МЫ́СЛЬБЕК (Myslbek) Іозеф Вацлаў (20.6.1848, Прага — 2.6.1922),
чэшскі скульптар; заснавальнік чэш.скульпт. школы пач. 20 ст. Вучыўся ў Празе ў майстэрнях Т.Сейдана (1864—66) і В.Левы (1867—70), у АМ (1868—72). Выкладаў у Маст.-прамысл. школе (з 1885) і АМ (1896—1919) у Празе. Зазнаў уплыў А.Радэна. У творчасці эвалюцыяніраваў ад рамантызму да рэалізму і неакласіцызму. Стварыў узнёслыя, манум. вобразы гіст. дзеячаў Чэхіі і герояў нар. эпасу, якія спалучаюць сімвалічную абагульненасць трактоўкі з жыццёвай канкрэтнасцю. Сярод твораў: дэкар. скульптуры партала Нац.т-ра (1871—72), скульпт. групы на мосце Ф.Палацкага (1881—97), помнік св. Вацлаву (1888—1912), партрэтная статуя кардынала Шварцэнберга ў саборы св. Віта (1891—95), помнік Ф.Л.Рыгеру (1903—14; усе ў Празе), статуі для будынка парламента ў Вене (пач. 1880-х г.), серыя алегарычных статуй «Музыка» (1892—1912), партрэтныя бюсты, надмагіллі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІЙЧУ́К Васіль Уладзіміравіч (н. 12.2.1922, г. Жытомір, Украіна),
бел.скульптар. Скончыў Адэскае маст. вучылішча (1949). Творам уласцівы псіхалагізм вобразаў, дэталёвая прапрацоўка форм, імкненне да дакладнай перадачы натуры. Сярод станковых кампазіцый «Вызваленне» (1951), «Улетку» (1954), «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1958), «Маці партызана» (1961), «Подзвіг» (1963), «Мір, Праца, Свабода, Роўнасць, Братэрства, Шчасце ўсіх народаў» (1968), «Генерал Даватар» (1972), «Перамога», «На апаленай зямлі», «Клятва партызан» (усе 1975), «Дзеці вайны» (1984); партрэты М.Калініна (1975, 1977), А.Сахарава (2000), удзельнікаў партыз. руху на Беларусі ў гады Вял.Айч. вайны. Аўтар помнікаў У.І.Леніну ў гарадах Старыя Дарогі (1959), Столін (1980, з С.Селіханавым), Ф.Э.Дзяржынскаму ў г. Дзяржынск (1959, з А.Заспіцкім) і партызанцы А.Ф.Колесавай у г. Крупкі (1967), Калініну ў Мінску (1979, з І.Глебавым), манументаў воінам Сав. Арміі і бел. партызанам, якія загінулі ў гады вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЧКІН Ярамір Аляксандравіч (5.5.1926, С.-Пецярбург — 17.6.1976),
бел.скульптар, архітэктар. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна ў Ленінградзе (1952). Творчасці ўласціва арган. спалучэнне скульптуры і архітэктуры. У 1956—59 стварыў (у сааўт.) шэраг помнікаў воінам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну; выканаў медальёны «Вызваленне Мінска», «Абаронцы Брэсцкай крэпасці», «Манумент героям Айчыннай вайны», абеліск з рэльефнымі выявамі воінаў у гонар вызвалення г. Жлобін ад ням.-фаш. захопнікаў; скульптурную групу «Марыя і Антаніна Лузгіны — обальскія камсамолкі-падпольшчыцы» (1964); фрыз і барэльеф «Партызаны» ў кінатэатры «Партызан» у Мінску (1967), рэльеф на помніку воінам і партызанам на воз. Нарач (1967—68), помнік сав. воінам і партызанам (1975, г.п. Астравец Гродзенскай вобл.), скульптурная група «Плыўцы» (1976) у пансіянаце на воз. Нарач. Аўтар партрэтаў архітэктараў М.Бакланава, С.Баткоўскага (абодва 1973) і інш.
Ф.І.Валадзько.
Я.Печкін. Рэльеф на помніку воінам і партызанам на воз. Нарач. 1967—68.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫГА́ЛЬ Уладзімір Яфімавіч (н. 30.9.1917, г. Адэса, Украіна),
расійскі скульптар. Нар.маст.СССР (1978). Правадз.чл.АМСССР (1978). Вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це (1937—42, 1946—48). Працуе ў галіне манум. і станковай скульптуры. Творы вылучаюцца стрыманай выразнасцю пластычных і прасторавых вырашэнняў, эмацыянальнасцю і характарнасцю вобразаў. Аўтар надмагілля М.Астроўскага ў Маскве (1954), помнікаў У.Леніну ў г. Казань і Ульянаўск (абодва ўстаноўлены ў 1954), Дз.М.Карбышаву ў г. Маўтгаўзен (Аўстрыя, 1962), Р.Зорге ў Баку (1981), шэрагу партрэтаў, мемарыяльнай стэлы Музея-помніка сав.-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. (1968). Адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу «Героям грамадзянскай вайны і Вялікай Айчыннай вайны 1941—45 гг.» у г. Новарасійск (1982, Ленінская прэмія 1984). Дзярж. прэмія СССР 1950.
