца са складкавай вобласцю Паўночна-Амерыканскіх Кардыльераў, на Пд — з Заходне-Антарктычнай складкавай вобласцю. Складзена з сістэм мерыдыянальных (на Пн — шыротных) хрыбтоў: Усходніх, Цэнтральных, Заходніх, Карыбскіх і Патагонскіх Андаў, паміж якімі ляжаць унутр. плато або ўпадзіны.
Развіваецца з позняга пратэразою. Вял. значэнне ў фарміраванні вобласці мела эпоха герцынскай складкавасці. Моцныя арагенічныя працэсы адбываліся і ў мелавы перыяд. У эпоху альпійскай складкавасці (з канца мелу) уздоўж новаўтвораных антыклінорыяў ішло ўкараненне гранітных баталітаў. Найб. актыўны цыкл гораўтварэння адбываецца з канца палеагену (30 млн.г. назад) да нашага часу. У альпійскую эпоху ўтварыліся Карыбскія і Патагонскія Анды, інтэнсіўна праявіўся наземны вулканізм, які працягваецца. Буйныя радовішчы медзі (Чылі), волава, вальфраму і інш. рэдкіх і каляровых металаў (Перу, Балівія), нафты і газу (Венесуэла, Эквадор, Аргенціна і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́РАСЦЬ СВЯТЛА́ў вакууме,
скорасць распаўсюджвання эл.-магн., у т. л. светлавых, хваль у свабоднай прасторы (вакууме); адна з фундаментальных фізічных пастаянных. Максімальна магчымая (лімітная) скорасць распаўсюджвання любых фіз. узаемадзеянняў і інварыянтная пры пераходзе ад адной інерцыяльнай сістэмы адліку да іншай (гл.Адноснасці тэорыя). Роўная: c = 299 792 458 м/с (дакладна).
С.с. ў матэрыяльным асяроддзі залежыць ад паказчыка пераламлення, рознага для розных частот (даўжынь хваль) выпрамянення (гл. Дысперсія хваль). С.с. вызначыў у 1676 О.К.Ромер па зменах прамежкаў часу паміж зацьменнямі спадарожнікаў Юпітэра. Доследы А.І.Фізо, Ж.Б.Л.Фуко, А.А.Майкельсана і інш. па вымярэнні С.с. адыгралі вызначальную ролю ў станаўленні электрадынамікі і выяўленні эл.-магн. (хвалевай) прыроды святла. С.с. ўваходзіць у асн. ўраўненні і суадносіны электрадынамікі, оптыкі і рэлятывісцкай механікі, а яе дакладнае значэнне выкарыстоўваецца для вымярэння адлегласцей у радыё- і аптычнай лакацыі, сістэмах сачэння ШСЗ і інш.
Літ.:
Вафиади В.Г., Попов Ю.В. Скорость света и ее значение в науке и технике. Мн., 1970.