У.Цыгаль. Мемарыяльны комплекс у гонар савецка-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна Горацкага раёна Магілёўскай Вобл. Архітэктары Я.Белапольскі, В.Хавін. 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАДР (сапр.Іваноў) Іван Дзмітрыевіч
(11.2.1887, г. Шадрынск Курганскай вобл., Расія — 3.4.1941),
расійскі скульптар. Вучыўся ў маст.-прамысл. школе ў Екацярынбургу (1903—07), у рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастацтваў у С.-Пецярбургу (1907—08), у Парыжы (1910—11), Рыме (1911—12). Чл.Т-варус. скульптараў (з 1926). Удзельнічаў у рэалізацыі плана манум. прапаганды. Раннія творы (праект помніка «Сусветнай пакуце», 1915) маюць рысы стылю мадэрн. З 1920-х г. яго творам уласцівы рамант. трактоўка вобразаў, выразнасць індывід. характарыстык, абагульненасць, прасякнутая пафасам сац. пераўтварэнняў: «Чырвонаармеец», «Рабочы», «Сейбіт», «Селянін» (усе 1922), «Камень — зброя пралетарыяту» (1927). Аўтар помнікаў У.Леніну на Зема-Аўчальскай ГЭС (Грузія, 1927), М.Горкаму ў Маскве (1939, ажыццёўлены В.Мухінай, З.Івановай і Н.Зяленскай у 1951), партрэтаў.
Літ.:
Воронова О. Шадр. М., 1969;
Шадр: Лит. наследие. Переписка. Воспоминания о скульпторе. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРМО́ЛІН Васіль Дзмітрыевіч (? — паміж 1481 і 1485),
дойлід, скульптар. Паводле паходжання беларус. Працаваў пераважна ў Маскве. Быў купцом і падрадчыкам, узначальваў арцель маскоўскіх майстроў-будаўнікоў. З 1462 рэканструяваў каменныя сцены Крамля ад Баравіцкай брамы да Свібловай вежы; над Фролаўскай (цяпер Спаская) брамай надбудаваў царкву Афанасія, аздобіў іх каменнымі паліхромнымі рэльефамі з выявамі св. Георгія Перамаганосца (першае вядомае скульпт. ўвасабленне герба Масквы, захаваўся фрагмент) і Дзмітрыя Салунскага (не захаваўся). Аднавіў царкву Вазнясенскага манастыра ў Крамлі (паміж 1467 і 1469), будынкі 12 ст. ў г. Уладзімір. Рэстаўрыраваў Георгіеўскі сабор (12 ст.) у г. Юр’еў-Польскі. На Беларусі, мяркуюць, пабудаваў Троіцкую («Белую») царкву ў в. Чарэя Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. Верагодны сааўтар т. зв. Ярмолінскага летапісу (канец 15 ст.), дзе прыведзены звесткі пра яго буд. дзейнасць, і ілюстратар Радзівілаўскага летапісу.
Літ.:
Раманаў Р. Няхай адкрываецца скрытае // Мастацтва. 2001. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРО́К’Ё (Verrocchio) Андрэя дэль [сапр.Чоні
(Cioni) Андрэады Мікеле ды Франчэска; 1435 ці 1436, г. Фларэнцыя, Італія — 7.10.1488], італьянскі скульптар, жывапісец і ювелір ранняга Адраджэння. Вучыўся ў ювеліра Верок’ё, чыё імя ўзяў сабе. Зазнаў уплыў Дэзідэрыо да Сетыньяна і А.Палаёла. Майстэрня Верок’ё ў Фларэнцыі была цэнтрам маст. жыцця. Адсюль выйшлі Леанарда да Вінчы, П.Перуджына і інш. Выканаў шэраг твораў па заказах сям’і Медычы (надмагілле Джавані і П’ера Медычы, 1472; статуя Давід, 1473—75; «Дама з кветкамі», бюст Джуліяна Медычы, абедзве каля 1475, і інш.),
якія вылучаюцца арыстакратычнай вытанчанасцю, крохкай гармоніяй ліній і аб’ёмаў. Аўтар кампазіцыі «Нявер’е Фамы» (1476—83) на фасадзе будынка Арсанмікеле ў Фларэнцыі, помніка кандацьеру Б.Калеоні (1479—83) у Венецыі і інш. Жывапіс Верок’ё вызначаецца дакладнасцю малюнка, дасканалай мадэліроўкай формаў, панарамнасцю пейзажных фонаў («Мадонна», каля 1470; «Хрышчэнне», пасля 1470, у сааўт. з Леанарда да Вінчы, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕЛЕ́СКІ, Брунелеска (Brunelleschi, Brunellesco) Філіпа (1377, г. Фларэнцыя, Італія — 15.4.1446), італьянскі архітэктар, скульптар і вучоны. Адзін з заснавальнікаў архітэктуры Адраджэння і стваральнікаў тэорыі перспектывы. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. Сярод работ: грандыёзны 8-гранны купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1420—36), які стаў арх. дамінантай Фларэнцыі, першым буйным помнікам рэнесансавага дойлідства і дасягненнем інж. думкі ў Італіі; арачная лоджыя Выхавацельнага дома (1421—44), перакрытыя лёгкімі рабрыстымі купаламі і расчлянёныя ордэрам цэнтрычныя інтэр’еры Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца (1422—28) і капэлы Пацы (з 1429), у якіх Брунелескі ўпершыню ўвасобіў у арх. вобразах маст. ўяўленні эпохі гуманізму; цэрквы Сан-Ларэнца (1422—46) і Санта-Спірыта (з 1444). Сваімі творамі зрабіў прыклад у вольным выкарыстанні ант.арх. формаў для вырашэння функцыян., ідэйных і канструкцыйна-буд. задач свайго часу.
Літ.:
Данилова И.Е. Брунеллески и Флоренция. М., 1991.
Ф.Брунелескі. Купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. 1420—36.Ф.Брунелескі. Капэла Пацы ў Фларэнцыі. Інтэр’ер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХЕНВА́ЛЬД (Buchenwald),
нямецка-фашысцкі канцлагер у 1937—45 каля г. Веймар (Германія). Меў 66 філіялаў і знешніх працоўных камандаў. Спачатку ў Бухенвальдзе трымалі ням. палітзняволеных, потым і ваеннапалонных розных нацыянальнасцей, прымусова вывезеных у Германію сав. грамадзян. За гады існавання праз лагер прайшло каля 239 тыс. вязняў, загублена больш за 56 тыс. чалавек 18 нацыянальнасцей (у т. л. каля 19 тыс.сав. ваеннапалонных). Вязняў катавалі, марылі голадам, бязлітасна эксплуатавалі на з-дах буйных прамысл. фірмаў, праводзілі над імі мед. эксперыменты. 18.8.1944 у Бухенвальдзе забіты дзеяч ням. і міжнар. рабочага руху Э.Тэльман. Тут дзейнічалі падпольная антыфаш. арг-цыя, інтэрнац. лагерны камітэт на чале з ням. камуністам В.Бартэлем. Да крас. 1945 налічвалася 178 падпольных груп (у т. л. 56 савецкіх). 11.4.1945 баявыя групы інтэрнац. камітэта авалодалі лагерам. 12.4.1945 у лагер увайшлі амер. войскі. У 1958 створаны Міжнар. камітэт былых вязняў Бухенвальда, адкрыты мемарыяльны комплекс.
Да арт.Бухенвальд. Мемарыял на ўшанаванне памяці ахвяр канцлагера. Скульптар Ф.Крэмер. 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́ВА (Canova) Антоніо (1.11.1757, Пасаньё, каля г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.10.1822),
італьянскі скульптар, буйнейшы прадстаўнік італьян. класіцызму. Вучыўся ў Венецыі (1768—74). Працаваў пераважна ў Венецыі і Рыме. З 1810 дырэктар акадэміі Св. Лукі ў Рыме. На пачатку творчасці прытрымліваўся традыцый барока («Арфей», 1776—78), пазней працаваў у рэчышчы класіцыстычнага наследавання ант. скульптуры. Творам уласцівы ўрачысты спакой кампазіцыі, яснасць і вытанчанасць пластычнай формы, якая спалучалася з халаднаватай адасобленасцю, падкрэсленай дакладнай апрацоўкай і паліроўкай паверхні мармуру: «Амур і Псіхея» (1793), «Пацалунак Амура і Псіхеі» (1796), «Персей» (1801), «Пааліна Баргезе ў выглядзе Венеры» (1805—07) і інш. У 1812 выканаў скульптуру «Багіня міру» для ўладальніка Гомеля М.П.Румянцава. Аўтар надмагілляў пап Клімента XIV у царкве св. Апосталаў у Рыме (1787) і Клімента XIII у саборы св. Пятра ў Рыме (1792), эрцгерцагіні Марыі Крысціны ў царкве аўгусцінскага манастыра ў Вене (1798—1805). Пластыка К. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. акадэмізм 19 ст.